Арт

«Рух» без руху. Ці патрэбны нам свой Конан Дойл?

159 Лидия Михеева

Алесь Пашкевіч сабраў у «Руху» шмат славутых імёнаў, перамяшаў дакументальнасць з вымыслам, дадаў беларускіх сантыментаў ­– і забыўся дадаць, уласна, руху. «Журнал» прыкінуў, ці варта нам марыць пра беларускага Конан Дойла пасля Караткевіча.

«ХХ-ае стагоддзе пачынаецца!» – з такім імпэтам і захапленнем называлася пятая частка кінагісторыі пра Шэрлака Холмса, знятая Ігарам Масленнікавым. Скончылася старая добрая Англія, пачалася эпоха неверагодных хуткасцяў, лётаючых апаратаў, метала і шкла. Жыць стала лепей, жыць стала весялей. Новыя архітэктурныя, музычныя, літаратурныя стылі, новыя мары, усё, усё новае! Прыгожая эпоха, свежая, імклівая, рамантычная. Асабліва шчымлівае зачараванне адчуваеш, калі глядзіш на яе з сённяшняга дня, ведаючы, што хутка ўсе гэтыя нанова вынайдзеныя формулы прыгажосці і вера ў прагрэс ляснецца ў кашмар сусветнай вайны.

Гэтае зачараванне аўтара аповесці «Рух» Алеся Пашкевіча я цалкам падзяляю, таму з цікавасцю разгарнула кнігу, чакаючы ад яе, напэўна, замногага. Можа чаканні былі падвышанныя таму, што для мяне як чытача мяжу ХIX-XX стагоддзяў увасабляюць Гі де Мапасан, Роберт Музіль, і, з папулярнай літаратуры, той жа Конан Дойл. Супярэчлівы настрой часу адчуваю па творах першых двух, а шпіёнскай рамантыкі напярэдадні наспяваючай вайны багата ў апошняга.

Рэцэнзіі на ўсе іншыя кнігі з шорт-ліста прэміі Гедройца можна пачытаць тут

«Рух» Алеся Пашкевіча таксама сілкуецца прывабнай атмасферай даваеннай Еўропы. Яго твор прысвечаны вынаходніку рухавіка, які працуе на «саляройле», Рудольфу Дызелю. «Дызель» нітуе некальны паралельных ліній, у якіх дзейнічаюць інжынер-беларус Адам Мацкевіч, агент нямецкай выведкі Генрых фон Люцыус, нафтамагнат Тугіеў, справавод канцылярыі Галоўнага Штаба Расійскай Імперыі Віктар Берг, пляменнік Альфрэда, Эмануіл Нобель…

Дакументальнасць у аповесці чаргуецца з вымыслам, а шчыльнасць славутых імёнаў на старонках аповесці такая, што, здаецца, зараз там з’явяцца Марыя Кюры, браты Люм’ер ды Фройд з Эйнштэйнам.

Напэўна, менавіта прапрацоўка сеткі сюжэтных ліній, а таксама напаўненне яго дакументальнымі фактамі – гэта найбольш моцны бок твору Пашкевіча. Эйфелева вежа, высокатэхналагічны сімвал найноўшага часу, ля якой пачынаецца дзея, могла б стаць і метафарай для апісання таго, як пабудавана аповесць Пашкевіча. Моцны каркас, шмат дэталяў, злучаных надзейнымі заклёпкамі. І нічога залішняга, усё працуе на карысць адзінства канструкцыі.

Але «Руху» не хапае... менавіта руху – няўмольнага, набіраючага хуткасць, каб уварвацца ў будучыню. Сюжэт імкнецца наперад, а аўтар замест таго, каб ужыць ужо вынайдзеную кінакамеру, робіць некалькі пастановачных фотаздымкаў, па якіх прапаноўвае сачыць за падзеямі.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Пашкевіч добры «фатограф» і дасведчаны літаратар, ён ведае правілы стварэння літаратурнага тэкста. Але менавіта веданне правілаў працуе на гэтую статыку: у аповесці не сустрэнеш непрадказальных метафар, свежых эпітэтаў. Стылістычна твор нібіта кіруецца жорсткім канонам, які пакідае героям і аўтару вельмі вузкі калідор свабодных варыяцый.

