Политика

Маскоўская вайна ўскрыла беларусаў

605 Севярын Квяткоўскі

“Я перагледзеў сваё стаўленне да вайны ва Украіне”, – сказаў адзін наведнік бара другому. Таму самаму, з якім ледзь не пабіўся ў сакавіку з-за інтэрвенцыі Расіі ў Крым. Далей можна ўдакладняць якое стаўленне было, і ў які бок змянілася, але сутнасць у тым, што амаль увесь 2014 год беларусы скланялі слова “вайна”. Вайна – вось слова 2014 году.

“Дык гэта было зразумела яшчэ з чэрвеня”, – піша мой знаёмы. А мне – з сакавіка. А камусьці – з канца 2013 году. А хтосьці дагэтуль не можа прыняць гэты факт – факт вайны, і піша пра свае персанальныя дасягненні: стэрылізаваў сваю котку, здаў на правы, зрабіў рамонт на кухні, наведаў новую краіну, купіў у Смаленску тэлевізар.

За апошні тыдзень бачыў разоў дзесяць “Пагонькі” на аўтамабілях у Мінску. У 1990-я гэта было нават не норма, а банальнасць. А пасля – у 2000-х – такі крок аўтамабіліста выглядаў ледзь не подзвігам.

Цяпер чуем гісторыі пра тое, што міліцыянты лаяльна паставіліся да бел-чырвона-белага сцяга, і з якім поспехам у сталіцы праходзяць беларускія вечарыны і “дні вышаванкі”. Знакі зменаў. Хто разумее, хто адчувае, што штосьці важнае адбываецца ў свеце.

Карная экспедыцыя міліцыі супраць грамадскай супольнасці ў Мінску 19 снежня 2010 году не ўскалыхнула свет. Не адбылося гэтага і пасля выступу на Балотнай плошчы ў Маскве паўгады пазней. Падобныя захады, паўтораныя ў Кіеве 30 лістапада 2013 года, разварушылі мурашнік былога СССР.

“Тата, тата, а раскажы, як ты за Украіну ў інтэрнэце перажываў!” Тысячы і тысячы беларусаў, не адрываючыся ад манітораў, секунда за секундай сачылі ў жывым эфіры за драматычнай перамогай украінскай рэвалюцыі ў Кіеве.

Той самы выпадак, калі фармальна гэта іншая краіна, а дэ факта за цябе адстойваюць тваю будучыню. Прычым, для адных будучыня – назад у СССР, а для другіх – сапраўдная незалежнасць. І гэтыя самыя розныя людзі могуць сядзець побач у тэпцях і халатах перад адным тэлевізарам.

Тонкі лёд. Так можна акрэсліць сітуацыю, якая ўтварылася ў Беларусі ў 2014-м.

Ёсць пэўная колькасць грамадзянаў з нязменнымі прынцыпамі, але ці не большасць з “групы рызыкі” – людзі, якія вагаюцца разам тэлевізарам ці халадзільнікам. Дзе адзіная барацьба – гэта барацьба ўяўлення пра рэчаіснасць і рэальнага дабрабыту. Без ідэяў.

Ад 1991 году Масква рабіла выгляд, што былыя савецкія рэспублікі – незалежныя дзяржавы. А новыя дзяржавы рабілі выгляд, што не заўважаюць, што Масква робіць выгляд – а насамрэч паводзіць сябе, як гаспадар у дачыненні да сваёй маёмасці.

І вось за розумы ці страўнікі “групы рызыкі” цяпер вядзецца вайна – пакуль інфармацыйная. А людзі, якія ўсё свядомае жыццё супрацьстаялі лукашэнкаўскай прапагандзе, цяпер у разгубленасці: ад каго бараніцца, з кім саюзнічаць?

Тое, пра што так доўга цвердзілі беларускія адраджэнцы пачатку 1990-х, надышло: Маскоўская вайна. Большасць ставілася да іх, як да фрыкаў: “Якая расійская пагроза, які славянафашызм? Вы завёрнутыя, стукнутыя пыльным мехам свядомыя, што вы плявузгаеце?”

Цяпер “простыя людзі” ў жаху адкрылі для сябе магчымасць немагчымага. Напрыклад, думкі пра рэальнасць ядзеранй вайны. Такое перажыванне ніколі не знікне, яно назаўсёжы застанецца асадачкам.

Мае асабістыя і выпадковыя знаёмыя прынцыпова не адрозніваюцца. Яны дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі: тыя, хто чакае вялікую вайну, і тыя, хто ўспрымае падзеі ва Украіне праз слова “крызіс”. Вайна – гэта, як складаная аперацыя, а крызіс – як грыпам перахварэць. Так кожны і ставіцца, сыходзячы з уласнай інтуіцыі.

Самае галоўнае, што змяніла Маскоўская вайна ў Беларусі – людзі пачалі гаварыць пра палітыку. Утварылася сітуацыя, калі можна адкрыта выказваць сваю грамадзянскую і нават палітычную пазіцыю, і пры гэтым не казаць пра Таго, Чыё Імя Нельга Называць.

Варта ў электрычцы прамовіць слова “Украіна”, і праз хвіліну вы пачуеце пра ўсе праблемы горада Барысава. Бо “Украіна” – гэта цывілізацыйны выбар. І не абавязкова быць прафесійным палітолагам, каб адчуваць сувязь між Данецкім фронтам Маскоўскай вайны і несправядлівасцю ў барысаўскім ЖЭС.

Калі ў Амерыцы актуальная прымаўка “пра што б мы не гаварылі, мы гаворым пра грошы”, то на постсавецкай, ці нават постімперскай прасторы, больш актуальны такі варыянт: “Пра што б мы не гаварылі, мы гаворым пра цывілізацыйны выбар”. Выбар між “царь і халопы” ды “роўныя сярод розных”.

Беларусы ўскрыліся.

 

Фота: bymedia.net

Комментировать