Арт

Правілы жыцця Васіля Быкава. «Кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсці ў адзіночку»

2061 Журнал

19 чэрвеня спаўняецца 95 год з дня нараджэння Васіля Быкава. «Журнал» прыводзіць «правілы жыцця» нашага выдатнага пісьменніка ў найбольш яркіх цытатах з яго інтэрв’ю і прамоваў розных гадоў.

Пра лепшы танк у свеце і сустрэчу двух салдат

Мы, дурнi, былi засвоiлi, што наша «трыццацьчацвёрка» — лепшы танк у сьвеце. Паслухалi б прыхiльнiкi гэтых трыццацьчацвёрак, што пра iх кажуць тыя, хто ў iх гарэў i гiнуў. Але ж «наша», рускае, усё лепшае — i састарэлая «драгунка» ўзору мiнулага стагоддзя, i ППШ — аўтамат фiнскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, i вядома ж, наш суконны шынель на «рыбiным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпiталi. Галоўнае шпiтальнае лякарства — iхтыёлавая мазь, чорная смярдзючая мазюка, якой мазалi ўсе раны. Добра, калi рана чыстая, а калi ў ёй зямля, часткi бруднай вопраткi… Пенiцылiну ж тады не было.

 

Як увайшлi ў сяло, дзе пад вербамi ляжала некалькi забiтых немцаў у касках, мой памкамузводу, сталы сяржант, па чарзе стрэлiў кожнаму ў голаў, i ўсе каскi аказалiся прабiтыя. Дык я i кiнуў у снег сваю. Адразу стала спрытней, i я не пашкадаваў нi разу. З салдатаў таксама мала хто насiў каску — хiба самыя абачлiвыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асаблiва ў наступу.

 

Аднойчы прыпынiлiся ў нейкiм графскiм маёнтку, сунулiся ў барак, дзе былi кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкi засталiся i спачувальна паставiлiся да нашых салдатаў, частавалi вiном i распавядалi пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацiкаўлена слухалi: колькi зараблялi грошай, хлеба i нават вiна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталiся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусiць — i пра грошы, i пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалi.

 

Вось кажуць: скончыўся бой… Для нас ён ніколі не канчаўся. Калі немцы не наступалі, працавала іх артылерыя, авіяцыя. Калі нас адводзілі ў другую паласу, чакай прарыву на гэтым участку танкаў. Ды і там таксама баі. Мяне неяк запыталі чытачы, ці былі ў мяне на фронце светлыя хвіліны. Былі, калі ўдавалася жывому вырвацца з пекла. Тады было светла і радасна. Але ненадоўга.

 

Вельмі хацелася б звесці недзе лоб у лоб нашага салдата-пераможцу і салдата нямецкага вермахту, які быў пераможаны ў той вайне. Як яны цяпер выглядаюць адзін перад адным? Перамога — з’ява адносная, такім чынам, відаць, якасць адносная і пераможцы, і пераможаных.

Пра «выдатнае» кіраўніцтва, страх і зорку лёсу

Беларусь абышлася б і без выдатнага кіраўніцтва, але з такім, якое б не шкодзіла, не душыла, не цугляла нацыю на кожным кроку.

 

Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр. Ад яе пільнага вока не засцеражэцца нішто. І тут нельга адкараскацца ад думкі, што мы, беларусы, нясём на сабе нейкую каінаву пячаць за немаведама якія грахі ў мінулым ці будучым.

 

Нам, беларусам, Бог ці гісторыя ўпарта не даюць таго, што мы заслугоўваем. Ці, можа, таму, што мы самі не хочам — не можам узяць.

 

Мы ўсё жыццё былі прыдушаны комплексам нашае непаўнацэннасці. Напэўна ж, шмат якія нацыі лепшыя за нас і варты большага. Але ўсё ж нечага варты і мы таксама. Хоць бы за сваё доўгацярпенне. За свае бясконцыя ў вяках пакуты. За сваю спрадвечную немату. І за сваю шматгадовую падлегласць сатанінскаму злу і гвалту.

 

Боль — гэты наш гістарычны спадарожнік, які ні на год не пакідаў нас у мінулым, не пакідае і зараз.

 

Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсці ў адзіночку.

 

Мы ступілі на цяжкую дарогу, і на гэтай дарозе нас, мусіць, чакае рознае. Але мы маем упэўненасць: зорка нашага лёсу свеціць нам спераду. Ззаду галеча, змрок, сталінскі таталітарызм.

Пра возера, кнігі і пераклад Жуля Верна

Калі вучыўся, здаецца, у шостым класе, зімой захварэў. Калі крыху ачуняў, ісці ў школу было позна, і тую зіму я быў дома. Чытаў, перачытваў усё, што было можна знайсці, але болей за ўсё хадзіў у Двор-Слабодку, пачатковую школу, дзе мне настаўнік Крацёнак даваў кніжкі са школьнай бібліятэкі. Як цяпер пагляджу, тая зіма ў сэнсе адукацыі была куды важнейшай, чым усе іншыя. Недарма кажуць, што дзіця разумнее, як хварэе.

 

Я пачаў сябе помніць, відаць, позна, можа, гадоў з пяці. Мае самыя першыя ўражанні аб свеце звязаныя з возерам. Аднойчы старэйшы мой сябра Валодзя Галавач кажа: «Пайшлі на возера». І вось мы пайшлі. Прычым усё самавольна, без дазволу бацькоў. Трэба было прайсці поле, ільняную ніву, пералезці цераз аўражыну, узлезці на гару, а ўжо з яе ўбачыць нарэшце возера… Возера лясное, унізе ляжыць той бераг — таксама гарысты, круты, парослы ельнікам ды дубамі; а на гэтым беразе — драбналессе. Перад самым возерам такі спрытны беражок з пясчанай водмеллю, а збоч вялізная крутая гара з дубамі, казалі, там некалі было паганскае капішча.

