Арт

Севярын Квяткоўскі. «Каларадская пушча»

254 Журнал

Чым адрозніваецца жыццё ў Менску і Горадзе-Героі? Чаму яны падзеленыя калючым дротам, а мяжа патрулюецца бронецягнікамі? Як можа выглядаць порт «Чыжоўка», калі сусветны акіян уздымецца на 199 метраў?

Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў новым рамане Севярына Квяткоўскага «Каларадская Пушча». Кніга пазіцыянуецца як першая ў беларускай літаратуры спроба спалучыць сатыру з постапакаліпсісам.

Перадзамовіць кнігу «Каларадская Пушча» можна на краўдфандынгавай платформе Ulej.

З дазволу аўтара «Журнал» публікуе ўрывак з раману.

Гасцініца «Турыст»

Адміністратарка памяняла дыск «Лучшый танцпол усех народаў» на грошы. Гэта былі не бляклыя на выгляд «латарэйныя рашчотныя білеты». На банкнотах дызайнерскім шрыфтам красавала слова «ІНШАМАРКІ». Стос папераў быў значна меншым за той, што Дзікун атрымаў у абменніку каля порту.

– Гэта валюта для іншаземцаў, – патлумачыла Ала Пятроўна. – Іншамаркамі вы можаце ахапіць значна большы асартымент тавараў і паслуг, чым рашчотнымі білетамі. Гасцініца «Турыст», «Універмаг», ён тут побач, а таксама забаўляльны комплекс «ДК МАЗ» – вось тры зоны, дзе ходзяць іншамаркі. Нагадваем пра крымінальную адказнасць за незаконны абарот валюты.

Дзікун моўчкі кіўнуў і пачаў разглядаць цэны на «абанементы для аплаты знаходжання на тэрыторыі Горада-Героя». Спыніўся на варыянце двух тыдняў.

– Вазьміце лепш дзесяць дзён з моманту аплаты, два тыдні пачынаюцца з першага ці пятнаццатага чысла, а цяпер ужо трэцяе, – са спагадлівай усмешкай да небаракі, які не ведае жыцця, параіла Ала Пятроўна.

Дзікун аплаціў рашчотнымі білетамі: выняў стос паперак, а Ала Пятроўна выбрала патрэбныя купюры.

– Зараз прыйдзе ваша пакаёўка, – зноў строгім тонам сказала адміністратарка.

«На чай» не забудзься даваць», – у галаве актывізаваўся ўяўны голас Альгердыча. Але было позна, адміністратарка ўторкнулася ў свае сшыткі з лічбамі.

Пакуль Дзікун чакаў пакаёўку, разглядаў вялікі плакат на сцяне ў холе. На белым фоне чорнай фарбай быў намаляваны жаночы сілуэт у кароткай спадніцы, у пантофлях на вялікіх абцасах і з грудзямі, абцягнутымі кароткай блузкай. Сілуэт падпіраў спінай вулічны ліхтар, падагнуўшы адну нагу. Уся выява была перакрэсленая тлустай чырвонай лініяй. Пад малюнкам крычалі вялікія чырвоныя літары – «Стоп рабства!».

– Станіслаў? Я Таццяна, ваша пакаёўка на ўвесь час побыту ў нашай гасцініцы, – маладая кабета з густа намаляваным чырвонай памадай ротам не павіталася, а развярнулася і моўчкі пайшла па калідоры.

Дзікун пацеляпаўся следам, разважаючы, ці перадаць прывітанне ад Мао, і разглядаючы новую спадарожніцу. Карацюсенькая спадніца не да канца прыкрывала някідкі, але як на вока Дзікуна, сімпатычны азадак. Хутчэй за ўсё пад спадніцай былі стрынгі, але дакладна сказаць было нельга, бо ў калідоры панавалі прыцемкі. Чорнага колеру сцены і падлога калідору былі падсветленыя рубінавымі плафонамі. На пакаёўцы былі чорныя панчохі, якія адцянялі чырвоныя пантофлі на высокіх абцасах.

«Бар, саўна, басейн, парная лазня, рэстаран, більярд, казіно, вышэй яшчэ адзін рэстаран і лаўндж-бар. Тамсама асобна дыскатэка. Пройдземце да ліфта». У адрозненне ад калідору, ліфт быў добра асветлены. Таццяна на сваіх абцасах была на паўгалавы вышэйшая за Дзікуна, якому толькі заставалася разглядаць грудзі пакаёўкі.

Нумар быў на апошнім – пятнаццатым – паверсе. Таццяна паказала, што дзе ляжыць з неабходнага для туалету, пажадала добрага вечара і сышла строгай паходкай, нібы бізнес-лэдзі пакінула перамовы. Толькі нагадала на развітанне, што паліць дазваляецца ў спецыяльным месцы ў канцы калідора.

З вокнаў быў бачны густа падсветлены ліхтарамі пляц. Направа – Партызанскі праспект, налева – па ўсім відаць «забаўляльна-гандлёвая ўстанова «Універмаг». Далей горад ляжаў у абсалютнай цемры. Не, яшчэ крыху дзесьці былі агні. «ДК МАЗ», – прыгадаў мапу Дзікун.

На часопісным століку ляжала брашура «Стоп рабства!». З такой самай выявай, што і на плакаце ў холе. Дзікун разгарнуў і прачытаў тэкст, з якога дазнаўся, што прыезджым ні пры якіх абставінах не рэкамендуецца знаёміцца з жанчынамі на вуліцы. У якасці ілюстрацыі ішла гісторыя пра тое, як два інтурысты загулялі з мясцовымі дзяўчатамі ў адным з бараў, пасля паехалі да дзяўчат дадому, а ўрэшце апынуліся ў скляпенні, дзе два месяцы смажылі дранікі на продаж. І што толькі цудам інтурысты здолелі ўцячы ад рабскай працы.

На століку ляжала яшчэ газета пад назвай «Город Мечты» з выявай нейкага мужыка пасярэдзіне, стос такіх самых газетаў Дзікун заўважыў на рэцэпцыі. Былі тут ці то брашуры, ці то рэкламкі, але Дзікун вырашыў пачытаць іх пазней. Хацелася нарэшце проста бестурботна прагуляцца. Перад тым, як спусціцца ў хол, Дзікун пайшоў папаліць. Пакойчык для курцоў выходзіў вокнамі ў бок Менску. Мяжа з Горадам-Героем была выразна бачная: вось тут цемра, а вось тут пачынаецца асветленая тэрыторыя. Дзікун нават угледзеў памежную вышку з кулямётным гняздом, міма якой праехаў браняваны цягнічок.

 

***

– Я п’ян, – паведаміў Ваня ў пустэчу вечаровага праспекту.

Ваня сядзеў на кукішках перад уваходам у бар «Сумёт» – проста праз дарогу ад «Турыста».

– Я п’ян, – паўтарыў Ваня, павярнуўшыся да куста, які таптаўся каля ганка. Здавалася, куст усёй сваёй сукупнасцю галінаў і лісця выцягнуўся ў бок Вані, каб лепш зразумець словы.

З адкрытых дзвярэй барчыку пачулася:

– А што гэта Ізяслаў Віктаравіч не заходзіць?

– Той, які прафесар? А… Гэта, Уладзік, Ізяслаў Віктаравіч сказаў п’янаму Ваню, што ў захапленні ад таго, як Ваня з трасянкі на трасянку пераключаецца. Назваў Ваню лінгвістычным амбідэкстарам. За што Ваня даў яму ў нос.

– Ясна, Анжэлка. Бачу, Ізяслаў Віктаравіч ужо прайшоў усе кругі бару.

– Анжэла, дай мне менскую гарэлку, я гэтай свінячай «каларадкі» піць не буду! – прагучаў іншы голас. Дзікун акурат у гэты момант праходзіў міма, але голас прымусіў спыніцца і зазірнуць унутр невялічкага бару, зробленага ў колішнім пад’ездзе.

– Немчык, якая «свінячая», ну колькі ўжо можна, што ты людзей абражаеш?

– Немец? – спытаўся Дзікун працягваючы руку.

– А, шчанюк худы, – радасна прыгадаў Немец. – Сілён, брадзяга! Я бачыў, як ты на піўняку малаціў тых дурымараў.

У Немца спачатку была мянушка Тэўтонец, бо ён захапляўся крыжакамі: з дзяцінства калекцыянаваў салдацікаў-крыжакоў, прачытаў пра крыжацкія ордэны, найперш Тэўтонскі, усе магчымыя кнігі. Татухі сабе набіў крыжацкія. Таму Тэўтонец, Тэўтончык, а ўрэшце для зручнасці скарацілі да «Немец» і «Немчык».

– Ды вы хоць разумееце што канкрэтна вы бухаеце?! Вы ж сабе апошнія мазгі вычышчаеце! – відавочна працягваў старую дыскусію Немец.

Ваня з ганка:

– Немец, ну вось што ты прычапіўся? У кожнага сваё меркаванне. Мне «пятачок» падабаецца, і я яго буду піць. А табе не падабаецца, ну і пі сваю гэтую, з водарасцяў ці з чаго яна там... Мне толькі карцінка ў целіку не падабаецца. Анжэла, пашчоўкай, калі ласка, што там яшчэ ёсць.

Анжэла стомлена, але дзелавіта пачала круціць ручку з боку ад каробкі старога, не тое што даваеннага, яшчэ дагістарычных часоў «Гарызонту».

– Сіські, сіські, мачылава, сіські, мачылава, пляжы, дарагія гатэлі, сіські... – Ваня меланхалічна пералічаў тэматыку карцінак, накручаных на ўстаўлены ўнутр корпуса тэлевізара барабан. – Блін, няўжо няма чагосьці больш глыбокага?

– Ваня, прынясі сваю карцінку і глядзі на яе, калі нашы не падабаюцца.

– Я б лепш на твае сіські паглядзеў, толькі мужу не кажы... Налі яшчэ.

Анжэла наліла палтос «пятачка» і спыталася ва ўсіх прысутных:

– Дык што глядзець будзем?

Раптам прачнуўся Уладзік, які перад тым быў драмануў на барнай стойцы, і рашуча заявіў:

– Футбол.

Немец моўчкі дастаў з вялікай кішэні на баку шортаў акуратна складзены аркуш глянцавай паперы. Гэта была вокладка нямецкага футбольнага часопісу за 2015 год.

– Ого, – так добра захавалася папера? – Ваня перасунуўся так, каб бачыць, што адбываецца ў бары.

– Як вы заманалі сваім футболам, – ляніва канстатавала Анжэла і прыляпіла карцінку да трэснутага экрана «Гарызонта».

Сам Немец дэманстратыўна адвярнуўся. Астатнія ўжылі хто што меў, закусілі бутэрбродамі з паляндвіцай са свінавасьмінога, прысыпанымі зверху «чацвёркай» – так прысутныя называлі бульбяныя чыпсы.

– Гооол! – праз хвіліну закрычаў Уладзік.

– Я п’ян, – сказаў Ваня.

«Пятачок» вадкі, «чацвёрка» цвёрдая пакрышаная. Дзікун усмоктваў у сябе новую інфармацыю. Пра такое на інструктажы ў Добрым Месцы не казалі. На новапрыбылага кліента ніхто не звяртаў увагі. Дзікун заказаў сабе піва. «Імпартнае, менскае, тока ўчара прывязьлі».

Ваня скептычна паціснуў плячыма:

– Нічога я ў вашым футболе не разумею. І я ўжо пʼяны. Выклічце мне таксі.

Анжэла ўзяла ў рукі антыкварны мабільнік, які вісеў на сцяне як дэталь інтэр’еру, і як бы набрала нумар. Ваня сціх у чаканні.

– Гооол! – зноў закрычаў Уладзік і азартна павярнуўся да Немца, – Ты бачыш, што яны твораць?

Немец пацягваў адвёртку з сапраўднай заводскай менскай гарэлкі, змяшаную з натуральным вінаградным сокам. «Без кансервантаў. Хімічную прамысловасць яшчэ не да канца аднавілі» – так у бары рэкламавалі дарагі імпартны прадукт. «А «каларадку», – сказаў Немец, – я не ўжываю ні ў якім выглядзе. Зу-сім». Відаць, сказаў не першы раз, бо ніхто не зрэагаваў. «Каларадка» – гэта тып напою ці канкрэтны гатунак?» Дзікун моўчкі сачыў.

