Арт

Перамагчы ляшча. Наша родная Вусціш

296 Лидия Михеева

Алег Даль у ролі інжынера Зілава. Кадр з фильма «Адпачынак у верасні» (1979)

 

«Мяне ванітуе ад рыбы, але я ўпарта ежджу і лаўлю яе. Напраўду, чалавек – такая істота, што можа зацята займацца любой дурасцю». «Журнал» прачытаў навэлу Андрэя Адамовіча «Таўсціла і лешч», каб дазнацца пра спаборніцтвы з упарта нешчаслівым лёсам і сапраўдную беларускую Вусціш.

«Таўсціла і лешч» – твор гэты нетыповы для прэміі Гедройца, бо напісаны ў жанры навэлы, малой прозы (усё ж такі часцей на прэмію вылучаюцца раманы ці зборнікі эсэ і апавяданняў). Да таго ж, ён быццам бы перпендыкулярны ўсім дыхатаміям, паміж якімі самавызначаецца сёння беларуская літаратура.

Навэла расказвае пра падзеі, якія адбываюцца ў сённяшняй Беларусі, аднак не занурваецца ў сацыяльна-палітычныя матэрыі, не раўнуючы сучаснасць з тым, пра што пішуць газэты. Да таго ж, аўтар абсалютна не жадае выбудоўваць камфортны для чытання, утульны тэкставы кокан. Ані чыстая асалода ад стыля, ані рытмічнасць сюжэту не падхопяць вас, каб данесці пад белыя ручкі да катарсічнага фіналу. Аднак, гэта не азначае, што асалоды не будзе – проста яна ствараецца іншым чынам і цалкам падпарадкавана ўнутраным задачам, якія аўтар вырашае ў тэксце.

Ёсць такі культавы савецкі фільм рэжысёра Віталя Мельнікава «Адпачынак у верасні». Выйшаў ён ў 1979-м, у адзін год са «Сталкерам» Таркоўскага. І, як сапраўдны культавы савецкі фільм, адразу «лёг на паліцу» – за «упадничество» і «очернение» ўсяго на свеце. Але па вялікім рахунку, сёння ён выглядае як тыповы фільм свайго часу.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

Вялікая светлая мара, якая кіравала героямі кіно перыяду Адлігі, напрыканцы 1970-х саступіла месца высвятленню адносін савецкага грамадзяніна з самім сабой, сваёй свабодай і сумленнем. Бляклыя колеры кінастужкі «Свема» падкрэслівалі ўбоства вопраткі і інтэр’ераў. Усё выглядала гіперрэалістычна стомленым, быццам бы нават мэбля, архітэктура, вулічны транспарт у кадры пакутавалі ад чагосьці. Пры гэтым нудотная эпоха Застоя, візуальным сімвалам якой мог бы стаць сумны карычневы пінжак, нарадзіла безліч геніяльных фільмаў, у якіх задзяўбаныя бытавухай людзі сягалі сапраўды метафізічных глыбінь.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Дык вось у тым культавым фільме вядзецца пра інжынера Зілава (шэкспіраўска-лермантаўскі Алег Даль, карычневая кашуля, карычневы пінжак, карычневая кепка, насунутая на вочы), які неблага ўладкаваўся ў жыцці: мае жонку і каханку ды раптам атрымлівае ад дзяржавы кватэру (страшэнная раскоша ў ягоным асяродку!).

Аднак такое жыццё толькі яшчэ больш раздзімае ў ім адчай, ён па-чорнаму п’е і спрабуе застрэліцца. Адзінае, што ўтрымлівае яго ў жыцці – гэта мара пра паляванне на качак.

Качынае паляванне становіцца для яго чымсьці кшталту «Зоны» для Сталкера: усюды турма, а толькі там – воля; паўсюль хлусня – а там праўда. Там можна па-сапраўднаму дыхаць, сыйсці са сцэны і перапыніць танны вадэвіль штодзеннага жыцця, адчуць каштоўнасць імгнення.

Качкі Зілава і «Зона» Сталкера – гэта сацыялагічныя метафары, рэакцыі на грамадзкі крызіс паміраючага Саюза: героям трэба недзе схавацца, збегчы як мага далей ад задушлівай стабільнасці, пануючай пад брэжнеўскімі брывамі. Акрамя вонкавых сацыяльных кантэкстаў, усё гэта і пра такія з-вялікай-літары паняткі, як Быццё, Вусціш і Прага (жыцця, іншабыцця, смерці).

