Арт

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя. Шэф у гістэрыцы. Частка 2

755 Альгерд Бахарэвіч

Канцэрт групы «Правакацыя», 1990-я

 

Першыя менскія клубы, рок-фестывалі і асобы беларускай музычнай сцэны 1990-х. Чарговая частка новай кнігі Альгерда Бахарэвіча пра дзевяностыя – яго і ўсёй краіны. 

Папярэднія часткі кнігі можна пачытаць тут.

Барысаўдрэў

У 1993-м у мяне зьявілася першая сапраўдная электрычная гітара – прыгожая, белая, танная, вытворчасьці легендарнай барысаўскай фабрыкі. Менавіта такая, каб граць на ёй беларускі панк. Бо гук у маёй красуні быў што трэба: падключыўшы да яе прымочку, я атрымліваў той саўнд, пра які марыў – рэзкі, едкі, бляшаны, “пярдзючы”, ён захінаў сабой усё, ён быў густы, жудасны і беспраглядны, як шабаноўскі туман над прамзонай, і безнадзейны, як будучыня айчыннай дэмакратыі. На гэтай гітары я і прыдумаў першыя песенькі “Правакацыі” – музыку да астатніх збольшага напісаў Макс. Які нарэшце далучыўся да майго гурта – і зь якім той гурт здабыў сабе лякальную славу.

У мяне была гітара, былі тэксты, Макс, Лаўрэнцій, басуха, у Максавым гаражы стаялі барабаны – не было толькі бубнача і басіста. Але яны ўжо хадзілі недзе побач, гэтыя студэнты матфаку рок-н-рольнага выгляду, якія ўсё паглядвалі з інтарэсам на мяне, а я на іх, засталося толькі падысьці і спытаць, хто яны такія, гэтыя двое. І я, трохі павагаўшыся, напусьціў на сябе самы нахабны выгляд, які мог, падышоў – і спытаў.

Правакатары і праграмісты

З прыходам лагайчаніна Вовы Лушчынскага і талачынца Колі Паляжаева “Правакацыя” і ператварылася ў паўнавартасны, сапраўдны гурт. Яны абодва былі захопленыя кампутарамі і музыкай, а як людзі аказаліся вясёлыя і душэўныя і без праблем упісаліся ў мой праект.

Я слухаў і вушам сваім ня верыў: мае наіўныя песенныя спробы з барабанамі і басам загучалі магутна, нахабна і рашуча, у нас нарэшце быў гук, у нас было што паказаць Менску і сьвету. Вова пазнаёміў нас з лагойскімі музыкамі, “Тэрыторыяй санаторыя”, зь якімі мы часта пачалі выступаць у іхным родным горадзе, а Коля запрасіў прыехаць да яго ў Талачын і зрабіць там запіс на школьнай студыі. А заадно і канцэрт зладзіць. Так што мы пачалі выступаць досыць рэгулярна – і рэпэтаваць, як дурныя, ледзь ня кожны дзень, да поўнага ачмурэньня.

Канцэрт групы «Правакацыя», 1990-я

 

Рэпэтыцыі

Дзе мы толькі не рэпэтавалі цягам дзевяностых.

У прафэсійна-тэхнічным каледжы на Ваўпшасава. Туды нас уладкавала мая добрая мама.

У Палацы культуры глухіх на Ўральскай. І там бяз мамы не абышлося.

У ПТВ на Аўтазаводзе, паблізу ад ДК МАЗ.

У школах.

На сур’ёзных рэпэтыцыйных пунктах, якія тады пачалі адчыняцца па ўсім Менску.

У Дамах творчасьці.

Але па-сапраўднаму гістарычнымі для “Правакацыі” зрабіліся два месцы: Максаў гараж на вуліцы Карастаянавай і лазьня ў Лагойску, якой валодаў лідэр лагойскіх музыкаў Макс “Стары”.

У Максавым гаражы быў падвал – туды мы і спускаліся, нібы ў пекла, каб займацца сваёй бязбожнай справай. Там стаяў увесь апарат, барабаны, прылады для запісу, там, блытаючыся ў шнурах, я прыладжваўся зь мікрафонам або гітарай – і пачыналася. На паверхні зямлі аўтааматары з таго гаражнага каапэратыву гадзінамі слухалі, як мы творым музыку – і што самае цікавае, ніхто ні разу не паскардзіўся.