Анжэла выйшла папаліць, а Немец у гэты час замяніў карцінку на тэлевізары: вокладку спартовага часопісу на выразку з грамадска-палітычнай газеты 2014 года. Усміхнуўся сабе пад нос і выйшаў з бару, далучыўся з самакруткай да барвуменкі.

Праз хвіліну з бару панеслася:

– Сукі, хунта!

– Сам ты хунта!

– Хлопчыкі, ну колькі можна, зараз выключу тэлевізар, – праз плячо паўкрыкнула Анжэла.

– Стой! Дай дагляджу!

– Я пʼян...

Немчык нарэшце звярнуўся да Дзікуна:

– Слухай, турыст з далёкіх астравоў, любімец публікі і жэнскіх абшчэжыцій. У цябе від даўно неп’юшчага чалавека! Рады бачыць пачценную публіку. Дык давай ужо пазнаёмімся ізноў. Я Аляксандр, для сваіх – проста Немец.

– Станіслаў. Для сваіх – проста Дзікун.

Зноўку паручкаліся.

– Немчык, у цябе ўжо дзясятая адвёртка ці дванаццатая? – Гэта падышла сінявокая бландзінка гадоў трыццаці пяці. Як пасля дазнаўся Дзікун, таксама барвуменка, Даша.

– Ваня што – праўда на «пяцёрачку» перайшоў?! – Даша не хавала свайго жаху.

– Так, Дашусік, на яе, на хрукалку, на «пятачок», – пацвердзіў Немец.

Даша няўхвальна пахістала галавой:

– Як ён цяпер карцінкі для целіка і білборды будзе маляваць? За што будзе жыць?

Павісла паўза.

– Вось такая макля, – развёў рукамі Немец і павярнуўся да Дзікуна. – Гаворка не пра наркотыкі. Наркотыкі тут нахер нікому не патрэбныя. Тут і алкаголь п’юць хутчэй са звычкі – традыцыя такая... А мне толькі алкаголь патрэбны. Я б бросіл піць, но как жыць без мечты?

Немец праз Уладзіка перадаў сваю шклянку да барнай стойкі:

– Пралангіруйце, будзьце любезны, алкагалісьцічаскі сектар.

Павярнуўся да Дзікуна:

– Знаеш, пацанчык, чаму я табе дапамог? У цябе выраз твару не такі, як тут. Не як у гэтых шлёцэкаў, – паказаў углыб бару, – не як у мяне і не як у Вані. Хер паймі які выраз твару. Я такіх на астраўных хутарах не бачыў. Вумны сільна ці што. Хоць бачу, што баец.

Немец адпіў са сваёй шклянкі. Уладзік быў пацягнуўся цокацца, але Немец парыраваў, маўляў, «я па сваёй праграме», і працягнуў:

– Бачу, Дзікун, разводзяць цябе на КПП, як кампот. І бачу, што ў чэла з хер ведае адкуль з Усходу пры сабе кнігі! Кнігі! Прыкінь? І кампакты. І я кажу сабе: «Будзь любезен, старычок, памажы хлопцу». Гэта ж не проста пілігрыміна нейкая. Ты адкудава нарысаваўся такі, дружышча? Можа ў вас там многа кніжак на тваім дзікім хутары, можа, давай зганяем туды, забарыжым разам? Ілі ну яго нахер, за табой пацанва стаіць? А ты тут рынкі збыту вывучаць пад’ехаў?

Немец кідануў недапалак у манументальную старажытных часоў каменную сметніцу і прамазаў:

– О-ба-на, трохачковы няўдас… Па былой трасе М-4 няма гарадоў, і людзей з гулькін нос на астравах жыве. У іх усе кніжкі паскупляныя даўно. Вунь пункт прыёму інфармацыі ў порце «Чыжоўка» даўно барыжыць кантрабасам з Менску, бо мала інфармацыі прывозяць. Панімаеш, Дзікун, і тут ты – пацанчык такі незамутнёны з чыстымі, амаль не карыстанымі, кніжкамі. Што скажаш, дружышча?

