Арт

Аўтапартрэт літаратурнай фетышысткі. Прыемныя ўцёкі Тані Скарынкінай

416 Лидия Михеева

«Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» Тані Скарынкінай – як дапаможнік па must have эсэіста. Лідзія Міхеева прачытала кніжку сёлетняй намінанткі на прэмію Гедройца і вызначыла, чаму мы так любім эсэістыку і чаму аўтарскія калонкі з’яўяюцца паўнавартаснымі творамі літаратуры.

Эсэістыка – гэта харызма

Эсэ – хіба што самы асабісты жанр прозы. Аўтар не хаваецца за сюжэтам, а, наадварот, нівелюе ўсе спосабы маскіроўкі, выходзіць перад чытачом з адкрытым забралам.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

«Вось, падумалася мне…», ці «Быў аднойчы такі выпадак…» – каб мець права забіваць іншым галовы сваімі выпадковымі думкамі і назіраннямі, асабліва ў эпоху фэйсбука, трэба сапраўды валодаць моцнай энэргетыкай і ўнікальным поглядам на свет.

І справа нават не ў інтэлекце ці майстэрстве валодання мастацкім словам. Трэба быць у лепшым сэнсе метафары такім Чабурашкай, «игрушкой странной, игрушкой безымянной», не падобнай ні да якой іншай жывёлінкі сваімі рэакцыямі і асацыяцыямі, сваім лёсам і сваім тэмпераментам.

Скарынкіна, безумоўна, такім «Чабурашкам» з’яўляецца. З самой сябе яна стварае прыцягальнага персанажа (мяркую, абсалютна ненаўмысна, без какецтва, самалюбавання і жадання зацікавіць сваёй асобай у фармаце «лайкні» і «зафрэндзі»), з якім чытачу абавязкова захочацца словам перакінуцца.

Скарынкіна не любіць гатаваць, адпраўляецца ў вандроўкі з капейкамі ў кішэні, любіць павесяліцца з сяброўкамі ў рэстаране і з задавальненнем прымае халяўнае шампанскае ад бандытаў. Яна згадвае, што часам на тое і тое не хапае грошай, але, барані Бог, не скардзіцца на гэта.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

З цеплынёй яна апісвае мужчын, якія яе чымсці ўразілі, пры гэтым вельмі іранічна прапісвае сваю жаночую пазіцыю: хлопчык у белых кедах, Бродскі ці Мілаш, «анёл» з памежнага кафэ – яны для аўтаркі недасяжна прыўкрасныя.

Але калі асіметрыя адрэфлексавана, усталёўваецца сімвалічная роўнасць: яна пра іх распавядае, падпарадкоўваючы свайму наратыву, фантазіям і інтэпрэтацыям. Можа, яны толькі для таго і існуюць, каб стаць героямі гісторый Скарынкінай, усе гэтыя прызнаныя мэтры літаратуры, чароўныя акторы, геніяльныя рэжысёры і «папулярныя» аднакласнікі?

Харызма аўтаркі паглынае іх усіх, перакручвае, як у адным з эсэ, свіную рульку ў смачны рулет, у якім акрамя Чэслава Мілаша і Элвіса Прэслі аказваюцца будзеннасць гарадку Смаргонь, сямейныя гісторыі, піянерскі лагер Артэк, мары пра Японію і шмат чаго яшчэ.

Эсэістыка – гэта апантанасць сінгулярным

Валошкавая сукенка, у якой фатаграфаваліся Таццяніны цёткі, ці парцалянавы кубачак з профілем Пушкіна, чорны томік Борхеса ці панама, якая нагадвае пра фільм Вісконці – якія ж пусцяковіны! Але ж Скарынкіна стварае з іх цэлы свет, утульны, поўны сэнсам, там, як сказаў бы Oxxximiron, усё пераплецена.

Але навошта ўсё гэта, і, калі глабальна, пра што? Можна сказаць, што ў сваіх эсэ Скарынкіна выбудоўвае партрэт пакалення былых савецкіх піянераў, якім сёння каля 40 гадоў, ці паказвае жыццё малых гарадоў Беларусі. Ці яшчэ нешта накшталт гэтага.

Усё гэта справядліва, і можна чытаць Скарынкіну як антраполага. Ці даваць чытаць сябрам з Еўропы ці Расіі, каб адчулі, што такое сямейныя дачыненні, сталенне, паўсядзеннасць у Беларусі. Але да гэтага ўсё не зводзіцца.

Валошкавая сукенка – гэта і ёсць валошкавая сукенка, хоць ты трэсні. Адзіная і непаўторная, самакаштоўная, як тое пірожнае «Мадлен» у Пруста. Вартая таго, каб стаць штуршком, зачэпкай для пісання. Можа, літаратура і ствараецца з такіх фетышаў, бязмежна каштоўных для самога аўтара/аўтаркі, які хоча пакінуць іх жыць у тэксце назаўсёды?

Дарэчы, той самы Пруст Скарынкінай таксама згадваецца, ды яшчэ і ў інтэпрэтацыі Мамардашвілі, які разважае пра згублены час як пра час неда-пражыты. Але каб мы сапраўды мелі магчымасць пражываць кожную хвіліну напоўніцу, не адчуваючы балючай страты прыцягальнага дзіравага мінулага, якое ніколі не ўхопіш і не прысабечыш, не было б літаратуры. Якая якраз заднім днём кідаецца вяртаць страчаны час; апісваючы былое, робіць яго зноўку існым.

Оптыка Скарынкінай таксама цікавая сваім літаратурацэнтрызмам. Тэматычна яе эсэ – не пра літаратуру як такую, не пра кіно. Яны пра нейкія жыццёвыя сітуацыі (падарожжа да недасяжнага генія, сон пра паэта) ці нават пра спецыфічныя эмоцыі (напрыклад тыя, што адчуваеш пры разгляданні пахавальнай фатаграфіі). Але амаль любая сітуацыя ў Скарынкінай пражываецца праз літаратурны ці кіношны досвед.

«Кніжная дзяўчынка» вымярае рэчаіснасць Дастаеўскім, Борхеса дакарае, што дарма парадзіў чытаць Дон Кіхота (насамрэч не дарма, бо Другі том аказваецца сапраўдны вельмі смешным), звяртаецца па дапамогу да Бродскага калі сканчаюцца грошы ў піцерскім падарожжы.

Літаратура больш рэальная за жыццё, яна і ёсць жыццё, яна выпраўляе рэчаіснасць, кіруе ёй.

Эсэістыка – гэта талент патрапляць у гісторыі

З нейкага пункта гледжання ўвесь гэты літаратурны фетышызм можа выглядаць як уцёкі ад чагосьці траўматычнага ці няўтульнага. Але карціна сусвета Скарынкінай падаецца ў чымсьці падобнай да modus vivendi Джармушавых вампіраў у «Only lovers left alive» – з іх любоўю да папяровых кніг і антыкварных музычных інструментаў, верай у тое, што жыццё і ёсць мастацтва і ніяк інакш.

Але ўцёкі гэтыя не са страху – а для асалоды. Каб было яшчэ прышпільней. Скарынкіна не хаваецца ад «зомбі»-абывацеляў, а камунікуе з усім светам як бяздоннай крыніцай для сваіх назіранняў, вандруе па ім як жаночае увасабленне героя-трыксцера.

Пры гэтым, яна не Аліса па другі бок люстра, а маленькая рабаўніца з Андэрсанаўскай казкі. Хацела напісаць «як Герда», але хлопчыка Кая, якога трэба вызваліць, у наратаркі Скарынкінай няма: яна сама па сабе, свабодная і адкрытая для ўсіх тых гісторый, у якія трэба патрапіць, каб пісаць. Бадай, талент патрапляць у гісторыі – інтэлектуальныя, літаратурныя ці побытава-штодзенныя – гэта трэці важны складнік добрай эсэістыкі.

Найбольш цікава будзе чытаць Скарынкіну тым, хто падзяляе яе літаратурны фетышызм і таксама фанацее ад еўрапейскага аўтарскага кіно, сніць сны пра Бродскага і марыў пагутарыць з Мілашам.

А вось прыхільнікі вершаў Таццяны сустрэнуць крыху іншую Скарынкіну – без лёгкай, але непазбежнай дыстанцыі, якая ўсталёўваецца паміж чытачом і паэткай. У эсэ сваіх вершаў Таццяна працытавала багата, аднак яны адрозніваюцца ад уласна тэкстаў эсэ па інтанацыі. Паэзія ў зборніку працуе на карысць прозы. І гэта ўжо справа густу, і права аўтаркі – суаднесці ў эсэ сваю паэтычную ідэнтычнасць з іншымі рэгістрамі быцця.

Комментировать