Арт

Мысляр парадокса. Акудовіч ёсць

1418 Лидия Михеева

Фота: Лятучы ўніверсітэт

 

«Настальгія Шагала па Віцебску – гэта настальгія па месцы, якое мае цябе як частку ўласнага зместу», – піша Валянцін Акудовіч у адным з эсэ свайго новага зборніка «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне».

Пра самога Акудовіча можна сказаць: ці была б сучасная Беларусь сама сабою, калі б не было ў ёй спадара Валянціна? Мысляр, літаратар, уніклівы суразмоўца, які натхняе сваёй прагай да мыслення многія генерацыі вучняў Беларускага калегіюма, рэдактар, які адшліфаваў шматлікія стосы знакавых беларускіх кніг.

Безумоўна, сённяшняя Беларусь утрымлівае фігуру Акудовіча «як частку ўласнага зместу». Калісьці назва яго славутага тэкста «Мяне няма» пераўтварылася ў афарызм, а затым і ў «мем»: Акудовіч існуе, але сцвяржае, што яго няма – чым не нагода для дабрадушных жартаў.

Але калі ўчытваешся ў яго тэксты, у тым ліку самыя свежыя, гэтае яго «мяне няма» пачынае зіхацець новымі парадаксальнымі сэнсамі. Гэта цалкам датычыцца і новага выдання «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне», дзе чытач знойдзе і філасофскія эсэ, і дыялогі-палемікі, і літаратурныя зацемкі, матэрыялам для якіх сталі ўспаміны, сны, фантазіі і прачытаныя аўтарам кнігі.

У зборніку змешчаны нават «Адзін дзень з біяграфіі аўтара» – нешта накшталт адной старонкі з дзенніка, які распавядае, як жыве мысленне Акудовіча ў повязі з цялеснацю і габітусам Акудовіча-асобы. Аднак за безліччу тэм і матываў тут мы таксама напаткаем вечныя акудовічавы пытанні і парадоксы.

«Мяне няма» – кажа Акудовіч, падстаўляючы гэты афарызм у розныя кантэксты. Аднак, відавочна, што Акудовіч ёсць – і, што істотна, найбольш канцэнтравана ён існуе там, дзе фізічна не прысутнічае: у сваіх тэкстах.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

Філасофскія і літаратурныя творы спадара Валянціна сведчаць: «я» – гэта стыль. Стыль мыслення і стыль спараджэння літаратурнага тэкста. Вядомыя прыклады, калі мысленне прыкідалася нібыта ананімным, незалежным ад любых характарыстык «я». Але нават у асобе Гегеля ці Канта мысленне выявіла сваю прынцыпова аўтарскую сутнасць.

У эпоху постмадэрнізму, якая абвясціла «смерць Аўтара», гэтая аўтарская сутнасць мыслення парадаксальным чынам увогуле выявілася надзвычай яскрава: Дэрыду, Дэлёза, Ліятара вы пазнаеце па некалькім радкам. Тое ж самае і з Акудовічам.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Тое, аб чым гаворыцца, месыдж і шлях да яго – усяго толькі адзін са складнікаў агульнага сэнасавага зараду, які перадае Акудовіч. Безліч інфармацыі нясе сам спосаб, якім філосаф даносіць да чытача-суразмоўцы свае думкі. А той, у сваю чаргу, можа ці то проста сузіраць прыгажосць інтэлектуальнага працэсу, ці то нават чамусьці навучыцца.

Акудовіч – мысляр парадокса. Яму не цікава раз і назаўсёды вызначыцца з паняткамі, размесціцца ў пэўных каардынатах, «выправіць Імёны», стварыць нейкае падабенства сістэмы, з дапамогай якой свет будзе быццам бы вытлумучаны (хаця б вонкава, часткова). Акудовічу цікава знаходзіць лакуны і ў дыскурсах, распазнаваць невідавочныя праблемы і супярэчнасці.

Кожны раз такая знаходка – экзістэнцыйная падзея для філосафа, і ён з імпэтам распавядае пра свае перажыванні і эмоцыі падчас разваг над тым ці іншым пытаннем. Так чытач становіцца саўдзельнікам падзеі мыслення, папалечнікам аўтара, які таксама павінен спрычыніцца да ставарэння парадоксаў.

Падчас чытання «Прачнуцца ранкам…» можна знайсці безліч такіх інтэлектуальных пастак. «Я думаю Бога – але жыву чалавека», – кажа Акудовіч напрыканцы палемікі з Алесем Анціпенкам пад назвай «Ці ёсць Бог на Марсе». І ўжо на наступнай старонцы, напачатку эсе «Мой бог – Этнас», быццам бы сам сабе пярэчыць: «Мне кажуць (чую гэта з усіх бакоў), што Чалавек – найвялікшая каштоўнасць. Большая за дзяржаву, рэлігію, нацыю і, магчыма нават за спадара Бога. Не ведаю, можа, які іншы чалавек і ўяўляе сябе такой значнай цацай, толькі не я. Я не бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасці арганікі, выдзеленай з агульнага поля вітальнасці даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным швэдэрам».

Дарэчы, рэдактары і карэктары разам з аўтарам, відаць, колькі часу прысвяцілі вызначэнню, у якіх выпадках у Акудовіча Бог пішацца з вялікай літары, а ў якіх – з малой. Багоў у тэкстах Акудовіча шмат, пры там што Таго, які пішацца з вялікай літары – Няма.

Так, адносіны Акудовіча з Богам – бадай што самая складаная і цікавая, метафізічная лінія гэтай кнігі. Метафізіка адсутнасці Акудовіча, яго сцвярджэнне, што Бога няма – не адмаўленне Бога, а дапушчэнне таго, што ён існы нейкім іншым чынам, чым чалавек і чалавечыя рэчы і паняткі. Бо «Няма» – гэта асобная форма існасці.

