Арт

Чырвань у цемры. Чаму так пячэ «Сарматыя» Марыі Мартысевіч

565 Павел Абрамович

Марыя Мартысевіч. Фота: Вольга Хвоін

 

Літаратарка Марыя Мартысевіч прыклала неверагодныя намаганні, каб самастойна выдаць сваю паэму «Сарматыя». Паэма не толькі знайшла фінансаванне і чытача, але і атрымала сёлета прэмію імя Наталлі Арсенневай і тытул «Кнігі году». Павел Абрамовіч уважліва пагатраў старонкі лепшай сёлетняй беларускай пэатычнай кнігі.

Кліча яго кніга, цягне кніга з дому…

У наш час беларускаму літаратару недастаткова прыдумаць, напісаць і надрукаваць кнігу. О, не! Пасля выдання з кнігай трэба быць неадлучна як з немаўлём ці з каханым чалавекам у шчаслівую, мядовую, пару.

Пасля таго, як кніга з’явіцца ў продажы, неабходна з шалёнай жарсцю гучна паведамляць аб ёй на кожнай вуліцы. Нібыта той хлопчык у бацькоўскай кепцы са стосам свежых, яшчэ воглых, ранішніх газетаў у руках, які скача на рагу вышэй за мячык і крычыць пранізліва нешта неверагоднае, дзікае пра «Тытанік».

Чытача у Беларусі цяпер трэба расшукваць днём з агнём найперш самому пісьменніку, а потым сваім гучным аўтарскім басам узмацняць голас уласнай кнігі, надаваць яму моцы. Таксама пасля выдання твора беларускаму аўтару давядзецца яшчэ і пісаць больш, чым у часе працы над кнігай.

Рыхтуйцеся — тыя, хто пакуль яшчэ проста адчуваюць натхненне і «пісьменніцкі» сверб у пальцах!

Можа, у якой Амэрыцы, ва ўласным доме ў гарадку Бангор, штат Мэн, Стывен Кінг і сядзіць за вялізным дубовым сталом, закінуўшы на яго ногі па тамтэйшай звычцы, і слухае спакойна, схілішы голаў, як літаратурны агент і прадстаўнік крутога нью-йоркскага выдавецтва па чарзе выкладаюць яму дэталі рэкламнай кампаніі ягонай новай кнігі. А ў нашай старонцы пісьменнік — малады і стары, вядомы і невядомы — мусіць пераважна сам «прасоўваць» ўласную кнігу.

Гэта давядзецца рабіць найперш у тым выпадку, калі ён выдае кнігу саматужна, выкарыстоўваючы краўдфантынг, як паэтка Марыя Мартысевіч. А не нясе рукапіс адразу ў сталічнае выдавецтва — нясе, небарака, горда ўзняўшы голаў, хоць у карманах пуста, вырасла капуста.

Тытанічныя індывідуальныя высілкі, прыкладзеныя Марыяй яшчэ да выдання яе новай кнігі — паэмы «Сарматыя», далі плён. Яе персанальнаму вопыту ў сферы краўдфантынга можа наагул пазайздросціць буйная кансалтынгавая фірма.

Мартысевіч сапраўды здолела разварушыць «Вулей»: 155 спонсараў энэргічна прагаласавалі грашыма за новую кнігу аўтаркі, у выніку чаго яна перавыканала план, сабраўшы на выданне амаль дзве тысячы рублёў.

Вось такія, бабка, цяпер у нас працадні!

Здаецца, надыйшоў час расслабіцца і адпачнуць, але памятаеце хлопчыка з газетамі на рагу? Пасля таго, як Мартысевіч атрымала кнігу з друкарні, яе кватэра, відавочна, ператварылася ў Смольны, баявы штаб. І дэпешы паляцелі па ўсяму беламу беларускаму свету:

«Сябры, дасланая поштай кніга ўчора дайшла да адрасатаў па Беларусі…», «Сябры! З Новым годам і Калядамі! Нагадваю, што сёння я падпішу кнігу…», «Сябры, вітаю! Першае чытанне «Сарматыі» адбудзецца….», «Чытанне #sarmatia сёння. План такі…», «Сябры! Дзякуй, што актыўна забіраеце «Сарматыю» па выніках краўдфандынгу:) Паведамляю таксама, што ў лютым…», «Сябры! Мяне запрасілі пачытаць «Сарматыю» на дзве іпрэзы лютага…», «Сябры! Хутка наступнае чытанне «Сарматыі». Яно адбудзецца ў межах выставы…»

Во дзе пачынаецца існая творчасць, во дзе патрэбна сапраўднае натхненне!

Не дзіва, што сам халодны і маўклівы Космас Беларускіх Пісьменнікаў заўважыў іскры, якія ажно сыпаліся з вачэй Марыі, схіліўся да яе паважна і працягнуў прэстыжную прэмію «Кніга года». А следам і Беларускі ПЭН адзначыў зборнік прэміяй Наталлі Арсенневай.

 

Чырвоная жанчына, добрыя весткі

Ведаеце, чаго вельмі не стае сучаснай беларускай крытыцы? Кажаце, шчырасці і прафесіяналізма? Ай, не — гэтага у нас хоць адбаўляй, можам эшалонамі адгружаць іншым краінам.

З нашых рэцэнзіяў кудысьці знікла ажно на 100 гадоў больш важная рэч: апісанне знешняга і ўнутранага выгляда кнігі, якая разбіраецца крытыкам па костачках, пакуль ад аўтара і выдання нічога не застанецца.

Максім Багдановіч, напрыклад, заўсёды надаваў гэтаму вялікае значэнне, у тым ліку якасці паперы толькі што выдадзеных кніг. А вось сучасныя беларускія крытыкі паводзяць сябе так, быццам кнігі, якія яны рэцэнзуюць, і не бачылі на свае вочы ніколі, і ў руках не трымалі. Быццам іх чытаюць ім нараспеў перад сном прыўкрасныя стварэнні з цмянымі вачыма.

Паэма Мартысевіч выдадзена вельмі густоўна, яе прыемна і лёгка трымаць у руках. Я б сказаў нават, што гэта філігранна-танюткая мастацкая рэч і дакаціўся б да параўнанняў з крохкімі і бледнымі статуэткамі якога Чэліні, калі б мой позірк не саслізгваў бы ўвесь час на вокладку, на вялізную і прыўкрасна-асязальную, не збаюся гэтага слова, дупу галоўнай гераіні «Сарматыі», прымушаючы мяне забыцца на адрас інсты Кім Кардаш’ян.

Жанчына з вокладкі западае ў сэрца — дзякуй мастачцы Юліі Рудзіцкай. І гэта найперш не ўвасабленне размытага, ледзь бачнага вобраза душы, псіхеі, а адчувальны, насычаны галоўным колерам жыцця чалавек, створаны найперш для кахання.

Гэта жанчына хоча і можа падабацца, яна абсалютна разняволеная. Хоць і ёсць у ёй нешта прадвызначана-трагічнае, нейкі знак бяды, спавітасць лёсам — гэта ўвасабляюць чужыя чорныя рукі, якія сціскаюць гераіню ў абдымках. Бяда ідзе ад іх, так. Але гераіня, заўважце, дазваляе гэтым рукам чапаць сябе, пакуль яна спакойна любуецца перкам — больш тут глядзець няма на што, навокал пануе цемра.

Чорна-чырвоная вокладка «Сарматыі» выклікае нядобрыя прадчуванні і фактычна прадвызначае, якім будзе лад чытання, успрыняцце паэмы. Але не спяшайцеся заглядаць у паэтычнае возера Марыі. Бо калі вы пойдзеце па парадку і толькі адкрыеце кнігу, то цемра адступіць. Хоць і на час.

Перад вачыма паліецца суцэльная чырвань, паўстане прыгожая паштоўка з вытанчана-сімвалічным сюжэтам, якую можна акуратна аддзяліць і адаслаць некаму, хто зразумее вас без слоў. І напрыканцы паэмы таксама ёсць арыгінальная паштоўка, але не будзем спяшацца заглядаць у канец.

Ведаеце, я з таго пакалення, якое само рабіла сабе кніжкі. Што тут дзіўнага?

Мы пісалі ў школьных альбомах алоўкамі ці фламастэрамі нешта прыгожа-казачнае, нейкія неверагодныя гісторыі, якія выдумлялі на хаду, потым выразалі і клеілі аркушы, малявалі ілюстрацыі, пазначалі старонкі і нават кошт «выдання» на вокладцы, ладзілі абмен імі між сабой. Ці выразалі такія кніжкі з штомесячных дзіцячых часопісаў па спецыяльнаму знаку нажніц і потым згіналі паперу па старонках, каб атрымалася кніга.

Раней чытанню, звычайна, папярэднічаў акт творчасці, далучэння да працэса вырабу кнігі.

Паштоўкі ў кнізе Мартысевіч — цудоўны напамін пра непрыдуманае дзяцінства і ўадначас згадка пра тое, што літаратурна-мастацкі твор быў, ёсць і застаецца добрай весткай, якую можна і трэба дасылаць, паведамляць іншым.

У «Сарматыі» быццам два шырокіх і моцных крыла — навіна будзе дастаўлена.

What Dreams May Come

Паштоўкі звычайна суправаждалі лісты, іх клалі ў канверт разам. Калі толькі не было свята, бо тады ў шлях паштоўкі выпраўляліся пераважна адны.

Паэма Марыі ўяўляе сабой нізку лістоў жанчыны Алаізы да сваёй сястры — 30 досыць невялікіх вершаваных паведамленняў, праз якія прадзімае час, ідзе сюжэт, цячэ гісторыя. Алаіза апынулася ў далёкай старане, і насамрэч немагчыма дазнацца, дзе месца гэтай краіны ў свеце. Можна толькі паспрабаваць назваць яе — і так пазначыць, хоць «рэчы тут маюць больш за адзін назоў».

Краіна Сарматыя.

Праслухаем зараз сціслае паведамленне самой аўтаркі пра сваю кнігу. Яно вельмі важнае, бо гэта папярэджанне:

«Мне прыйшло да галавы, што Сарматыя (як часам называлі Вялікае княства Літоўскае), можа, і заняпала, але сарматы нікуды не падзеліся. Прычым іх даволі шмат – варта азірнуцца навокал. І гаворка не пра нацыю — няхай нікога ня ўводзіць у зман тое, што я пішу па-беларуску. Ня ўсе беларусы — сарматы, як і не ўсе сарматы — беларусы. Вершы, уласна, пра гэта. Ну, і пра каханне».

Сапраўды, чытачу не трэба хадзіць па гэтай кнізе як па сваёй хаце, адчуваючы сябе гаспадаром вобразаў, разглядаць яе як мапу краіны, абрысы якой добра вядомыя, мілыя сэрцу. І аўтарку ў суворай крытыцы «дзядоўскіх» парадкаў абвінавачваць не трэба, а то і ўвогуле праклінаць у здрадзе радзімы — бач ты, чужынай яе паказала!

Гэта перадусім літаратурна-мастацкі твор, а сама беларуская літаратура даўно скінула цесную луску рэалізма, натуралізма і бытапісання.

Для Алаізы ўсё ў Сарматыі нязвыкла-дзіўнае: клімат, прырода, пабудовы, традыцыі, мараль, святы, звычаі, мода, мова і самі мясцовыя людзі. Але яна шчыра спрабуе калі не палюбіць, то хаця б зразумець гэту краіну.

Што ж, Алаіза, такія веды маюць смак плоду ссохлай сармацкай дзічкі:

Калі сьнег аблазіць з чорнага мяса палёў,

тут надыходзіць вясна і пара на соймы.

