Арт

Белліт аднаго жыцця. Ігар Бабкоў

629 Журнал

Ігар Бабкоў. Фота: Глеб Лабадзенка

 

Найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў. Персанальны спіс Ігара Бабкова для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

Сусветная літаратура – паненка загадкавая. Ніхто ­– ад часоў Гётэ – ўжывую яе не бачыў, але ўсе абмяркоўваюць, як патрапіць на баль, а некаторыя ганарацца знаёмствам. Па кутох, праўда, ходзяць чуткі, што гэта і не паненка зусім, а гара на поўначы, куды скіроўваюць тых, хто спяшаліся – паспяховых. Лысая гара, амаль без расліннасці, каб усё было бачна. Ні прылегчы, ні заснуць. Менавіта там адбываецца размова Гётэ з Гэмінгуэем, якую апісаў Кундэра ў «Несмяротнасці».

Ёсць яшчэ адна версія, будыская, і самая радыкальная. Мы ад нараджэння ўжо там, на гэтай гары, і пытанне, як адтуль выбірацца. Куды выбірацца. І дзе знайсці мапы.

Іх пяць.

1. «Дзяды» Адама Міцкевіча

Пакінутыя недапісанымі драматычныя фрагменты, з якіх пачынаецца беларуская літаратура. Твор кананічны і адначасова апакрыфічны.

Магічная прастора, у якой паўсюль лётаюць духі, бедныя студэнты сядзяць у Вільні ў вязніцы базыліянаў і чакаюць прысуду, пакуль там, у вашых Варшавах балююць і цалуюцца з катамі, а потым прыходзіць кніга Восені, усё замярзае і толькі маг Аляшкевіч можа нас выратаваць.

2. «Тутэйшыя» Янкі Купалы

Свята дурняў на балі шатана. Тэатр масак, з якіх усе чужыя. Час балявання ўлады. Крык – і смех – голема – альбо горлума – які адчайна хоча быць кімсьці. Які згодны на ўсё.

3. «Сястра» Кузьмы Чорнага

Першы і можа быць адзіны менскі раман. Цеплыня чалавечага свету, убачаная, адчутая і перажытая знутры, ад сэрца.

Мапа рэальнасці, вытканая словам, пошукі сястры, сцежкі вядуць наперад, у глыбіні мовы і там пакідаюць, і вось мы ўжо разумеем, што і Менск тут не зусім Менск, і сястра не да канца сястра, а нешта значна большае.

4. «Сьвет Іванавіч былы данжуан ды іншая проза» Міхася Стральцова

Акты прасвятленай прыгажосці ў форме апавяданняў. Арыстакратычнае пісьмо Стральцова пераадольвае сябе і час, вымыкаючы «за рубеж чалавечага слова».

5. «Гліна. Камень. Жалеза» Алеся Разанава

Самы алхімічны твор Разанава. Непрачытаны і – горш за тое – непрадуманы – у нашай эпосе. Твор, які ўсё тлумачыць, а сам застаецца за дужкамі.

Ігар Бабкоў, філосаф, літаратар, адзін з заснавальнікаў Беларускага калегіюма, рэдактар часопіса «Фрагмэнты». Аўтар кніг вершаў «Solus Rex», «Герой вайны за празрыстасьць», «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб», раманаў «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», «Хвілінка. Тры гісторыі», «Хвілінка. Другая кніга», зборніка эсэ «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў». Творы Ігара Бабкова шматкроць згадваліся экспертамі нашага апытання.

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать