Арт

Гедройц-2019. Шэсць кніг і адна праблема

717 Наста Грышчук

Пры слове “Гедройц” сход балесна застагнаў.

Гедройц лічыўся прыўкраснай, высокакультурнай прэміяй.

За гэтым атракцыёнам мы назіраем з 2012 года, калі Альгерд Бахарэвіч упершыню атрымаў другое месца, а першым лаўрэатам стаў іранічны Павал Касцюкевіч. Кожны сезон Гедройца мае свой непаўторны шарм. Год 2019, напрыклад, азначаны адмовай згаданага ўжо Бахарэвіча ад удзелу ў конкурсе мясцовых талентаў, негалосным самаадводам Андрэя Горвата і – айфонам. Суцяшальны нобелеўскі прыз?.. Алексіевіч на сувязі.

Але ўсё гэта другасна. Галоўнае заўжды застаецца пад вокладкамі кніг. Хто трапіў сёлета ў шорт-ліст прэміі Гедройца і чаму ён/яна можа стаць лаўрэатам – альбо не стаць? Разбіраемся.

 

Ілля Сін. “Libido”

Жанчына з умоўна-сімвалічным імем Марыя. Умоўны час, на будучыню якога паказваюць тэхнічныя навінкі – механічныя жанчыны сняжаны. Умоўны горад, у дробязях і дэкарацыях якога пазнаецца краіна перамоглага сацрэалізму. Умоўная вайна – невядома, хто, невядома, з кім, невядома, навошта. Свет як мёртвая дэкарацыя, якая падкрэслівае жыццё духу.

“Libido” задумвалася аўтарам як пераасэнсаванне жыція святой Марыі Егіпецкай; аўтар вырашаў для сябе пытанне: што адбываецца з лібіда святога чалавека. Вырашаючы яго, стварыў тэкст, прасякнуты той самай жыццёвай энергіяй ад першай да апошняй літары. Без дыдактыкі, без наўпроставых пастановак філасофскіх пытанняў, словам, не называючы прадмет, але ствараючы яго наноў у іншай прасторы рэчаіснасці – у тэксце. Ад сябе скажу, што менавіта такую літаратуру лічу напраўду мастацкай, без “але”. Ілля Сін не апісаў жыццё – ён стварыў яго нанова пасродкам слова.

Сугестыя гэтага тэксту наймагутнейшая. Запаволены час, умоўна цяперашні (кожная дзея адбываецца менавіта ў той момант, які ты “чытаеш”, за выключэннем нешматлікіх фідбэкаў) фіксуе ўвагу чытача на адной асобна ўзятай кропцы. Тэкст як бы бясконца раздроблены, і менавіта гэта робіць яго цэласным. Прыклад: жывапіс пуантылістаў. Нават фармальнае апісанне мастацкага стылю – “манера пісьма асобнымі мазкамі правільнай, кропкавай ці прастакутнай формы; адмова ад змешвання фарбаў” – дакладна характарызуе стыль пісьма Сіна.

Што да літаратуры, “Libido” шмат у чым грунтуецца на знаходках сімвалістаў: вобраз Іншага, які піша тэкст – жыццё; адсюль – фаталізм, матыў вырачанасці; сугестыўнасць, нават зварот да містычнага (калі гэтак можна назваць жыціе святой).

Кніга-падзея, паэзія чыстай красы.

Тым горш для яе самой: рызыкну сцвярджаць, што чытач рэдка сустракае ў сучаснай беларускай літаратуры тэксты такога ўзроўню, і для многіх кніга засталася незразумелай.

 

Міхал Андрасюк. “Поўня”

Новая кніга падляшскага аўтара – лагічны працяг усёй ягонай ранейшай творчасці. Ад першага зборніка “Фірма” Міхал Андрасюк даследуе таямнічую душу таямнічага беларуса ў таямнічай усходняй Польшчы. Раней гэта былі апавяданні з прэтэнзіяй на гумар, вельмі плоцевыя, ад сахі і стойкі бара. “Поўня” – пераход на новы ўзровень, узровень метафарычнага абагульнення; наўслеп аўтар намацвае сувязі паміж пакаленнямі, паміж зямлёй і небам, паміж смерцю і жыццём.