На сьцяне ў нас вісеў зроблены Максам плякат: “У нас нет поклонников, но зато нет и конкурентов”. Неяк да нас у гараж завітаў паэт Віктар Жыбуль і зрабіў некалькі здымкаў – адзінае, што засталося для гісторыі. Я любіў акустыку і атмасфэру таго падвалу – гараж надаваў нашым песьням аўтэнтычнасьці. Гаражны рок на тое і гаражны, што граць яго трэба ў гаражы, а ня ў зацені ружавых кустоў.

Віктар Жыбуль у гаражы, дзе рэпэтавала група «Правакацыя»

 

Пазьней мы пачалі па выходных езьдзіць у Лагойск, дзе “Стары” з “Тэрыторыі санаторыя” ласкава прапанаваў нам для рэпэтыцый сваю лазьню. Па дарозе мы куплялі некалькі бутэлек і запасаліся тытунём, лагойскія сябры частавалі нас каўбасой і самагонам – і мы цэлы дзень адточвалі рэпэртуар.

Каб патрапіць у Лагойск, трэба было ехаць на Маскоўскі аўтавакзал, які ўжо не існуе – я любіў піць там кепскую каву і разглядваць пасажыраў: тады мне рэдка даводзілася падарожнічаць па Беларусі – і потым паўгадзіны, у прадчуваньні насычанага творчага дня, трэсьціся ў аўтобусе.

Маскоўскі аўтавакзал зь ягонымі футурыстычнымі фарштэўнямі, які нібы вісіць у паветры, павольна круцячыся ў промнях ранішняга сонца – што ні кажы, а ягоны вобраз заўжды будзе асацыявацца ў мяне з Лагойскам. Горадам, дзе маю музыку ўспрымалі, бадай, лепш за ўсё. Гэта ў Лагойску я ўпершыню пачуў ад аднаго з прыхільнікаў фразу, здольную пацешыць любога творцу:

“Вот есть такие люди, как ты… Таких надо поить и кормить, и гордиться, что ты их поишь и кормишь, потому что они такое могут написать, что тебя до самого нутра проймет. Понимать надо: это, б…дь, дар, талант, каких мало, ты пои и корми его, и радуйся, что рядом случайно оказался”.

Назад у Менск мы ехалі зазвычай у цемры, п’яныя і змораныя.

Пакрысе алькаголь пачаў перамагаць: усё часьцей мы былі ня ў стане дабрацца дамоў і заставаліся начаваць у гасьцінным Лагойску.

Група «Правакацыя», 1998

 

Nightclubbing

Такое жыцьцё руйнавала здароўе, але загартоўвала нас як музыкаў – мы пачуваліся ўсё больш упэўнена. Цяпер ужо нікому не прыходзіла ў галаву з нас сьмяяцца – наадварот, у “Правакацыі” зьявіліся першыя фаны, канцэрты здараліся ледзь не штомесяц, пра нас напісалі ў “Музыкальной газете” – а потым я ўжо адсочваў пасьля выступаў, што пра нас пішуць журналісты, і няхай гэта была хаця б пара радкоў: радкі гэтыя былі збольшага ўхвальныя. І вось я ўжо раздаваў аўтографы – на майках, у нататніках, на афішках, на потных падлеткавых далонях, а пару разоў, п’яны, страшны і змакрэлы, і на падстаўленых дзявочых грудзях… Іншыя правакатары не адставалі.

Паралельна я пісаў вершы, выступаў з Бум-Бам-Літам як літаратар – і адчуваў сябе ў гэтым сьвеце ўсё больш упэўнена. Я самарэалізоўваўся – і некуды неўпрыкмет падзяваліся мае юначыя страхі, мая разгубленасьць, мая наіўная перакананасьць у сваёй слабасьці і непаўнавартасьці…

Палова маіх дзевяностых прайшла пад гітарны скрыгат, у цыгарэтным дыме пад моцныя напоі і ў вечным бадзяньні і пошуку: мікрафонаў, шнуроў, музыкаў, рэпэтыцыйных кропак, нейкіх людзей і тэмаў, у змаганьні з дырэктарамі дамоў культуры і ўласнымі комплексамі…

І ўсё ж я ўжо тады ведаў, што мне ніколі не зрабіцца музыкам, у мяне не было да гэтага ніякага таленту. Мяне цягнула да літаратуры. Макс – так, ён умеў прыдумаць мэлёдыю. А песьні, якія складаў я, не былі музычнай зьявай -- проста нонканфармізм у чыстым выглядзе. Таго, чаго так не хапае гэтай культуры цяпер. Але на адным нонканфармізьме далёка не заедзеш.

Дзень правакатара

Паспрабую зараз успомніць, як выглядаў наш тыповы “канцэртны” дзень.

Зранку я прачынаўся ў цудоўным настроі – і адразу пачынаў чакаць вечара. Будучы канцэрт ураз апраўдваў усё мае існаваньне. Заўтрашнія праблемы, дый наогул: усе праблемы, якіх у мяне заўжды была процьма, ня мелі ніякага значэньня. Дзень быў асьветлены гэтым чаканьнем, нібы водбліскам далёкага вогнішча.

Канцэрт групы «Правакацыя», 1990-я

 

Па абедзе мы зьбіраліся ў гаражы і потым весела, з жартамі-прыпеўкамі, ехалі, часам праз увесь горад, увешаныя інструмэнтамі, а Вова цягнуў сольнік і жалеза. Калі перад канцэртам наладжвалі гук, мы ішлі выпіць куды-небудзь у найбліжэйшы сквэрык, толькі Макс часам заставаўся на сцэне, ён быў з нас самы адказны. Але потым далучаўся і ён. Вова таксама прыкладваўся да бутэлькі, Коля піў мала, апраўдваючыся, што яму яшчэ граць, а я сябе ня стрымліваў – гэта была мая асабістая наладка на выступ. Мы дэманстратыўна мала надавалі ўвагі ўсяму гэтаму працэсу падрыхтоўкі – мне дужа хацелася паказаць арганізатарам і іншым музыкам, што “Правакацыі” насраць на такія ўмоўнасьці. У выніку наладжвацца даводзілася ўжо ў працэсе.

Калі прыходзіла нашая чарга зьявіцца на сцэне, я заўжды залазіў на яе апошнім, гуляючы ў рок-зорку. Залазіў і пачынаў свой рытуал, які падабаўся публіцы і злаваў адміністрацыю: разуваўся, нешта балбатаў, пасьля першай песьні расшпільваў прарэх на штанах, потым ужо і праўда рабілася горача, мы з Максам скідвалі футболкі і голыя па пояс і мокрыя распалялі сябе і народ.

Мне ўсё было мала гітары – я хацеў, каб яна бессаромна вішчала і раўла, а баязьлівыя гукарэжысэры ўсяляк намагаліся зрабіць нашае гучаньне хоць крыху цішэйшым. На першых песьнях почасту наогул нічога не было чуваць, апрача майго дзікага вакалу і Вовавых барабанаў.

Нашым асноўным гітом і самай удалай песьняй была “Шэф у гістэрыцы”:

“Шэф прыяжджае заўжды а дванаццатай,

Зь нямецкай аўчаркай і гумовым кіём.

Шэф не дазволіць мне ленавацца.

Шэф ненавідзіць усіх гультаёў.

Шэф у гістэрыцы!

Шэф аблівае мяне сваёй сьлінай.

Шэпча на вуха, што я підарас.

Шэф крычыць: “Ты дэфэктыўны!”

А я толькі згодна ківаю ў адказ.

Шэф ставіць мяне на калені.

Шэф пазбаўляе мяне прэміі.

Шэф мяне б’е падкаваным ботам.

Шэф мне дае пажыцьцёвы суботнік

Шэф у гістэрыцы!”

За што нас яшчэ любілі і ненавідзелі? За песеньку “Квітней, мая Быдляндыя”:

“Мае суайчыньнікі любяць

Сустрэчы з вусатай даяркай.

Яна іх падоіць старанна,

Пяшчотна, умела і шпарка.

Мае суайчыньнікі любяць,

Як пуга прыгожа сьвішчыць,

Ім так падабаецца біцца

Ілбом аб плястмасавы шчыт.

Квітней, мая Быдляндыя!”

За тужлівы і вусьцішны “Адчай”:

“Выбух на стадыёне.

Нібы на нудысцкім пляжы,

Ты распранешся і ляжаш,

Падставіш сьпіну вачніцам руінаў…”.

І за прысьвечаную лукашэнкаўскай “палатцы” панкаўскую полечку-трасуху “Нацыянальны сход”, у якой было толькі два сказы:

“Ён я..е лялек у рот –

Нацыянальны сход!”Часам, як у лагойскім Доме культуры дзяцей і моладзі, нам выключалі электрычнасьць – колькасьць нашай музыкі, якую магла вытрымаць дырэкцыя ўстановы, залежала не ад нас. На рок-фэстывалях – такіх, як знакамітыя “Вольныя танцы” – ніхто нам гук не вырубаў, але глядзелі скоса, надта ўжо шмат мы сабе дазвалялі і надта ўжо плявалі на якасьць выкананьня. Гэта быў перабор – нават для аматараў такіх жанраў, як наш. Мы былі выключна, наўмысна, дэманстратыўна непрафэсійныя і ганарыліся гэтым.

Я падаў, падымаўся, валяўся, качаўся, імітаваў сэкс зь мікрафонам і стойкай, цалаваў падлогу, лаяўся нехарошымі словамі і біўся галавой аб усё, што траплялася мне на шляху. Інакш усё гэта было б нецікава.

Ужо ў самым канцы дзевяностых, калі мы гралі неяк у кінатэатры “Ракета”, я кінуўся галавой уніз са сцэны, спадзеючыся, што публіка мяне зловіць. Як гэта бывае ў тэлевізары. Культурныя, выхаваныя юныя слухачы, пабачыўшы мой намер, ветліва расступіліся – я паляцеў уніз, бразнуўся галавой аб падлогу і ледзь не зламаў сабе шыю. У той самы вечар я яшчэ і ўдзельнічаў, басанож, у пэрформансе Тэатру псыхічнай неўраўнаважанасьці – і парэзаў ногі або шкло. Так і хадзіў увесь вечар па кінатэатры, пакідаючы паўсюль крывавыя сьляды. Пасьля такога я выразна адчуваў, што я – жывы. І гэта напаўняла мяне энэргіяй.

У такія вечары пасьля канцэртаў мы ішлі куды-небудзь выпіць і адзначыць удалы (ці правальны, усё адно) выступ. Дамоў я вяртаўся ўначы. Назаўтра канцэртаў не плянавалася – і настрой у мяне быў пануры. Але ўспамін аб пражытым дні яшчэ доўга грэў сэрца. Бацькі вельмі за мяне перажывалі – бо абіраць сабе нармальную жыцьцёвую дарогу я не зьбіраўся.

Гітарыст “Правакацыі” Макс у 1999 і 2016 годзе

 

Брэмэнскія музыкі

Хто граў у “Правакацыі”? Апрача мяне, Макса, Вовы і Колі, асновы гурту, у “правакатары” я залічваю тых, хто далучаўся да нас ненадоўга, але без каго гурт уявіць цяжка.

Найперш гэта Вольга Краўцова, якая грала ў першым складзе “Лепрыконсаў” і ў жаночай камандзе “Четыре беды” – і на некалькі гадоў зрабілася басісткай майго гурту.

І Андрэй Бараноўскі з Лагойску, які пэўны час граў у нас на гітары.

І ўжо згаданы Сяржук “Дзядзька” Мядзелка, які быў у нас вакалістам, а я ў гэты час узяў у рукі гітару. Ніяк не забудуся наш зь ім канцэрт у Лагойску, на якім мы выканалі “Anarchy in the R.B.” – “Анархія ў Рэспубліцы Беларусь”.

І Лёха Чыканас, удзельнік нашага першага незабыўнага канцэрту.

На самым пачатку граў у “Правакацыі” і адзін зь яе заснавальнікаў, Лаўрэнцій – але канкураваць з Максам ня мог ніхто, і, пайграўшы ў “НК”, музыку Лаўрэнцій кінуў.

Гралі і іншыя людзі, якіх я ўжо і не згадаю. І ўсім ім ад мяне вялікі правакатарскі “дзякуй”. Кожны зь іх прыўносіў нешта сваё – стыхійнае, бунтоўнае і да скрайнасьці індывідуальнае, а гэта нязьменна было для мяне ледзьве ня самым важным.

Героі панк-сцэны

Неяк нас запрасілі выступіць на канцэрце гуртоў, што прэтэндавалі на ўдзел у “Басовішчы” – то бок такім сабе адборачным туры. Канцэрт быў у клюбе “Рэзэрвацыя”— і ў поўнай адпаведнасьці з канцэпцыяй маёй банды я абвясьціў, што ад “Басовішча” мы адмаўляемся, бо туды ўсё роўна паедуць самыя папсовыя гурты. Проста прыйдзем у “Рэзэрвацыю” і зайграем. І прапанаваў сваім музыкам апрануцца ў найлепшыя гарнітуры. Каб падкрэсьліць, што мы – “не такія”.

