Арт

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя. Школа. Частка 2

1380 Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч з сябрам Максам. Фота з архіву аўтара

 

Альгерд Бахарэвіч перамагае школьнага фюрэра, стварае панк-гурт, удзельнічае ў першай вулічнай акцыі і заўзее за Камэрун.«Журнал» працягвае публікацыю новай аўтабіяграфічнай кнігі пра беларускія 1990-я.

Разьдзел другі. Школа. Частка 2

Яволь, майн фюрэр!

Ваенрук у нас быў настолькі тыповы, што ўжо ў гэтай тыповасьці мы бачылі нешта злавеснае. Кажуць, літаратура выдумляе і абагульняе, кажуць, яна працуе з тыпамі, а не з жывымі людзьмі, і так, як часам пішуць пісьменьнікі, не бывае… Бывае. Яшчэ як бывае. Такіх тыпусаў, як наш ваенрук, я буду сустракаць усё жыцьцё.

Памятаю, як ён ставіў нас, прышчавых, няскладных, ашчэраных у ідыёцкіх усьмешках хлопцаў, у шэраг і, ходзячы сюды-туды перад гэтым “узводам”, бэсьціў за доўгія валасы, за неахайнасьць, за джынсы і швэдры, за брудны абутак. А мяне яшчэ і за бел-чырвона-белы значок, за беларускую мову, за тое, што не магу правільна адказваць на вайсковыя каманды. Мы, на ягоную думку, “залупаліся” – ён ажно пазелянеў ад шаленства, калі ці то я, ці то Слава неяк абвясьцілі яму, што школа – ня войска і што ён ня мае права так з намі абыходзіцца.

Ён быў салдафон, савок і камуніст, расейскі шавініст і беларусафоб, цяпер сказалі б: ватнік. Ён адчуваў сябе “дедушкой” у межах нашай “вайсковай часьці” – і калі настаўнікі мякка прасілі яго быць трохі больш чалавечным хаця б зь ня самымі дурнымі вучнямі, ён шчыра не разумеў, чаго ад яго хочуць: усе аднолькавыя, усе мусяць быць стрыжаныя пад нуль і слухацца загадаў.

Мае значкі ён спрабаваў зрываць – але я майстраваў іх зноў і зноў, з каляровай паперы і клею, і ён урэшце кінуў дурное. Так што права хадзіць са значком я здабыў у баях… Як і права яго не насіць, калі ўсе навокал толькі гэта і робяць.

Аднойчы на нейкі вокрык ваенрука я ляніва і зьдзекліва адказаў: “Яволь, майн фюрэр!” – “Ты это… Не шути так!” – прашыпеў ён, падскочыўшы: было відаць, што фашыстам ён лічыў акурат мяне, бо гэта мае “сябры-спадары” спалілі Хатынь і павесілі ягоную сям’ю на бел-чырвона-белым сьцягу, танцуючы пад Лявона Вольскага і Сокалава-Воюша. Зрэшты, і яму не было чужое нішто чалавечае: неяк мы з Максам і Славам, прагульваючыся ўзімку каля школы, знайшлі яго, у дупель п’янага, у сьнезе каля агароджы і адвялі дахаты. Пасьля гэтага ён пачаў ставіцца да нас больш спакойна.

Чытайце папярэднія часткі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя»:

Разьдзел першы. 2018

Разьдзел другі. Школа

Няўмольная гісторыя, заўжды схільная да тэатральных эфэктаў, адпомсьціла нашаму ваенруку самым раскошным чынам. Па-мойму, гэта адбылося 19 верасьня 1991 году: наш настаўнік пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, як заўжды, разносіў нашу нягеглую вайсковую адзінку і чапляўся да валасоў, каўняроў, гальштукаў і майго значка. Здаецца, ён быў з пахмельля і яшчэ не ўключаў тэлевізар – пабачыўшы ненавісны значок на штрыфлі майго школьнага пінжачка, ён зноў завёў пра фашыстаў і пра разгул дэмакратыі, якой, як ён абяцаў, зусім хутка прыйдзе канец.

“Ежовых рукавиц на вас нету! Ничего, скоро мы наведем порядок!” – абяцаў ён, нібы нешта ведаў. Ухапіўся за значок сваімі кароткімі жоўтымі пальцамі – і тут нехта ззаду спакойна, са сьмяшком прамовіў: “А этот флаг уже государственный, он на Доме правительства висит!” Ваенрук кінуўся ў настаўніцкую па газэту – і вярнуўся ў кабінэт, як пабіты сабака… Гэта было праўдай: сьцяжок на маім пінжаку і дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь цяпер выглядалі аднолькава.

Супраць камуністых, супраць маскалёў

Забаўна ўспамінаць: тады я ня ведаў ніякіх патрыятычных песьняў, апрача “мроеўскіх”, і ніякіх народных, апрача “Цячэ вада ў ярок”. А мой унутраны нацыяналіст патрабаваў нечага радыкальнага, палітычна-беларускага, і каб абавязкова антырасейскага. І я пачаў “у час вольны” складаць “песенькі антысавецкіх партызанаў” – абсалютна бяздарныя спробы выказаць сваю прагу нацыянальнага паўстаньня:

“Адкапаў вінтоўку сёньня ў лесе я,

Там яна ляжала семдзесят гадоў.

Ваяваць я буду, любая мая,

Супраць камуністых, супраць маскалёў!”

Гырб і сын

Позьнім, цёмным восеньскім вечарам 1991 году я, Макс і Слава блукалі вакол школы, нешта абмяркоўваючы: ці то вобраз Чычыкава, ці то нейкую крыўду Лаўрэнція (усе мы былі дужа крыўдлівыя і з абвостраным пачуцьцём уласнае годнасьці), ці то апошні гіт “Звуков Му”.

Выступ гурта “Звуки Му”

 

І тут аднекуль з боку актавай залі пачуўся выразны гітарны запіл. Мы спыніліся і як заварожаныя пайшлі на гэты гаючы гук. Вакол школы гуртавалася нейкая шабаноўская гапата, таксама зацікаўленая незвычайным і ня ўхваленым ёй саўндам. Мы прайшлі міма соннага вартаўніка і падняліся туды, адкуль чуліся ўсё новыя і новыя рэзкія, хрыпатыя ноты. Да іх далучыўся басавы барабан, дзынькнула – на ўсю школу – талерка, забумкала басуха…

У нашай школе па вечарах пачала рэпэтаваць група аўтазаводзкіх панк-рокераў – каманда пад назваю “Гырб і сын”. Мы пасядзелі ў іх на рэпэтыцыі, раззнаёміліся, была тут і парачка нашых мясцовых мэталістаў, якія пагардліва ставіліся да панку – “вот дэз-мэтал, это да, музыка, а вы – клоўны…”

“Гырб і сын” былі першай сапраўднай групай, якую я пабачыў жыўцом. Пасьля 1992-га я пра іх больш ніколі ня чуў. Але іхная прымітыўная, іранічная і грубая музыка так мяне ўразіла, што я вырашыў, што таксама хачу – і магу! – граць панк. Пра што я расказаў Максу і Славу адразу, як мы выйшлі са школы. Іх гэта ня надта каб задаволіла, яны любілі хард-рок, арт-рок і блюз, а Слава яшчэ і розны прагрэсіўны, інтэлектуальны мэтал, але да стварэньня ўласнай банды заставалася нядоўга.

Ты гімнастка

І вось зімою, даведаўшыся, што мы нешта там граем на сваіх лесьвічных пляцоўках, нас заспрасілі выступіць у актавай залі на школьным сьвяце. Клясычная гісторыя… Арганізатары ня мелі ніякага ўяўленьня пра тое, што мы граем і якія ў нас музычныя здольнасьці. І сваю памылку яны зразумелі занадта позна.

У прызначаны час мы выйшлі на галоўную школьную сцэну. Апошні раз я выступаў тут у пятай клясе, у ролі месяца Апреля з казкі “Дванаццаць месяцаў”. І вось я зноў тут – гэтым разам як рок-зорка.

Слава загрукаў у імправізаваныя барабаны – пазычаныя ў бацькоў тазы рознага памеру. Яму было добра. Яго ніхто ня бачыў.

Макс пачаў гітарную партыю, якая складалася з набору гучных, рэзкіх і да немагчымасьці простых аднастайных рыфаў: ту-ду, туду-ту, туду, туду-ту… Ён быў цалкам заняты сваёй справай і, здавалася, не заўважаў, што адбываецца ў залі.

А на мяне ўтаропілася ўся школа. Я выгнуўся, зрабіў жудасны твар, скурчыў пальцы ў эфэктнай сутарзе і зароў у мікрафон нядаўна прыдуманы тэкст, прысьвечаны невядома каму і чаму:

“Чуеш, Мікола, белыя кветкі паўсюль!

Хцівыя сківіцы іх шыхтуюцца ў рад!

Але гэта часова, гэта пакуль

Што-о!

Белых кветак тут засталося няшмат!”

Які Мікола? Якія, блін, кветкі? Пра што яны і навошта? Я зразумеў, што гэта правал. Уласная бяздарнасьць і нашая поўная бездапаможнасьць раптам выявіліся перада мной ва ўсёй сваёй жахлівай паўнаце і неаспрэчнасьці. Але адступаць было нельга. Макс перайшоў на іншы акорд, і я зароў яшчэ мацней, гледзячы на дырэктара:

“Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а! Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а!”

Дырэктар пачырванеў і адвярнуўся. Нам далі дайграць да канца, але больш на сьвяты не запрашалі. Затое пасьля канцэрту да нас падышоў адзін з шабаноўскіх мэталістаў:

“Уважаю! Хоть вы и панки, но реветь ты умеешь! Вам нужно дэз играть, пацаны!”

Але нават гэта не ўратавала нас ад дэпрэсіі. І музыку мы ня кінулі – проста вырашылі, што трэба крыху падвучыцца граць. Грукат нябачных бубнаў гнаў нас наперад – да славы.

Камсамольцы-дабравольцы

Недзе ў тыя вясёлыя гады надышоў момант, калі трэба было вырашаць, ці ўступаць нам, бэйбусам, у камсамол. У піянэры нас прынялі ў разгар перабудовы, і ніхто тады не пытаўся, хочам мы далучыцца да Ўсесаюзнай ленінскай арганізацыі або не, дый мы, дзеці рабочых, не пратэставалі: взвились кострами? Значит, готов. Чырвоны гальштук насіўся як частка школьнай формы – мала хто задумваўся, што ён азначаў. Але на пачатку 90-х усе былі ўжо сьвядомыя і так проста прынцыпам здраджваць не зьбіраліся. Я, напрыклад, рашуча адмовіўся ад членства ў ВЛКСМ, абгрунтаваўшы гэта сваімі антыкамуністычнымі перакананьнямі.

Мяне спрабавалі ўгаварыць, але вяла, без імпэту, і хутка плюнулі: ня хочаш, як хочаш, табе ж горш будзе. Чаму горш? Ну, камсамол – гэта ж… Што значыць “гэта ж”, патлумачыць ніхто ня здолеў. У выніку з нашай клясы ў камсамол на ўсялякі выпадак уступіў толькі актыў: выдатніцы і выдатнікі, дый тое ня ўсе. Любому разумнаму чалавеку было ясна, што камсамолы і леніны – гэта сьмешны архаізм, усю гэтую чухню самі дарослыя выкінулі на звалку, і асаблівых дыскусій з гэтай нагоды сярод нас не было.

Затое ў 1991-м я ўступіў у партыю. Партыя звалася так: БНФ.

