Арт

Нашы першыя 500. Нашы лепшыя 50. Выбіраем разам!

1690 Журнал

Роўна 500 год таму, 6 жніўня 1517 года, ураджэнец Полацка Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу – «Псалтыр». Гэтая падзея – не толькі пачатак гісторыі кнігадрукавання ва Ўсходняй Еўропе. Для нас сённяшніх – гэта пункт адліку нашай інтэлектуальнай традыцыі, да якой належаць многія формы мыслення – і літаратура, і філасофія, і нават права.

Першыя 500 год нашай кнігі і нашага мыслення – выдатная нагода для падвядзення сімвалічных вынікаў. «Журнал» звярнуўся да 50 экспертаў, у лік якіх увайшлі літаратары і літаратаркі, крытыкі і крытыкэсы, адмыслоўцы ў галіне філалогіі, літаратуразнаўства, гісторыі, грамадазнаўства, філасофіі. Іншымі словамі, нашы эксперты ды эксперткі – асобы, якія самым непасрэдным чынам спрычыняюцца да сучаснай беларускай культуры і самі яе ўвасабляюць.

Мы папрасілі іх назваць па пяць самых важных, на іх думку, беларускіх кніг за 500 апошніх гадоў. Вядома, намераў стварыць нейкі абагульняючы і канчатковы «залаты фонд» мы не мелі. Наша задача – спраўдзіць культурныя арыенціры, якімі кіруюцца беларускія творцы і інтэлектуалы. Арыенціры, якія няўлоўна кіруюць нашай культурай праз сваіх агентаў – творцаў і мысляроў.

Такім чынам і ўтварыўся склаўся спіс з 50 самых важных беларускіх кніг, які мы прапануем для галасавання ўсім чытачам «Журнала». Большасць з іх належаць да мастацкай прозы, але ёсць і філасофскія творы, і паэтычныя зборнікі.

Паасобку стаяць Біблія Скарыны і Статут ВКЛ 1588 года – мы мяркуем, што спалучаць творы розных жанраў у адным спісе ў дадзеным выпадку мае сэнс, бо даследуем мы менавіта традыцыю беларускага мыслення, а не толькі шэдэўры нашай мастацкай літаратуры.

Сярод аўтараў, якіх эксперты згадвалі найчасцей, – Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч і Алесь Разанаў. Але ж экспертны рэйтынг утрымлівае і шмат невідавочнасцяў і неспадзяванак! Пра іх мы пагаворым асобна ў далейшых публікацый нашага праекта «Нашы першыя 500».

А пакуль – спрычыняйцеся да наша даследавання і галасуйце за творы, якія асабіста вы лічыце найбольш важнымі! Далучайцеся да галасавання!

Увага! Мы не просім вас вызначыць, чым пэўная кніга «лепей» за іншыя. Заклікаем вас ставіць «адзнаку» кожнаму твору асобна – у адпаведнасці з тым, што вы ведаеце і думаеце пра яго.

Вынікі народнага апытання пра самыя важныя беларускія кнігі за апошнія 500 год мы абвесцім 1 верасня! Сачыце за нашымі пубьлікацыямі ды пашырайце наша галасаванне сярод сваіх сяброў і знаёмых!

Адзначце, калі ласка, адпаведнай колькасцю «зорак» кожную з кніг:

1 – Ніколі не чуў

2 – Ведаю, але не дайшлі рукі пачытаць

3 – Нудота…

4 – Добрая кніга!

5 – Гэты твор змяніў маё жыццё!

 

 

Комментировать