Герой – з яўным намёкам на аўтабіяграфічнасць: немалады пісьменнік родам з пушчы разумее, што Беласток (тут мог быць любы горад як сімвал чужога і антонім вёскі) так і не стаў родным, а з вёскай тым часам сувязі губляюцца, робяцца ўсё больш прывіднымі. Цягам аповеду мы назіраем, як тыя сувязі аднаўляюцца і ўрэшце паглынаюць героя. Для звыклага свету ён перастае існаваць. Прывіды мінулага перамагаюць, калі ты недастаткова трывала ўкараняешся ў сучаснасці і не выпускаеш пабегаў у будучыню.

У “Поўні” найбольш цікавыя нават не паветраныя масты з быццам бы рэчаіснасці ў быццам бы прошласць (тут увогуле ўсё ўмоўна, акрамя Пушчы – цэнтра каардынатаў). Цікавы фінал, які насамрэч застаецца адкрытым. Што мы бачым: смерць героя ці пачатак сапраўднага жыцця? Пераход у свет ценяў – гэта параза ці ўсё ж перамога?

Словам, “Поўня” Міхала Андрасюка магла б стаць вялікім творам, калі б не шэраг “але”. Кнігу пачынае самы слабы раздзел з усіх наяўных. Тут процьма стылістычных недапрацовак (кшталту пушыстых вуснаў). Стасункі героя з “аранжававалосай” багіняй не выклікаюць ні спачування, ні хвалявання: пры вялікім жаданні можна дадумаць глыбіню пачуццяў, псіхалагічную матывацыю і ўсё, што робіць банальнае апісанне мастацкай рэчаіснасцю, але колькі б ні называлі чытача суаўтарам, ён не мусіць дабудоўваць за пісьменніка наспех скалочаны падмурак тэксту. Ты апынаешся ў няёмкай сітуацыі, калі бачыш кантраст паміж веліччу аўтарскай задумы і наяўным вынікам.

Такі пачатак накладае адбітак на ўспрыняцце далейшых раздзелаў. Кранальныя хатнія замалёўкі (найлепшае ў кнізе) перамяжоўваюцца з высокай, але пустой дыдактыкай. Пафас захапіў аўтара настолькі, што мастацкая пераканаўчасць засталася на другім плане.

Чаму “Поўня” трапіла ў шорт-ліст? Па-першае, фламастары розныя. Людзі больш чуллівыя і менш патрабавальныя засталіся ў захапленні ад “таямнічасці” і “містычнасці” кнігі. Па-другое, беларускі пісьменнік у Польшчы… Сваіх трэба любіць. Купляйце беларускае. Па-трэцяе, непрамоўленай, але відавочна наяўнай у “Поўні” застаецца адна праблема, актуальная для беларусаў гадоў трыста: тутэйшасць. Персанажы Андрасюка вызнаюць чыста беларускія вераванні (напрыклад, замаўляюць дрэва на смерць), маюць беларускі менталітэт, размаўляюць па-беларуску – але ніхто сябе беларусам так і не назваў.

 

Юлія Шарова. “Вяртанне Ліліт” 

“На Беларусі Бог жыве” – сказаў мужчына. “Ну-ну” – пасміхнулася жанчына і адправіла на менскія вакацыі дэманічную Ліліт. Зрэшты, ейная дэманічнасць выглядае даволі бязвінна на тле чалавечых нораваў.

“Вяртанне Ліліт” – жанравая літаратура. З аднаго боку, гэта здымае з кнігі абавязак скакаць вышэй за ўласную галаву. З іншага – вымагае трымацца жанравых правілаў. Падтрымліваць дэтэктыўную лінію, даючы чытачу роўна столькі ключоў, колькі трэба, каб захаваць цікаўнасць. Весці аповед у строга зададзеным фармаце: некалькі сюжэтных ліній, завязаных на ключавых гераінях, разіваюцца паралельна; так нам здаецца, пакуль сюжэтная логіка не звядзе іх у адну.

Юлія Шарова з гэтымі задачамі цудоўна справілася. Каркас твора лагічны, стройны, цешыць вока. Між тым, застаецца прастора для значных аўтарскіх выказванняў датычна сучаснасці, мужчынскай прыроды, жаночай дурасці… Перафразуючы Булгакава, з “Майстрам і Маргарытай” якога параўноўвалі “Вяртанне Ліліт”, чалавек слабы, гэта так; але гэта не здымае з нас адказнасці, вось у чым штука.

Параўнанне з Булгакавым не толькі фармальнае. Так, у кнізе Юліі Шаровай дзейнічаюць вышэйшыя сілы, таксама ёсць чароўны кот, таксама пакаранне немінуча крочыць па слядох злачынства. Але ёсць глыбейшая еднасць: сатыра як следства горычы.