“Рэзэрвацыя” месьцілася на вуліцы Бяды, 4 – побач з унівэрсамам “Рыга”, і гэтае суседзтва вызначала аблічча клюбу. У “Рызе” ўсе закупляліся алькаголем: ад адміністрацыі і музыкаў да наведнікаў і тых, каго не пускала ахова – і ішлі на канцэрт. Ахова, дарэчы, была досыць хамская – і часта не пускала і саміх выступоўцаў, калі ёй не падабаўся іх выгляд, даводзілася прабівацца і заадно даказваць, што ты маеш права правесьці сяброў. Потым гэты клюб займеў назву “Альтэрнатыва” – і пад гэтай шыльдай мы выступалі таксама.

Клюбаў напачатку было зусім вобмаль, таму народ ламаўся ў любы, які адчыняўся – недахопу ў публіцы менскія клюбы 90-х ніколі не адчувалі. Яшчэ быў “Касмаполітан” на Старажоўцы – цяпер на ягоным месцы Дом Масквы, і ў гэтым ёсьць нейкая сумная іронія і панылы сымбалізм. Гэты клюб спэцыялізаваўся на панку – і, здаецца, менавіта там мне аднойчы давялося самому граць на басе і сьпяваць, бо ніхто з маіх басістаў не зьявіўся. Вынік быў заканамерны: ніякі. Бо я проста не пасьпяваў за рытмам, якога сам патрабаваў ад астатніх, зьбіваўся, рукі жудасна балелі і адвальваліся, я проста рабіў “бу-бу-бу-бу” і чакаў, калі скончыцца гэты кашмар. Другі раз я граў на басе ў “Правакацыі” на канцэрце ў дзіцячай бібліятэцы – былі і такія! Здавалася б, вось табе музыка, вось табе кніжкі, але не: тры дзясяткі чытачоў пубэртатнага ўзросту шчыра не разумелі, што адбываецца, а іх настаўніцы паміралі ад сораму.

І ўсё ж: хто можа сабе ўявіць сёньня панк-канцэрт у менскай дзіцячай бібліятэцы?..

Яшчэ былі такія клюбы, як “Тры парасяты” ў ДК МТЗ, “Six Pistols”, NC на Кастрычніцкай, знакаміты “Рэактар” і, вядома ж, “Акварыюм” каля Камароўкі. У апошнім, даволі прэтэнцыёзным, я выступаў ужо як басіст гурту “Los Chicanos”, пра які яшчэ раскажу. А пакуль – крыху пра менскую панк-сцэну.

Маімі любімымі гуртамі былі “Шабаш” (здаецца, гэта іх песьня: “Я не поеду в Голливуд, пускай мне мозги не ебут”, я яе любіў напяваць, думаючы зрэдзьчас пра сваю невясёлую будучыню), “Распилил и выбросил”, “По глазам”, а яшчэ “Сонца Мао” і гарадзенскія “Deviation”, гурт культавага музыкі 1990-х Стаса Пачобута.

Апошнія тры ставіліся да нас няблага – але заўжды існавала нейкая дыстанцыя, і хто ведае, у чым тут была рэч: ці то яны адчувалі, што я ня надта шчыры, і правільна рабілі, ці то лічылі нас занадта вялікімі разьдзяўбаямі. Большасьць музыкаў тых гадоў глядзелі на “Правакацыю” звысака – дый на ўсіх, хто побач, таксама, панк-сцэна была арэнай велізарных амбіцый, ім усім хацелася славы, запісаў, турнэ, натоўпаў на канцэртах, а я пра музычную славу ня марыў і любую прафэсійнасьць лічыў злом.

Для абсалютнай большасьці сур’ёзных музыкаў мы былі ня больш чым кур’ёзам. Злым і нахабным кур’ёзам, які блытаецца пад нагамі і на які ня варта зьвяртаць увагі. Тады гэта мяне весяліла – а сёньня чамусьці трохі крыўдна.

Чыканасы

Нашым сябрам “Чыканасам” патрэбны быў басіст – і яны паклікалі мяне, справядліва разважыўшы, што лепш граць з кімсьці знаёмым, чым шукаць чужога чалавека (хто ведае, што ў таго на ўме). Я на іх месцы зрабіў бы гэтаксама.

Басістам я быў кепскім – але граць зь імі мне падабалася: мы нястомна даводзілі публіку да экстазу рок-н-роламі, ракабілі і блюзамі 50-х, усімі гэтымі “Blue Sweet Shoes” і “Rock Around The Clock”, мы гралі Чака Бэры, Джэры Лі Льюіса, Літл Рычарда і, натуральна, Элвіса. У “Чыканасаў” зьявіўся файны барабаншчык Жэня “Немец” Вайткевіч – і ў такім складзе нас пачалі запрашаць у самыя прыстойныя месцы, што мяне нямала дзівіла. Пад “Чыканасаў” немагчыма было не танцаваць – такія мы былі “зажыгацельныя”. Пры першых жа акордах моладзь ускоквала. Немец цяпер жыве ў Амэрыцы, Макс Панасенка, калі не памыляюся, у Маскве, а Лёха Чыканас выступае ў менскіх кавярнях і клюбах з чароўнай спадарожніцай: яны выконваюць шансон у духу 1920-х.

У складзе “Чыканасаў” ад мяне не патрабавалася ні шоў, ні фронтмэнства, проста не зьбівацца з рытму – і ўсё. Аднойчы мы нават выступілі за добрыя грошы ў нейкай прэтэнцыёзнай і дарагой кавярні: упершыню пад музыку, якую я граў, добра апранутыя людзі елі і размаўлялі, папіваючы добрае віно, гэта было брыдка і прыцягальна адначасова, гэта быў іншы сьвет, і я зноў падумаў пра тое, ці не зрабіць музыку маім хобі. А самому пачаць пісаць прозу – зрабіцца прафэсійным пісьменьнікам. Але прынцыпы перамаглі: мастацтва ня можа быць хобі. Або з музыкай, або безь яе. Але толькі не напалову.

Між страніц старых, пажоўклых

Зрэшты, каб адчуць атмасфэру тых гадоў і зразумець, як да нас ставіўся непераборлівы беларускі слухач – варта проста пагартаць газэты дзевяностых з нашага хатняга архіву.

«… ”Правакацыя” – динозавр старого доброго панка. Но играть можно и должно все же более аккуратно: мы-то привыкли, а большинство так и не въедет…» (“Музыкальная газета”)

«”Правакацыя” старается держаться в рамках панка который год. Сначала это было умелое маскирование неумения играть, сейчас же… Самые заметные вещи – "Шэф у гiстэрыцы", "Тан'я", "Нацыянальны сход": нету той заторможенной монотонности, как у многих панковых вещей, а есть полет того, что раньше называлось фантазией. Пойму вас, дорогие читатели, если скажете, что группа не дотягивает до качественной музыки…» (“Музыкальная газета”)

«Great anarchopunk with Belorussian lyrics... » (NotLG tapes - Catalog #3 - Spring 2000 – DIY)

«Схільнасьць да празьмернага спажываньня алькагольных напояў галоўнага "правакатара" не спрыяла росту папулярнасьцi гурту. Але Алежка набыў-такi сабе пэўную славу, дзякуючы сваiм ультраэпатажным выхадкам…» (“Наша ніва”)

«Тэксты гэтай каманды вылучаюцца надзвычайным для панкаўскага гурту літаратурным узроўнем – ix без усялякіх агаворак можна назваць сапраўднай паэзіяй, а яе жывым выступленьням заўсёды спадарожнічае добрае шоў…» (“Культура”)

«…Директор клуба в последний момент сказал “нет” – таково было распоряжение Брестского горисполкома. Да и сами афиши, скорее всего, тоже насторожили чиновников, хотя организаторы явно старались пощадить их незамутнённое высокими материями сознание. Например, "Театр психической неуравновешенности" фигурировал в афише как "Театр душевного покоя". Группа “Правакацыя” была в конспиративых целях названа: “Ура, вакацыі!” » (БДГ)

«…Ожидая своего выступления, солист «Правакацыі» бродил по залу и доводил до исступления ни в чем не повинных зрителей магическими заклинаниями типа «Камень, ножницы, бумага, раз-два-три!» Может быть, именно поэтому фанов «Правакацыі» впоследствии оказалось несравненно больше. Во время выступления этой команды присутствующие окончательно обалдели и начали по примеру обкурившегося парня (был там и такой) подпрыгивать на сиденьях. И… это было здорово! И свободно!» («Беларуская маладзёжная” пра канцэрт у кінатэатры “Зьмена”)

«Музычна “Правакацыя” ўяўляе сабой панк, вельмі блізкі да амэрыканскага гаражнага року канца 60-х – адчуваецца ўплыў MC5 і “The Stooges”. Выдатная рэч пра шэфа ў гістэрыцы, “Квітней, мая Быдляндыя” -- поўны ўлёт. Замыкае касэту “Адчай” – ня церпіцца пачуць гэтую песьню ўжывую. “Правакацыя” – гурт для тых, хто любіць андэрграўнд, тыя ж, хто гэтым не цікавіцца, так і не зразумеюць, што, чаму, і галоўнае, навошта».

