Жизнь

Леніна на Ленана. Як працуе манументальная дэсаветызацыя

362 Вадим Можейко

Ва ўкраінскай тапаніміцы Ленін ператварыўся ў Ленана. Вільня канчаткова пазбавілася савецкіх скульптур у цэнтры горада. А Беларусь застаецца трэцяй краінай у свеце па колькасці помнікаў пралетарскаму правадыру. «Журнал» прааналізаваў суседскія ды беларускія прыклады ўрбаністычнай дэсаветызацыі.

Украіна: рэвалюцыйныя жарсці

Дэсаветызацыя ва Украіне пачалася стыхійна, падчас Майдану ды вайсковых дзеянняў на ўсходзе. Не выпадкова, што менавіта прыбіранне помнікаў Леніну асацыявалася ў пратэстоўцаў са зменай цывілізацыйнага курсу Украіны: з «рускага свету» ў Еўропу.

Пры гэтым знос помнікаў Леніну ў Кіеве, Харкаве ды іншых месцах зусім не грунтаваўся на нейкіх законах – і дакладна не ўключаў нейкі клопат аб іх мастацкай вартасці. Як пераканаўся і сам аўтар падчас вандроўкі ў Харкаў, шмат хто нават з мясцовай праеўрапейскай моладзі не надта вітае такі брутальны знос помніка – маўляў, яго трэба было прыбраць, але гэта можна было зрабіць прыстойна, а не зносіць паказальна ноччу.

Каб надалей дэсаветызацыя адбывалася цывілізаваным шляхам, быў прыняты закон «Аб асуджэнні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Украіне і забароне прапаганды іх сімволікі». Згодна з ім, да 31 сакавіка 2016 года трэба прыбраць камуністычную сімволіку і адпаведныя тапанімічныя назвы з украінскіх населеных пунктаў.

Звычайна новыя назвы абіраюцца чаканыя – напрыклад, Сцяпана Бандэры альбо Герояў Нябеснай Сотні. А ў адным з сёлаў Закарпацця вуліцу Леніна перайменавалі ў вуліцу «бітла» Джона Ленана. Зрэшты, не усім гэта падабаецца: аналагічнае рашэнне па плошчы Ленана ў горадзе Ізюме (Харкаўская вобласць) мясцовая грамадскасць не прыняла – бо «ізюмчане будуць успрымаць назву як плошча Леніна».

Зразумела, што дэсаветызацыя патрэбная: і як гістарычны крок па еўрапеізацыі краіны, і як водгук на патрыятычныя настроі. Але ж яе канкрэтнае ўвасабленне выклікае пытанні – як, напрыклад, фактычная забарона расейскага кіно альбо іншыя дзяржаўныя культурныя забароны.

Украінскі Мінкульт крытыкуюць за забаронную культурную палітыку, тую самую савецкасць мыслення: забараніць усё, што ёсць ідэалагічна варожым. Зраўзумела, што ідзе інфармацыйная вайна – але гэтыя ж крокі даюць цудоўны матэрыял для варожых Украіне прапагандыстаў і не дапамагае ўцягваць у нацыянальныя культурныя працэсы «ватнаватую» публіку. Як казала мне на гэты конт народны дэпутат Украіны Аляксандра Кужаль, – гэта «кроплі алею у вогнішча тых, хто на ўсходзе».

Літва: савецкае прыбралі і саслалі ў музей

Здавалася б, літоўская гісторыя дэсаветызацыі даўно скончаная. Савецкія сімвалы забароненыя нароўні з нацысцкімі, а што да дэсаветызацыі ў скульптурах, то тут Літва дэманструе, бадай, самы ўдалы прыклад. Усе манументы Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму і іншым савецкім дзеячам з літоўскіх гарадоў прыбралі, але не знішчылі. Усё захавалася ў прыватным парку Грутас, дзе кожны ахвотнік можа паглядзець на савецкія помнікі, прапагандысцкія плакаты, вайсковую тэхніку.

Парк Грутас. Фота: афіцыйны сайт парка

 

Доўгі час віленцы хацелі прыбраць і савецкія скульптуры, што стаялі на Зялёным мосце ў цэнтры горада – але гэтаму перашкаджаў іх статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але потым мэрам Вільні абралі ліберала Рэмігіюса Шымашуса – а прыбранне скульптураў было адным з пунктаў яго перадвыбарчай праграмы.

Спачатку скульптуры знялі на рэстаўрацыю, выкліканую іх аварыйным станам, але ж ніякай рэстаўрацыі рабіць не сталі: як казаў мэр, «выдаткоўваць на гэта грошы гараджан – дакладна неадэкватны крок... Ёсць вобласці, дзе грошы больш патрэбныя».