Ліліт у гэтым тэксце не столькі гераіня, колькі інструмент, які дазваляе аўтарцы злучаць розныя часы, пераключацца з адной сюжэтнай лініі на іншую, счытваць персанажаў знутры.

Яшчэ адна прывабная рыса кнігі – пазнавальнасць. Месцаў, персаналій, акалічнасцяў. Змяняюцца толькі імёны. Зрэшты, чытач, шчасліва неабазнаны ў тонкасцях жыцця сталічнай тусоўкі, не пазбаўлены задавальнення ад душы пасмяяцца.

Пры гэтым нельга не заўважыць, што погляд аўтаркі аднабокі. Не таму, што яна на большае не здольная. Гэтага вымагае сам тэкст, скіраваны на крытыку сучаснасці. Такая зададзенасць у суме з персанажамі-функцыямі, элементам фантастыкі, апавядальнай мовай без мастацкага пошуку (як мэты) дазваляе аднесці “Вяртанне Ліліт” да масавай літаратуры. У свой час Юлія не пагадзілася з такім азначэннем, настойваючы на панятку “мідл-літаратура”. Магчыма, так яно і справядлівей на тле бясконцай графаманіі. Таму папраўка: “Вяртанне Ліліт” – масавая літаратура здаровага чалавека; масліт узорнага кшталту.

Адэкватнасць выканання мастацкай задуме, якасць гэтай працы безумоўна заслугоўвае фіналу прэміі Гедройца.

 

Алена Брава. “Садомская яблыня” 

Згадаем “Джэйн Эйр”, гісторыю дзяўчыны, пастаўленай ад пачатку ў невыгодныя ўмовы гульні пад назвай “жыццё”. Дзяўчына кіпіць гневам, востра адчувае несправядлівасць і фальш. Усё, што мае Джэйн, – зароблена, нават зваявана выключна ейнай працай.

Гераіня “Садомскай яблыні” – Джэйн Эйр беларускай правінцыі. Зрэшты, умовы гульні для яе яшчэ горшыя (маці-адзіночка), і гневу больш, і фальшы, і высілкаў на барацьбу за месца пад фанерным сонцам Беларусі.

Далей – болей: калі гераіня Брантэ дзякуючы асабістым якасцям “прыходзіць да поспеху” і захоўвае самасць, гераіня Алены Брава, трымаючыся на плаву, губляе сябе. Мірапольская Джэйн Эйр – карэспандэнтка Інга Куродым – тыповы персанаж-праўдаруб, праўдашукальніца, змагарка са штодзённай вынішчальнай гразёю. Рамантычная мода часоў Брантэ яшчэ дала шанец на шчасце сваёй гераіні; рэалістычны дыктат сучаснасці такіх шчодрых падарункаў не робіць.

Напачатку я палічыла гераіню Алены Бравы гэткім Д’Артаньянам у спадніцы. Кругом брыда, а я – у белым плацці. І зараз мы пройдзем праз гэтую кунсткамеру і пакажам вам, шаноўныя тэлегледачы, хто чаго варты. Тут загончык з чыноўнікамі. Тут – з прадзяржаўнымі хлусамі, прафесійнымі стваральнікамі ілюзій. А там у нас вечны плач, там жыццё правінцыйнай жанчыны, якой драбок падманлівага шчасця каштуе задорага, нялюдскі кошт.

Усё гэта ёсць. І ў той жа час “Садомская яблыня” – больш глыбокі твор, трагічны. Алена Брава не толькі выкрывае – яна рэканструюе смерць, паступовую, пакутлівую, а самае страшнае – амаль незаўважную – галоўнай гераіні. “Садомская яблыня” – не толькі гісторыя хваробы (ёсць аднайменны тэкст у тэксце, цікавае сюжэтнае вырашэнне), але і танатагенез. З жудаснай падрабязнасцю пісьменніца паказвае, што здараецца, калі чалавек, разважлівы, добры, чысты, падпарадкоўваецца сістэме. Гэта ілюзія – што ты здолееш яе перайграць. Кампрамісаў не бывае. Бывае смерць асобы і смерць слова (Алена Брава праводзіць яркую паралель з таксідэрміяй: застаецца абалонка слова, якую набіваюць пацярухай дзеля выставачных, ідэалагічных мэтаў).

“Садомскую яблыню” варта рэкамендаваць маладым спецыялістам, якія па размеркаванні едуць у рэгіёны.

Але гэта ўсё прадмет гаворкі. Для намінацыі на прэмію за мастацкую прозу не меншае значэнне мае пытанне “як?”. Вось тут пачынаюцца праблемы. Дзеля ілюстратыўнасці – у каго ператварылася Інга Куродым – Алена Брава абірае здзекліва-публіцыстычны стыль. Мова адмыслова перасыпаная штампамі, даведзенымі да абсурду. Гэтая мова – лінгвістычнае люстэрка аўтарскай горычы. Часам нават чутно, як шыпіць выпушчаны Бравай пар. Як для арт-тэрапіі – вельмі карысна. Як для мастацкага тэксту – у строга вызначаных межах. Як з трасянкай альбо абсцэннай лексікай: мастацкі патэнцыял адзінкі змяншаецца прапарцыйна колькасці тых самых адзінак.

Для таго, каб напісаць мастацкую карціну, неабходная адстароненасць. Эмоцыя – кепскі дарадчык. Алена Брава не пісала аўтабіяграфію, але многія моманты “Садомскай яблыні” відавочна спісаныя з натуры. Якраз халоднасці, двух крокаў назад ад мальберта – не хапіла. Часта аповед гучыць як аўтарская калонка ў грамадска-палітычным выданні. Месцамі – як літаратурны опус для жаночага часопіса. Стылёвая няроўнасць кідаецца ў вочы. Жорсткі натуралізм перабіваецца гучаннем пад іранічны жаночы раман. Калі так і было задумана, размежаванне мусіла быць вольш выразным, кантрасным, каб, уласна, паказаць, што так задумана.

Паўтаруся, мастак дасканала ведае прадмет, пры гэтым прыўздымаючыся над ім. Адлегласць – неабходнасць. Мастак як бы ўнутры падзеі і над ёю, па-за ёю. Алена Брава застаецца выключна ўнутры.

У кнізе Алены Бравы няма ні слова хлусні. Усё, пра што яна піша, – праўда. Але гэта не ўся праўда, вось у чым штука. Калі ў “Вяртанні Ліліт” такое дазволена ўласна жанрам, то для “Садомскай яблыні” гэта хіба.

 

Сяргей Календа. “Часам панкі паміраюць”

Лёгкае чытво на сур’ёзныя тэмы – гэта дакладна пра новую кнігу Сяргея Календы. Дый увогуле – пра ягоныя кнігі. “Часам панкі паміраюць” можна расчытаць іначай: часам даводзіцца абмяжоўваць уласную свабоду і жаданні, беручы адказнасць за таго, хто побач.

Непасрэднасць, з якой Сяргей апісвае іншы бок манеты-жыцця, бок рэшкі і побытавых парэшткаў, наводзіць на думку пра бытапісанне Букоўскі (крыху пазней знаходзіш аўтарскую пасхалку на той жа конт). У той жа час, погляд Календы на жыццё падкрэслена гуманістычны. О.Генры пацясняе Букоўскі, а той не надта працівіцца. Гуманістычны погляд выяўляецца не ў дэкламацыі яго, дзякаваць богу, але апасродкавана, інтанацыйна. Тым больш здзіўляе, калі Календу называюць ледзьве не вычварэнцам, ці сексістам, ці яшчэ якім неталерантным чортам. Аўтар любіць жыццё ва ўсіх яго праявах, гэта не загана, а для мастака – неабходнасць.

Кніга пабудаваная нелінейна. Маем гісторыю хлапечага сталення ў сутыкненні з эрасам і танатасам; маем гісторыю сяброўства мужчыны і яго аўтамабіля (рэчыўны сімвал свабоды і самасці); маем “інтымную лірыку” збянтэжанага маладзёна; на салодкае – метатэкст, погляд знутры напісання. Гісторыі адна адну перабіваюць, гарманічна дапаўняючы. Таксама Сяргей дае ключ, які быццам бы мусіць даць іншы погляд на гісторыю.

Як вы разумееце, панкі – умоўнасць, сімвал неабмежаванай свабоды, дэканструкцыі дзеля пошуку… (працяг магчымы, але мы спынімся).