«Замечательная группа, сыроватый звук, отличные песни».

«Першая каманда з панк-рокам на беларускай мове…. Зараз лепш змахнуць соплі і разрыдацца: яе больш няма. Страта для беларускага панку… Яны гралі з 1993 году». (“ЁКЛМН”, 2000)

Апошні канцэрт

Напрыканцы дзевяностых, скончыўшы пэдунівэр, я спачатку працаваў у школе, а потым уладкаваўся карэспандэнтам газэты “Белорусский тракторостроитель” – работы там хапала, газэта была дарма што заводзкая: 8 палосаў, тры нумары на тыдзень, трэба было штодня здаваць матэрыял. Мой новы занятак мяне ня радаваў – я апынуўся ў калектыве дарослых, сур’ёзных, заклапочаных хлебам надзённым мужчын і жанчын, і на мяне гэта дзейнічала як клетка на тыгра. Панура крочачы па Трактаразаводзкім пасёлку, я думаў пра тое, што хачу напісаць вялікі раман пра сваё новае жыцьцё, раман пра злавеснае Прадпрыемства, што раскінулася на сямі ўзгорках – і нечакана пазнаёміўся з Ігарам Конікам, басістам вядомага гурту Hate To State.

Ігар быў старэйшы за мяне, працаваў на суседнім электратэхнічным заводзе, жыў паблізу ад маёй рэдакцыі. Здаецца, раней Ігар граў у IQ48 – а цяпер заснаваў новы гурт разам зь легендарным менскім панкам Мао, які нядаўна вярнуўся з Гамбургу (там ён жыў у сквоце “Rote Flora” – іронія лёсу: недалёка ад дому, дзе ў 2007 пасяляюся я).

Ігар ведаў пра “Правакацыю”. Ён наогул ведаў вельмі шмат – перапісваўся з панкамі і прыхільнікамі DIY з усяго былога СССР, сам выдаваў панк-зіны, быў арганізатарам канцэртаў, вэгетарыянцам, анархістам, любіў Шастаковіча, Пэндэрэцкага… І вось ён узяў у мяне інтэрвію, пазнаёміў з рознымі людзьмі, разаслаў касэты з нашым адзіным “альбомам” сваім знаёмым з Расеі і Ўкраіны. Ён быў зусім іншым панк-рокерам: з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй. Я да такога ня звык. Я быў лянівы, эгацэнтрычны і схільны да чорнай мэлянхоліі, глябальныя праблемы сучаснасьці мяне не цікавілі.

Але прыціхлая на нейкі час “Правакацыя” ажыла. Мне было ясна, што час канчаць з музыкай, з панкам, канчаць з 90-мі – але сысьці трэба было прыгожа. Ігар запрасіў нас зайграць разам – і я з радасьцю пагадзіўся.

І вось у 2000-м, у клюбе на Артылерыстаў (так, у тым самым інтэрнаце БДПУ!), мы выйшлі на сцэну апошні раз – разам з Hate To State і ірляндцамі Call Center, якія падарожнічалі па Ўсходняй Эўропе ў сваім мікрааўтобусе. Ад таго канцэрту ўспаміны засталіся самыя прыемныя: усе тры каманды былі дужа файныя, і мая “Правакацыя” глядзелася і слухалася цалкам нішто сабе: мы ўпэўнена і зладжана адыгралі пяць ці шэсьць рэчаў, а я нават застаўся задаволены сваім вакалам, упершыню за ўсе гады існаваньня нашай банды. Потым мы паехалі ў кватэру Сержа Мінскевіча на Ангарскую, дзе я здымаў пакойчык – і разам з намі паехалі нашыя прыхільнікі і прыхільніцы, і назаўтра я не пайшоў на працу, бо ня змог падняцца…

