Арт

Нашы лепшыя 50. Самыя важныя кнігі беларускай літаратуры паводле экспертаў

7958 Журнал

Ілюстрацыя: Andrea De Santis

 

Эксперты «Журнала» вызначылі самую важную беларускую кнігу за апошнія 500 гадоў!

Мы запрасілі 50 беларускіх літаратараў і літаратарак, інтэлектулаў і інтэлектуалак, дзеячоў культуры вызначыць самыя значныя беларускія кнігі за апошнія 500 гадоў. Мы звярнуліся да тых, хто стварае сучасную беларускую культуру, даследуе яе, прасоўвае культурніцкія праэкты, пашырае прастору мыслення пра Беларусь.

Амаль усе апытаныя даволі скептычна ці іранічна адносяцца да любых рэйтынгаў, разумеючы, што сапраўднаму мастацтву думкі і слова не надта пасуюць спаборніцтвы. Таму наш рэйтынг мы ўспрымаем не як абсалют – а як арыенціры і тэндэнцыі, з'явы і феномены, пра якія трэба згадваць як мага часцей, правяраючы час ад часу, ці не згубілі мы агульныя каардынаты руху.

Большасць твораў, названых экспертамі, адносяцца да мастацкай літаратуры. Паасобку тут стаяць Біблія Скарыны і Статут ВКЛ 1588 года – мы мяркуем, што спалучаць творы розных жанраў у адным спісе ў дадзеным выпадку мае сэнс, бо даследуем мы менавіта традыцыю беларускага мыслення ва ўсёй яе разнастайнасці.

Агулам нашы эксперты і эксперткі назвалі 175 твораў. Мы абралі з іх 50, якія ўзгадваліся найчасцей – і прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя з іх у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500». Далучайцеся!

 

 

 

 

А цяпер прадстаўляем дзесяць (насамрэч – нават 11) кніг, якія апынуліся лідарамі экспертнага галасавання – разам з каментарамі нашых экспертаў.

10. Майсей Кульбак. «Зельманцы» (7 згадак)

Марыя Мартысевіч: «Апроч таго, што гэта выдатная проза паэта і яе проста прыемна чытаць (мяркую выключна па перакладзе Віталя Вольскага) – гэта яшчэ і сага пра распад сям’і пад уплывам гістарычных зменаў. Сімваламі гэтых зменаў выступаюць то радыёантэна, якую ўсталёўвае Фалка на зельманскім двары, то першы менскі трамвай, на якім катаецца дзядзька Іча. Гэта кніга пра тое, як Менск стаў такім, якім мы яго маем – разламаным, шэрым, (пост)індустрыяльным. “Зельманцы”, дарэчы, перакладзеныя на чатыры ключавыя мовы літаратурнага свету”».

10. Алесь Разанаў, «Гліна, камень, жалеза» (7 згадак)

Валянцін Акудовіч: «Асабіста для мяне Алесь Разанаў – ці не самая значная постаць беларускай літаратуры ўвогуле. У паэзіі – тым болей. Аднак не толькі сярод абсягаў беларускага пісьменства яго паэзія мне бачыцца выразна адметнай. Прынамсі пасля Эзры Паўнда, Томаса Стэрнза Эліота і Сен-Жон Перса я не ведаю ў Еўропе нікога, акрамя Алеся Разанава, каго можна было б паставіць у адзін шэраг з гэтымі вялікімі паэтамі- метафізікамі».

Ігар Бабкоў: «Самы алхімічны твор Разанава. Непрачытаны і – горш за тое – непрадуманы у нашай эпосе. Твор, які ўсё тлумачыць, а сам застаецца за дужкамі».

Таццяна Вадалажская: «Канцэтраваная метафізічная паэзія, якая прымушае спыняцца і расчытваць сябе».

9. Янка Купала. «Тутэйшыя» (8 згадак)

Ігар Бабкоў: «Свята дурняў на балі шатана. Тэатар масак, з якіх усе чужыя. Час балявання ўлады. Крык – і смех – голема – альбо горлума, які адчайна хоча быць кімсьці. Які згодны на ўсё».

8. Максім Гарэцкі. «Дзве душы» (9 згадак)

Марыя Мартысевіч: «Каб найяскравей выявіць беларуса, трэба зрабіць яго не вельмі станоўчым персанажам. Ігнат Абдзіраловіч, які не ведае, рускі ён ці беларус, пан ці хам, трапляе ў вір ідэалогій, які захлынае Беларусь пасля Кастрычніцкай рэваюцыі. Гарэцкі стварыў магутную метафару, якая тлумачыць усё беларускае ХХ стагоддзе разам узятае. Ды што там казаць – і ХХІ таксама».

