Жизнь

«Тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля не будзе». Правілы жыцця Кастуся Каліноўскага

2002 Павел Абрамович

У Вільні сёння адбываецца перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Якім чалавекам быў Каліноўскі, якія думкі і ідэі спавядаў, чаму людзі пайшлі за ім, 25-гадовым? «Журнал» сабраў правілы жыцця нацыянальнага героя Беларусі з ягоных артыкулаў і лістоў.

Пра свабоду і вольнасць

Няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее.

Не мала працы трэба, каб здабыць гэту свабоду, каторай жджэ ўсякі, пачаўшы ад дзіцяці да старога дзеда.

Мы ўжэ пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба — і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо.

Будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам да бацькам.

Пра ўрад

Чытаў я ў ксёнжках, што ёсць на свеце якась саранча, катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарску зглуміць. Маем мы, браткі, горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўнікі маскоўскія з сваёю «праўдаю» і «справядлівасцею», яны людзі вельмі здатныя, што то па-маскоўску «праворныя», умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі як маці радзіла — і жыві пад гэтакім рондам [урадам] без суду і праўды.

Не народ зроблены для ронду, а ронд для народу.

Нам адно сільна з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага за ўсяго карыставаць.

І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей.

Пра дабро, розум і вольнасць

Таго, хто нам дабра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, — і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад светам — самі скажэце?

Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.

Мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна што шубеніца [шыбеніца] для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа!

А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужэ талкуйце памеж сабою, якой вам вольнасці патрэба, і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа.

Мы сягодня ўсе ўжэ ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за катору ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць, — калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу.

Пра паўстанне і сумленне

Калі паўстанне зроблена пад добрую пару, узрастае і ажыўляе народ.

Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе.

Калі ўсе каралі падпісалі нашу няволю маскоўскую, то яны вельмі скрыўдзілі чэсць сваю, — змыць гэтае бясчэсце не толька патрэба, но кожан мусіць, каб мець сумленне чыстае.

Нас цар ужэ не падмане — не падвядуць маскалі! Няма для ніх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба — для ніх мы глухі і немы і нічога не бачылі і не чулі.

Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія. <…> Для цябе, Народзе, ўсё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бяспраўнаму, не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рот, скажуць: «шалёныя», Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа.

Народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі.

Пра справядлівасць і праўду

Праўда, што мы былі дурныя і, як гэтыя авечкі, нічога не зналі, но, здаецца, пара ўжэ паразумнець, угледзець праўду.

Чалавек то такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хочэ, альбо, калі даведаецца, то хочэ зразумеці добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда.

О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце!

Чы ў нас е справядлівая наука ў школах, што учыць жыці без крыўды другога? Чы е праўда і справядлівасць у судзе? Чы можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Самі скажэце.

Хто хоча дазнаць праўдзівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім.

Горка пакінуць зямельку радную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду.

Пра веру бацькоў

3 дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сызму [схізму] пагану. Праўда, людцы, ёсць за што падзякаваці!..

Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!

Калі Сын Боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру, і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі [пакуты], то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую…

Ні адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры, і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры, і, як сабака, здохне чартам да пекла!!!

Пра расейцаў

У нас, дзецюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля.

Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табою праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтам народзе ўсякую памяць а свабодзе да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мыслі, без праўды, без справядлівасці, без сумлення да і без баязні Боскай.

А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе.

Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе.

 

Комментировать