Рахункі дурнога рэха

Зразумела, што проста так усё ня скончылася: мы яшчэ зьезьдзілі ў Талачын, дзе далі шыкоўны канцэрт разам зь мясцовым школьным гуртом, мы яшчэ зьбіраліся раз-пораз і спрабавалі прыдумаць новыя песьні. Але я ўжо ведаў, што “Правакацыі” канец. Уся гэтая вар’ятня пачала мяне па-сапраўднаму злаваць – я напісаў першую кніжку і працаваў над другой, а “Правакацыя” ўсё вылазіла з розных шчылін памяці, нагадвала пра сябе старымі знаёмствамі, гучала ў галаве, спакушала пабрэнькаць на гітары, пазваніць Максу, Вову, Колю...

Пад канец дзевяностых я пазнаёміўся з зусім маладым гуртом “Голая манашка” і ягоным фронтмэнам Федзем “Крысам” Жывалеўскім – вось каму варта было не закідваць музыку, дык гэта яму. Празь пятнаццаць гадоў Федзя зробіць кавэр на нашую песьню “Шэф у гістэрыцы” – а калі на тваю песьню робяць кавэр, значыць, некаму ты ўсё ж запомніўся.

Пятнаццаць гадоў. Увесь гэты час я ўпарта выціскаў зь сябе “правакацыйнае мінулае”, я забараніў сабе і іншым яго згадваць, я думаў толькі пра літаратуру, я жыў ёй, а мне прыгадвалі мае панкаўскія выхадкі. Сьцяўшы зубы, я цярпеў – пакуль гэтыя галасы не заглухлі. Новае пакаленьне пра маё мінулае ня мела ніякага ўяўленьня, а ў мяне было выразнае адчуваньне, што я змарнаваў свае дзевяностыя – і на што? На справу, якая ня мела ніякага сэнсу, ніякае будучыні, не дала мне ніякіх дабротаў і ніякай карысьці. Гэта было мастацтва ў чыстым выглядзе – самадастатковае да абсурду, гэта была свабода, даведзеная да абсалюту.

За той час, які я патраціў на дзікунскія канцэрты, п’яныя рэпэтыцыі і паездкі па нішто ў нікуды, каб не зрабіць нічога, можна было авалодаць нейкай прафэсіяй, што магла б мяне пракарміць, або вывучыць дзесяць замежных моваў, або наогул: атайбавацца на Захадзе. А я правакаваў у Менску легкаверных людзей і прыдумляў злосныя песенькі. За гэты час можна было зрабіцца пісьменьнікам. Можна было наогул – зрабіць кар’еру…

І вось тут я спыняюся. Не, толькі ня гэта. Толькі не кар’ера. Ня ўлада. Не карасканьне па герархічных лесьвіцах. Не падпарадкаваньне сабе падобных.

Лепш я буду проста кніжкі пісаць.

Паціху ў сеціве, якога ў мае 90-я фактычна не існавала, пачало гучаць нейкае водгульле “Правакацыі”. Высьветлілася, што ёсьць людзі, якія нас памятаюць, чулі, слухалі, запісвалі.

І ёсьць зусім маладыя беларусы, якім (уяўляеш?) расказвалі старэйшыя таварышы, што ў дзевяностых (прыкінь!), у тых самых дзевяностых (ты быў яшчэ малы, дык слухай уважліва), у Менску (ды ты яго і ня памятаеш, сапляк), быў такі панк-гурт (адкуль табе ведаць, што такое сапраўдны панк!) , а ў ім гралі Макс, Вова і Коля, а вакалістам і аўтарам тэкстаў у іх быў хлопец Алежка (сьмешнае мяно, праўда?). І зваліся яны “Правакацыя” (дурацкая назва; цяпер ёсьць такі папсовы шоў-балет), і ўсё ім нечага не хапала:

то зорак зь неба,

то любові,

то на бутэльку,

то гуку ў маніторах,

то яшчэ чаго,

то проста – звычайнай

свабоды.

Чытайце папярэднія часткі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя»:

Разьдзел першы. 2018

Разьдзел другі. Школа

Разьдзел другі. Школа. Частка 2

Разьдзел трэці. Мова: гісторыя хваробы

Разьдзел трэці. Мова: гісторыя хваробы. Частка 2

Разьдзел чацвёрты. Студэнт з Гораду Цемры

Разьдзел чацвёрты. Студэнт з Гораду Цемры. Частка 2

Разьдзел пяты. Шэф у гістэрыцы

Комментировать