– Ну…

– Нашы тут спачатку ўсе кніжкі ў Менск спіхнулі, а гадоў праз пятнаццаць пайшла мода, ціпа элітарная, для ізбранных – чытаць, бл@ць! А поезд цю-цю. Няма чаго чытаць. Пакажы, што ў цябе за кніжкі.

Як навучыў Альгердыч, грошы і каштоўныя рэчы Дзікун узяў з сабою. Немец зірнуў апошнюю, што засталася, кнігу, прачытаў назву «Падарак первай ночы».

– У Менску нават на тры капейкі не абмяняеш – нахвіг там каму трэба слёзнае абы-што, на каленцы напісанае. А ў нас такое мясцовая «цілігенцыя» чытае. А часцей на паліцу ставіць – па багатаму выглядае. Пакажы дыскі… О, вось гэта рэальна на вагу золата ў Горадзе-Героі. Калі камп’ютары ў Менск прадавалі, дык заадно з музычнымі файламі. Цяпер усе на падсосе ў плане рэпертуару. У Менск такое не прадасі, але можна самім зарабляць. На дыскатэках. Ці здаваць дыскі ў арэнду. Замуцім бізнес, Дзікун?

Але Дзікун не адказаў, бо ў гэты самы час побач з барам затармазіў грузавік сярэдніх памераў, які меў выгляд пакладзенай на бок шафы з закратаваным акенцам пасярод дзверак, з якой выскачылі тры міліцыянты ў чорных масках. Пакуль двое трымалі на прыцэле наведнікаў бару, трэці схіліўся да Вані і ладзіў пэўныя маніпуляцыі. Ага, узяў кроў з пальца і засунуў у нейкую машынку з далонь памерам. Агрэгат пікнуў, паказаў на экранчыку нейкія лічбы, Ваню імгненна запакавалі ў грузавік, які адразу газануў, як закрыліся дзверкі «шафы».

– Навошта Ваня папёрся на вуліцу? – заплакала Анжэлка.

– А то яны ў бары не заходзяць, калі хочуць, – сумна парыраваў Уладзік.

– Свінавоз, – звярнуўся Немец да Дзікуна. – Свінавоз вязе людзей на Свінакомплекс. З кожным годам усё болей і болей.

– А што яны мералі?

– А яны самі не ведаюць. Ім сказалі, што калі пакажа 0,25, то забіраць. А чаго нуль дваццаць пяць? Хер яго ведае! І так вось аблавы ладзяць. Па пятніцах каля прахадных заводаў. Яшчэ побач з вяселлямі і карпаратывамі любяць у засадзе сядзець. А ў будны дзень, як сёння, то проста на вуліцы спыняюць каго хочуць і мераюць. Як па мне, то гэта ўсё «хрукалка», то бок каларадка нумар пяць дзейнічае…

– Ды змоўкні ты, а то і цябе, і нас усіх забяруць! – пракрычала скрозь слёзы Анжэла.

У гэты момант у Дзікуна рэзка зачасаліся абодва вокі. Зусім недалёка адбывалася штосьці вельмі небяспечнае для чалавека. Дзікун кінуў на стойку пару рашчотных білетаў і хутка рушыў за рог – у двор. Адразу пабачыў каналізацыйную дзюрку без люку. З-пад зямлі крычала-лямантавала жанчына. Побач гыгыкалі два падлеткі гадоў па трынаццаць-чатырнаццаць. Адзін прапанаваў пісклявым голасам:

– Чуеш-чуеш, Дзімон, давай насцым туды!

Пісклявы быў выняў ужо пісюна, як атрымаў выспятка ад Дзікуна, праляцеў над люкам і ляснуўся тварам у рэшткі асфальту на зямлі. Другі кінуў сябра і даў драпака. Праз хвіліну Дзікун выцягнуў кабету на паверхню.

– Як вы? Нічога не зламанае, ісці можаце? Абапрыцеся на мяне. Так, добра, я вас трымаю. Хадземце.

Дзікун ратаваў людзей без роздумаў: работа сталася звычкай, якая, як вядома, другая натура.

Чытайце далей:

Севярын Квяткоўскі. «Як стаць беларусам»

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя

Комментировать