Арт

Белліт аднаго жыцця. Валянцін Акудовіч

437 Журнал

Філосаф Валянцін Акудовіч распавядае пра свой персанальны спіс самых важных беларускіх кніг для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

Мікола Гусоўскі. «Песня пра зубра»

Паэма адразу стваралася на лаціне ў агульнаеўрапейскім кантэксце (пра ніякую сусветную літаратуру тады, натуральна, і гаворкі не магло быць). Дарэчы, яе «замовіў» Папа Леў Х. А тое, што Гусоўскага потым не згадвалі некалькі стагоддзяў, сведчыць хутчэй за тое, што «Песня пра зубра» значна апярэдзіла свой, тады далёка не экалагічны, час.

Адам Міцкевіч. «Пан Тадэвуш».

Гэта паэма пра Літву/Беларусь на польскай мове. Апошняе ніяк не замінае мне лічыць яе і нашай, паколькі полімоўнасць з даўных давён была натуральнай з’явай для беларускай культуры.

Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня»

Каб у тую пару Беларусь мела ўласную Дзяржаву, дык цудоўныя містычныя фэнтэзі на польскай мове зацятага беларуса даўно б перакладаліся ў самых розных краінах свету.

Кузьма Чорны. «Млечны шлях»

Аўтар дапісваў свой раман ужо на нябёсах. Аднак тое, што мы маем (з дадаткам папярэдніх твораў) безумоўна сведчыць пра надзвычай шырокі кантэкстуальны патэнцыял беларускага пісьменніка.

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. «Я з вогненнай вёскі»

Гэта вялікая кніга, якую палітычныя ідэолагі па сутнасці выкрэслілі з калектыўнай памяці як беларусаў, так і астатняга свету. Святлана Алексіевіч пісала: «Аднойчы патрапіла ў рукі кніга «Я з вогненнай вёскі» А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. Такое ўзрушэнне спазнала толькі аднойчы, калі чытала Дастаеўскага».

Васіль Быкаў. «Мёртвым не баліць»

Да самай смерці Васіля Быкава нацыянальна заангажаваная Беларусь з года ў год чакала, што гэтым разам нашаму Васілю ўжо напэўна дадуць Нобеля. Не далі. Але сам гэты факт, як і пераклады твораў на дзесяткі моваў, пераканаўча сведчаць за надзвыцчай высокі кшталт ягонага таленту.

Святлана Алексіевіч. «У вайны не жаночы твар»

Нобеля далі Святлане Алексіевіч. Цяпер спадарыня Святлана ўлучаная не толькі ў шырокі дыскурс сусветнай літаратуры, але займае пачэснае месца сярод яе эліты.

Колькі месяцаў таму я завершыў пераклад кнігі «У вайны не жаночы твар» на беларускую мову. Ладную частку раздзелаў быў змушаны перакладаць з валідолам пад языком. Відаць, гэта лепшая кніга сучаснасці адпаведнага (мілітарнага) жанру. Хаця, калі па вялікаму рахунку, яна зусім не пра вайну, а пра нешта значна большае.

Алесь Разанаў. «Гліна. Камень. Жалеза»

Асабіста для мяне Алесь Разанаў – ці не самая значная постаць беларускай літаратуры ўвогуле. У паэзіі – тым болей. Аднак не толькі сярод абсягаў беларускага пісьменства яго паэзія мне бачыцца выразна адметнай. Прынамсі пасля Эзры Паўнда, Томаса Стэрнза Эліота і Сен-Жон Перса я не ведаю ў Еўропе нікога, акрамя Алеся Разанава, каго можна было б паставіць у адзін шэраг з гэтымі вялікімі паэтамі-метафізікамі.                            

 

Праз паасобныя творы залучу ў агульны звяз яшчэ колькі пісьменнікаў: Максім Гарэцкі, «На імперыялістычнай вайне»; Янка Брыль, «Золак убачаны здалёк»; Янка Юхнавец, «Яно»; Уладзімір Караткевіч, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»; Міхась Стральцоў, «Смаленне вепрука».

Валянцін Акудовіч – філосаф, літаратар, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіюма. Аўтар кніг «Мяне няма. Роздум на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж», «Дыялогі з Богам», «Код адсутнасці», «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне», і інш. Зборнікі філасофскіх эсэ Валянціна Акудовіча згадваліся многімі экспертамі ў межах апытання «Журнала» пра найбольш важныя кнігі беларускай літаратуры.

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать