Жизнь

«Рунэт – гэта месца зборкі праекту “русского мира” ў віртуальнай прасторы»

2603 Лидия Михеева

Чаму беларускія карыстальнікі Сеціва знаходзяцца пад уплывам Рунэта? Як адбудоўваць уласную ідэнтычнасць сродкамі новых тэхналогій? І чаму важнай становіцца медыяпісьменнасць? Пра гэта «Журнал» размаўляе з Аляксеем Крывалапам, даследчыкам медыя і выкладчыкам Arts, Science and Technology Program.

– Аляксей, ваша кніга “Рунэт, новае сузор’е ў галактыцы інтэрнэт” сёлета ўвайшла ў шорт-ліст лепшых гуманітарных прац на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. І пры гэтым яна адна з першых навукова-даследчыцкіх прац у Беларусі ў галіне internet studies. Чаму нашы даследчыкі ігнаруюць праблемы беларускай інтэрнэт-прасторы?

– Звычайна людзей цягне адразу адкрываць Амерыку сама-мала. Іншымі словамі, гэта можа быць вынікам шматгадовай мантры, што Беларусь – гэта «маленькая краіна», а да праблемаў нібыта трэба падыходзіць адразу глабальна. Але нам варта спачатку разабрацца ў тым, што адбываецца з намі самімі, у тым ліку і ў Сеціве. Якім чынам мы лакальна засвойваем чарговую глабальную тэхналогію.

У сваёй кнізе вы даводзіце, што глабальныя тэхналогія можна вывучаць не толькі ўласна як тэхналогіі, але і даследаваць, якім чынам яны засвойваюцца ў грамадстве. Што ж беларусам даў інтэрнэт і якім чынам яны выкарыстоўваюць і засвойваюць яго магчымасці і рэсурсы?

– Важна, у якасці чаго мы разглядаем інтэрнэт: ці ён для нас сродак, ці – мэта. Калі гэта мэта зрабіць нешта ў віртуальнай прасторы (нацыянальны дамен, яшчэ адзін кірылічны дамен, каб было не горш, чым у іншых), то гэта гонка з часам, у гэтым няшмат сэнсу, акрамя эканамічных стымулаў.

Але калі мы разглядаем інтэрнэт як сродак, як адносна нейтральную тэхналогію, якая можа нам дапамагчы ў дасягненні культурных мэтаў, гэта ўжо іншая справа. Такімі мэтамі могуць быць стварэнне прасторы для камунікацыі, віртуальнай бібліятэкі ці анлайн-архіва – залежыць ад таго, што захоўваць. У пэўным сэнсе, існаванне такіх бібліятэк і архіваў – гэта гарантыя вечнасці існавання культуры. Як мова існуе самастойна, без залежнасці ад нашага жадання, так і аб'екты, патрапіўшы анлайн, застаюцца там назаўсёды, а мы пазбаўляемся магчымасці ўплываць на іх.

Хіба што не галоўны тэзіс вашай кнігі палягае ў тым, што інтэрнэт з’яўляецца важным рэсурсам для выбудоўвання ідэнтычнасці. І тое, што Беларусь уключана ў прастору «Рунэта», грунтоўным чынам паўплывала і ўплывае на ідэнтычнасць беларусаў. Якім чынам «Рунэт» суадносіцца з «Белнэтам» і чаму мы ўсе – спажыўцы, у першую чаргу, Рунэта, і ўжо потым глабальнага Сеціва? Ці змянілася нешта з 2007 года, калі было праведзена даследаванне, пра якое вы распавядаеце ў кнізе?

– Паміж з'яўленнем у далёкім 1994 годзе даменаў .BY і .RU прайшло крыху больш аднаго месяца. Але развіццё гэтых даменных зонаў ішло рознымі тэмпамі. Больш за тое, нават у самой назве дамену .BY назаўсёды захоўваецца скарачэнне ад Byelorussia. Таму назва ўсяго, што адбываецца з намі ў віртуальнай прасторы першапачаткова была белнет, але ж пасля таго, як у Расіі пачалі разважаць пра Runet, то і ў нас перанялі назву.

