Арт

Еўропа як наш незакрыты гештальт. Беларускі «Лавец у жыце»

1376 Лидия Михеева

Фота: skander khlif

 

Макс Шчур са сваёй кнігай «Завяршыць гештальт» стаў лаўрэатам сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройца. Яго герой, дасціпны эмігрант з Беларусі, выпраўляецца ў аўта-вандроўку з Прагі ў Амстэрдам, бо адчувае, што менавіта гэты шлях можа дапамагчы яму знайсці нешта страчанае шмат гадоў таму. І разумее, што ўтульная, «правільная» Еўропа – гэта не проста міф. Еўропа – гэта адвечны незавершаны гештальт беларуса.

Аповед пра гэтыя пошукі – не настальгічна-меланхалічны наратыў. Гэта бадзерыя, поўныя з’едлівага гумару нататкі. Яны змяшчаюць самыя розныя побытавыя дэталі, назіранні за звычаямі і норавамі еўрапейцаў, размовы героя з выпадковымі спадарожнікамі, а таксама фотаздымкі.

Часам назіранні перарастаюць у паўнавартасныя міні-эсэ на філасофскія і палітычныя тэмы, спраўджваючы, што піша іх не які-небудзь цынічны і расчараваны буржуа, беларускі блізнюк Уэльбэка, а былы бунтар і сённяшні інтэлектуал, які жвава раздае падсрачнікі Марксу і Гегелю.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

Пераадольванне прасторы для альтэр-эга Шчура становіцца спосабам прапусціць праз сябе яшчэ раз глыбінныя ўспаміны, якія калісьці выбухнулі ў жыцці героя і да гэтага моманту выпраменьваюць магічную радыяцыю, якая свярбіць пачуццём «незавершага гештальту». Гештальту самога сябе і гештальту «Еўрапейскага Дому», у якім ужо не першае дзесяцігоддзе спрабуе ўладкавацца герой.

«Даже в церкви все не так, все не так, ребята» – спяваў калісьці Высоцкі. Еўропа для не-еўрапейца – бы тая царква, у якой, згодна вераванням неграмадзян Еўразвязу, усё павінна быць чынна-благародна, «для людзей», прыгожа, прыстойна, рацыянальна, уладкавана. У «царкве» павінны знаходзіцца людзі, якія шчыра вераць. У нашай метафары гэтая вера – у еўрапейскія каштоўнасці.

Герой Шчура таксама востра адчувае гэта несупадзенне міфічнага і наяўнага. Аднак яго шлях – не трывіяльнае развянчанне міфа пра Еўропу як лепшы, сапраўдны «дом» любога культурнага чалавека. Міф разбураны адпачатку, прычым не тупым інструментам кшталту палітычнай ідэі альбо філасофскай канцэпцыі, а спецыфічным шчураўскім позіркам «старонняга», які дэканструюе.

Еўропа тут вымалявана не як грандыёзны маналіт, які трэба ссунуць з пастаменту (прыгадаем «Разбурыць Парыж»), а шэраг абсалютна сінгулярных з’яваў, аб’яднаных нейкімі даволі віртуальнымі повязямі. Пярэстасць еўрапейшчыны, якая ўключае ў сабе «еўрафашыкаў», мігрантаў і валанцёраў, якія ім дапамагаюць, рускіх турыстаў і музей Ван Гога з кічавымі сувенірчыкамі, не зводзіцца да аднаго дыягназу ці прагнозу.

Ад Еўропы-ўсходняй, увасобленай Прагай, якая яшчэ памятае савецкія танкі, трэба даехаць да самай «сапраўднай», супер-пупер-еўрапейскай Галандыі, дзе нават сметніцы адчыняюцца персанальнай пластыкавай карткай. Чым далей на захад, тым бліжэй герой да мары пра магчымасць перазагрузкі колішняга сябе.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Кампазіцыйна кніга пабудавана на простым, але вельмі ўдалым прыёме. Апісанні падарожжа чаргуюцца з фрагментамі, у якіх распавядаюцца незвычайныя гісторыі карыстальнікаў «Дамбартэру» – сэрвісу, які дае магчымасць «тыповым еўрапейцам» абменьвацца сваімі жытламі падчас вандровак. Такім чынам вонкавыя назіранні вандроўніка дапаўняецца партрэтам сярэдняга класа – людзей, якія, па Шчуру, «паставілі свой невялічкі стартавы капітал не на перамогу ці паразу, а на мірную нічыю ў таварыскім матчы між сабою й светам».

Апавядальнік спалучае татальную крытычнасць з легкім флёрам абыякавасці. Маўляў, мне, канешне, усё навокал крыху дзіўна і нават смешна, аднак не настолькі, каб я выказваў да рэчаіснасці якія-небудзь моцныя пачуцці. На гэты эфект працуе мова твора, які напісаны ў гутарковы стылі з украпінамі інтэлектуальнага слэнгу і ўтульных мацюкоў.

