Арт

Белліт аднаго жыцця. Максім Жбанкоў

485 Журнал

Гэта не хіт-парад і не топ-ліст. Проста кнігі, дзякуючы якім культуролаг Максім Жбанкоў зразумеў сваю беларускасць і адбудаваў уласную сістэму каардынатаў існавання тут і цяпер. Парадак умоўны: больш ці менш галоўнага тут няма. Ёсць істотнае.

Валянцін Акудовіч. «Мяне няма» (1998)

Адзін з падставовых тэкстаў новага беларускага інтэлектуалізма. Майстар-клас экзістэнцыйнага анархізму. Суплёт дзёрзкіх разважанняў і парадаксальных высноваў, нацыянальнае мысленне ў фармаце вольных практыкаванняў самага неакадэмічнага з джэдаяў айчыннай думкі. Спакуса і правакацыя. Карціць далучыцца.

Ігар Бабкоў. «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнні ру(і)наў» (2005)

Great Lost Album лепшага паэта сярод мысляроў і лепшага мысляра сярод паэтаў. Складанка праграмных эсэяў, якую дагэтуль мала хто зразумеў і засвоіў. Спробы адбудовы канцэптуальнага поля культуры памежжа на ростанях посткамунізму і посткаланіалізму. Дэрвіш у садзе квітнеючай сакуры сніць Беларусь. І не хоча прачнуцца.

Андрэй Хадановіч, «Старыя вершы» (2003)

Падзея «Хадановіч» здарылася на пачатку 2000-х. Андрэй – першая сапраўдная літаратурная поп-зорка часоў незалежнасці – прымусіў закахацца ў беларускую вершаванку нават тых, хто зусім не збіраўся таго рабіць. Белліт зрабіўся публічным. Смешным і кайфовым. Белліт зрабіўся cool. Праз пятнаццаць год «Старыя вершы» гучаць не горш. Лепшае не старэе.

Сяргей Прылуцкі, «Дзевяностыя forever» (2008)

Жорсткі правінцыйны лірык Прылуцкі ў сваёй дэбютнай кніжцы вызначыў новыя вымярэнні айчыннай паэтыкі, звязаўшы кніжны постмадэрнізм Хадановіча з вулічнай лексікай ды дваравым драйвам. Вершы з узбочча легальнага культпрацэсу дадалі ў айчынную багну файны дазняк творчага неадэквату. На жаль, без важкіх наступстваў.

Альгерд Бахарэвіч, «Гамбургскі рахунак» (2012)

Кніга-ўчынак. Кніга-выклік. Кніга-правакацыя. Школа іншага бачання: самотны ваяр супраць культурнай інэрцыі. Выдатны досвед суб’ектыўнай перазагрузкі айчыннага літаратурнага канону. У лепшым свеце з чагосьці падобнага мусіла б пачацца «новая хваля» лакальнага прыўкраснага пісьменства. Асяродззе, зрэшты, адказала скандаламі ды крыўдамі.

Максім Жбанкоў – вядоўца культавага кінаклуба ў к/т «Победа» (да 2012 г.), выкладчык, аўтар аналітычных артыкулаў пра беларускую культурную сітуацыю, адзін з арганізатараў кінафестывалю «Bulbamovie», аўтар кнігі «NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі». Сталы аўтар «Журнала».

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать