Арт

Трагікамедыя, малітва і бясстрашнасць. Агляд шорт-ліста прэміі Арсенневай

308 Наста Грышчук

Лаўрэатам паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2020 год стаў Андрэй Хадановіч з кнігай «Школа травы». «За шырокі спектр, ахоп як тэматычны, так эстэтычны, за разнастайнасць формаў і зместу» – рэзюмавала журы.

Калі ўявіць, што кароткі спіс Арсенневай сапраўды збірае лепшае за паэтычны сезон, здабыткам сучбелліта сталі: маленькія трагедыі, схаваныя ў вясёлых каламбурах; хрысціянскія сюжэты ў народнай аранжыроўцы; і напружаны, нават адчайны пошук сябе. То бок, згаданая ўжо «Школа травы», а таксама «Гускі вяртаюцца» Дануты Бічэль-Загнетавай і «Чорныя макі» Вольгі Гапеевай.

«Хавае шыла ў смех»

На першы погляд тэксты Андрэя Хадановіча – «літары лёгкага флірту», кажучы ягонымі ж словамі. Аўтар – знаны фокуснік: здымае капялюш перад еўрапейскай культурай, а пасля з таго ж капелюша эфектна дастае «разнастайныя формы і змест».

У «Школе травы» ён згадвае паэтаў-цынікаў, згадвае вершакаралёў з іх мовай незямной (чытай: пафасных песняроў), згадвае эпігонаў з іх селекцыйнымі дасягненнямі – вынайшлі від паэзіі без смаку і водару. Сам Хадановіч не належыць ні да аднаго з названых тыпаў. Ён застаецца лірыкам.

У свет ён улюбёны да самазабыцця. Той самы свет, які загіне, і ў людзей, заганных, смешных і смяротных. Лірык заўжды крыху трагік: бачыць – свет недасканалы, а не любіць не можа.

Гэтая гісторыя пачынаецца ў дзяцінстве, з гарэзлівай суседкі, крадзеных мапедаў, скокаў з тарзанкі, сузор’яў вясковага космасу, – і працягваецца, ужо з горыччу, у  «дарослым» двухрадкоўі:

 

Не разбіраўся ў палітыцы.

Проста страляў у патыліцы.

 

Філалагічныя гульні, па якіх адразу пазнаецца Хадановіч, не самае галоўнае ў ягоных вершах. Галоўнае – канфлікт, схаваны за гульнёй. У «Школе травы» ён стаў вельмі заўважны. Я б нават сказала, нарэшце наспеў раскол. Нарэшце – бо быў непазбежны. Раскол – бо немагчыма надалей захоўваць аптымістычны выраз твару пры кепскай гульні (нашай рэчаіснасці).

Усё настойлівей гучаць думкі пра абавязковы для ўсіх «дэдлайн». У першым раздзеле, рэтраспектыўным і скіраваным у дзяцінства, ці не ў кожным вершы кропку ставіць смерць. «Лета – без межаў. Межы толькі ў жыцця».

Самы цікавы раздзел у «Школе травы» – «Дрыгва». Аўтар нарэшце дазволіў сабе не быць аптымістам. Ён перастаў паварочваць страшнае на жарт. І як бачыцца мне, «Школа травы» – кніга не завершаная. Так, яна сабрала «новыя тэксты, напісаныя ў 2017 – 2019 гг.» Але новыя тэксты – яшчэ не новая кніга. Пачатак новай кнігі – у гэтай самай «Дрыгве». «Школа травы» – пераход ад радаснага Хадановіча, упарта засяроджанага на светлым баку быцця, да Хадановіча, які перастаў баяцца ўласных цёмных думак. Перастаў, як гераіня ягонага ж верша, хаваць шыла ў смех.

З тэхнічнага боку цікава назіраць, як Хадановіч з вечных сямі нот піша новую музыку. Ён працуе па рэцэпце, якім карыстаўся, напрыклад, Джані Радары: бярэш рэчы, між сабой не звязаныя, і знаходзіш агульны знамянальнік. Гэтая зусім невідочная сувязь будзе сутнасцю напісанага. Размова не толькі пра суседства асобных слоў, але і цэлых культурных кодаў. Напрыклад, у «Адысеі» аўтар прышчэплівае скарбы Старажытнай Грэцыі да беларускіх рэалій.

Але ўсё гэта мы бачылі і раней. Цуды пачынаюцца тады, калі аўтар адмаўляецца ад іранічных кастылёў. І атрымліваецца, напрыклад, верш «Сем уваскрэсенняў таму» – зусім стральцоўскі. Альбо «Хутка дождж» – дзе, праўда, бянтэжаць салаўі, якія падымаюца з калень, затое першая страфа – бездакорная. Гэта ўжо не тэкст-канструктар – гэта паэзія, якая нараджаецца па ўласным жаданні і якой паэт можа чакаць доўгія гады.

«Такой святой наіўноты…»

Пра кнігу Дануты Бічэль-Загнетавай «Гускі вяртаюцца» цяжка казаць у крытычным рэчышчы. Пісалася яна відавочна для сябе самой. Калі чытаеш гэтыя тэксты – успаміны, малітвы, звароты да памерлых (Васіля Быкава, Ніны Мацяш, нават да Максіма Багдановіча), не можаш пазбавіцца адчування, што гэта рукапіс, не адрасаваны «шырокаму колу чытачоў».

Рэдактара ў зборніка няма, гэта бачна нават па кампазіцыі. Дзявяты радзел – «Перапрацаванае» – складаецца ўсяго з аднаго тэксту, для зборніка не неабходнага. Сёмы раздзел – «Пераклады» – з двух. Першы – «Нябёсы Каложы» – больш падобны да паэмы: ёсць скразны матыў, тэксты люструюць адно адное, працягваюць і паўтараюць. Відавочна, аўтарка не клапацілася пра ўдалую форму падачы – ёй было важна сабраць пад адной вокладкай самае каштоўнае для яе самой жа.

У кнізе шмат прысвячэнняў, альбомных вершаў. Вялікая колькасць тэкстаў, якія я б назвала аўтарскай малітвай. З іх звярну ўвагу на тыя, што мяжуюць з паганскай замовай. Гэта сапраўды цікава: як аўтарка, звяртаючыся да Маці Божай, Бога, кажучы пра Хрыста, прамаўляе абсалютна ў рэчышчы фальклорным, архетыпамі з паганскім геномам: залатая пчала, мост праз цёмную раку, рыбы, месячык, гара, жаўранак, яблыня… Іх безліч. Яны, вядома, даўно зліліся з хрысціянскай літаратурнай традыцыяй, але тут усё вырашае інтанацыя і тыпова «замоўная» рытміка.

Пры ўсім тым паэтка сцвярджае: «…мастацтва рамак не мае… Малітва ў рамках трымае».

Аўтарка жыве ў герметычным свеце на два палюсы: успамін і рэлігія. Топас – міфалагізаваная Гарадзеншчына. Час – заўсёды мінулы. У тых рэдкіх выпадках, калі згадваецца сучаснасць – вайна на Данбасе, перпахаванне Каліноўскага, -- актуальнае робіцца нагодай для рэфліксіі, скіраванай у перажытае. Аўтарка відавочна пачуваецца чужой у сваім зямным, побытавым асяродку. З усяго самага дарагога – даўняга кахання, згадак пра дарагіх людзей і, зноў жа, рэлігіі – яна склала для сябе чароўнае кола, за якое не выходзіць.

Уласна, пра гэта яна кажа сама:

 

«Я не плачу аб слове памерлым,

я на полымі скамянелым

малюю сцяжок белым мелам».

 

Пэўная адарванасць ад рэчаіснасці спрыяе настрою сентыментальнаму, схіляе да рамантызацыі мінулага і гераізацыі людзей, якімі аўтарка захапляецца, -- калегі-пісьменнікі і некалькі святароў. «Такой святой наіўноты не чытала дагэтуль», кажучы словамі паэткі.

Самы моцны раздзел – «Гускі вяртаюцца»: тут найменей самапаўтораў і тэкстаў рэлігійнага характару, найболей – аўтарскага.

З гэтай кнігі «для сябе» можна было б зрабіць кнігу «для чытача», уключыўшы ў яе згаданы раздзел, верш «Балота» з прадмовы, «Маналог уладаркі склепу», «Пра цемру», «Пад дзічкай», «Перад тым, як мы пойдзем»… Словам, зрабіўшы акцэнт менавіта на мастацтве, а не на малітве, якая хоць і трымае ў рамках і, верагодна, дапамагае жыць, не дае напоўніцу разгарнуцца мастацтву.