Гэткая крыху зухаватая адчужанасць ад апісваемых з’яў, як і пэўная анастэзія эмоцый, безумоўна, звязана і з асобай пазіцыяй эмігранта, які вырачаны на ролю чужынца ў любой краіне, нават у пакінутай Радзіме. Эмігранту заўсёды «лепей бачна». Бо, па-першае, у яго багатае поле для параўнанняў; па-другое, досвед стратаў, змагання з адзінотай і адлучанасцю ад звыклага асяродка становіцца чымсьці накшталт цэнтрыфугі для касманаўтаў. Душэўныя звышнагрузкі вучаць востра адчуваць нюансы, аднак пакідаюць пасля сябе страх моцных пачуццяў.

Такі звышчулліва-адмарожаны «старонні назіральнік» нават наўмысна быў сканструяваны еўрапейскай прозай і часцяком з’яўляўся, каб распавесці пра тое, якой ванітнай насамрэч з’яўляецца буржуазная Еўропа (Сартр) ці Еўропа часоў пост-постмадэрну (Уэльбэк). Герой Шчура, праскі беларус, які, да таго ж, перажывае крызіс саракалецця, «старонні» па праву свайго эмігранцкага лёсу, упісваецца ў гэты ланцуг персанажаў абсалютна арганічна.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Чытаючы новую кнігу Макса Шчура, цяжка пазбавіцца ад яшчэ адной нечаканай асацыяцыі, якая ніяк не тычыцца сюжэта твору. «Завяршыць гештальт» – гэта своеасаблівы раман сталення наадварот, у якім герой раптоўна пачынае нанова адчуваць разрыў паміж сабой і светам, а таксама сабой і ўяўнымі версіямі будычыні, якія ўжо назаўсёды ўпушчаныя. Мабыць, «Лавец у жыце» – гэта насамрэч цыклічны раман, бо кожныя 10-15 гадоў кола праварочваецца цалкам, і той, хто ўжо пасталеў, павінен зноўку «прачнуцца», агледзецца, адчуць шок, і яшчэ раз запусціць рух кола.

Зразумець, што ўсё важнае ў жыцці з табой ўжо адбылося, не меней страшна, чым выйсці з утульнага света дзяцінства на скразняк юнацтва. Толькі ты збольшага прызвычаіўся да правілаў гульні – а тут зноўку крызіс. Жыў-жыў, раптам прачнуўся – дом, кватэра, жонка ў наяўнасці, дзеці выраслі, дрэва пасадзіў, а нечага не хапае. Або наадварот, жыў-жыў, кніжкі чытаў, кніжкі пісаў, крыху бухаў, крыху кахаў, прачнуўся: а дзе жонка, дзе дзеці, дзе дом? Не, чагосці не хапае.

Усё, канешне, куды больш экзістанцыйна: прачынаешся, і раптам бачыш, што у цябе, аказваецца, хіцінавы панцыр і лускаваты жывот. Што твая асоба, ідэнтычнасць, «самасць», як хочаш назаві, ужо выбудавалася і закарэла.

Гэткае пачварнае «Ператварэнне», якога герой відавочна баіцца нават болей, чым закінутасці і адзіноты, ужо адбылося з самымі вусцішнымі персанажамі кнігі: галандскай сямейная парай, якая прыяжджае ў яго праскую кватэру па «Дамбартэраўскаму» абмену. Нармальнасць – гэта жудасна. Але як яна часам вабіць нават хуліганаў, абяцаючы «вечны пакой» яшчэ пры жыцці! Аднак не для кожнага гэты шлях да «нармальнасці» дасяжны. Змагацца з сабой марна – сілы няроўныя.

Устрымаемся ад спойлераў пра тое, ці магчыма завяршыць гештальт па версіі Шчура. Галоўнае, што падарожжа сапраўды вартае таго, каб выправіцца ў яго разам з аўтарам.

Па-першае, «Завяршыць гештальт» узбагачае сучасную беларускую літаратуру суаднясеннем з бягучай еўрапейскай павесткай, пры гэтым абсалютна не напружваючыся, без мудрагелістых і пафасных закідаў на спробу стварыць нейкі «вялікі паліфанічны наратыў» (прыгадаем апошнюю кнігу Пялевіна).

Па-другое, чытача чакае як мінімум сустрэча з цікавым суразмоўцам. Так, ён часам пагардліва ставіцца да сваіх спадарожнікаў і часцяком знаходзіць надта ўжо простыя адказы на складаныя пытанні. Нярэдка герой Шчура ўпарта тлумачыць заблытаныя этычныя і гендэрныя праблемы праз прымітыўную біялогію, сягаючы глыбінь трывіяльнасці і сацыяльнага дарвінізму. Аднак гэта, здаецца, яднае многіх еўрапейцаў-неафітаў, ад віленскага таксіста да постсавецкага інтэлігента. Да таго ж, аўтар робіць гэта з трыкстэраўскім прышчурам, нібіта ўсур’ез, але можа і так – чыста каб закінуць моцны і неадназначны тэзіс у топку дыскусіі з самім сабой.

Нават індывідуалізм і самазасяроджанасць, якія з’яўляюцца апошнім сховішчам галоўнага героя ад катастрафічнага сёння, таксама падлягяюць іранічнай дэканструкцыі. «І планета ў дупе, і Еўропа гіне, і мне самому апошнім часам неяк нездаровіцца».

А каб разбурыць не толькі Парыж, але і самога сябе разабраць на цаглінкі, патрэбна адвага.

Комментировать