Алежка ўступае ў партыю

А гісторыя была такая. 20 жніўня я паехаў на 98-м на плошчу перад Домам ураду, каб далучыцца да першай у сваім жыцьці дэманстрацыі пратэсту. У Маскве быў путч, беларускія камунякі вырашылі яго падтрымаць – 19 жніўня парлямэнцкая апазыцыя БНФ абвясьціла путчыстаў па-за законам, заклікала дзяржаўных службоўцаў не выконваць іхныя загады, запатрабавала скліканьня пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету і падрыхтавала законапраекты аб забароне КПСС, наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы і іншыя вельмі правільныя паперы. БНФ заклікаў людзей пратэставаць супраць хунты – і я адразу ж рвануў у цэнтар гораду.

Мінск, жнівень 1991 году

 

Уся плошча была запоўненая змрочнымі і незадаволенымі людзьмі – настроенымі дужа рашуча. Дух рэвалюцыі лунаў над Менскам. Я пастаяў у натоўпе, некалькі разоў крыкнуў “Жыве Беларусь!”, я быў поўны нянавісьці і пагарды да тых, хто спрабаваў спыніць гісторыю – час, у які я жыў, мне падабаўся, і будучыня таксама. Я ўжо звыкся з тым, што буду жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне, да гэтага ўсё і ішло, ад Савецкага Саюзу патыхала трупным смуродам – а тут нейкія пердуны, у якіх трэсьліся рукі, а вочы сьлязіліся ад жаху, сабраліся раптам забраць у нас свабоду. Вядома, я мусіў быць на Плошчы!

Паўсюль нешта прадавалі і раздавалі: кніжачкі “Што трэба ведаць сапраўднаму беларусу”, гістарычныя брашуры, улёткі, паэзію, значкі, сьцяжкі, плякаты. За столікам сядзелі дзядзька зь цёткай і запісвалі ўсіх у БНФ. “А школьнікам можна?” – спытаў я. Яны паглядзелі на мяне зьнізу ўверх. “У такі вырашальны для радзімы момант, хлопча, ня проста можна, а трэба! Пашпарт ёсьць?” – “Не.” – “Ну нічога, запішам і так”. Увечары я расказаў пра сваю партыйнасьць бацькам. Мама пабялела, тата засьмяяўся.

Так я зрабіўся сябрам Беларускага Народнага Фронту задоўга да ягонага расколу. Праўда, спадзяюся, зрабіўся не насамрэч. Бо ўжо даўно любая палітычная партыя, дый наогул аб’яднаньне людзей па нейкай прыкмеце выклікаюць у мяне шчырую агіду. Але галоўнае тое, што мы тады перамаглі – і хай я ня знаў анікога на плошчы (толькі здалёк бачыў і чуў Пазьняка і іншых лідэраў БНФ, твары якіх ведала ўся Беларусь), анікога з тысяч гэтых суворых людзей, усё роўна я адчуваў сваю прыналежнасьць да гісторыі, якую мы пісалі ў тыя дні, хто як мог. Хаця б і так, як я: прысутнасьцю, крыкам, недарэчным памкненьнем сказаць сваё “не” тупасьці і няволі, проста – унутранай нязгодай з усімі свалачамі і цемрашаламі, якія вырашылі скрасьці ў мяне будучыню. Употай, вядома, я спадзяваўся, што траплю ў тэлевізар – але дзе там, я нават ня памятаю, ці паказвалі па БТ нашу Плошчу…    

Камэрун!

Што да тэлевізара, дык ён, вядома, займаў тады ладную частку жыцьця. Гэта цяпер я ўжо дваццаць гадоў жыву безь яго і дзіўлюся, як можна трымаць дома гэты кавалак гаўна – я бачу людзей, якія тупеюць выключна дзякуючы тэлевізару, і думаю, што гэтую прыладу, інструмэнт самых паскудных маніпуляцый чалавечай сьвядомасьцю, даўно варта забараніць.

