Арт

Вольга Гапеева: «Дзіцячая літаратура – вельмі сур’ёзная рэч»

977 Ольга Бубич

Часы, калі дзіцячыя пісьменнікі былі ў пашане, засталіся ў мінулым. Сёння іх творы часта лічаць чымсьці накшталт «недалітаратуры». Грэбаванне жанрам прыводзіць да беднасці рынку дзіцячай літаратуры, калі нізкаякасныя або перакладныя кнігі запаўняюць кніжныя паліцы. Прыкладам сучаснай кнігі для самых маленькіх, якая прымушае задумвацца, стала кніга беларускай паэткі, перакладчыцы і лінгвісткі Вольгі Гапеевай «Сумны суп», якая сёлета атрымала тытул «Кніга году» ад Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтарка галоўнай сёлетняй дзіцячай кнігі распавяла «Журналу» пра сітуацыю на рынку беларускай дзіцячай літаратуры, яе болевыя кропкі і перспектывы развіцця.

– Ці праўда, што ў пісьменніцкім асяроддзі статус дзіцячага пісьменніка сёння не з’яўляецца асабліва ганаровым? У чым прычыны непапулярнасці гэтага жанру?

– На мой погляд, вельмі яскрава ілюструе стаўленне нашага грамадства да дзіцячай літаратуры гісторыя з рэцензіяй на кніжку «Сумны суп», якая была апублікаваная ў адным дзяржаўным выданні. Сярод радкоў чытаю, што «і гэтыя гісторыі сачыніла маладая мама для ўласнага дзіця». То бок, аўтарка рэцэнзіі зрабіла мяне мамай і вытлумачыла ўсю канцэпцыю кніжкі тым, што, нібыта, маладая мама піша для свайго дзіцёнка. Гэта не толькі у корані няслушна, бо я не маю дзяцей, але ж таксама сімптаматычна.

На самой справе у нашай літаратуры існуе падход, згодна з якім людзі пачынаюць пісаць дзіцячыя кніжкі, калі ў іх саміх з’яўляюцца дзеці. І гэта, быццам бы, пэўны этап ў жыцці, якім трэба перахварэць… Можна, нават, такую храналогію ўявіць: чалавек пачынае з вершаў, пасля, скажам, бярэцца шлюбам, у яго ці ў яе нараджаюцца дзеці, ён/яна трошку піша для дзетак, а пасля ужо пераходзіць на сур’ёзную літаратуру. І піша сур’ёзную прозу.

Думаю, што ў свядомасці масавага чытача ці нават літаратара такая градацыя жанраў насамрэч існуе. Але ж мне здаецца, што гэта абсалютная лухта і глупства, таму што дзіцячая літаратура, на самой справе, – гэта вельмі сур’ёзная рэч. І ў гісторыі сусветнай літаратуры шмат прыкладаў якасных дзіцячых твораў, якія былі напісаныя вялікімі майстрамі.

І менавіта таму мне шкада, што ў нашай краіне дзіцячая літаратура ўспрымаецца як нейкая «недалітаратура». Людзі не разумеюць, што калі мы хочам пабачыць змены ў грамадстве, мы павінны пачынаць з адукацыі, з дзяцей. Бо менавіта праз дзіцячую літаратуру можна і трэба трансляваць новыя нормы паводзінаў ці нейкія «апгрэйджаныя» каштоўнасці. Казаць, што гэта несур’ёзна ці што гэта «недалітаратура» – немажліва.

Калі ў ПЭН-цэнтры ўручалі «Кнігу года», падчас дыскусіі Валянцін Акудовіч выказаў думку наконт бессэнсоўнасці вылучэння дзіцачай літаратуры ў асобную катэгорыю конкурсу. Рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць: сапраўды было б добра інкарпараваць дзіцячую літаратуру непасрэдна ў прозу альбо, адпаведна, у паэзію. Але дзеля гэтага ў грамадстве мусіць быць разуменне таго, што дзіцячая літаратура – такая ж сур’ёзная літаратура, як раманы і аповесці для дарослых. А на жаль, пакуль у нас гэтага не назіраецца.

– А якім быў твой уласны шлях у дзіцячую літаратуру? Ты – аўтарка чатырох паэтычных зборнікаў і аднаго зборніка прозы. Чаму ты вырашыла звярнуцца да жанру дзіцячай літаратуры?

– Мне здаецца, што ў кожным чалавеку суіснуюць розныя «я». Дзіцёнак унутры майго «я» з’яўляецца важнай крыніцай натхнення. Неабходнасць заставацца ў чымсьці дзіцём уласцівая паэтам, таму што паэтычны позірк у чымсьці наіўны. Але гэтая наіўнасць пазітыўная: калі чалавек больш адкрыты свету. Калі ён ці яна вельмі эмпатыйныя і гатовыя пабачыць і пачуць нават пёрка, якое ляціць па вуліцы. Звярнуць увагу на дэталь.

Мне здааецца, што ў дзіцячай літаратуры кніжкі як раз напоўненыя такімі дэталямі – дробязямі, на якія мы звярталі ўвагу, калі былі дзецьмі. Вырастаючы, мы маем поўны набор іншых праблем, мы ўжо не здзіўляемся, не радуемся, не перажываем за нейкія такія рэчы – дробязныя з дарослага пункту гледжання, але не дробязныя з дзіцячага.

– Перш, чым ўзяцца за напісанне кнігі для дзяцей, ты вывучала рынак беларускай літаратуры гэтага жанру? Цікавілася тымі кнігамі, якія ўжо стаяць на кніжных паліцах дзіцячых раздзелаў?

– Да таго, як я пачала пісаць дзіцячыя творы, з беларускай дзіцячай літаратурай я была знаёма вельмі павярхоўна. Але паколькі я проста люблю дзіцячыя кніжкі, не магла не параўноўваць тое, што ёсць у нас і тое, што ёсць за мяжой. Канешне, я адразу пабачыла паміж гэтымі кніжкамі розніцу. Яна, несумненна, ёсць, і яна вельмі адчуваецца.

Напрыклад, я памятаю, як апынулася на закрытай сустрэчы са шведскім пісьменнікам Ульфам Нільсанам, якая была арганізавана Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Там закраналіся вельмі важныя пытанні, якія паказалі, наколькі нечулліва наша пісьменніцкае асяроддзе да тых тэмаў, якія ужо ўздымаюцца на захадзе. Гэта і тэмы зменаў гендарных мадэляў, і тэма смерці. Спадар Нільсан тады сказаў вельмі важую рэч: калі вы – дзіцячы пісьменнік/пісьменніца ці пішаце для дзяцей, то павінны заўсёды памятаць, што ваш чытач/чытачка можа быць дзіцём з сям’і, дзе два таты ці дзве мамы, дачкой прафесара ці дачкой працоўнага. І тут справа не ў сексуальных меньшасцях, а, перш за ўсё, у разуменні, што ва ўсіх дзяцей – розныя бэкграўнды. І таму, калі вы ствараеце свае казкі і гісторыі, трэба пра гэта памятаць. Вашы чытачы могуць быць абсалютна розным.

Я падтрымала ягоны падыход, і сказала, што акурат гэтага мне і бракуе ў сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. Большасць са мной не пагадзілася і даволі рэзка асудзіла ўсе гэтыя «заходнія штучкі». Але я не кажу, што трэба азірацца на захад, у нас свой соцыум, свае праблемы, аднак трэба паказваць, што ёсць іншыя мадэлі. Таксама я разумею, што нельга патрабаваць немагчымага: калі ў аўтра няма іншага досведу, калі ён/яна не ведае і не бачаць чагосьці іншага, то як ён/яна зможа пра гэта пісаць? Але навошта так крытычна ставіцца да тых, хто такі досвед мае? Магчыма, гэта нейкая рэўнасць ці жаданне застацца з тым, да чаго яны ўжо звыкліся. Не трэба гвалтам навязваць новыя мадэлі, але падтрымліваць разнастайнасць трэба.

