Арт

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя. Алег Іванавіч

1207 Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева

Адмарозкі, васьміклясьнікі, нецікавыя калегі, перапоўнены 110-ы, бессэнсоўныя прадпісаньні, аднолькавыя панылыя дні, багна “нармальнага” існаваньня ў “нармальным сьвеце”. І старшаклясніцы! Альгерд Бахарэвіч становіцца Алегам Іванавічам і ідзе працаваць у школу.

Папярэднія часткі новай кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя» можна прачытаць тут.

Мэтамарфозы, або Залаты Настаўнік

У беларускай школе мы ўсе – ня тыя, за каго сябе выдаем. Варта толькі ўвайсьці ў гэты храм – і сам не заўважыш, як з табой адбудуцца містычныя мэтамарфозы, супрацьстаяць якім ты ня здольны: начны летуценьнік тут робіцца прышчавым троечнікам, лагодная маці сямейства – жалезнай завучыхай бяз страху і папроку, накачаны нацык і садыст – “учителем физической культуры”, пяшчотная студэнтка – бязьлітаснай фурыяй, ласкавая і добрая настаўніца – удзельніцай жудасных выбарчых фальсыфікацый… Und so weiter, und so fort.

Малады беларускамоўны літаратар, змрочны шмэрцвэркавец і лідар панк-гурту “П. і Правакацыя” Альгерд Бахарэвіч, пераступаючы парогі розных менскіх школаў, ператвараўся ў… Страшна сказаць: у Алега Іванавіча, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, а часам яшчэ і сусьветнай мастацкай культуры. Нават ня ведаю, якая з гэтых ідэнтычнасьцяў выглядае больш сувора. Ён супраціўляўся як мог, той маладзён – але школа была няўмольная: на нарах яе герархіі для АБ было пакінутае месца, і адмовіцца ён да пары ня меў ніякага права.

Не, Алег Іванавіч ня быў ні садыстам, ні вычварэнцам, ні эратаманам, яму нават кляснае кіраўніцтва не прапаноўвалі. Дый настаўнікам ён быў, скажам шчыра, так сабе. Не пісаў плянаў, не сачыў за дысцыплінай, не патрабаваў ад вучняў ні стараннасьці, ні адказнасьці. Не прымяраўся да кароткай пэдагагічнай кар’ернай лесьвіцы, не імкнуўся пасябраваць з калегамі. Вучыў дзяцей таму, пра што ў іхным узросьце лепш ня ведаць. Вучні Алега Іванавіча любілі, а калі і здараліся ў яго канфлікты зь ягонымі юнымі апекаванцамі – дык гэта ад празьмернай дабрыні і слабых нэрваў.

Ну так, ну так, было… Аднойчы ня вытрымаў, падышоў да самага тупога і крыклівага, заехаў з усяе моцы нагой па ягоным школьным крэсьле, беднае дзіцё павалілася на падлогу. Ніякага пачуцьця віны – толькі радасьць за ўчыненае. Другой юнай асобіне мужчынскага полу даў па галаве – за зьдзекі са слабых і безабаронных. І зноў – ніякага сораму, толькі гонар за сябе.

Сорам Алег Іванавіч адчуваў за іншае. За тое, што часам заплюшчваў вочы на “дзедаўшчыну”, за тое, што заглядваўся на прыгожых старшаклясьніц, за тое, што дурыў галовы кепскай літаратурай са школьнай праграмы. Але ж колькі разоў вучні называлі цябе любімым настаўнікам, Алег Іваныч? Колькі валянцінак ты атрымліваў у лютым, колькі шчырых прызнаньня выслухаў і колькі захопленых позіркаў атрымаў як узнагароду за свае маленькія настаўніцкія бунты… Дырэктар адной са школаў назваў цябе неяк “залатым”: “золотой вы наш Олег Иванович!” І было ў ягоным голасе выразнае жаданьне пазбавіцца ад гэтага золата як мага хутчэй – нібы ад крадзенага.