Сяргей Балахонаў: «Беларуская нацыянальная расхрыстанасць на геапалітычных скразняках пачатку навейшай гісторыі. Гэта не готыка Роберта Стывенсана з яго "Дзіўнай гісторыяй доктара Джэкіла і містара Хайда", дзе пры ўсёй таямнічасці і вусцішнасці праблема тычыцца аднаго канкрэтнага чалавека. Гэта беларускі рэалізм, дзе праблема падвоенасці свядомасці тычыцца ўсяго (ці амаль усяго) народу. Таму раман Гарэцкага перад замежным чытачом варта пазіцыянаваць адпаведным чынам: "Хочаш зразумець загадкавую беларускую душу? Будзь гатовы да таго, што яна не адна!". Увогуле ж творчасць Гарэцкага, відаць, трэба разглядаць у звязцы з Рэмаркам і Хемінгуэем».

7. Васіль Быкаў. «Сотнікаў» (9 згадак)

Сяргей Балахонаў: «Па-майстэрску выпісаная сітуацыя (ці нават – жмут сітуацый) гранічна складанага жыццёвага выбару. Пры чым альтэрнатывы заключаюць у сабе нешта такое, што працягвае і пасля ажыццяўлення выбару разрываць чалавека. А проста пастаяць у зацішку і перачакаць не дазваляе фатум, які хаваецца пад маскай збегу абставін. Экзістэнцыялізм супастаўны (а часам і больш востра выяўлены) з тым, што знаходзім у Сартра і Камю».

Таццяна Вадалажская: «Апроч моцнага агульнага гуманітарнага і экзістанцыйнага пасылу ў гэтай аповесці ёсць і сітуацыя памежжа ідэалагічнага, дзяржаўнага, каштоўнаснага – менавіта тое, што можа быць нашым унёскам у разуменне чалавечага».

6. Францішак Скарына. Біблія (11 згадак)

Уладзімір Мацкевіч: «Кніга не ўвайшла ў актыўнае карыстанне, але працэс быў распачаты – і гэты працэс не спыняецца дагэтуль. Проста рэвалюцыйная падзея для свайго часу».

5. Уладзімір Караткевіч. «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (11 згадак)

Максім Жбанкоў: «Першы досвед майго асабістага (постшкалярскага) паглыбення ў прастору (не)роднай мовы. І адначасова – наіўны хрысціянскі апокрыф, трагікамічная батлейка, авантурны раман і сціплае савецкае дысідэнцтва. Дагэтуль лічу, што гэта трэ чытаць толькі на беларускай. І не заганяцца, што шмат якія слоўцы ўбачыш упершыню».

Сяргей Балахонаў: «Тое, што так падабалася нам як чытачам рамана «Імя ружы" італьянца Умбэрта Эка, знаходзім у кнізе беларуса Уладзіміра Караткевіча – кнізе напісанай, прынамсі, на пятнаццаць гадоў раней. Гульня аскепкамі гістарычных фактаў і старонак (а часам – усяго толькі радкоў) ацалелых даўніх кніг, шматслойнасць, гумар – усё тое, што магло б зрабіць у свой час раман Караткевіча класічным постмадэрнісцкім творам, калі б наша літаратура тады жыва прысутнічала ў сусветным кантэксце».

4. Якуб Колас. «Новая зямля» (12 згадак)

Алесь Яўдаха: «Калі нешта і можна назваць беларускім эпасам, то, мяркую, гэта "Новая зямля". Аўтар найлепшым чынам адлюстраваў жыццё беларуса, ягоныя мары, спадзевы і страхі».

3. Уладзімір Караткевіч. «Каласы пад сярпом тваім» (13 згадак)

Уладзімір Арлоў: «Калі зноў і зноў чую пытанне, дзе нашыя “Вайна і мір”, хачу запытацца, ці чытаў гэты “літаратуразнаўца” “Каласы”».

2. Максім Багдановіч. «Вянок» (14 згадак)

Віктар Марціновіч: «Выдаўшы пры жыцці толькі адзін зборнік, Максім Багдановіч трапіў з ім на такія вышыні, да якіх імкнецца кожны беларускі аўтар ХХ і ХХІ стагоддзя. Пры гэтым амаль кожны верш з “Вянка” – сам па сабе з’ява і значны твор беларускай культуры».

1. Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (16 згадак)

Валянцін Акудовіч: «Каб у тую пару Беларусь мела ўласную Дзяржаву, дык цудоўныя містычныя фэнтэзі на польскай мове зацятага беларуса даўно б перакладаліся  ў самых розных краінах свету».

Сяргей Балахонаў: «З нашай польскамоўнай спадчыны, але суцэльна пранізана беларускай містыкай. Фармальна – рамантызм, роднасны гофманаўскаму. Пры пільным поглядзе – узор магічнага рэалізму задоўга да яго рэальнага з'яўлення як феномену лацінамерыканскай літаратуры (Маркес, Амаду)».

Алесь Яўдаха: «Гэтая кніга адкрыла для мяне беларускі космас. Нешта вельмі-вельмі старое, але сапраўднае. Гэтае "нешта" настолькі старадаўняе, што прыметнік "беларускі" падаецца крыху недарэчным. Бо адкрытае аказалася настолькі глыбокім, што не падпадае пад сучасныя стандарты апісаньня карціны сьвету. Гэты космас можна толькі адчуць. Мне падалося, што я адчуў».