І вось я ўпершыню ўбачыў гэткі цуд, надвор’е было ціхае, летняе, дык там той бераг вісіць уніз галавой — і елкі, і дубы. Тое возера было са мной у дзяцінстве, на вайне, у чужыне — як асяродак Радзімы і вобраз хараства.

 

З намі ў школе вучыўся Казлоўскі. Ягоны бацька ці дзед былі настаўнікамі яшчэ за царскім часам, і пасля іх застаўся сундук з кніжкамі. Во гэта быў скарб!.. У яго я неяк знайшоў рэдкую па тым часе кнігу Жуля Верна «Из пушки на Луну», якая мне дужа спадабалася. Дазнаўшыся, што на беларускай мове яе няма, я сам пераклаў яе з расейскай, паслаў у Менск у газету «Піянер Беларусі», каб там надрукавалі і пазнаёмілі беларускіх дзяцей з гэтым творам. Канешне, тое было наіўна, але кніжны свет ужо звыкла стаў для мяне не меней значны за рэальны.

Пра мову, Курапаты і штаны паліцаяў

Мова верна служыла народу ў добры і благі час, ратавала яго існаванне і ніколі не здраджвала яму. Гэта ёй нярэдка і няўдзячна здраджвалі на Беларусі, за што заўжды былі бязлітасна караны Богам і гісторыяй.

 

Далёка па свеце разышлася сумная слава нашых Курапат, але хіба Курапаты ў нас адны? Толькі пасля першых публікацый аб раскопках у гэтым ляску пад Мінскам паявіліся дзесяткі паведамленняў аб падобных магілах амаль з усіх абласных цэнтраў рэспублікі, шмат з якіх раёнаў і гарадоў. Хто там ляжыць, каго расстрэльвалі на працягу шмат гадоў, а галоўнае — хто каты? Адказу на гэтыя пытанні дагэтуль няма. Кажуць, не захаваліся архівы, а тыя, што захаваліся, закрыты на вечны замок.

 

Для таго, каб беларуская мова стала сапраўды народнаю, дзяржаўнай мовай, відаць, патрэбна змена ўсяго антынацыянальнага, сервілісцкага ладу на суверэнна-дэмакратычны, што нам пакуль і не свеціць. Мабыць, мы яшчэ не дараслі да таго.

 

Бела-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна…

Пра выжыванне культуры і духоўную пустку

Калі талент — ад бога, дык сумленне — хоць и не цалкам, усё ж у значнай меры — ад нашае чалавечае волі.

 

Дзесяцігоддзямі для нас найважнейшым было стварыць ідэалы, сімвалы веры, тое, да чаго мы павінны імкнуцца. А жыццё супраціўлялася, вельмі неахвотна падладжвалася пад нашыя шаблоны. Ну, а пра мастацтва і гаварыць няма чаго. Яно проста гінула ў абсурднай атмасферы тых патрабаванняў, яно пераставала быць мастацтвам.

 

Напэўна, зараз у першую чаргу трэба клапаціцца не пра росквіт, а пра выжыванне і захаванне ўсяго лепшага ў нацыянальнай культуры, што так бязлітасна разбураецца ўладамі і часам.

 

У культуры не трэба змагання, у культуры трэба жыць, спажываць і тварыць яе, а не змагацца. У палітыцы, відаць, патрэбна змаганне, а тут важна адпаведная дэмакратычная атмасфера, у якой павінна натуральна існаваць грамадства. А вось тое, што ў нас звычайна робіцца ў культуры, нагадвае менавіта няспыннае змаганне.

 

Літаратуры не асабліва патрэбныя інвестыцыі, але ёй цалкам неабходная свабода. Аднак інтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым права на валоданне зямлёй. Зрэшты, у Беларусі вынік аднолькавы: ні ў сялян няма зямлі, ні ў пісьменьнікаў — свабоды.

 

Сувязь часоў — не абстрактнае паняцце, гэта катэгарычная прадумова міру і паступальнага развіцця грамадства, і гора таму грамадству, дзе гэтая сувязь ірвецца. Утвараецца пустка, якую, як вядома, не трывае прырода; духоўная ж пустка не толькі спыняе развіццё нацыі,— яна адкідвае яго да нуля.

Пра чытача і галоўнага героя вайны

У тым, што я пішу толькі пра вайну, вінаваты не я — вайна вінавата.

 

Я не адчуваю цеснаты ў гэтым абжытым мной жанры — аповесці. Я думаю, што гэта вельмі ёмістая форма прозы і ў ёй можна выказаць вельмі многае, а галоўнае — выказаць сцісла і канкрэтна.

 

Я дрэнна сабе ўяўляю, што такое чытач наогул… Урэшце, я заўсёды лічуся з магчымай рэакцыяй маіх знаёмых, людзей, чыёй думкай я прывык даражыць і ў чыю аб’ектыўнасць глыбока веру.

 

Для мяне галоўны герой вайны той, хто са зброяй у руках біўся з ворагам. Вось чаму і пісаў і буду пісаць менавіта пра такіх герояў — непасрэдных удзельнікаў баёў, франтавікоў, партызан.

 

Падрыхтаваў Павел Абрамовіч

Комментировать