Развіваю размову пра навэлу Адамовіча «Таўсціла і лешч» гэткімі кіношнымі асацыяцыямі я нездарма. З навэлы шмат дзе тырчыць кепка Зілава, прычым месцамі – літаральна.

«Максім адчыніў акно, адкінуў крэсла, падумаўшы, што, каб карцінна нацягваць на вочы кепку, трэба яе завесці», – прыгожая алюзія, калі гэта наўмысна, і яшчэ больш прыгожае супрадзенне, калі алюзіі на «Адпачынак у верасні» не планавалася.

Так ці інакш, паміж творамі існуюць моцныя сюжэтныя паралелі і выкрыстаны той жа топас «палявання–сталкераўскай «Зоны»­–рыбалкі», іншага свету, які запрашае на самае важнае ў тваім жыцці спаборніцтва.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Да кіношных алюзій падштурхоўвае і стылістыка, у якой створана навэла «Таўсціла і лешч». У ёй багата дыялогаў, выбудаваных максімальна блізка да гутарковай мовы, а апісанні персанажаў і іх дзеянняў нагадваюць сваёй дэталёвай прапрацоўкай «вуснае кіно» – мастацкую практыку, калі мастак-акцёр пераказвае сваімі словамі пабачаны ім фільм перад аудыторыяй.

Адамовіч ледзь не ў кожным сказе распавядае пра, здавалася б, не самыя істотныя рэчы. Напрыклад, навошта нам ведаць, якога колеру міска з прыкормам для рыбы? Ці ў колькіх метрах знаходзілася дрэва, на якое плюнуў герой?

Але эфект ад гэтага своеасаблівы, быццам нешта фарсіруе ў тваёй свядомасці препрацоўку тэкста ў візуальны шэраг. Фокус пры гэтым усталяваны адназу на ўсіх аб’ектах. Атрымліваецца гіперрэалізм, быццам у тым самым савецкім кіно, знятым на «Свему», калі здавалася, што ты залішне ўтароплены ў гэтае павольнае пакутлівае жыццё людзей, вартных іншасвета, але ад яго адлучаных.

Але самае цікавае не ў гіперрэалізме, а ў тым, якім чынам ён спалучаецца з магіяй і містыкай. Бо «Таўсціла і лешч» – навэла містычная. Чаму галоўны герой 88 тыдняў запар ходзіць на рыбалку? Чаму маўчыць яго малы сын? Хто прыходзіў да рыбакоў, якія спалі ля ракі? У чым таемны сэнс той велічнай трансфармыцыі, аб якой марыць Таўсціла, і што, урэшце рэшт, адбываецца з ім, дзякуючы перамозе над ляшчом?

Гэтыя пытанні ў тэксце намечаны вельмі ўдалымі містычнымі эпізодамі. Аднак напаўняе іх не той рамантычны і ўтульны магізм, які літаваў рэальнасць у творах славутых лацінаамерыканцаў.

Дотыкі тагасветнага ў навэле Адамовіча адбываюцца па іншых правілах: ён стварае не цудоўную субрэальнасць унутры паўсядзеннасці, а сапраўднае мак’юментары з элементамі камедыі, сямейнай меладрамы, эфіра канала «Рыбалка» і фільма-жуды. Дадае ў гіперрэалістічную карцінку элемент абсалютна незразумелага, невытлумачальнага, і пры гэтым апісанага тым жа гіперрэалістычным, аднак лаканічным чынам. Так вусціш прасякае аповед значна больш брутальным чынам, без камфортнай дыстанцыі паміж чытачом і дзеяннем.

Магічнаму гіперрэалізму Адамовіча верыш – і таму суперажываеш Таўсціле, які, быццам карыкатурны, нязграбны і недарэчны вучань Дона Хуана павінен біцца з Ворагам драўляным мячом усур’ез і насмерць. Сустрэцца з ледзянымі грамадзінамі вусцішы, смерці, болю – негледзячы на тое, што ты важыш болей за 110 кілаграмаў, маеш парадзелыя валасы, а таксама ўвесь час пацееш, як мыш, і ікаеш – то бок, ты шараговы чалавек, які спрабуе выйсці на свабоду.

Дык хто быў той гарбаты, чорна-чырвоны лешч, якога, ледзь стрымліваючы ваніты, як найвялікшую каштоўнасць, прынес «вучань магіні» дадому?

Сустрэнемся з ім кожны ў свой час.

Комментировать