Я паехала падзівіцца на гэты цуд,

На свабоду, якой ніколі не ведала дома,

На братэрства і роўнасьць, якія так цэняць тут…

Не, усё як ва ўсіх: папойка — імша — пагромы.

Алаіза вылучаецца сярод мясцовых не толькі сваім ростам, тым што гучна смяецца і носіць каралі. Яна востравокая, злая разумніца і насмешніца — лепей бы заставалася проста чужаніцай, жанчынай:

Яны кажуць, мой розум — гэта трывожны знак,

што ўва мне бракуе прыстойнасьці і маралі.

Але госьця, на шчасьце, тут асаблівы чын,

бо мясцовым за розум — выгнаньне. Або ў магілу.

Ну, а так я, лічы, свая тут. Каб мела чым,

давялося б ісьці і прылюдна я.аць кабылу.

Спявай мне песні пра каханне

Дык што забылася Алаіза тут, у Сарматыі, чаго ёй трэба? Яе прывяла сюды «срамата аднаго сармата». Яна кахае мясцовага мужчыну і гатова падзяліць з ім «пекла, зямлю і рай».

Стасункі між жанчынай і мужчынай — унутранае ядро «Сарматыі», якое ляжыць глыбока пад карой і мантыяй гэтай кнігі. Тут 5.400 градусаў па Цэльсію, а можа нават болей. Вельмі гарачая і рытмічная кніга, з выразным эратычным стрыжнем.

Калі б толькі так было, то было б нецікава. Каб чытач варушыўся трохі розумам і душою, а не проста млеў разам з героямі ў чаканні фінальнай сцэны, Мартысевіч раз-пораз кідае ў яго вострыя нажы, на якіх значыцца Femina. Гэта слова, уплеценае ў чорную эмаль гравіроўкі яе паэтычных строфаў, добра бачнае здалёк — асабліва, калі ў вас дальназоркасць, асабліва калі вы — мужчына. Ухіляйцеся, сарматы ці кім вы сябе тут уявілі!

Але гераіня паэмы, якая ўжо прадчувае, што расплата яе не праміне, — была і застаецца да апошняй старонкі Жанчынай. Той самай, з вокладкі. Яна гарыць, бо ў кахання чырвоны колер, бо каханне пячэ і паліць, аднак не ператварае паэму ў памфлет:

Мне самой карцела,

я сама вінаватая,

што гняздую на гэтым балоце.

Сёння пісьменніку трэба мець вялікую вытрымку, каб не пачаць варочаць мастацкія словы і вобразы, і ідэі навюткімі вострымі граблямі публіцыстыкі, не ператвараць лісты сваіх герояў у скіраваныя чытачам позвы са штампам #MeToo ці яшчэ якім. Беларуская літаратура вучыцца валодаць сабою і шукаць адказы знутры сябе, а не абвінавачваць у сваіх праблемах «сармацкі» свет ці рабіць з галоўных персанажаў Спартакоў, прабачце, Жаннаў д’Арк.

«Хай чытачы рассудзяць, хто тут падсудны», — кажа напрыканцы Алаіза. Гэтыя словы таксама пякуць.

Сапраўдная, упэўненая ў сабе жанчына здольна запомніцца жыхарам нават такога гіблага месца, як Сарматыя. Яе прыродная прыгажосць і раскабаленасць (нягледзячы на чорныя кайданкі чужых рук) выклікаюць захапленне. І пакуль гэта пачуццё чырвонай гарачкай разліваецца ў душы, прысак трапляе ў ваду Сарматыі і ўплывае на яе смак і хімічны склад.

І хто толькі прыдумаў ставіць кнігі на паліцы старчаком?

Чытайце далей:

Вальжына Морт: «Я бы литературные премии в Беларуси пока убрала, чтобы все разошлись по домам и не мешали дышать мыслям и языку»

«Яшчэ не памёр тут апошні паэт». Нататкі на палях вершаў Алеся Ліпая

«На заснежаны востраў». Путешествие в мир других и самой себя

Комментировать