Але тады, натуральна, ад тэлевізара было не адарвацца: прыходзячы са школы, ты глядзеў новы выпуск мульцікаў пра мішак Гамі, “До 16 и старше” і ўрокі гішпанскай мовы, увечары – добрае старое савецкае або перабудовачнае кіно, перад сном – “Праграму А”, “Крок”, НТВ, “Взгляд” і кучу іншых перадач. І, вядома ж, футбол.

Першым чэмпіянатам сьвету, які я паглядзеў, быў мундыяль 1986-га. Потым былі фантастычна яркі чэмпіянат Эўропы-88, Алімпіяда і Ўнівэрсіяда, а ўлетку 1990-га я ўжо тырчаў перад экранам як сапраўдны фанат.

Італія, чэрвень, сьпёка, Лаўрэнцій, Лёха і я сядзім дома, глядзім усе гульні і пасьля гэтага бяжым гуляць самі – утрымацца немагчыма. Макс і Слава былі да футболу абыякавыя… Пазьней я і сам спрабаваў паставіцца да маёй адзінай любімай гульні звысака – маўляў, пралетарская забава, але прачытаўшы, што Набокаў любіў футбол і быў брамнікам, я плюнуў на ўсю арыстакратычнасьць: калі ўжо шляхетны сноб ВН гуляў і захапляўся, дык можна і мне, карона ня зваліцца…

Любоў таго лета – камэрунцы! Я заўзеў толькі за іх – афрыканская каманда пад кіраўніцтвам савецкага трэнэра Няпомняшчага сэнсацыйна дайшла да чвэрцьфіналу. Усё было крута: і дзіўнае прозьвішча коўча, і стракатая, сонечная форма маіх улюбёнцаў у спалучэньні з бліскуча-чорнымі адчайнымі і вясёлымі тварамі, і прыгажосьць рухаў, і воля да перамогі, і танцы каля вуглавых сьцяжкоў!

Група В:

Камэрун – Аргентына – 1:0! (гол – Амам Біік)

Камэрун – Румынія – 2:1! (галы – Ражэ Міла)

Камэрун – СССР – 0:4… (стаміліся, дый Саветы былі ў той час моцныя)

Але Камэрун праходзіць далей!

Камэрун – Калюмбія – 2:1 у дадатковы час (у нашых зноў абодва разы адзначаецца Ражэ Міла!)

Лідар зборнай Камэруну Ражэ Міла святкуе свой чарговы гол на чемпіянаце свету 1990 году

 

І чвэрцьфінал… Незабыўны, найдраматычнейшы, такі, што сэрца вырывалася з грудзей і ўсе Шабаны выбягалі на бальконы і лямантавалі: ну бля, ну даюць! Памятаю той матч. Плат выводзіць ангельцаў наперад, у другім тайме Кундэ з пэнальці зраўноўвае лік, праз пару хвілін забівае Экеке, і ўжо камэрунцы апынаюцца зусім блізка да перамогі. Але перад фінальным сьвістком Лінэкер са спрэчнага пэнальці вырывае нічыю. Дадатковы час – і зноў спрэчны пэнальці на карысьць ангельцаў, і зноў Лінэкер не прамахваецца… Ангельшчына ў паўфінале, Камэрун едзе дамоў, падарыўшы ўсяму сьвету такую радасьць, што і цяпер успамінаеш той турнір як нейкае вар’яцкае сьвята, у якім табе пашчасьціла ўзяць удзел.

А выйгралі той чэмпіянат немцы. Што да зборнай СССР, якая таксама адчувалася намі сваёй (усё ж там гулялі і беларусы: Алейнікаў і Зыгмантовіч) – дык перамога над Камэрунам была яе адзіным трыюмфам, Саветы не далі рады выйсьці з групы.

Супраць сваіх

За камэрунцаў мне было прыемна яшчэ і таму, што я бачыў, як за іх перажываюць людзі навокал – а гэтых людзей я небеспадстаўна лічыў клінічнымі расістамі. Асабліва пасьля таго, як мы з бацькам неяк схадзілі на “Дынама”, на эўракубкавы матч: менскія заўзятары ўсяляк палівалі афрыканскага легіянэра супернікаў адборным расісцкім дзярмом.