Дарэчы, каб зразумець, якім чынам магчыма канцэптуалізаваць механізмы канструявання культурнай ідэнтычнасці з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій, у кнізе па выніках даследавання вылучаюцца тры субкатэгорыі: уплыў, ідэнтычнасць і прастора. І ў гэтым сэнсе адказам на пытанне, чаму да нас тэхналогіі праходзяць праз Runet, чаму нельга карыстацца адразу глабальнымі сэрвісамі, можа быць разуменне практыкі ўплыва тэхналогій на грамадства. Як і з дапамогай чаго гэта робіцца на самых розных узроўнях. Ад відавочнага інтэрфейсу, мова якога зразумела ўсім, да топ-спікераў на розных канферэнцыях звязаных з інтэрнэтам, якія прэзентуюць перадавы расійскі досвед.

Вы пішыце, што Рунэт з’яўляецца сёння сапраўднай сеціўнай імперыяй, у той час як пра наяўнасць “нацыянальнага інтэрнэта” ў Беларусі казаць нельга. Чаму Белнэт застаецца толькі часткай нашых практык узаемадзеяння з интэрнэтам як такім, а не стаў асобнай прасторай і феноменам, якім з’яўляецца той жа Рунэт?

Для нас інтэрнэт не выконвае функцыі пабудовы страчанай імперыі, нам проста няма патрэбы кампенсаваць нешта. Рунэт у гэтым сэнсе выходзіць далёка за адміністратыўна-тэрытарыяльныя межы Расійскай Федэрацыі. Гэта магчыма патлумачыць метафарай: Расійскую імперыю ХІХ стагоддзя звязала сетка чыгункі, якая адрознівалася ад еўрапейскай. Адгалоскі гэтага мы адчуваем дагэтуль, калі ў Берасці цягнікам мяняюць колы. У ХХ стагоддзі СССР быў звязаны не толькі ідэалагічна і з дапамогай рэпрэсіўнага апарату, але ж меў адмысловую сеткавую інфраструктуру – электрычныя сеткі.

Чытайце таксама:

 

Расія ў ХХІ стагоддзі стварае вакол сябе пэўную сеткавую імперыю ў віртуальнай прасторы, для якой галоўным чыннікам з'яўляецца мова. Можна задумацца над пытаннем, чаму так мала сайтаў па-беларуску ці чаму людзі не робяць пошукавыя запыты на мове. А таму што, пачынаючы з сярэдзіны 1990-х, калі вы планавалі зрабіць папулярны сайт (патрапіць у каталог Yandex ці зарабляць на інтэрнэт-рэкламе), у вас фактычна не было выбару, на якой мове абнаўляць сайт. Блогеры і журналісты з Беларусі, Казахстану, Украіны і іншых былых савецкіх краін абіралі найбольш відавочны шлях каб павялічыць аўдыторыю, атрымаць наведвальнікаў, а фактычна манетызаваць сваю дзейнасць.

Ці яшчэ прыклад: нядаўна офіс Yandex у Беларусі паведаміў, што пачаў прымаць рэкламу ў сваю сетку на беларускай мове. Няма пытанняў – гэта станоўчы крок. Але ж сэрвіс агрэгацыі навін News.Yandex дагэтуль не прымае ў сваю базу дадзеныя медыя, якія выходзяць па-беларуску. Магчыма, гэта адна з прычын існавання рускамоўнай версіі «Нашай нівы», але ж гэта дадатковыя выдаткі і ўсё тая ж неаплочаная праца на digital метраполію ці карпарацыю.

Адзін з сумных вынікаў вашага даследавання: уздзеянне Рунэта на беларускае грамадства можна параўнаць з культурнай каланізаціяй ці паўторнай саветызацыяй (праз досвед культурнай залежнасці і русіфікацыі). І самае цікавае, што Рунэт вызначае не толькі працэсы індэтыфікацыі карыстальнікаў Сеціва, але і творцаў медыя-праектаў. Ці існуюць нейкія стратэгіі выйсця з гэтай сітуацыі?

Няма простага адказу на гэтае пытанне. Па выніках даследавання ўзніклі пытанні звязаныя з практыкай. Гэтак жа як немагчыма даследаваць каштоўнасці людзей, звяртаючы ўвагу выключна на іх словы. Мы ўсе будзем за здаровы лад жыцця, за тое, каб пераходзіць дарогу ва ўстаноўленых месцах і будзем супраць таго, каб злоўжываць чымсьці шкодным. Але пры гэтым наша практыка можа радыкальным чынам адрознівацца ад нашых заяў.

