Арт

Белліт аднаго жыцця. Севярын Квяткоўскі

446 Журнал

Персанальны спіс найважнейшых беларускіх кніг ад пісьменніка і журналіста Севярына Квяткоўскага для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

Гэтыя кнігі выйшлі пасьля 1990-га году, калі я скончыў школу і калі адзначалі 500-гадовы юбілей Скарыны. Да аднаўлення дзяржаўнаці заставаліся месяцы, а новая культурная сытуацыя даўно абагнала новую палітычную.

Адам Глобус. «Дамавікамэрон», апавяданні (1994)

Порна па-беларуску. Гэта быў пазытыўны шок і рэабелітацыя ўсёй беларускай літаратуры, якая пасля школы падавалася жуйкай, што прыляпілася да абутку: хочаш стрэсці, а не можаш. «Дамавікамэрон» адразу торкнуў сваёй сучаснасцю, і самае галоўнае – гарадоцкасцю. Міфы і паданні мегаполісу. Рэальныя персанажы з бурлівага жыцця самага Глобуса. Поўны кайф!

Сергей Дубавец. «Русская книга», эсэ (1998)

Пад адной вокладкай – серыя эсэ, якія раскрываюць і механізм, і атмасферу пачатку масавай русіфікацыі беларусаў у другой палове ХІХ ст. Тэма дэ-факта дагэтуль табуяваная. А ў 1990-я гэта была проста рэвалюцыйная кніга. «Русская книга» нядаўна перавыдадзеная і, відаць, не апошні раз. Бо кніга насамрэч пра сучасную Беларусь, пра тое як мы мыслім сваю краіну і сябе ў ёй.

Зміцер Бартосік. «Чорны пісталет», апавяданні (2002)

Падзеі апавяданняў разгортваюцца ў асноўным у 1990-я. Зміцер Бартосік выдатны расказчык з дакладным пачуццём стылю. Базаваныя на рэальных падзеях, апавяданні моцна насычаныя «я» аўтара. А «я» ў аўтара – як мінімум з гумарам, таму сумна не будзе ні пры якіх абставінах. Кніга  – аўтраскае сведчанне паўставання ў новай краіне новых людзей: ад бамжоў да міліцыянтаў, ад правадніц да літаратараў. З іроніяй. Дасціпна.

Ігар Бабкоў. «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнні ру[i]наў», эсэ (2005)

Пад адной вокладкай сабраныя эсэ, якія збольшага публікаваліся ў «Нашай Ніве» ў 1990-я. «Як жа файна, відаць, разважаць пра беларускую савецкую літаратуру, седзячы ў адной з парыжскіх кавярань», – думаў я адкрываючы для сябе свет мыслярства і мастацтва Ігара Бабкова. Як і ў выпадку з астатнімі аўтарамі, пра якіх пішу тут, эсэістыка, проза і паэзія Ігара Бабкова – стварэнне новай прасторы. Не анты- папярэдняму савецкаму, а паралельна – новае.

Тацяна Сапач. «Восень», вершы (1991)

Танюсенькі зборнік кароткіх вершаў. Эстэтных, эстэцкіх, цёплых, халодных, драматычных, з верай у сябе і цябе. Пра гарадскую любоў і каханне. Неверагодны кантраст з яшчэ ўчорашнімі «куткамі цемнаты» і «сляпых нібы крот». 1991 год, усё толькі пачынаецца. Неўзабаве на вершы Тацяны Сапач, Ігара Бабкова і Адама Глобуса напіша свае першыя песні Кася Камоцкая.

А ўсе разам з іншымі творцамі створаць пласт сучаснай культуры, які ўжо не зрэзаць, не знесці.

Севярын Квяткоўскі ўпершыню выступіў як публіцыст у «дубаўцоўскай» «Нашай Ніве», сёння – калумніст «Радыё «Свабода»». Аўтар кніг «Фрашкі да пляшкі» (2007), «Падарунак для Адэлі» (2012), «Як стаць беларусам. Сто гісторый» (2015).

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать