Политика

Дэмантаж і дэманы

92 Кирилл Позняк

Чаму новая хваля ленінападу ва Украіне (Харкаў, Крывы Рог, Ізюм) не мае таго натхняльнага розгаласу, які быў пры вострай майданнай фазе? Таму што ён застаўся стыхійным. І гэта азначае, што рэвалюцыя не перамагла нават на тэрыторыі без вайны. Прынамсі, не перамагла да канца.

Глядзіце. Той самы помнік у Харкаве зрынуты не паводле афіцыйнага рашэння гарадскіх уладаў, а натоўпам. Тамтэйшы мэр абяцае аднавіць скульптуру – заняўся ленінабудам. Значыць, улада сутнасна не змянілася. Ну, прынамсі, у вачах прыхільнікаў Майдану. Значыць, рэвалюцыя працягваецца.

Быць можа, харкаўскія ўлады дбаюць пра грамадскі спакой, бо скіданне Леніна можна прывесці, цьху-цьху, да сілавога супрацьстаяння. Але тады гэта азначае, што настроі на Харкаўшчыне такія, што верагодная контррэвалюцыя. Тым болей што яе ёсць каму падсілкаваць звонку.

Альбо гэта папросту сітуацыя, калі фарсіраваныя змены ва ўкраінцах на карысць свабоднай асобы дадалі ў краіне звычайнага гармідару і сваволі? Захацеў – пайшоў помнік зламаў.

Ці папросту радыкальна настроеным украінцам на фоне паразаў на Данбасе для загойвання патрэбныя хаця такія ленінападныя міні-перамогі? Зрэшты, вераснёўскі злом леніных мог стаць звыклым перформансам вулічнай палітыкі, актывізаваным хуткацечнай выбарчай парламенцкай кампаніяй.

У любым выпадку, можна смела казаць: ленінапад ёсць індыкатарам грунтоўных настраёва-ментальных зрухаў – у працэсе дэсаветызацыі ўкраінскага грамадства і цывілізацыйнага еўравыбару.

Помнікі Леніну ва Украіне дэмантуюцца без дэманізацыі гэтай асобы і савецкага мінулага. З вялікай нацяжкай яны ёсць і манументальнымі сімваламі кіравання абрыдлага Януковіча. Ленінапад ва Украіне спрабуюць падаваць як вонкавы кідкі маркер пераменаў увогуле ва ўмовах, калі ўкраінцы па-ранейшаму наракаюць на карупцыю і эканамічны крызіс.

Але ж гэта далёка не каларадскія стужкі на агульным ворагу-акупанце тут і зараз! Постімперскі рэванш Расіі асацыюецца візуальна з імі, а ніяк не з Ленінымі.

Як ва Украіне, так і ў Беларусі помнікі Леніну – ідэалагічныя пустышкі. Атавізмы ў гарадскім ландшафцe. Аб’екты для фатаграфавання замежнымі турыстамі. Беларусь жа – запаведнік сацыялізму! Для беларусаў дэсаветызацыяй хутчэй ёсць капітальны рамонт хрушчоўкі, чым знос помніка Леніна. І не ёсць ён сімвалам эпохі Лукашэнкі. У беларускага кіраўніка культ сваёй асобы.

Злавіў вось цяпер сябе на думцы, што, праходзячы па плошчы Незалежнасці, не ідэнтыфікую помнік Леніну. Гэта проста манумент, які арганічна ўпісваецца ў ансамбль плошчы. Хаця, натуральна, лепей бы там стаяў, напрыклад, Каліноўскі.

Пра сотні помнікаў Леніну мы цяпер успамінаем хіба 7 лістапада, калі прэса паведамляе, што купка бабулек з дзядулямі ўсклалі кветкі да яго бронзавай постаці каля Дома ўраду ў Мінску. Ды 22 красавіка, калі нехта са старэйшага пакалення згадае, як студэнтам БДУ на гісторыі камунізму за савецкім часам задавалі засыпачнае пытанне пра тое, якая за вакном рука ўзнята ў Леніна.

Напісаў вось і загугліў на ўсялякі выпадак, ці не памыліўся з датай нараджэння правадыра пралетарыяту. Дзеці ж наогул не чулі пра яго. Нейкі дзядзька. Моладзь прозвішча ведае, але не скажа, хто такі. Праверце самі. Ім ленінапад не патрэбны, для іх Леніна не існуе.

Галоўнае, каб для іх заіснавалі нашы нацыянальныя героі. Пераплавім Леніна на…

 

Фота: Андрэй Аляксандраў

Комментировать