Пінгвіня на кані

Пэдагагічную практыку я праходзіў у Серабранцы – клясы мне далі пятыя, і, відаць, з гэтай прычыны працаваць было ня так ужо й цяжка. Па маіх настаўніцкіх назіраньнях, пяціклясьнікі – яшчэ не да канца сапсаваныя сыстэмай істоты, яны толькі крыху закранутыя непазьбежнай гнільлю чалавечага сталеньня, дурасьць, сьмешная пыха і зачаткавы канфармізм спалучаюцца ў гэтых стварэньнях зь дзіцячай наіўнасьцю і цудоўнай, шчырай цікаўнасьцю да сьвету, якую пакуль што не забілі ні бацькі, ні школа.

Кіраўніца маіх пяціклясьнікаў, начутая пра літаратурныя вопыты Алега Іванавіча, нечакана прапанавала мне пачытаць ім на ўроку штосьці сваё, не праграмнае. Прапанова паставіла мяне ў тупік. Увесь вечар я думаў, як бы траўмаваць дзяцей элегантна і без асаблівай шкоды для іхнага псыхічнага здароўя. І ўрэшце абраў стары, маленькі і абсалютна бязглузды вершык пра пінгвіня – які і зачытаў дзеткам шматпакутнай Sierra Branca падчас свайго заліковага ўроку:

Я саджу пінгвіня на каня.

Гэта мне і работа, і праца.

І забава, і спосаб схавацца:

Я саджу пінгвіня на каня.

Я займаюся гэтым штодня:

Дохлых кураў чароўныя гукі

Не даюцца ў дрогкія рукі…

Я саджу пінгвіня на каня.

Дзецям спадабалася, залік па практыцы я атрымаў – а потым настаўніца маіх апекаванцаў расказала мне, што некалькі хлопчыкаў вывучылі вершык пра пінгвіня на памяць і дэклямавалі яго падчас школьных сьвятаў самадзейнасьці. Калі яны пасьпелі яго вывучыць, я ж толькі адзін раз ім яго прачытаў, дый тое ўголас? – шчыра дзівіўся я, забыўшы пра фэнамэнальнасьць дзіцячае памяці: цікавае і незвычайнае малыя запамінаюць імгненна, нуднае – забываюць не даслухаўшы. Зусім як я ў свае сорак тры…

На пятым курсе я пачаў працаваць на паўстаўкі ў адной зь менскіх гімназій, недзе на Ўральскай – тых, хто ўжо ўладкаваўся ў нейкую школу яшчэ да разьмеркаваньня, туды звычайна і накіроўвалі, пагатоў калі ты, працуючы, і сам быў зь Менску. У той гімназіі мне было ўжо цяжэй – шасьціклясьнікі там вучыліся такія, што часам хацелася ўспомніць старыя, апрабаваныя стагодзьдзямі пэдагагічныя традыцыі, схадзіць са сваімі вучнямі ў Батанічны сад і загадаць ім самім назьбіраць сабе розаг – а потым усыпаць найдурнейшым тузіны з два або тры. О, пэдагогі мінулага, сьвятыя садысты Навукі, як жа я вас разумеў тады…

У гэтую гімназію новая эпоха прыйшла ўсур’ёз і надоўга. Калі я ставіў некаму з вучняў паганую адзнаку, дык чуў у адказ прыкладна такое:

“Ставьте-ставьте, я папе скажу, у него бабла столько, что он всю эту школу вонючую купить может, вместе с вами, Олег Иванович. Да кому вы вообще нужны со своим беларусским! Да на нем не говорит ваще никто! Вот сейчас папе на пейджер скину, как вас зовут, и все, хана вам!”

Пэйджары ляжалі тут жа, проста на партах маіх мілых дзетак – матава-шэрыя сымбалі ўлады іхных статусных татусяў. І калі ты хацеў забраць у дзіцяці цацку, пачыналіся вісклівыя пагрозы падаць на цябе ў суд за крадзеж. Яны нібы папярэджвалі маладога пэдагога, гэтыя ня бачаныя раней машынкі, каб быў асьцярожнейшы і не забываўся, хто плаціць гімназіі за басэйн і эўрарамонт. Праўда, пэдагог быў не з баязьлівых.

