Городские тактики

Горад па шаблонах. Чаму ў Беларусі будуюць, як сорак гадоў таму

1182 Марыя Русак

Генпланы гарадоў Беларусі яднае абсалютная непрадуманасць жылой прасторы і тыповая забудова, якая не ўлічвае мясцовых культурных, тапаграфічных і іншых асаблівасцяў. Паспрабуем разабрацца, чаму ў Беларусі сёння будуюць так, як 20 ці 40 гадоў таму, і чаму большасць гарадоў і рэгіянальных цэнтраў выглядаюць аднолькава ў сваім развіцці.

У 2015 годзе быў прыняты новы генплан развіцця Віцебска. Але рэальна «новага» там мала: падаўжэнне аўтамагістралей, пашырэнне дарог, замена прыватнай забудовы на шматпавярховыя дамы і тыпавыя мікрараёны.

У генплане Віцебска горад працягвае развівацца ва ўсходнім напрамку ўздоўж буйнога транспартнага калідора – Маскоўскага праспекта. Таксама прапаноўваецца пабудаваць новы жылы квартал па вуліцы Караткевіча і развіваць далей раён Білева, дзе будуць створаны чатыры новыя мікрараёны.

Зразумела, ёсць яшчэ шмат дэталяў плана, але хіба галоўным яднальным фактарам з’яўляецца абсалютная непрадуманасць жылой прасторы і тыповая забудова, якая не ўлічвае мясцовых культурных, тапаграфічных і іншых асаблівасцяў.

Беларускі варыянт

Хіба адной з галоўных прычынаў шаблонных вырашэнняў з’яўляецца тое, што ўвесь план развіцця Віцебска быў дэталёва распрацаваны Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым праектным інстытутам горадабудаўніцтва толькі з невялікай карэктурай ад інстытута “Віцебскграмадзянпраект”.

БелНДІП горадабудаўніцтва фактычна мае манаполію на фарміраванне горадабудаўнічай палітыкі дзяржавы, і інстытут на сто адсоткаў выконвае распрацоўку ўсёй вертыкалі горадабудаўнічай дакументацыі ў Беларусі. Такім чынам, установа адказвае за комплексныя схемы  тэрытарыяльнай арганізацыі, генеральныя планы абласцей, раёнаў, гарадоў і гарадскіх паселішчаў, а таксама за дэталёвыя планы забудовы.

Такая сістэма з’яўляецца нашчадкам савецкай сістэмы моцнага цэнтралізаванага ўрада і, адпаведна, цэнтралізаванай будаўнічай палітыкі. У Мінску выпрабоўваліся новыя архітэктурныя дасягненні да таго, як яны цалкам ўвасобіліся ў Маскве. Сёння Мінск заняў пазіцыю метраполіі – з манаполіяй на ўсе горадабудаўнічыя вырашэнні рэгіёнаў.

 

«Журнал» также рекомендует:

  

 

На сайце БелНДІП горадабудаўніцтва зазначаецца, што з 2007 г., пасля значнай тэрытарыяльнай рэарганізацыі 1970-1980-х гг. і некаторага перапынку, інстытут распрацаваў “больш за 15 схемаў комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі раёнаў Беларусі”. Інстытут таксама акрэслівае сваёй галоўнай мэтай не забеспячэнне камфортнага для жыцця асяроддзя, а  “забеспячэнне ў развіцці [рэгіянальных гарадоў] пераемнасці і ўстойлівасці на этапах значных сацыяльна-эканамічных пераменаў”.

Зразумела, што праз такую геаграфічную і канцэптуальную цэнтралізацыю застаецца мала прасторы для індывідуальных вырашэнняў.

Шведскі варыянт

Спецыфіка беларускай горадабудаўнічай палітыкі вызначаецца тым фактам, што ў беларускай дзяржавы ёсць абсалютная манаполія на ўласнасць зямлі. Самы пазітыўны прыклад падобнай сістэмы існуе ў Швецыі, але ў іншай форме, якую варта было б запазычыць і Беларусі.

Першы закон аб планаванні гарадоў у Швецыі ўжо ў 1907 г. зацвердзіў незалежнасць муніцыпальных і гарадскіх саветаў у падрыхтоўцы планаў развіцця. Цэнтральны ўрад мог толькі прапаноўваць, аднак не навязваць змены ў мясцовыя планы, а кожны муніцыпалітэт меў адпаведную адказнасць за рэалізацыю планаў.

Такім чынам, гэты закон дазволіў муніцыпалітэтам (ці абласцям) развівацца згодна са сваімі прыярытэтамі, пры гэтым захоўваючы дзяржаўную манаполію на планаванне. Гэты заканадаўчы акт стаў своеасаблівым нарожным камянём паспяховага досведу шведскага гарадскога планавання і развіцця.

Незалежнае муніцыпальнае планаванне з'яўляецца ключавым аспектам мясцовага самакіравання ў Швецыі, і кожны муніцыпалітэт мусіць вырашыць самастойна, як выкарыстоўваць і развіваць сваю зямлю.

Шведскае дзяржаўнае кіраванне дэцэнтралізаванае: мясцовыя муніцыпалітэты поўнасцю адказваюць за планаванне, развіццё і прадастаўленне паслуг. Кожны муніцыпалітэт мае жыццяздольную эканоміку і падатковую базы, а таксама поўнасцю здольны забяспечваць адэкватныя сацыяльныя і інфраструктурныя паслугі. Муніцыпальныя планы, якія зацвярджаюцца на мясцовых сходах, адразу маюць прававы статус.

Шведскі цэнтральны ўрад можа ўмяшацца ў скрайнім выпадку, напрыклад толькі каб абараніць нацыянальныя інтарэсы, прыродныя рэсурсы або дзяржаўную бяспеку альбо дзеля забеспячэння належнага ўдзелу ўсіх зацікаўленых бакоў.

 

«Журнал» также рекомендует:

  

 

Што рабіць

Для больш разумнага планавання гарадоў Беларусі варта забяспечыць большую незалежнасць мясцовых урадаў, даць ім магчымасць прымаць рашэнні ў адпаведнасці з мясцовымі прыярытэтамі развіцця.

Беларускія вобласці таксама павінны валодаць большай эканамічнай і палітычнай аўтаноміяй, дзейнай падатковай сістэмай, каб мець магчымасць выдаткоўваць сродкі на развіццё.

Якасць прыняцця мясцовых рашэнняў немагчымая без выбарнасці мясцовых уладаў. Толькі праз адпаведную персанальную зацікаўленась у развіцці горада і мясцовасці можна дасягнуць пазітыўных вынікаў, а не праз перайначванне існуючых шаблонаў іншых гарадоў.

Пакуль што ў Беларусі мясцовы ўрад выбіраецца толькі намінальна, а пасады кіраўнікоў абласцей, а таксама мясцовых гарвыканкамаў прызначаныя. Выбарнасць уладаў таксама дапаможа ўсталяваць неабходную сістэму checks and balances, у якой мясцовыя ўлады будуць адказваць за прыняцце і выкананне рашэнняў непасрэдна перад жыхарамі горада.

Нялішнім было б пазбавіць БелНДІП горадабудаўніцтва манаполіі на будаўнічую палітыку краіны. У сучасным свеце падаецца амаль немагчымым сцэнар Беларусі, дзе адзін даследчы інстытут рэалізуе ўсе маштабныя праекты. Варта даць магчымасць мясцовым праектным інстытутам рэалізаваць свой сцэнар развіцця.

Таксама варта задумацца пра пашырэнне рынку планавання, дазволіць прыватным архітэктурным фірмам удзельнічаць у конкурсах і тэндэрах і ў першую чаргу ўвесці канкурэнтныя праектныя ўмовы.