Паспрачацца ў інтэнсіўнасці з тэмай «Нішто» у кнізе Акудовіча можа толькі тэма Беларусі, ад якой адгаліноўвацца шматлікія іншыя – метафара партызаншчыны, БНФ як міф, спроба выдумаць віртуальную Беларускую Нацыянальную Рэспубліку, дзе ўсё, нарэшце, будзе «як трэба», аналіз Чарнобыльскай катастрофы як культурнай траўмы, якая была беларусамі не асэнсаваная, развагі пра нацыянальны канон…

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Тут таксама безліч нюансаў. Напрыклад, самае ж першае эсэ кнігі пад назвай «Споведзь», у якім Акудовіч кажа пра мару «прачнуцца ранкам у сваёй краіне», – выразны гімн прагі выбудаваць такое «я», у якога будзе нейкае грунтоўнае апірышча праз ідэнтыфікацыю са «сваей [спараўднай] краінай».

Найбольш слушная мадэль нацыянальнай ідэнтычнасці для Акудовіча – мадэль «грамадзянскай нацыі», а не так званая этна-лінгвістычная мадэль.

Далей Акудовіч аналізуе, ці мела «класічная нацыянальная ідэя, якую ў шараговым дыскурсе мы называем Адраджэнскай, хаця б тэарэтычны патэнцыял быць рэалізаванай у палітычнай рэчаісці ХХ ст, як і ўвогуле хоць калі-небудзь?» – і даводзіць, што не, не мела. Аднак, этнакультурая і этналінгвістычная мадэль нацыябудаўніцтва, па Акудовічу, будзе арыенцірам да той пары, пакуль «Беларусь для беларусаў будзе заставацца жыццядайнай каштоўнасцю».

Пры гэтым, на думку аўтара, з сябе па кропле трэба выціскаць «зацятага беларуса» – таго, хто адмаўляе шматвымернасць беларускай ідэнтычнасці. Але, з іншага боку, у ідэнтычнасці гэтай так шмат вымярэнняў, што «пра беларуса што не скажы, усе будзе няпраўдай» – цытуе Акудовіч Алеся Анціпенку.

Таму наканаванне беларусаў – і ў філасофіі, і ў жыцці займацца «метафізікай адсутнасці»: вывучаць тое, чаго няма, даследаваць разнастайныя модусы адсутнасці ці «партызаніць», хаваючыся ў лясах пад час небяспекі. У нейкім сэнсе і саміх беларусаў няма, бо ў звыклым дыскурсе яны быццам бы яшчэ толькі павінны нарадзіцца, абудзіцца ад спячкі, паўстаць у нейкім актуальным, а не патэнцыйным (як цяпер) стане.

Парадаксальны Акудовіч заўсёды гатовы спыніць плыню думкі, каб сказаць «але» і ўдакладніць.

Найбольш палемічнае эсе зборніка – «Нідзе і ніхто», аднак, крыху пярэчыць і метафізіцы «Нішто» Акудовіча, і ягонаму прыняццю шматвымернасці індэнтычнасцяў беларуса. У ім аўтар даводзіць, нібыта выбух камунікацыяў спараджае «татальны крызіс культуры» і адбірае ў чалавека ідэнтычнасць. Замест былога, «укаранёнага» у пэўнае месца і час чалавека, глабалізацыя, маўляў, нарадзіла чалавека-Ніхто, які жыве Нідзе.

Аднак, не сумняюся, што недзе ў будучай сваёй кнізе Акудовіч можа дапусціць, што  ідэнтычнасць – не абавязкова тоесная з гайдегераўскай «укаранёнасцю» і не абавязкова павінна мець апірышча выключна ў пэўным нацыянальна-культурным кодзе.

З’яўленне масавага чалавека, татальны крызіс культуры – гэтыя фобіі Акудовіча, выразна ім жа прааналізаваныя ў тэкстах новай кнігі, могуць падацца цяперашнім юным інтэлектуалам відавочна састрэлымі. Масавы чалавек запампоўвае з трэкераў лепшыя навінкі сусветнага кіно, у тым ліку самы ядроны артхаўс, чытае на розных мовах, жыве не ў «Нідзе», а ў інстаграмах і фэйсбуках, праз якія можа кантактаваць з Бадзью, Нансі, Ямпольскім ці Ільвом Мановічам.

Аднак менавіта гэтаму маладому пакаленню, якое нарадзілася і жыло толькі пры Лукашэнцы, як раз і варта пачытаць Акудовіча. Шмат хто з іх раптоўна адкрыў для сябе беларускую мову і апрануў вышыванку, з галавой занурыўся ў дыскусію пра мадэлі беларускай нацыянальнай ідэі, якія ужо перажылі некалькі цыклаў абмеркавання ў філасофскай думцы і публіцыстыцы.

Каб не вынаходзіць ровар, і не блукаць ужо вытаптанымі сцежкамі, можна пачытаць «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне», а таксама ранейшыя кнігі Акудовіча. Ён распавядзе многа цікавага пра нацыю, этнас, а таксама пра тое, што беларуская «партызаншчына» – гэта не пра перамогу, гэта пра змаганне. Пра тое, што руская літаратура – гэта не самая гуманная літаратура ў свеце, а проста адна з вялікіх літаратур буйных імперый.

А таксама пра тое, што філасофія – гэта не тое, што ствараецца за пісьмовым сталом у рэжыме акадэмічнай працы. Гэта тое, што нараджаецца з паветра, глебы і неба, ад раптоўна напаткаўшай цябе вусцішы быцця, якая патрабуе асэнсавання і наймення.

Комментировать