– Можаш прывесці прыклады з тваіх гісторый для дзяцей гэтых самых «іншых мадэляў», якія табе хацелася б паказаць тваім маленькім чытачам?

– Так. Напрыклад, у кніжцы «Сумны суп» я пішу пра тое, што тата-вожык з сынам-вожыкам гатуюць пірог для мамы. Тата раней прыйшоў з працы, і гэта абсалютна нармальна. Альбо ў маёй новай кніжцы «Дзве авечкі» ёсць гісторыя, дзе яны едуць на пікнік, а побач з імі – на ровары пяць матылькоў. Ровар урэзаўся ў хатку янота і паламаўся. Матылькі бядуюць, а авечкі прапануюць свою дапамогу. Яны дастаюць адкруткі з заплечніка і рамантуюць ровар. То бок, я паказваю чытачам, што не абавязкова быць хлопчыкам, каб умець парамантаваць ровар.

Ілюстрацыя з кнігі "Дзве авечкі". Ілюстратар - Марта Герашчанка

 

Яшчэ я заўважыла адзін цікавы момант. Некаторыя пісьменнікі, разважаючы над сучаснымі мадэлямі, думаюць, што будзе дастаткова ўвесці ў кніжку сучаснага персанажа – і гэта зробіць яе сучаснай і прывабнай для дзяцей. Напрыклад, аднойчы, праглядаўшы дзіцячыя беларускамоўныя кніжкі, я ўбачыла кніжку с караценькімі аповедамі. Там была казка пра мабільны тэлефон. Здавалася б, так, сучасныя тэхналогіі. Але калі я пачытала тэкст, стала зразумелым, што, нягледзячы на «сучасных герояў», там транслююцца ўсім знаёмыя гендарныя стэрэатыпы.

Многія тэмы лічацца табуяванымі ў дзіцячай літаратуры, што не зусім слушна. Напрыклад, як напісаць пра смерць? Як яе падаць? Можна жыць і думаць, што ўсе дзеці – шчаслівыя, а дзяцінства – самая шчаслівы час ў жыцці. Але ж гэта абсалютна не так. Сёння, як і заўсёды, ёсць вельмі шмат траўмаваных дзяцей, якія жывуць у сем’ях з самымі рознымі сітуацыямі. У іх могуць памерці бацькі, і дзіцяці трэба гэта неяк перажываць. Беларускае грамадства яшчэ не дарасло, каб цягаць дзіця да псіхатэрапеўта, да таго ж, гэта каштуе немалыя грошы, але кніжка як раз можа дапамагчы.

Калі я ўпершыню пабачыла кніжку таго ж самага шведскага пісьменніка Ульфа Нільса «Бывай, спадар Мафін» (у перакладзе на англійскую), яна мяне проста зачаравала. Гэта гісторыя пра хамячка, які рыхтаваў свайго гаспадара – маленькага хлопчыка – да сваёй смерці, пішучы яму вельмі кранальны ліст… Там былі такія простыя і разумныя словы! Чытаеш і адчуваеш, што так – бываюць моманты, калі трэба развітвацца з дарагімі сябрамі, ты пачынаеш разумець смерць як натуральны працэс, балючы, але непазбежны.

– Як павінна змяніцца сітуацыя на рынку беларускай літаратуры, каб тая самая альтэрнатыва, пра якую ты кажаш, была заўважаная і ацэненая масавым чытачом?

– Гэта пытанне даступнасці і рэкламы. Калі кніжка ёсць, калі яе робяць бачнай, яна будзе заўважаная. Калі мы хочам, каб кніжка дайшла да масавага чытача, гэтым трэба планамерна займацца. Піар, рэкляма, трэба, каб пра кніжку размаўлялі, каб гэта было «крута», як цяпер кажуць. А ў гэта трэба ўкладаць грошы, патрэбна зацікаўленасць дзяржавы, саміх выдавецтваў. Калі ты хочаш, каб якасны прадукт дасягнуў масаў, трэба з ім працаваць. Але мая паэтычная творчасць навучыла меня ставіцца да ўсяго спакойна – я не разлічваю на стадыёны.

Фота: Вольга Бубіч

Комментировать