Зразумела, вялікай праблемай таксама з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў. Сёння амаль усе патэнцыйныя ўдзельнікі працэсу навучаюцца ў адным універсітэце ў сталіцы па той самай праграме, што і сорак гадоў таму. Варта дыверсіфікаваць праграму навучання, стварыць філіалы ў іншых гарадах, акрамя Мінска, і пазбавіць горадабудаўнічую адукацыю яе “цэнтральнасці”.

У Беларусі сёння існуе шмат прафесіяналаў, якія могуць стварыць канкурэнтны рынак з рэалізацыяй аб’ектыўна лепшых і эканамічных праектаў, а не паўтараць старыя і неактульныя вырашэнні.

Культурныя асаблівасці

БелНДІП горадабудаўніцтва сцвярджае, што падчас працы над генеральнымі планамі ажыццяўляецца “пошук новых архітэктурна-мастацкіх кампазіцый, сродкаў фарміравання ўнікальнага асяроддзя для кожнага горада, сучаснага маштабу забудовы з пераходам да сярэдняга і малапавярховага будаўніцтва”.

Але ў большасці генпланаў Беларусі новая забудова вядзецца па тыпавых праектах МАПІДа, якія экспартуюцца не толькі ў рэгіянальныя цэнтры Беларусі, але нават у “братэрскія” дзяржавы, напрыклад у Венесуэлу.

У якасці ўнікальных культурных прыкладаў прыводзяцца праекты рэгенерацыі гістарычных цэнтраў Віцебска, Гродна, Навагрудка, Полацка. Але нават “рэгенерыраваныя” гістарычныя цэнтры сёння выглядаюць аднолькава, пад увагу ўзятыя хіба прастора для пешаходаў і некалькі крамаў.

Нават у Віцебску праект аднаўлення цэнтра горада не ўлічвае культурныя і гістарычныя асаблівасці і неабходнасць стварэння “духу месца”. Толькі пазбавіўшыся манаполіі цэнтральнага прыняцця рашэнняў, праз шэраг крытычных сацыяльных даследаванняў і прыслухоўваючыся да мясцовых жыхароў і іх патрабаванняў, можна стварыць горад для людзей.

Самая галоўная праблема сённяшніх праектаў БелНДІП горадабудаўніцтва нават не ў іх візуальнай непрывабнасці, а ў поўным ігнараванні стварэння камфортнага жыццёвага асяроддзя і сацыяльных і культурных мясцовых асаблівасцяў.

Напрыклад, у раёне Білева ў Віцебску, які павінен далей забудоўвацца шматпавярховымі дамамі, на сёння інфраструктура існуе ў вельмі абмежаваным выглядзе без дастатковай колькасці ходнікаў, без паліклінік і дзіцячых садкоў, а недзе і без асфальтаваных дарог.

Пакуль Беларусь будзе працягваць будаваць “панэлькі” без ніякага комплекснага разумення сферы паслуг і інфраструктуры, немагчыма казаць пра сапраўднае развіццё беларускіх гарадоў. Пры гэтым ніхто не забараняе карыстацца тыпавымі мадэлямі і тыпавымі гарадскімі блокамі, але ў XXI ст. гэтыя вырашэнні павінны адрознівацца ад вырашэнняў 1960-х гг. Сучасны тыпавы праект павінен мець магчымасць адаптавацца да мясцовасці, тапаграфіі, сацыяльных і культурных асаблівасцяў і мясцовай сферы паслуг.

Беларусь не можа працягваць перайначваць старыя праекты, а павінна заняцца пошукам і даследаваннем самага аптымальнага варыянта гарадскога развіцця, беручы пад увагу геграфічныя, дэмаграфічныя і сацыяльныя паказчыкі, адпаведныя нашай краіне і асобна ўзятым мясцовасцям.

 

Материал предоставлен редакцией Альманаха Минской урбанистической платформы «Городские тактики». Скачать свежий номер альманаха можно, кликнув на обложку внизу:

Комментировать