Напэўна, самы відавочны адказ: карыстайцеся мовай анлайн, нават калі не карыстаецеся штодзённа. Гэта можа быць цікавым досведам.

Якую ролю адыгрывае ў выбудоўванні новых стратэгій карыстання інтэрнэтам мова? Вы пішыце, што руская мова не з’яўляецца адназначным знакам лаяльнасці расійскай палітыцы, але ж усё роўна маркіруе прыналежнасць да прасторы Рунэта. Якімі вы бачыце патэнцыял і мэты выкарыстання беларускай мовы ў Сеціве?

– Да 2014 года было магчыма разважаць пра рускамоўны беларускі нацыяналізм, але ж пасля трагічных падзей ва Украіне – гэта проста не мае сэнсу. Бо мова з'яўляецца не толькі сферай цікаўнасці лінгвістаў і пошуку цяжкасцяў перакладу. Гэта яшчэ і бачанне свету.

Просты прыклад – з перакладам навін замежных медыя. Безумоўна, ёсць частка інтэрнэт-карыстальнікаў, якія чытаюць навіны на мове арыгіналу, але ж большай частцы ў нашых краях пераклад патрэбны. І тут ёсць сэрвіс inosmi.ru, які хутка і якасна перакладае шмат тэкстаў штодня.

Ці ёсць тут праблема, чаму не «запазычваць» іх пераклады? Адна з праблем тут у тым, што любыя ўзгадкі пра Беларусь там перакладаюць як «Белоруссия», і гэта толькі тое, што на паверхні. Іншымі словамі, гэта больш цікава, чым проста праблема перакладу, бо з дапамогай мовы ствараецца пэўнае бачанне свету.

Лёгка, напрыклад, параіць стварыць беларускамоўны аналаг inosmi, але складана зрабіць. Але ж можна прапанаваць перш-наперш усталяваць сабе беларускую раскладку на камп'ютар, смартфон, паўсюль, дзе гэта магчыма. І тады ў наступны раз, калі вы вырашыце зрабіць допіс, пакінуць камент не ў стылі «+1», а больш змястоўна, то перад вамі будзе цікавы выбар: на якой мове яго пісаць? Іншымі словамі, пытане ў тым, наколькі проста ці складана будзе трансфармаваць нашу практыку.

У кнізе вы адсочваеце гісторыю стварэння адной з самых гучных ідыялагем сенняшняга дня – канцэпцыі «русского мира», а таксама ролі інтэрнэта ў яе развіціі і распаўсюдзе. Атрымліваецца, што яна пацярпела некаторыя змены з моманту «нараджэння». Як вам падаецца, што чакае гэтую ідыялагему ў будучыні?

– Складана разважаць пра будучыню, тым больш, што на сённяшні дзень гэты міт жыве напоўніцу. У пэўнай ступені яго папулярнасць можна патлумачыць тым, што ён быццам бы працягвае існаванне СССР у віртуальнай прасторы. Таму раней, чым былыя саветолагі зразумеюць, што СССР больш не існуе, што метады Халоднай вайны сваё адпрацавалі, радыкальных пераменаў у нашым разуменні не адбудзецца.

Але ж нешкодным будзе ў чарговы раз нагадаць, што «рускі свет» можа ўспрымацца як прастора рускай культуры і як палітычны праект віртуальнага аб'ядання страчанай імперыі. Таму існуе верагоднасць, што як і з любой іншай ідыялагемай, і гэта з цягам часу можа атрымаць нейкія іншыя сэнсы, якіх мы на сённяшні дзень не маем.

Тое, што сёння «русский мир» – гэта сеткавы праект аб’яднання суайчыннікаў (чытай «саветскіх людзей») вакол ідэі «ўздыму з кален» і вялікай Расіі. Рунэт з'яўляецца месцам зборкі праекту «русского мира» ў віртуальнай прасторы. Месцам, дзе тэарэтычныя канцэпты атрымоўваюць магчымасць свайго існавання, хоць і ў віртуальнай прасторы. І гэтаму ёсць цікавыя сведчанні і праграмныя артыкулы пачатку 2000-х.

