Арт

Прэмія Гедройца «збірае косці»

466 Лидия Михеева

Пераможцам сёлетняй прэміі Гедройца стаў Віктар Казько з кнігай аповесцяў «Час збіраць косці». Выбар журы не стаў абсалютна непрадказальным, аднак яму папярэднічала дыскусія пра канфлікт пакаленняў у беларускай літаратуры. «Журнал» разбіраўся, наколькі перамога кнігі, у якую ўвайшлі тэксты, напісаныя каля 20 гадоў таму, адлюстроўвае актуальны стан беларускай літарутуры.

1990-я дзіўным чынам адбіліся на розных відах мастацтва. Кінематограф, напрыклад, быццам бы ў адзін момант страціў усе арыенціры, паказчыкі не толькі нейкай мастацкай якасці, але і банальнага тэхнічнага прафесіяналізму. Вызначыўшы, што тая ці іншая стужка была знятая ў 90-я, не вельмі спяшаешся яе глядзець. Спачатку высвятляеш, што гэта будзе – забаўляльны трэш, дэпрэсіўны і авагардны аўтарскі фільм кшталту эксперыментаў Кайданоўскага, ці сацыяльная чарнуха. Прыкладна такі стэрэатыпны набор цябе і чакае. Пытанне толькі ў тым, наколькі цікава ў гэта пагружацца.

Але і сярод твораў не вельмі ўдалай эпохі знаходзяцца сапраўдныя шэдэўры. Прычым, мастацкая выразнасць іх нярэдка таксама разыходзіцца з нейкімі фармальнымі паказчыкамі «якасці». Яскравы прыклад – фільм «Эпілог», апошняя работа рэжысёра Ігара Дабралюбава. Стужка знята ў Мінску ў 1994 годзе. Мантаж – рваны і неахайны. Пастаноўка крыху тэатральная, у кожным кадры адчуваецца дэфіцыт бюджэту. Усе гэтыя заганы мела б сэнс пералічваць і прымаць да ўвагі, калі б яны агулам не падкрэслівалі асноўную думку стужкі, і не стваралі б спецыфічную атмасферу мінскіх 90-х, з адчуваннем пералому, пустэчы і, адначасова, задушлівасці і клаўстрафобіі: быццам мінулае тваё ўжо адрэзалі, а будучыні не будзе.

Узгадала я гэтую стужку не выпадкова. Адна з аповесцей пераможцы сёлетняй прэміі Гедройца, Віктара Казько, літаральна перагукаецца са знакамітым фільмам Дабралюбава. Кніжка, якая атрымала першую ўзнагароду – «Час збіраць косці» – утрымлівае тры аповесці, першая з якіх завецца «І нікога, хто ўбачыць мой страх…»

Як і «Эпілог», яна таксама цалкам прысвечана творчай асобе, Майстру, які памірае. Прычым, у абодвух выпадках герой гіне, па вялікім рахунку, не ад сваёй асабістай хваробы (фізічнай ці духоўнай), а ад хваробы часу, з якім ён не змог супасць. І там, і там – вобраз «несапраўднага» апошняга свята, якое вядзе да катастрофы (ці папросту канстатуе, што катастрофа ўжо адбылася).

Абодвы творы апісваюць становішча беларускай інтэлігенцыі і мастацкіх колаў, якія пакрысе губляюць глебу пад нагамі. Але тое адрознае, што ў іх ёсць, яскрава паказвае, наколькі літаратура і асоба пісьменніка больш аўтаномныя, чым разнастайныя «калектыўныя» віды мастацтва кшталту кінематографа. Тых вымушаных недахопаў, якія сённяшні глядач знойдзе ў «Эпілогу», амаль няма ў творы Казько. Аказваецца, што тэкст мае да іх імунітэт, у ім уладарыць толькі аўтар і яго слова, а не разнастайныя тэхнічныя нюансы, якія сапсавалі цэлы перыяд у гісторыі кіно.

Эпоха ў Казько становіцца тэмай, атмасферай, але не формай выказвання. Ён распавядае пра 90-я, як пра хваробу, але сам тэкст яго жывы, ён дыхае, і рэсурсам гэтага подыху з’яўляюцца абсалютна універвальная моц слова, якое намагаецца як унутраны досвед, так і абстрактныя рэчы кшталту лёсу і гісторыі апісаць, сімвалізаваць, вытлумачыць, з хаасу ператварыць у гештальт.

Прыкладна пра тую ж катастрофу зломленага часу – і два іншых апавядання зборніка: «Час збіраць косці» і «Прахожы». Аднак у іх няма такой моцнай прывязкі да сацыяльных акалічнасцяў, і таму туга і безнадзейнасць у іх выходзіць на больш глыбокі, нават метафізычны ўзровень.