Піша Сяргей лёгка, чытаецца кніга адпаведна. І тут прыхаваны камень, аб які спатыкаецца і аўтар, і адданы яго чытач. Адзін і той жа я-персанаж, адзін і той жа погляд на свет, падобныя матывы пераходзяць з кнігі ў кнігу. У выніку “Яблыневы маёнтак” (за аўтарствам А.І.Бацкеля), “Падарожжа на край ложка”, “Часам панкі паміраюць” зліваюцца ў свядомасці ў адзін вялікі тэкст, адну бясконцую гісторыю. Паверхневы бег па коле праблемаў – лёгкае вырашэнне, але як доўга можна бегчы ад свайго страху? Звычайнага пераўтварэння штодзённасці ў тэкст недастаткова. Рана ці позна танатас змусіць даць нырца на самае дно.

Вось тады мы ўбачым якасна новага пісьменніка Календу. Большае за абаяльную белетрыстыку.

 

Сяргей Шупа. “Падарожжа ў БНР”

Рарытэтная ўжо на момант выхаду (калі казаць пра папяровую версію), гэтая кніга – помнік адначасова дзвюм рэчам. Па-першае, БНР. Па-другое, працы архівіста. Шэсць гадоў збіраліся толькі дакументы, паводле якіх рэканструюецца стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, узнаўляецца гістарычны кантэкст, “час бамбічаскіх пераваротаў”, кажучы словамі аўтара. Атмасфера кнігі нагадвае “Вяселле ў Малінаўцы”.

“Падарожжу ў БНР” далі прыгожае азначэнне – “архіўны раман”. Па-сутнасці, гэта нон-фікшн, гістарычная дакументалка, факталагічную сухасць якой расквечваюць гуллівыя назвы фрагментаў, маляўнічыя гісторыі – карункі часу. Напрыклад, як пры наборы Другой Устаўной Граматы скончылася літара “а”. Як тэатралы судзіліся за касцюмы ў той момант, калі стваралася новая беларуская дзяржава. Як Народны Сакратарыят ваяваў за памяшканне з нямецкім духавым аркестрам і шукаў па горадзе самавар... Кніга яўна ўкладалася з гумарам і не без тонкага разумення сучаснасці.

Работу Сяргея Шупы дасціпна назвалі “БНР для чайнікаў”. Сапраўды, навігацыя па кнізе простая, мова – зразумелая.

Незразумела іншае: чаму навукова-папулярная работа (безумоўна, таленавітая і актуальная да болю), намінуецца на прэмію за мастацкую літаратуру альбо эсэістыку. Прытым што нават укладальнікі кнігі шчыра прызналі: кніга “занадта маляўнічая, каб быць гістарычнай манаграфіяй, і занадта стрыманая ў аўтаравай фантазіі, каб быць літаратурным творам”. Гэта нават не публіцыстыка, з якой перамог пару гадоў таму Зміцер Бартосік, чым таксама выклікаў справядлівае пытанне – за што?..

 

Ян Максімюк у аглядзе шорт-ліста Гедройца-2019 сказаў, што кожная з кніг вартая перамогі. На мой погляд, гэтае сцверджанне можа лічыцца слушным пры адной агаворцы: у сваёй намінацыі. А лепей – у сваёй галіне.

Да нядаўняга часу ў Беларусі не было нават асобнай прэміі для паэтычных кніг. У нашых культурніцкіх рахунках ужо за шчасце – мець асобную прэмію для кніг прозы, паэзіі, дзіцячай і перакладной літаратуры. Але калі браць рахунак не наш, а вялікі, аб’ектыўны, адна прэмія для прозы – катастрафічна мала.

Гедройц вымушаны браць пад крыло ўсіх: “паэзію чыстай красы”, уласна мастацтва слова; нон-фікшн, а гэта значыць гістарычныя работы, публіцыстыку, дзённікі і іншае падобнае; жанравую літаратуру, якая сама па сабе можа быць выкананая ўзорна, але апрыёры прайграе “высокай літаратуры”, мастацтву; белетрыстыку… Словам, усё, што напісана простым радком, мусіць разглядаць і ацэньваць прэмія Гедройца. А дадаць сюды ўшанаванне класікаў, а дадаць гендарную роўнасць, літаратуру замежных беларускіх аўтараў…

Пакуль у розных відаў прозы не з’явіцца свой маленькі парнас, пакуль гэтае размежаванне, крытычна неабходнае, не будзе прагаворана публічна, ля падножжа Парнаса вялікага не сціхне вэрхал і таўханіна, бачаныя палясоўшчыкам Тарасам яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

Чытайце далей:

Восьмой сезон премии Гедройца. От буктрейлов и библиотек до больших денег

«А ты не Горват, а я была так рада…». Что не так с премией Гедройца

Комментировать