“Татку напішаш? Малайчынка, напішы, напішы. Напішы, што табе сёньня будзе пэрсанальнае хатняе заданьне: сачыненьне на тэму “Бацькі і дзеці: багатыя і тупыя””.

Атрымаўшы дыплём настаўніка, я звольніўся з той гімназіі. Я яшчэ ня ведаў, што сапраўдны настаўніцкі хлеб чакае мяне далёка адсюль – у пасёлку Сосны за менскай кальцавой дарогай. Менавіта там я зразумею, чаму настаўнікі часта хварэюць на разлад асобы. Але хлеба мне не хацелася. Мне хацелася пірожных “Трубочка”, каньяку і чабурэкаў.

Агні сьвятога Эльма

Калі выехаць зь Менску па Магілёўскай шашы і, прамінуўшы паварот на Шабаны, рухацца далей, дык ужо хвілін празь дзесяць апынешся на дужа цікавым скрыжаваньні.

Дарога направа ад Магілёўкі вядзе ў Стайкі – вельмі важнае месца ў маёй біяграфіі. Там, у зялёнай, нібы кактэйль “Green devil”, вадзе мясцовага возера бацька ў 1987-м навучыў мяне плаваць, туды мы ўсёй сям’ёй выбіраліся на пікнікі, там я бачыў жыўцом футбалістаў менскага “Дынама”, якія мелі ў Стайках сваю спартовую базу.

За пару кілямэтраў ад гэтага вадаёму месьціўся піянэрлягер “Лясны агеньчык”, адкуль у 1988-м я аднойчы ўцёк, ня вытрымаўшы тамтэйшых нораваў.

Норавы былі для позьняга СССР досыць звычайныя, але трапіўшы ў піянэрлягер упершыню, я адразу ж вырашыў, што ўцяку адсюль, настолькі ўсё гэта было пошлае, чужое і ганебнае. Агульная ранішняя зарадка, падобная сваімі размахам і бутафорыяй да Нюрнбэрскага зьезду НСДАП; трыюмф нечай бяздарнай волі – лягерныя дыскатэкі; панылае падлеткавае п’янства, арганізаванае і строга рэглямэнтаванае купаньне, начныя напады на дзяўчат з тубікам зубной пасты і іхныя візыты ў адказ – чамусьці гэта лічылася ў лягернікаў сьмешным. Хлопец з Курасоўшчыны, які кожную ноч ананіраваў пад коўдрай, размовы пра Гэта: растуць ад Гэтага валасы на далонях ці не? Ліпучае, безгустоўнае, рабскае, пошленькае, з мацюжкамі і гідкімі лягернымі фліртамі жыцьцё за сеткай. Канцлягер “Сонейка”. Мне, якога бацькі выхоўвалі ў атмасфэры свабоды, творчасьці і ўзаемнай павагі, было ў тым лягеры проста невыносна. Бацькі зразумелі мяне і не злаваліся, калі неяк раніцай я зьявіўся на парозе нашай кватэры, хоць мусіў у гэты час гуляць з “рабятамі” ў найтупейшую гульню на сьвеце – піянэрбол і жэрці лягерную кашу. Бывай, канцлягер “Сонейка” – больш мяне ніколі не спрабавалі туды засунуць.

У самым пачатку дзевяностых, у самыя сьпякотныя дні наша кампанія (Макс, Слава, Лаўрэнцій, Лёха і я) раз-пораз хадзіла ў Стайкі, каб пазаймацца нудызмам: абсалютна голыя, мы прабіраліся праз зарослыя чаротам і асакой берагі і доўга плавалі ў цьвілай вадзе, пераварочваліся на сьпіны, глядзелі ў неба, маўчалі… Адчуваючы патыліцай прахалоду бруднаватай вады, я думаў пра тое, што нам ужо па шаснаццаць, школа канчаецца: што з намі ўсімі будзе тут, у гэтым забытым богам кутку сьвету, ня ведаў ніхто – і з гэтым трэба было нешта рабіць: са сваёй будучыняй, сваім целам, сваёй прагай тварыць, сваёй свабодай – і несвабодай у гэтай згнілай імпэрыі; мне ажно дух займала ад уласнай маладосьці, ад таго, што ўсё ў мяне было наперадзе, а што менавіта, немагчыма было прадказаць.