Напэўна, існуе верагоднасць, што ў будучым «русский мир» можа атрымаць і іншыя канатацыі. Але калі гэта здарыцца, як і ці здарыцца наогул – гэтыя пытанні пакуль не маюць адказу.

Чытайце таксама па тэме:

 

Аляксей, у межах адукацыйнай праграмы Arts, Science and Technology program, якую адкрывае ECLAB, вы распрацавалі і будзеце весці курс «Медыяпісьменнасць для адукаваных». Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра курс і тое, чаму для вас важна выкладаць яго менавіта па-беларуску.

– Што тычыцца мовы выкладання, то звычайна даследаванні ўплываюць на даследчыкаў. У асабліва цяжкіх выпадках магчыма казаць пра прафесійную дэфармацыю.

Калі ж больш сур'ёзна, то тут варта ўзгадаць класічны для культурных, посткаланіяльных і гендэрных даследаванняў тэкст Гайятрі Співак «Ці можа прыгнечаны гаварыць?» Зразумела, што гэта тэкст не пра Беларусь, а пра зусім іншы культурны кантэкст. Але ж праблема, на якой мове апісваць сябе, а значыць – у якія рамкі змяшчаць уласную суб'ектнасць, застаецца актуальнай.

Пры гэтым важна выкарыстоўваць беларускую мову для выкладання курсаў, звязаных з новымі тэхналогіямі, усім што адносіцца да digital humanities ці media literacy. У класічных гуманітарных дысцыплінах тэрміналагічных пытанняў нібыта ўжо няма. Але, каб не складалася памылковага ўражання, што на мове толькі і магчыма, што абмяркоўваць тэксты Коласа і Купалы, важна менавіта на беларускай мове разважаць і абмяркоўваць сучасныя з’явы ў свеце новых медыя.

Даследаванні інтэрнэту сёння ў значнай ступені англамоўныя, а значыць, адмаўляюць спецыфіку лакальнасці. Гэта праблема, што рабіць і як зразумець іншыя практыкі.

Курс «Медыяпісьменнасць для адукаваных» мае сваёй мэтай адказаць на пытанне: ці магчыма захаваць давер да медыя як сацыяльнага інстытуту ў час, калі сродкі масавай інфармацыі ператвараюцца ў сродкі масавай прапаганды і дэзынфармацыі?

Іншымі словамі, мы даведаемся, для чаго патрэбны fact checking, чаму медыя – гэта не проста бізнес, а яшчэ і пэўная сістэма каштоўнасцяў, каму і навошта патрэбна канцэпцыя лічбавай няроўнасці (digital divide) і шмат чаго іншага.

Іншымі словамі, курс пра медыяпісьменнасць павінен быць упісаны ў беларускі кантэкст. Сёння медыяпісьменнасць прадугледжвае, што людзям патрэбны навык «чытання паміж радкоў» у пошуку схаваных сэнсаў. І гэта можа вельмі здзвіць тых, хто заспеў часы СССР, бо час, нібыта, змяніўся, і мы прызвячаіліся думаць пра медыя і асабліва пра інтэрнэт-медыя як прастору свабоды. Але ж і яна не свабодная ад маніпуляцый і прапаганды.

Наша сённяшняя практыка спажывання навін амаль што па вызначэнні прадугледжвае пэўны ўзровень медыяпісьменнасці. Але ж мы паспрабуем пайсці далей, каб зразумець, чым можа быць карысна шматмоўная практыка медыяспажывання.

Навучальная праграма Arts, Science and Technology ад ECLAB і ІТ-школы Myfreedom спалучае гуманітарныя веды з ІТ-курсамі. Акрамя практычных IT-навыкаў і актуальных курсаў па soft skills праграма ўключае спектр гуманітарных курсаў па мадэлі Liberal Arts, сярод якіх курс Аляксея Крывалапа па «Медыяпісьменнасці».

AST Program распачала набор студэнтаў і прымае заяўкі да 25 снежня. Падрабязнасці – тут.

Чытайце таксама:

Словарный запас. Что такое блокчейн

Коммуникация будущего. Как заставить Сеть играть по нашим правилам

Теория нашего «большого взрыва». Может ли Беларусь стать ИТ-страной

Комментировать