Арт

Белліт аднаго жыцця. Сяргей Балахонаў

505 Журнал

Стваральнік «пастмадэрнісцкіх містыфікатаў» Сяргей Балахонаў распавядае пра свой персанальны спіс самых важных беларускіх кніг для экспертнага галасавання ў межах праекта «Журнала» «Нашы першыя 500».

«Аповесць пра Трышчана» (16 ст.)

Твор хоць і сам па сабе перакладны, але з вялікай доляй арыгінальнасці ў падачы вядомага ў сярэднявеччы сюжэту, да таго ж з адкрытым фіналам («И не вем, если с тых ран выздоровел або так вмер. Потуль о нем писано») і нейкім тутэйшым каларытам, які прабіваецца праз стылістыку рыцарскага рамана («Трыщан пошол на одно болото гуляти»).

Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

З нашай польскамоўнай спадчыны, але суцэльна пранізана беларускай містыкай. Фармальна – рамантызм, роднасны гофманаўскаму. Пры пільным поглядзе – узор магічнага рэалізму задоўга да яго рэальнага з'яўлення як феномену лацінамерыканскай літаратуры (Маркес, Амаду).

Максім Гарэцкі. «Дзве душы»

Беларуская нацыянальная расхрыстанасць на геапалітычных скразняках пачатку навейшай гісторыі. Гэта не готыка Роберта Стывенсана з яго «Дзіўнай гісторыяй доктара Джэкіла і містара Хайда», дзе пры ўсёй таямнічасці і вусцішнасці праблема тычыцца аднаго канкрэтнага чалавека. Гэта беларускі рэалізм, дзе праблема падвоенасці свядомасці тычыцца ўсяго (ці амаль усяго) народу. Таму раман Гарэцкага перад замежным чытачом варта пазіцыянаваць адпаведным чынам: «Хочаш зразумець загадкавую беларускую душу? Будзь гатовы да таго, што яна не адна!». Увогуле ж творчасць Гарэцкага, відаць, трэба разглядаць у звязцы з Рэмаркам і Хемінгуэем.

Андрэй Мрый. «Запіскі Самсона Самасуя»

Смех з напышлівага глупства выскачак, бюракратаў, прыстасаванцаў на фоне любоўных пакут савецкага Рамэа, які свае пачуцці выражае адно канцылярскай мовай («Я нават пачаў у галаве намячаць трохгадовы пэрспэкцыйны плян майго закаханьня ёю»). Твор найперш высмейваў заганы свайго часу (БССР у 1920-я гады), але сваім сатырычным запалам можа быць цікавым і па-за гістарычным кантэкстам. Паколькі пэўныя моманты рамана дазваляюць убачыць у ім элементы антыўтопіі, то сама сабой напрошваецца паралель з «Цудным новым светам» Олдаса Хакслі, дзе высмейваліся тэндэнцыі развіцця тагачаснага заходняга грамадства, адно што дзеянне пераносілася ў далёкую-далёкую будучыню.

Вацлаў Ластоўскі. «Лабірынты»

Прадцеча беларускага мак'юментары як літаратурнага жанру. Блуканне ў лабірынтах старачанай нацыянальнай гістарычнай памяці праз канструяванне дзівоснага паралельнага падземнага сусвету, дзе спрадвечная Беларусь – Крыўя – жывейшая за ўсіх жывых у ззянні пячорных сцен, пакрытых «элементам, падобным да радыю, з якога пабудована сонца».

Уладзімір Караткевіч. «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»

Тое, што так падабалася нам як чытачам рамана «Імя ружы» італьянца Умбэрта Эка, знаходзім у кнізе беларуса Уладзіміра Караткевіча – кнізе напісанай, прынамсі, на пятнаццаць гадоў раней. Гульня аскепкамі гістарычных фактаў і старонак (а часам – усяго толькі радкоў) ацалелых даўніх кніг, шматслойнасць, гумар – усё тое, што магло б зрабіць у свой час раман Караткевіча класічным постмадэрнісцкім творам, калі б наша літаратура тады жыва прысутнічала ў сусветным кантэксце.