Марыя Мартысевіч: «Самае дарагое ў культавым творы Баршчэўскага для многіх беларускіх чытачоў не тое, што ў польскім тэксце трапляюцца беларускія фразы. І нават не тое, што Баршчэўскі – гэта наш Горват… даруйце, Гофман. Галоўнае – гэта атмасфера. Гэта зіма, гэта беларуская поўнач, гэта сутая льдом Нешчарда, гэта сугестыя народных легенд і паданняў. Гэта сам вобраз шляхціца Завальні, які ўвасабляў прагу народа па моцнай руцэ за стагоддзе да таго, як нарадзіліся Зянон і Лукашэнка. Гэта Плачка, урэшце рэшт. Гэта вельмі пра Беларусь і беларусаў».

 

Вось далейшы спіс кніг, якія найчасцей былі згаданыя нашымі экспертамі – з колькасцю ўзгаданняў:

6 згадак          

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

Уладзімір Караткевіч. «Дзікае паляванне караля Стаха»

5 згадак

Андрэй Мрый. «Запіскі Самсона Самасуя»

Іван Мележ. «Людзі на балоце»

Адам Міцкевіч. «Пан Тадэвуш»

Францішак Аляхновіч. «У капцюрох ГПУ»

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. «Пінская шляхта»

Ларыса Геніюш. «Споведзь»

Мікола Гусоўскі. «Песня пра зубра»

4 згадкі

Юры Станкевіч. «Любіць ноч – права пацукоў»

Mіхаіл Стральцоў. «Смаленне вепрука»

Андрэй Горват. «Радзіва "Прудок"»

Святлана Алексіевіч. «У вайны не жаночае аблічча»

Святлана Алексіевіч. «Чарнобыльская малітва»

Святлана Алексіевіч. «Час сэканд-хэнд»

Віктар Марціновіч. «Мова»

Францішак Багушэвіч. «Дудка беларуская»

Ігнат Абдзіраловіч. «Адвечным шляхам»

3 згадкі

Максім Гарэцкі. «Запіскі на імперыялістычнай вайне»

Кузьма Чорны. «Сястра»

Валянцін Акудовіч. «Код адсутнасці»

Янка Купала. «Курган»

Вацлаў Ластоўскі. «Лабірынты»

Уладзімір Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі»

2 згадкі

Альгерд Бахарэвіч. «Шабаны»

Альгерд Бахарэвіч. «Дзеці Аліндаркі»

Альгерд Бахарэвіч. «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча»

Валянцін Акудовіч. «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне»

Рыгор Барадулін. «Ксты»

Кузьма Чорны. «Млечны шлях»

Васіль Быкаў. «Альпійская балада»

Васіль Быкаў. «Знак бяды»

Канстанцін Вераніцын. «Тарас на Парнасе»

Ігар Бабкоў. «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне Ру(і)наў»

Андрэй Хадановіч. «Старыя вершы»

Янка Маўр. «Палесскія Рабінзоны»

Сяргей Пясэцкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы»

Кузьма Чорны. «Пошукі будучыні»

Уладзімір Караткевіч. «Чорны замак Альшанскі»

Артур Клінаў. «Шклатара»

Артур Клінаў. «Малая падарожная кніжыца па горадзе Сонца»

Ева Вежнаец (Святлана Курс), «Шлях дробнай сволачы»

Наталка Бабіна, «Рыбін горад»

Саламея Пільштынова. «Авантуры майго жыцця»

Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі

Валянцін Акудовіч. «Мяне няма»

Уладзімір Някляеў. «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»

Таццяна Сапач. «Восень»

Марыя Мартысевіч. «Амбасада»

Поўны спіс экспертаў «Журнала», якія прынялі ўдзел у галасаванні:

Валянцін Акудовіч, Аляксей Андрэеў, Міхал Анемпадыстаў, Уладзімір Арлоў, Таццяна Арцімовіч, Уладзіслаў Ахроменка, Вольга Бабкова, Ігар Бабкоў, Сяргей Балахонаў, Андрэй Бастунец, Міхаіл Баярын, Аліса Бізяева, Аляксей Братачкін, Сабіна Брыло, Таццяна Вадалажская, Дар'я Вашкевіч, Генадзь Вінярскі, Зміцер Вішнёў, Алена Гапава, Вольга Гапеева, Ірына Герасімовіч, Адам Глобус, Андрэй Дзічэнка, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Алена Казлова, Сяргей Календа, Павел Касцюкевіч, Севярын Квяткоўскі, Артур Клінаў, Алесь Ліпай, Ян Максімюк, Марыя Мартысевіч, Віктар Марціновіч, Уладзімір Мацкевіч, Таццяна Нядбай, Алесь Плотка, Таццяна Светашова, Ганна Севярынец, Аляксей Талстоў, Вікторыя Трэнас, Аляксандр Фядута, Андрэй Хадановіч, Наталка Харытанюк, Юлія Чарняўская, Сяргей Шабохін, Марына Шыбко, Алесь Яўдаха.

Далучайцеся да нашага галасавання! Адзначце найбольш важныя беларускія кнігі ўсіх часоў! Галасуйце тут!

Комментировать