У аповесці «Час збіраць косці» распавядаецца пра вяртанне гаспадара вясковай хаты дадому пасля «зімоўкі» у горадзе. Галоўны герой адчувае, што ў хату прабраўся злодзей, і аглядае сваё котлішча ў пошуках прыхаваных знакаў прысутнасці жудаснай чужой істоты. Гэта сапраўды кафкіянскі твор, і не так проста вызначыцца, што ў ім найбольш пранізлівае – дакладныя апісання «роднага», блізкага побытавага сусвету, ці апісаная яшчэ Фрэйдам адчуванне «Unheimlich» – такой вусцішы, калі страх нападае на цябе ад цмянага адчування «паламанасці» інтымна-звыклага, зразумелага сусвету, якое бывае найчасцей у кашмарным сне, дзе ўсё «амаль як сапраўднае», аднак крыху фальшывае. За гэтай маленькай, ледзь бачнай паломкай рэчаіснасці палягае татальны жах, які ўзрывае ўсё існаванне асобы як такой.

Так і герой аповесці – ходзіць па танюткім лёдзе пакуль-яшчэ-ягонага сусвету, ужо адчуваючы, што нябачны злодзей скраў нешта самае важнае. Злодзей гэты, відавочна – нешта большае, чым зламысная чалавечая асоба. Відавочна, што адчуванне «абакрадзенасці» і слабасці перад абліччам нейкай новай невядомай сілы – гэта таксама глабальны афект 90-х, сацыяна абумоўлены дыягназ некалькіх пакаленняў.

Развіццё гэтай экзістанцыйнай лініі мы знаходзім і ў трэцяй аповесці зборніка, «Прахожы», дзе галоўны герой і яго памяць камунікуюць ўжо не з блізкім яму культурным колам ці, глабальна, людзьмі, і не з уяўным злодзеем, а са светам як такім – жывымі істотамі, прыроднымі з’явамі. Чалавецкасць і псіхалагічны стан героя быццам бы адлюстроўваецца ў навакольным свеце.

Можна запытацца – якім чынам гэты філасофска-псіхалагічны збор апавяданняў, напісаных каля 20 гадоў таму, адлюстроўвае сённяшняе становішча беларускай літаратуры? Пытанне вельмі прынцыповае, але яго варта адрэсаваць не самому аўтару, які цалкам свабодны ў сваіх творчых праявах. Хутчэй, гэта пытанне пра агульную канцэпцыю прэміі і змены ў яе палітыцы, якія адбываюцца штогод.

Першы пераможца прэміі, Павал Касцюкевіч, быццам бы павінен быў увасобіць разам са сваёй кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» самыя сучасныя тэндэнцыі ў літаратуры. Кароткія навэлы, якія нагадвалі блогавыя нататкі, прэтэндавалі на тое, каб схапіць у адпаведнай часу форме нейкія хуткаплынныя яго праявы.

Потым два гады запар кнігамі-пераможцамі былі раманы – «Аўтамат з газіроўкай і без» Уладзіміра Някляева і «Хвілінка» Ігара Бабкова. Першы малюе Беларусь савецкую, другі – познесавецкую. Аб’ядноўвае гэтыя вельмі розныя творы тое, што яны ствараюць моцныя вобразы гістарычнай эпохі і намагаюцца сканструяваць нейкі адрэзак гістарычнай памяці, з якой у беларусаў хранічныя праблемы. І, што важна, звяртаюцца аўтары да тых гістарычных эпох, якія сфармавалі як творцаў іх саміх, да і, па сутнасці, былі лепшымі часамі маладосці для розных, але вельмі прадуктыўных генерацый беларускай інтэлігенцыі.

Іншымі словамі, і Бабкоў, і Някляеў спрабуюць сшыць тканіну часу, якая на Беларусі вельмі хутка распаўзаецца. Тое ж самае можна сказаць і пра Казько. Можна сказаць, што ўшаноўваючы яго, журы, як і яго герой, які збірае косці птушак, трапіўшых у ягоны комін, такім чынам падсумоўвае нейкія глабальныя вынікі пэўнага адрэзку часу. Так, аповесці Казько непасрэдна не адлюстоўваць беларускую сучаснасць. Але яны нагадваюць пра перыяд, які «перагрузіў» беларускую культуру і праз дваццаць гадоў лагічна прывёў яе да таго становішча, у якім мы яе назіраем зараз.

Так, няхай вопыт, аб якім ён распавядае, з’яўляецца спецыфічным вопытам яго пакалення, і маладзейшыя суайчыннікі адучавалі той крызіс як пачатак новага жыцця. Абсалютна нармальна, што гэты досвед не передаўся генетычна і падаецца крыху дзіўным і нават чужым. Тэма ці светапогляд літаратара не можа быць універсальна блізкай кожнаму. Універсальна каштоўным з’яўляецца як раз яго майстэрства валодання сімвалічнымі сродкамі, якімі ён можа дагрукацца да чытача з іншага пакалення і з іншых жыццёвых абставін.

Увогуле, падобна, што сёлета журы кіравалася крыху іншымі прынцыпамі, чым іх папярэднікі. Гэта не сцвярджанне, а гіпотэза: выглядае на тое, што крытэрамі выбару былі максімальная «элітарнасць» абраных у шорт-ліст твораў, а таксама жаданне падтрымаць некаторых пакуль не вельмі шырока вядомых аўтараў.