Але вернемся да Магілёўскай шашы і скрыжаваньня. Вось жа, направа былі Стайкі, а налева – Сосны. Засакрэчаны ў савецкія часы пасёлак, месца, дзе распрацоўвалі перасоўныя атамныя электрастанцыі, магільнік ядзерных адкідаў – у сярэдзіне дзевяностых зь яго прыбралі “завесу тайны”, жыхароў легалізавалі, прымацавалі да ўсіх неабходных установаў, а сам пасёлак уключылі ў склад Заводзкага раёну “гэ Мінска”.

Тут, у Сосьненскай сярэдняй школе, я пачаў працаваць узімку 1997-га году настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў 8-11-х клясах на поўную стаўку.

Марозы ды Сосны

Настаўнік Алег Іванавіч выглядаў так: доўгія валасы, сабраныя ззаду ў хвост і завязаныя чорнай гумкай; чорная вадалазка “пад горла”; чорны пінжак; сінія джынсы і туфлі з вострымі мыскамі. На плячы мамін падарунак – карычневая імпартовая торба з натуральнай скуры. Клясычны вобраз упэўненага ў сабе мужчыны дзевяностых.

Ужо першая кляса, да якой я прыйшоў да ўрок, вохнула.

“Какой высокий… Девочки, я не могу…” – пачуў я ня надта каб ціхі шэпт.

“Какой мужчина…” – прамовіла мажная, нахабная дзеўка, якая сядзела каля акна, і зірнула мне ў вочы – без усялякага сораму.

Алег Іванавіч нэрвова ўсьміхнуўся і абвясьціў, што хатнім заданьнем будзе эсэ на тэму “Што я бачу кожны дзень з акна сваёй кватэры”.

Першы ўрок у Соснах прайшоў няблага, але не абышлося без камічнага выпадку: пасярод заняткаў у клясу ўвайшла дырэктарка і пачала чыхвосьціць нейкага хлопца за тое, што ён не стрыжэцца і ходзіць у школу – вось жа казёл! – у джынсах. Малады настаўнік стаяў каля дошкі і сачыў, як дзеці ўважліва яго разглядваюць. “А почему ему нельзя, а Олегу Ивановичу можно?” – пачуўся нечы іранічны галасок. Дырэктарка павярнулася і агледзела мяне з галавы да ног, нібы першы раз пабачыла. А потым гмыкнула разгублена і выйшла.

З адзінаццатымі клясамі я нацярпеўся – але мушу сказаць, што дзеткі гэтага ўзросту ня самыя страшныя зьвяры; усё ж у шаснаццаць шмат хто зь іх ужо думае пра сур’ёзныя рэчы, рыхтуецца да сваіх ВНУ і ня мае ні часу, ні асаблівай ахвоты даставаць пэдагогаў. Збольшага ім было пляваць, што я ім там такое выкладаю – ніхто з маіх выпускнікоў на філфак не зьбіраўся. Нашае больш-менш мірнае суіснаваньне псавала парачка сосьненскіх адмарозкаў, якія ўсяляк правакавалі мяне на канфлікт. Яны не здагадваліся, што маюць справу з фронтмэнам гурту “Правакацыя” – і ўрэшце атрымалі ад мяне напоўніцу.

Я ахвотна карыстаўся ўсімі перавагамі дваццацітрохгадовага чалавека перад шаснаццацігадовымі: у ход ішлі псыхалягічны ціск, тролінг, зьдзек зь іхных прышчоў і потных далонек, катаваньне крыкам, намёкі на іхную нявіннасьць, бязьлітаснае высьмейваньне іхных убогіх памылак. І пра дадзеную мне богам, дыплёмам і РАНА ўладу я таксама не забываўся: гнаў іх з клясы, ставіў двойкі і прымушаў рабіць утрая больш, чым мусілі астатнія. Адзінае, да чаго я ня мог апусьціцца – гэта да таго, каб паскардзіцца на іх іншым настаўнікам і завучу. Даносіць, “стучаць” на кагосьці мой маральны кодэкс ніколі не дазваляў. Тады даносіць пачалі яны самі – маўляў, я іх наўмысна дастаю, псую ім адзнакі за год... Хер з вамі, дзеці, думаў я, усё роўна я тут надоўга затрымлівацца не зьбіраюся.

Але куды я мог яшчэ пайсьці?

З восьмымі клясамі ўсё было значна, значна горш.

Падчас вучобы ва ўнівэры пэдагогіку я цярпець ня мог, увесь час яе прагульваў – можа, менавіта яна магла б патлумачыць, чаму з усіх відаў “школьніка звычайнага” васьміклясьнік ёсьць самым брыдкім, паскудным, шкодным і ванітоўным стварэньнем. Зразумела, што ён падлетак – з усімі наступствамі, зразумела, што ён перажывае гарманальныя буры, суіцыдальныя пэрыяды, крызісы і іншыя псыхалягічныя карыесы, але гэта ўсё роўна ня можа патлумачыць, чаму… Чаму менавіта ў восьмай клясе чалавек робіцца такой тупой, злоснай, няўдзячнай, шумлівай і разбэшчанай тварынай і штохвіліны паводзіцца так, нібы яму зрабілі лябатамію? Мне здавалася ў тыя гады, што васьміклясьнікаў трэба кожны дзень выганяць голымі на мароз і абліваць ледзяной вадой – толькі так можна было вярнуць іх у прытомны стан.

Пра мароз я, відаць, напісаў невыпадкова. Бо Сосны асацыююцца ў мяне зь зімой – памятаю, як я падчас “фортак” ішоў у краму, браў каву і піражкі і хаваўся ў засьнежаным лесе, каб пабыць на самоце і крыху адысьці ад школьнага вар’яцтва. Настаўнік у доўгім чорным паліце, бяз шапкі, але з добра патрапаным за некалькі гадзін пачуцьцём уласнай годнасьці; поўны змрочных думак даўгалыгі малады пэдагог, які курыць цыгарэту за цыгарэтай і ўтоптвае недапалкі ў шэры сьнег.

Адмарозкі, васьміклясьнікі, нецікавыя калегі, перапоўнены 110-ы, распарадак дня, бессэнсоўныя прадпісаньні, аднолькавыя панылыя дні, багна “нармальнага” існаваньня ў “нармальным сьвеце”. Карацей, ой марозы ды Сосны, сябрукі вы мне й сёстры… Усё гэта было цяжка і вельмі нудна. Але ў маім школьным жыцьці існавала праблема, разьвязаць якую было яшчэ больш складана. Праблема звалася: вучаніцы.

Найхітрэйшыя зь іх ведалі, як умомант пазбавіць мяне аб’ектыўнасьці, раўнавагі, розуму і майго прыроджанага пачуцьця справядлівасьці. Паспрабуй тут быць аб’ектыўным, калі ты запаўняеш журнал або ставіш адзнакі, а яны падсаджваюцца за пярэднюю парту, проста перад тваім строгім сталом, нахіляюцца, нібы хочучы паглядзець, што ты там пішаш, грудзі ледзь не вывальваюцца з выразаў сукенак, і тваім вачам адкрываюцца такія глыбіні красы, што неяк няёмка ставіць кожнаму тое, чаго ён заслужыў. Яны ўсьміхаюцца, аблізваюць нафарбаваныя вусны, ад іх так пякуча пахне – здаровымі маладымі целамі, дзявочай, купленай на Камароўцы парфумай, цыгарэтамі з мэнтолам.

Яны зазіраюць табе ў вочы, адна зь іх падымаецца, абыходзіць цябе і нібы незнарок кранае твае валасы, іншая нахіляецца над плячом, нізка, пасма падае табе на шчаку… У мяне была дзяўчына, мы бачыліся вельмі часта, але ўсё роўна: спакойна ігнараваць такія штодзённыя раздражняльнікі я проста ня меў сілы. Д’ябальшчына.