Васіль Быкаў. «Сотнікаў»

Па-майстэрску выпісаная сітуацыя (ці нават – жмут сітуацый) гранічна складанага жыццёвага выбару. Пры чым альтэрнатывы заключаюць у сабе нешта такое, што працягвае і пасля ажыццяўлення выбару разрываць чалавека. А проста пастаяць у зацішку і перачакаць не дазваляе фатум, які хаваецца пад маскай збегу абставін. Экзістэнцыялізм супастаўны (а часам і больш востра выяўлены) з тым, што знаходзім у Сартра і Камю.

Міхась Стральцоў. Смаленне вепрука

Паэтызацыя беларускага космасу (ці космаса беларуса) праз прызму аднаго з традыцыйных побытавых рытуалаў, унутраная філасофія якога бадай што выпетрылася ў нашы дні. Твор можна было б размясціць у анталогіі пад адной вокладкай з некаторымі апавяданнямі Картасара і Місімы.

Юры Станкевіч. «Любіць ноч – права пацукоў»

1990-я – для кагось ліхія, для кагось рамантычныя. У творы Станкевіча выхаплены і падкрэслены змрок правінцыйнага жыцця таго часу, які бачыўся аўтарам толькі пярэдаднем наступнага апакліпсісу, нягледзячы на ўяўны (прывідны) хэпі-энд. 1990-я Станкевіча цікава супастаўляць з 1990-мі Паланіка, Пялевіна, Жадана. Матывы ж змрочнага наслання, якое правакуе скрайнія праявы людской агрэсіўнасці змушаюць да міжвольных паралеляў з раманам Жазэ Сарамага «Слепата» (вось, дарэчы, гатовая тэма для чыйгось дыпломнага праекта).

Ігар Бабкоў. «Хвілінка»

Агаваруся, што маю на ўвазе не адну канкрэтную кнігу, а ўвесь сусвет, створаны прозаю Ігара Бабкова. Сны як рэчаіснасць і рэчаіснасць як сны. Вандроўкі рэальныя і метафізічныя. Метамарфозы квінтэсенцыі эпохі, заўважаныя з прыцемак кавярні. Усвядомленая закінутасць, убачаная праз мокрае ад дажджу вакно гомельскага тралейбуса. Героі, чые сэрцы ўвесь час б'юцца не ў такт з пульсам гісторыі. Дзверы, праз якія з аднолькавым поспехам можна трапіць у Вільню, Парыж ці калідоры Беларускага архіва сноў, фонды якога ненаўмысля папаўняеш следам за аўтарам. Паралелі ўмоўна можна правесці з Міланам Кундэрам і яго «Невыцерпнай лёгкасцю быцця», калі б у апошнюю дадалося чараўніцтва Міларада Павіча і хоць бы зрэдку праслізгвала іронія Жазэ Сарамага.

Сяргей Балахонаў – пісьменнік, стваральнік шматлікіх «пастмадэрнісцкіх містыфікатаў», аўтар шматлікіх паэтычных і празаічных твораў, кніг прозы «Імя грушы», «Зямля пад крыламі Фенікса» (увайшла ў шорт-ліст прэміі імя Гедройца ў 2013 годзе).

Чытайце таксама:

Белліт Таццяны Заміроўскай

Белліт Севярына Квяткоўскага

Белліт Максіма Жбанкова

Белліт Андрэя Дзічэнкі

Белліт Алісы Бізяевай

Белліт Ганны Севярынец

Белліт Ігара Бабкова

Белліт Валянціна Акудовіча

Белліт Марыі Мартысевіч

Цалкам спіс 50 найважнейшых беларускіх кнігі паводле экспертаў «Журнала» можна пабачыць тут.

Мы таксама прапануем кожнаму прогаласаваць за найважнейшыя беларускія кнігі ўсіх часоў у нашым народным галасаванні «Нашы першыя 500»Далучайцеся!

 

Комментировать