Арт

Белліт аднаго жыцця. Ганна Севярынец

474 Журнал

Персанальны спіс найважнейшых беларускіх кніг ад настаўніцы і літаратуразнаўцы Ганны Севярынец для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

Я доўга разважала, як адказаць на пытанне пра найважнейшыя кнігі беларускай літаратуры. З выгляду яно простае – але з тых пытанняў, якія вымушаюць цябе акуалізаваць усе свае веды і развагі напоўніцу.

Назваць пяць самых значных твораў за пяцьсот год вельмі складана – трэба вельмі добра ведаю усю беларускую літаратуру ад пачатку да канца. Каб назваць пяць самых значных кніг – менавіта кніг, а не твораў, то бок ацаніць увесь выдавецкі комплекс, працу ўсіх людзей, якія спрычыніліся да артэфакту – проста не хапае ведаў.

Таму я вырашыла назваць пяць беларускіх кніг са сваёй хатняй бібліятэкі, якія на сёння з’яўляюцца тымі самымі метафарычнымі Скарынавымі Бібліямі, праз якія для мяне адкрываецца беларускі сусвет. Падкрэслю: я маю на ўвазе менавіта кнігі, а не творы.

Першай назаву двухтомнік Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска», выдадзеную «Мастацкай літаратурай». У гэтай кнізе спалучыліся фантастычная праца даследчыка, скрупулёзная праца рэдактара, натхненне тых, хто гэтыя двухтомнікі вярстаў і афармляў і, відавочна, скарыстаныя сучасныя выдавецкія магчымасці.

Другой – адну з кніг серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыус», укладзеную Міхасём Скоблам: «Мікалай Улашчык. Даць народу гісторыю». Я маю дома ўсе кнігі гэтай выдатнай серыі, і назвала б яе ўсю, але вылучу менавіта «Даць народу гісторыю» – за тое, што яна можа стаць паўсядзённым чытаннем і для даследчыкаў, і для настаўнікаў-студэнтаў, і для самага шырокага кола чытачоў, настолькі полівалентна яна зроблена і па змесце, і па каментарах.

Трэцяй – гэта не месца ў рэйтынгу, а проста парадак пераліку – хочацца назваць кнігу, выдадзеную Інстытутам беларусістыкі ў Вільне супольна з Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку і ўкладзеную Алесяй Бабарэкай, Ганнай Запартыкай і Віктарам Жыбулем. Гэта збор твораў нашага выбітнога крытыка Адама Бабарэкі, у які ўвайшлі як раней друкаваныя, так і не друкаваныя крытычныя творы, лісты, нататкі, мастацкія вопыты, вялікі корпус архіўных дакументаў і рэдкія фотаздымкі. Кніга гэта каштоўная і сваім зместам – і той неверагоднай даследчыцкай працай, якая за ёй стаіць.

Чацвертая кніга ў гэтым далёка няпоўным спісе – збор твораў Міколы Равенскага, выдадзены «Тэхналогіяй» і падрыхтаваны БІНІМам і Беларускай Капэлай. Здавалася б – ноты й ноты, але як часта даводзіцца мне звяртацца да гэтага выдання, ў якім надрукаваныя сотні беларускіх песен, якія некалі збіраў у этнаграфічных экспедыцыях наш выдатны кампазітар! Рэдка мне ў маім фартэпіянным юнацтве пападаліся так добра выдадзеныя і – што вельмі важна – навукова адкаментаваныя ноты.

Пятая пазіцыя самая складаная, бо кніг, якія хацелася б яшчэ згадаць, вельмі шмат, а выбраць трэба адну. Назаву адну з покетбукаў серыі «Мая беларуская кніга», якую выдае «Поппури». Можа, гэта й не самае выкшталцонае выданне – танная папера, мяккая вокладка – але як гэта важна: мець магчымасць набываць беларускія кніжкі танна. У мяне няшмат, але ёсць выданні з гэтай серыі, з іх таксама складана выбраць, я іх усе люблю. Але назаву «Зэльманцаў» Майсея Кульбака.

Ці «Венеру» Алеся Адамовіча? Ці «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага? Выбірайце самі, якую з іх палічыць названай. Кожная варта згадкі.

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Сяргея Балахонава

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

 

Комментировать