Арт

«Кар'ера доктара Раўса». Наш Стыў Джобс і вечны пошук ідэнтычнасці

755 Таня Артимович

Арцём Курэнь у ролі Доктара ў спектаклі «Кар'ера доктара Раўса». Фота: Алекс Астапенка, РТБД

 

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі рэжысёр Аляксандр Гарцуеў паставіў спектакль па п'есе Віктара Марціновіча «Кар'ера доктара Раўса», якая заняла другое месца ў леташнім конкурсе п'ес «Францыск Скарына і сучаснасць». На сцэне — паўэрпоінт-прэзентацыя, мабільныя тэлефоны, а на Маскоўскай чыгунцы гучыць «На белом-белом покрывале января» Вадзіма Казачэнкі. Але гэтыя прыкметы часу не выратоўваць: адбываецца хутчэй пэўная асінхранізацыі з сучаснасцю. У чым прычына?

— Какое имя у вас странное — Франциск. Может, Георгий?

— Нет, Франциск.

Асоба Францыска Скарыны з-пад Полацка магла б стаць ключавой для культурнага наратыву краіны (што, на жаль, да гэтай пары так і не адбылося). Факты яго жыцця здзіўляюць, а сюжэты біяграфіі — гатовы сцэнар для аскараноснай гістарычнай драмы.

Кракаў, Падуя, Вільня, Венецыя, Прага, Масква — Скарына падарожнічае па Еўропе з такой лёгкасцю, быццам лётае лаўкостамі. Апярэджваючы немцаў, перакладае на тую мову, на якой гавораць у яго мястэчку, хадавы ў той час тавар — Біблію. Друкуе, сядзіць у турмах, губляе ўсё, у тым ліку і свае кнігі. Кар’еру заканчвае каралеўскім садоўнікам у Празе.

Матэрыяла для мастацкага ўяўлення процьма. Скарына можа паўстаць летуценнікам, вучоным, маркетолагам, калі на сучасны лад, махляром, шпіёнам. У прынцыпе, за ім можа стаяць хтосьці іншы (як, напрыклад, у спрэчках вакол асобы Шэкспіра).

Віктар Марціновіч піша сваю версію Скарыны. Аўтара цікавіць не сам першадрукар. Марціновіч выкарыстоўвае пэўныя сюжэты з біяграфіі, але цалкам разбурае гістарычную праўду эпохі.

Браты Бабічы, якія даюць грошы на першыя кніжкі, прадстаўляюць карпарацыю, час ад часу персанажы у п’есе размаўляюць па мабільных тэлефонах, у астрозе не ловіць вайфай. Усе гэтыя прыкметы часу, падаецца, узнікаюць не для таго, каб зрабіць Скарыну нашым сучаснікам, маўляў, адчуйце маштаб — беларускі Стыў Джобс.

Гаворка ідзе пра кар’еру генія з Беларусі, які прадказальна непатрэбны на сваёй радзіме, але і для замежнікаў ён аказваецца чужынцам, бо — як такім прасунутым можа быць чалавек з Усходняй Еўропы?

Геапалітыка іграе важную ролю у п’есе. Марціновіч выносіць яе ў назву, ствараючы пэўную інтрыгу — Раўс. Гістарычна факт: Скарына падпісваўся русином, што аўтар у п’есе тлумачыць тым, што на той момант слова, якое апісвала б тэрытарыяльную адзінку сучаснай Беларусі не было.

Але гэтая «гістарычнасць» — зноў умоўнасць. Падаецца, Скарына і ягоныя сучаснікі нашмат лепей уяўлялі сабе сваю ідэнтычнасць. Іншая справа, што пэўныя словы мелі іншыя значэнні, ды ўвогуле канструкта «нацыі» як такога яшчэ не існавала. Ідэнтычнасць апісвалася праз іншыя катэгорыі. Але гульня з «Раўсам», які ў п’есе паўстае як «кампраміс» паміж Польшчай і Расіяй, накіраваная на сучаснага гледача.

«Кар'ера доктара Раўса». Фота: Алекс Астапенка, РТБД

 

Акрамя таго, Марціновіч адзначае пэўнага кшталту выкінутасць ужо сучаснай Беларусі з глабальнай культурнай прасторы. Можна не пагадзіцца і сказаць, што ёсць прарывы, ды ўвогуле ўжо столькі беларусаў «за мяжой» трапілі ў топы навінаў, хаця б незалежнай беларускай прэсы. Толькі «прарывы» гэтыя, нават уласная Нобелеўская лаўрэатка, наўрад ці кардынальна змянілі тую мяжу, нават сцяну, якая дзеліць Захад і Усход. Беларусь, зразумела, знаходзіцца па іншы бок ад уяўнага Захада.

Вызначэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, сцвярджэнне свайго месца на глабальнай мапе, супрацьстаянне двум вектарам — чужому Захаду і чужому Усходу — застаюцца для пэўнага кола беларусаў невылечанай ранай яшчэ з савецкіх часоў. Такі пасыл — адстойванне сваёй культурнай памяці праз нацыянальный канструкт і мову — на пачатку 1990-х у беларускіх тэатрах выклікаў рэвалюцыйны ўздым (успомніць хоць бы спектакль «Тутэйшыя» Мікалая Пінігіна ў Купалаўскім тэатры).

Ці застаецца покліч да «каранёў» і згубленная нацыянальная ідэнтычнасць актуальнымі дагэтуль? Шчыра хочыцца верыць, што не, бо інакш аказваецца, што свет рухаецца далей, а беларусы ўсё яшчэ даказваюць — сабе ў першую чаргу — што яны існуюць.

Гэта ў першую чаргу пытанне да спектакля, бо менавіта ў сцэнічнай інтэпрытацыі і адбываецца пэўная асінхранізацыі з сучаснасцю. Напярэдадні прэм’еры Аляксандр Гарцуеў адзначаў, што п’еса занадта літаратурная і што ён скараціў яе амаль удвая. Тэкст і сапраўды выгладае літаратурным, але наўрадці гэта ёсць прычынай для завісанняў, якія ёсць у спектаклі і якія рэжысёр спрабуе прыкрыць музыкай, што суправаджае амаль кожны паварот у сюжэце.

Апошнія дзесяцігоддзі на хвалі постдраматычнага тэатру ўвогуле ўвайшла мода на вялікія не-драматычныя наратывы. Справа як раз у інтэрпрэтацыі, якая ў дадзеным выпадку слова ў тэксце пераўтварае ў слова на сцэне, якое ў эпоху візуальнай культуры падаецца пустым, нават з перспектывы — словы штосьці значаць.

«Кар'ера доктара Раўса». Фота: Алекс Астапенка, РТБД

 

Рэжысёрская інтэрпрэтацыя спрабуе надаць гэтым словам палітычна-актуальнае значэнне: гучыць і пра «дармаедаў», узнікае фігура рэктара па выхаваўчай працы ды шмат яшчэ якіх алюзій. Для інтрыгі з’яўляюцца ў спектаклі адмысловыя персанажы, напрыклад, Файны хлопчык у галіфэ — такі «мелкий бес» для Скарыны, які спакушае яго ў пачатку пісаннем даносаў (вось дзе сапраўды прадуктыўны шлях для кар’еры), а потым суправаджае яго ў розных аблічах на працягу ўсяго дзеяння, ламаючы лёс.

Такая папулярная ў савецкія часы «эзопава мова» сёння выглядае больш чым бездапаможнай, хутчэй, ствараючы плоскае ўяўленне, чым аб’ём па-сапраўднаму палітычнага тэатра. У п’есе, зразумела, Скарына вядзе барацьбу за слова — надрукаванае слова, якое хутка набудзе неімаверную палітычную моц. Але сёння слова, калі мы гаворым пра поле ідэалогій, пераўтварылася ў абалонку, а галоўная барацьба вядзецца, хутчэй, за выяву.

«Иделогия насквозь опосредована культурой, понимаемой, конечно, в наиболее широком смысле слова. Если где и продолжается борьба визуального и вербального, то скорее в области интерпретации новых образных систем» — разважае расійскі філосаф Алена Пятроўская.

Стварэнне новых візуальных кодаў з’яўляецца адной з найважнейшых задач сучаснага тэатра і мастацтва агулам. І вось менавіта татальная адсутнасць такога кода ў спектаклі, выкарыстанне мовы існуючай ідэалогіі (хоць бы і спрабуючы іранізаваць над ёй) і робяць са Скарыны ў спектаклі — яшчэ адзін помнік, абсалютна бяспечны для любой ідэалогіі.

Кім сёння ёсць Францыска Скарыны з-пад Полацка? Якім чынам ён марыць пераўтварыць свет і якое вынаходніцтва, здольнае перафармаваць поле ідэалогій, прасоўвае? Падаецца, менавіта ў гэтым коле пытанняў і палягае спроба вызначыць сучаснасць, якая узнікае не дзякуючы знешнім атрыбутам і алюзіям.

У першую чаргу, гэта пэўнага кшталту мова — матрыца, якая не проста гаворыць, але выбудоўвае свет менавіта такім, якім мы яго (не) бачым.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Комментировать