1 сакавіка 2016 году рада па ацэнцы нерухомай культурнай спадчыны аднагалосна адмяніла прававую ахову Зялёнага маста і тых чатырох савецкіх скульптур. Як аргументаваў дырэктар музея Віленскага ўніверсітэта Рамунас Кондратас, «гэты мост спраектаваны і пабудаваны ў савецкі час, і не мае нічога агульнага з гістарычным Зялёным мастом», а скульптуры наогул з’явіліся на ім пазней і не утвараюць адзінага аб’екту.

Літоўская дэсаветызацыя выглядае менш брутальнай – і ў выніку дае тую самую еўрапеізацыю краіны, якой так дамагаюцца ўкраінцы.

Беларусь: першыя нясмелыя крокі

Вельмі паступова, нават марудна, але змены пачынаюць заўважацца і ў Беларусі. Леніна прыбралі з цэнтральных плошчаў Горак і Гарадка – іх замянілі, адпаведна, на манумент студэнтам і валун з памятнай дошкай у гонар галоўнага героя знакамітай беларускай паэмы «Тарас на Парнасе».

Цэнтр Віцебску цяпер упрыгожвае конная статуя вялікаму князю Літоўскаму Альгерду – насуперак скаргам мясцовых казакаў і камуністаў. Адметная гісторыя адбылася і ў Магілёве, дзе з бюсту Пушкіна ўлады самі прыбралі правакацыйную дошку з радкамі з верша «Паклёпнікам Расіі».

Заўважце: Магілёў і Віцебск – абласныя цэнтры, самыя блізкія да Расеі геаграфічна і ментальна. І менавіта там адбываюцца культурныя сутычкі ўлады з прыхільнікамі “рускага свету”. У Віцебску пратэставалі казакі і камуністы, Магілёўскімі падзеямі незадаволеныя заходнерусісты. Аднак іх галасы ўлада чуць не хоча.

Наадварот: выглядае так, што як раз гісторыю з помнікам Альгерду Аляксандр Лукашэнка прыводзіў у сваім самым падрабязным тлумачээнні мяккай беларусізацыі: «Мы паспрыялі мяккай беларусізацыі... Як толькі з'явілася інфармацыя, што некаторыя ў Віцебску... пачалі плакацца: вось Лукашэнка, мяккая беларусізацыя, заўтра дойдзе да таго, што Беларусь увогуле ледзь не з-пад уплыву Расеі выйдзе, а гэта нашая тэрыторыя, нашыя інтарэсы... Я задаў пытанне: а нашыя інтарэсы дзе тады? Усё, што на беларускай тэрыторыі, гэта нашы перш за ўсё інтарэсы, жыццёва важныя інтарэсы. І тут не павінна быць аніякіх сумневаў».

На гэтых прыкладах палітыка мяккай беларусізацыі вельмі выразная: помнікі Леніну і Пушкіну не прыбралі, але ж і правакацыйным вершам месца не знайшлося. Затое Альгерду ў цэнтры горада месца як раз ёсць.

Гэткі асцярожны падыход – неадназначны. На прыкладзе Украіны бачна, як агрэсіўна Расія рэагуе на жорскі выход з арбіты яе ўплыву. Аднак беларускім уладам бракуе паслядоўнасці ды стратэгічнасці ў мяккай беларусізацыі. На асобныя прагрэсіўныя прыклады лёгка знаходзіцца шмат цалкам супрацьлеглых.

Імпартазамяшчэнне культурных герояў

Беларусь дагэтуль застаецца ў палоне савецкага атачэння зусім не ў таму, што беларускія ўлады так любяць Леніна і ўсё камуністычнае.

Па-першае, працуе агульная кансерватыўнасць і інэрцыйнасць беларускай дзяржаўнай сістэмы. Савецкая спадчына кансервуцца не таму, што ўлада яе мэтанакірвана абірае, а проста таму, што кансервуецца наваколле агулам.

Па-другое – і гэта, бадай, галоўная прычына – замест савецкай сімволікі, савецкай ідэалогіі і савецкіх герояў трэба прапаноўваць альтэрнатыву. Але сённяшняя ўлада такой альтэрнатывы не стварае. Цяжка ўявіць сабе праспект Пракаповіча альбо плошчу Чаргінца. Узгадваюцца хіба што толькі паркі Паўлава і Уга Чавеса, але гэта выключэнне, а не правіла. Таму хваля десаветызацыі і змены культурных герояў непазбежна вяртае нас да гістарычных каранёў і імёнаў таго ж Альгерда, Вітаўта, Касцюшкі, Каліноўскага, Скарыны; з нядаўняй гісторыі – Барадуліна, Бураўкіна, Быкава.

Уладзе няёмка побач з гэтымі імёнамі. Але ва ўмовах, калі савецкае ўсё болей асацыюецца з Масквой, без дэсаветызацыі не абысціся. Вядома, жорсткія ўкраінскія метады беларускай уладзе не падыходзяць. А вось музеяфікацыя савецкай спадчыны з плаўным, мяккім пераходам да нацыянальнай сімволікі і беларускіх гістарычных герояў выглядаюць непазбежнымі.

Комментировать