Чытач пазнае сітуацыі, тыпажы і сэнсы. Усё зроблена са знаёмых цаглінак і старых схем. Напрыклад, ад здзіўлення герой можа толькі «раскрыць рот і заміргаць, як вінаваты гімназіст», дзяўчына, якая лістуецца з каханым, «перамагае чырвань на шчоках», а палкоўнік Берг, падобны адразу на імператараў Вільгельма II і Аляксандра ІІІ, называе жонку «курка мая пушыстая» і таксама чырванее ў любым прыдатным выпадку.

Няма ў аповесці ні развіцця герояў, ні псіхалогіі – ёсць толькі гатовыя персанажы, якія час ад часу паводзяць сябе нечакана, пры гэтым не дэманструючы ніякіх унутраных зрухаў. Моцна бракуе аповесці і харызматычнага галоўнага героя (бо ў Пашкевіча яны ўсе аднолькава галоўныя – ці аднолькава негалоўныя), які б зрушыў сваёй абаяльнасцю сіметрычна-фатаграфічную канструкцыю аповесці.

Сустракаюцца і дзіўныя непаслядоўнасці ў вымалёўцы перасанажаў. Напрыклад, палкоўнік Берг чырванее як падлетак, калі жонка называе яго каханым, а калі да яго прыходзіць «начальнік ваеннай выведкі» разам з паліцыяй, са страху падае без прытомнасці. І гэты ж персанаж раптам нематывавана забівае жонку, скінушы яе ў бездань падчас шпацыру ў гарах – проста таму, што надакучыла. Сур’ёзна?

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Ёсць сумненні і ў побытавых дэталях: напрыклад, завербаваны Берг вывозіць за мяжу дакументы, абгарнушы імі (для адводу вачэй) сувенірную вазу. Сто дзесяць старонак машынапіснага тэксту – удакладняе аўтар. Гэта ж якога памера павінен быць «сувенір»?

Такога кшталту недавер узнікае таксама кожны раз, калі героі нешта ядуць ці п’юць. Кожны раз Пашкевіч вельмі падрабязна апісвае стравы і напоі, і месцамі гэтае адчуванне аўтэнтычнасці падаецца залішнім: той жа Мапасан хіба часта ўдакладняе, чым героі абедалі, з якога посуду пілі гарбату?

Усё гэта стварае штучную атмасферу, быццам (працытую Алісу Вітальеўну з «Пакроўскай брамы») «наши играют французскую жизнь». Каб стварыць у творы максімальную канцэнтрацыю еўрапейшчыны, Алесь Пашкевіч ужывае фразы на нямецкай і французскай мовах, а таксама пакідае назвы (галоўным чынам, рэстаранаў) па-французску. І ў гэтых фразах сустракаюцца ці то памылкі, ці то абдрукоўкі, якія не заўважыў карэктар. Якая ўжо тут аўтэнтыка?

Багацце дакументальных эпізодаў аздабляецца такімі дэкарацыямі, што месцамі аповесць нагадвае іранічны дэтэктыў, а месцамі – душашчыпальны гісторыка-патрыятычны твор школьнай праграмы. Беларуская лінія ў аповесці добра ўбудаваная яе ў агульную структуру сюжэту – але ж, як на мой густ, сын-беларус, які вязе старому бацьку, які эміграваў пасля паўстання 1863 года, жменьку зямлі з родных мясцін – гэта або штамп, або перабор з сентыментальнасцю…

Ці варта ўвогуле марыць пра беларускага Конан Дойла пасля Караткевіча? Папулярная літаратура – не месца для гульні і адкрыццяў, асалоды ад новага. І гэта натуральна. Усе правілы вывучаныя, засталося заставіць іх працаваць на карысць беларускай літаратуры: каб і ў нас было больш нацыянальна-свядомых дэтэктываў для масавага чытача. Каб беларусы «зачэкініліся» на будоўлі сімвала новай Еўропы – Эйфелевай вежы. Каб і Дызель, і Нобель сталі для нас сваімі.

Комментировать