Вядома, я трымаўся як мог, праклінаючы тых дзевак, я ніколі не парушыў правілаў прыстойнасьці, усё было толькі ў маёй беднай галаве. Я нічога ня мог зрабіць. Мне было дваццаць тры, а ім па шаснаццаць-сямнаццаць: хто скажа, што наш узаемны інтарэс быў нездаровы?.. Але ён быў забаронены, ён быў недапушчальны, ён быў злачынны – і я душыў у сабе гэтую ні ў чым не вінаватую істоту: маладога настаўніка-мужчыну ў выпускной клясе сярэдняй школы.

Нагаварыўшыся пазьней са сваімі калегамі-аднагодкамі пра іхнае жыцьцё-быцьцё, я высьветліў, што, на жаль, я не адзін такі – і падумаў тады, што да працы ў школе варта дапускаць толькі старэйшых мужчын, хоць, вядома, і гэта нікому не гарантуе спакою і бясьпекі. Але, прынамсі, надае пісаным законам хоць нейкі сэнс.

У лютым вучаніцы завалілі мяне ананімнымі валянцінкамі. Прыйшла вясна, і я ўжо ненавідзеў месца сваёй працы, ненавідзеў мэтанакіравана, бясьсільна, зь ясным розумам і халоднымі рукамі; так забойца абдумвае, як і чым, і а каторай гадзіне. І я зноў задумваўся пра самагубства – настолькі пачуваўся не на сваім месцы. Але тыя, хто працаваў побач са мной – хіба яны ўсе былі на сваіх? Змораныя, непрыгожыя, зайздросьлівыя, заўчасна пастарэлыя нэўротыкі, якія ненавідзелі чужых дзяцей і выхоўвалі ў іх найперш паслухмянасьць і любоў да парадку – яны былі на сваіх месцах? Яны, што ўсімі сваімі лапкамі чапляліся за працоўнае месца – не разумелі, як я магу звольніцца ў нікуды. Мне і праўда не было куды ўцякаць. Я мог зарабляць на хлеб або настаўніцтвам – або ісьці ў які-небудзь гербалайф. Творчасьць у 90-я прыносіла мне нейкія капейкі добра калі раз на год.

Ніхто. Нідзе. У нікуды. Прыкладна так выглядаў Алег Іванавіч, пішучы ў траўні сваім агідным почыркам на шэрым аркушы: “Прашу звольніць мяне па ўласным жаданьні”. Ніхто мяне не трымаў. Лета праляцела імгненна – і ў наступным годзе я ўладкаваўся ў новую школу.

Здаецца, зноў пачалася колішняя рутына. Дарма што школа была ўжо ў горадзе – усе школы падобныя адна да адной. Але Алег Іванавіч – не, ён быў ужо зусім іншы.

Зласьнейшы, цынічнейшы, гатовы да самазьнішчэньня – і апанаваны такой роспаччу, якая магла нарабіць бяды.

Працяг гісторыі чытайце тут.

Чытайце таксама ўсе часткі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя»:

Разьдзел першы. 2018

Разьдзел другі. Школа

Разьдзел другі. Школа. Частка 2

Разьдзел трэці. Мова: гісторыя хваробы

Разьдзел трэці. Мова: гісторыя хваробы. Частка 2

Разьдзел чацвёрты. Студэнт з Гораду Цемры

Разьдзел чацвёрты. Студэнт з Гораду Цемры. Частка 2

Разьдзел пяты. Шэф у гістэрыцы

Разьдзел пяты. Шэф у гістэрыцы. Частка 2

Разьдзел шосты. Чытаць і пісаць

Разьдзел шосты. Чытаць і пісаць. Частка 2

Разьдзел шосты. Чытаць і пісаць. Частка 3

Разьдзел сёмы. Нязнайка ў Сонечным горадзе

Разьдзел сёмы. Нязнайка ў Сонечным горадзе. Частка 2

Разьдзел восьмы. Алег Іванавіч

Разьдзел восьмы. Алег Іванавіч. Частка 2.

Разьдзел дзевяты. Ноч

Комментировать