Арт

Прэмія Гедройца. Усе кнігі шорт-ліста-2016

539 Журнал

12 кастрычніка будзе абвешчаны сёлетні лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца бадай, галоўнай сучаснай літаратурнай прэміі Беларусі. Мы прачыталі ўсе кнігі, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі, — і распавядзем, чаму раім прачытаць іх і вам.

Андрэй Адамовіч. «Таўсціла і лешч»

«Мяне ванітуе ад рыбы, але я ўпарта ежджу і лаўлю яе. Напраўду, чалавек – такая істота, што можа зацята займацца любой дурасцю». Што вы ведаеце пра спаборніцтвы з упарта нешчаслівым лёсам і сапраўдную беларускую Вусціш? Што агульнага ў навэлы Адамовіча і «Сталкерам» Таркоўскага? І, нарэшце, да чаго тут лешч?

Чытаць рэцэнзію

 

Валянцін Акудовіч. «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне»

Наканаванне беларусаў – і ў філасофіі, і ў жыцці займацца «метафізікай адсутнасці»: вывучаць тое, чаго няма, даследаваць разнастайныя модусы адсутнасці ці «партызаніць», хаваючыся ў лясах падчас небяспекі. У нейкім сэнсе і саміх беларусаў няма, бо ў звыклым дыскурсе яны яшчэ толькі павінны нарадзіцца, абудзіцца ад спячкі, паўстаць у актуальным, а не патэнцыйным стане. І парадаксальны Акудовіч — які адназначна ёсць! —заўсёды гатовы спыніць плыню думкі, каб сказаць «але» і ўдакладніць.

Чытыць рэцэнзію

 

Альгерд Бахарэвіч. «Белая муха, забойца мужчын»

Выхаванец патрыярхальнай Беларусі і тыповы прадстаўнік свайго часу, народу і гендару, раптам здолеў паставіць сябе на месца ўзбунтаванай жанчыны, зразумець яе Праўду і Крыўду. Няхай у выніку гэта аказалася ўсяго толькі стакгольмскім сіндромам. Марыя Мартысевіч распавядае, чаму гэты раман – адзін з самых нецікавых твораў Бахарэвіча, і чаму раманіст насамрэч – адзін з найлепшых нашых паэтаў.

Чытыць рэцэнзію

 

Алесь Пашкевіч. «Рух»

Аўтар сабраў у «Руху» шмат славутых імёнаў, перамяшаў дакументальнасць з вымыслам, дадаў беларускіх сантыментаў ­– і забыўся дадаць, уласна, руху. А мы прыкінулі, ці варта нам марыць пра беларускага Конан Дойла пасля Караткевіча.

Чытыць рэцэнзію

 

Таня Скарынкіна. «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі»

Гэта сапрадны дапаможнік па must have эсэіста. Лідзія Міхеева прачытала кніжку і вызначыла, чаму мы так любім эсэістыку і чаму аўтарскія калонкі з’яўяюцца паўнавартаснымі творамі літаратуры.

Чытыць рэцэнзію

 

Макс Шчур. «Завяршыць гештальт»

Калі ты ў душы Холдэн Колфілд, улівацца ў бязглудзіцу навакольнага свету няпроста не толькі ў 16 гадоў, але і ў 40. Зразумець, што ўсё важнае ў жыцці з табой ўжо адбылося, не меней страшна, чым выйсці з утульнага света дзяцінства на скразняк юнацтва. Нармальнасць – гэта жудасна. А ўтульная Еўропа – не проста міф. Еўропа – гэта незавершаны гештальт беларуса.

Чытыць рэцэнзію

 

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы альбо эсэістыкі.

Прэмія носіць імя знакамітага публіцыста, палітыка і выдаўца, які ў сваёй дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай, Беларуссю, Літвой і Украінай. Ежы Гедройц (1906–2000) нарадзіўся ў Мінску.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Польшчы ў Беларусі і Польскі Інстытут у Мінску.

Пераможца конкурса атрымлівае чэк на суму, якую штогод вызначае фундатар узнагароды — Idea Bank (сёлета гэта 5.000 еўра). Прызёры атрымліваюць магчымасць перакласці свой твор на польскую мову альбо атрымаць творчую стыпендыю на вандроўку ў Швецыю альбо Латвію.

Папярэднімі пераможцамі прэміі з’яўляліся Павел Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015).

Комментировать