«Шукае паратунку ў словах…»

«Чорныя макі» Вольгі Гапеевай – кніга абсалютнай свабоды. Так, тут пануе мінорны пачатак – ад назваў («Чорныя макі», раздзелы «Зацьменне» і «Морак») да зместу (адзінота, падман, недавер, непрыкаянасць, месцамі – адчай, месцамі – горкая іронія). Але свабода заключаецца не ў шчасці і не ў задаволенасці, а ў ясным розуме і праўдзе. Асабліва каштоўная праўда – прамоўленая самой сабе.

Вершы Гапеевай – кароткія сеансы псіхатэрапіі. Аўтарка адначасова безабаронная перад метафарычнай палкай, якой яе «дубасіць гэты сусвет», і непахісная, нават адчайна смелая, калі глядзіць праўдзе ў вочы. «Чорныя макі» як бы дэкламуюсць: вось, сусвет, я перад табой голая, і што ты мне зробіш?..

У шорт-лісце гэта самы разняволены зборнік, і што цікава, яно пацвярджаецца нават жанрава – гэта верлібры. Вольга Гапеева кажа ў адным вершы:

 

ёсць і правілы і выключэнні

і няма павадка

 

Гэта справядліва датычна самой кнігі – яна без павадка.

Вольга не звяртаецца да грамадзянскіх матываў зусім. Калі і гучыць нешта падобнае (згадка пра асаблівасці постсавецкай краіны, напрыклад), гэта патрэбна не для звароту да «шырокай грамадскасці» – гэта ўсяго толькі частка мастацкага свету. Калі паэтка звяртаецца да «феміністычнай пасылкі» – гэта, зноў жа, не агітка, не даніна актуаліям: гэта частка ейнага свету, у якім даводзіцца быць ваяўнічай, таму што да цябе прыходзяць са зброяй. Словам, вершы Гапеевай – паэзія чыстай красы ў тым сэнсе, што яны не прывязаныя ні да якіх «павеваў».

Свет Гапеевай складаны. Яна не імкнецца да тыпізацыі аб’ектаў ці пачуццяў, каб верш стаў больш акрэсленым, так бы мовіць, каб намаляваць простую і выразную карцінку на памяць чытачу (адзінае выключэнне – верш «Ён хаваецца ў маіх абдымках» са скразной метафарай, на якой трымаецца кампазіцыя). Паэтка не шукае простых шляхоў. Не шукае і складанасцяў, каб падавацца загадкавай, ці разумнай, ці арыгінальнай. Яна проста шукае.

У «Чорных маках» няма завершанасці. Кожны тэкст – працэс. Ён будзе доўжыцца столькі, колькі чытаеш, і будзе працягвацца пасля таго, як закрыеш кнігу. Што шукае паэтка? Найперш сябе. А магчыма, і толькі сябе. Гучаць думкі пра тое, што ёй цяжка вызначыцца з ідэнтычнасцю. (Гэта далёка не гендарнае пытанне – гэта спробы чалавека зразумець, чым ён ёсць.) Часам Гапеева-гераіня «ператвараецца» ў рэчы, каб разгледзець самую сябе з розных бакоў.

Тут паўстае пытанне: ці магчымае гэтае пазнанне ўвогуле?.. Пытанне без адказу, натуральна.

Адзіны сродак пошуку ў паэткі – мова.

 

 «словы вывальваюцца з мяне

як бясконцая каменная плынь

пад ёй і пахаваю сябе»

 

І пры гэтым: «…я вуснае шчасце / а не пісьмовае».

Калі ў кнізе Хадановіча канфлікт узнікае паміж аптымізмам і рэчаіснасцю, у Бічэль-Загнетавай – паміж хрысціянскім і паганскім, то ў Гапеевай – паміж пісьмовым і вусным. Процістаяць жыццё як тэкст, нешта занатаванае і непапраўнае, – і воля незавершанасці.

«Чорныя макі» – інтэлектуальная літаратура. Адкрываючы кнігу, рыхтуйцеся, што лёгкага чытва не будзе: ні сугестыўнасці, разлічанай на эмоцыю, ні кампактна ўкладзеных дасціпнасцяў. Будзе сур’ёзная праца.

Уласна, «Чорныя макі» былі маёй кнігай-фаварытам сёлета. І гэтым разам мне пашанцавала больш: леташні фаварыт – «Ромб» Віктара Сямашкі – не трапіў нават у шорт-ліст.

 

Кнігі для агляду шорт-ліста і ілюстрацыі для артыкула прадастаўленыя Беларускім ПЭН-цэнтрам.

Комментировать