Летась у тройку лепшых трапіў раман Клінава «Шклатара», які наўрад ці меў бы гэткія шанцы сёлета. Самадастатковыя і паспяховыя кніжныя праекты аказаліся адсунутымі ў бок, а мэты прэміі цяпер выглядаюць як асветніцкія. Папулярызаваць яны намагаюцца менавіта тыя творы, якія рызыкавалі застацца незаўважанымі, ці тыя, якія звычайна прыцягваюць увагу вельмі канкрэтнага кола чытачоў.

Адметна таксама і тое, што панятак «элітарнасці» па меркаванні журы не мае нейкай аптымальнай дазіроўкі. Для кагосьці ўвасабленным гэтай дазіроўкі «элітарнасці» з’яўляецца раман «Дзеці Аліндаркі» – быццам бы і актуальны па форме (не ўсе ведаюць, што постмадэрнізм такога кшталту ужо пакрысе канае), і па змесце закручаны вакол традыцыйна балючага моўна-нацыянальнага пытання.

За канфліктам пакаленняў, які абмяркоўваўся паралельна з вызначэннем пераможцаў, можа хавацца безліч пытанняў. І не толькі пра тое, ці варта ўшаноўваць аўтара па сукупнасці дасягненняў ці цалкам засяроджвацца на пэўным кантрэтным творы (відавочна, што гэтае пытанне паўстае ў першую чаргу не ў дачыненні да Казько, а зусім іншага аўтара з шорт-ліста). Але і пра тое, ці мае панятак «якасці» і «мастацкасці» нейкія абавязковыя прывязкі да часу, пакалення, традыцыі.

Можна не пагаджацца ці нават адмоўна ставіцца да палітыкі журы, але ў рамках абраных крытэраў яно дзейнічала паслядоўна: аповесці Віктара Казько створаны па-майстэрску, у іх спалучаецца і экзістэнцыйная глыбіня, і рашучая невыпадковасць кожнага моўнага жэста, уласцівая, сапраўды, класікам літаратуры. Заўважны і патэнцыял Таццяны Барысік (другое месца прэміі Гедройца) – ёй уласцівыя назіральнасць, жывасць і свежасць погляду.

Што адрознівае іх, напрыклад, ад таго ж Бахарэвіча, таксама высока ацэненага журы (трэцяе месца) – гэта адсутнасць гульнявой, крыху цынічнай адчужанасці ад апавядання. Віктар Казько цалкам эмацыйна ангажаваны ў аповед, ягонымі героямі кіруюць моцная афекты і складаныя нюансы адчуванняў, усе яны падаюцца аўтару вартымі фіксацыі, для ўсіх іх знаходзяцца выразныя словы. Можна палічыць гэта архаічным, не модным, не адпаведным сучаснасці – тым больш што дзеі апавяданняў адсунутыя на дзесяцігоддзі ў мінулае. Але можна ўбачыць у гэтым і вяртанне да гуманістычнага стаўлення літаратуры да свайго героя, а таксама і чытача.

З чытачом не гуляюць, яму давяраюцца, да яго звяртаюцца па разуменне, па суперажыванне. Гэтае суперажыванне набывае не только эмацыйны характар – гэта і чытацкія інвестыцыі ў працу над творам. Так, каб чытаць Казько, трэба укладацца – і інтэлектуальна ў першую чаргу.

Прадстаўнікі фармалізму ў літаратуразнаўстве Шклоўскі і Тынянаў раілі перад аналізам кніжкі адрываць ад яе вокладку, дзе змешчаны звесткі пра аўтара і год выдання. Канешне, ацэнка кнігі літаратурным крытыкам кардынальна адрозніваецца ад літаратуразнаўчай экспертызы. Але, па гамбургскім рахунку, калі адарваць вокладкі ў сёлетніх фіналістаў Гедройца і вынесці за дужкі іх рэгаліі і амплуа, перамога Казько будзе выглядаць абсалютна лагічна.

Пераможцам стаў збор моцных філасофска-псіхалагічных твораў, са спасылкамі на дэпрэсіўную эпоху 90-х, які даследуе не толькі беларускаць у яе экзістэнцыйным вымярэнні, але і нешта ў чалавецкасці як такой. Чытаць гэтая аповесці часам крыху нуднавата з-за высокага напружання ўвагі, якой яны патрабуюць, ды і глыбіннай псіхалагічнай вусцішы ў іх хапае. Але можа лепей крыху пагрузіцца ў вусціш, чым заставацца свабодным, абсалютна адасобленым ад тэксту, які чытаеш? Ці не за сугестыўнасць, уменне цалкам падпарадкаваць чытацкую волю, мы цэнім літаратуру – як жанравую, з захапляльным сюжетам, так і класічную, якая перакручвае нас знутры і вучыць перажываць тое, што ў сваім паўсядзённым вопыце мы б, магчыма, не спасціглі?

 

Фота: БелаПАН

Комментировать