Ён, відаць, здагадваўся, што яны крычаць, гэты чарнаскуры хлопец, але быў звыклы і стараўся не зьвяртаць увагі. Я сядзеў, як на іголках, я быў на ягоным баку, мне хацелася крыкнуць яму на ягонай мове, што ён супэр, што ён герой, што ня ўсе ў гэтай краіне такія мудзілы. Мне хацелася, каб ён забіў нам – каб зрабіў хэт-трык, каб парваў сёньня нашую браму, адпомсьціўшы гэтым расістам і даказаўшы, што ён лепшы за ўвесь стадыён. Ня ведаю: у пэўны момант мне падалося, што ён адчуў маю маўклівую падтрымку, паміж намі ўсталявалася нейкая няўлоўная сувязь… Але потым яго замянілі і ён сышоў з поля, пахілы, кульгаючы, пад зларадны вой менскіх заўзятараў.

Упершыню я чуў і бачыў, як людзі, сярод якіх я жыву, могуць так ненавідзець кагосьці выключна за колер скуры. Для мяне гэта быў шок – усе мае кнігі, усё савецкае інтэрнацыянальнае выхаваньне, маё пачуцьцё справядлівасьці і ўласнай годнасьці казалі мне, што такога ня можа быць. Человек добр, добр, добр – ненавідзець за колер скуры, мову, зьнешнасьць, імя, беднасьць ці багацьце забаронена, гэтак робяць адны пашлякі і ліхадзеі. Але гэтыя людзі, якія крычалі: “Умри, шоколадка”, “Обезьяна! На пальму!” – не, яны не былі ліхадзеямі. Яны былі нармальныя – і я ўпершыню зразумеў, наколькі паскудная, тупая і небясьпечная рэч: нармальнасьць.

Заводзкі Менск

Стадыён “Дынама”, цырк, плошча Леніна, якая потым зрабілася Незалежнасьці, праспэкт ад плошчы Перамогі да Парку Чалюскінцаў, Опэрны тэатар – такі Менск мне быў тады ўжо знаёмы, але асноўнымі пунктамі на ягонай мапе былі ўсё ж іншыя, бліжэйшыя. Калі я выяжджаў з Шабаноў, дык мая дарога ляжала або да бабулі, туды, дзе цяпер станцыя мэтро “Аўтазаводзкая”, або да ДК МАЗу, або ў Дражню, дзе ў вялікім прыватным доме з садам жылі мае дзядзька і цётка, якія дужа мяне любілі. Або на Шарыкі: туды, дзе ўнівэрмаг “Беларусь”, кіно “Камсамолец”, парк імя 50-годзьдзя Кастрычніка і, далей, стадыён “Трактар” і чабурэчная паблізу – бабуля вадзіла мяне ў яе як на сьвята, і чабурэкі там і праўда былі што трэба, значна лепшыя за цяперашнія.

Аднойчы мы са Славам паехалі на шпацыр у раён Аўтазу – ёсьць там такі невялікі парк… Ідзем, гутарым, выходны дзень, сонца, міма праходзіць чалавек пяць мясцовых – адзін зь іх, параўняўшыся з намі, б’е мяне нагой у жывот, я падаю, хапаючы ротам паветра, астатнія абступаюць Славу… Мілы, родны Заводзкі раён. Я сэрцам табе прысягаю ў шчырай сыноўняй любві.

Праўда, Дражня, у якую я хадзіў ад бабулінага дому пехатою, гэта ўжо з пэўнага часу раён Партызанскі… Але якая розьніца. Усё роўна: рабочыя, заводы, ПТВ, пралетарскі дух, зьмяшаны зь вечна сялянскім, вечна абшчынна-патрыярхальным… Усё роўна: штосэкундная пагроза. У тыя часы толькі адно месца на сьвеце было больш-менш бясьпечным: мой ложак у бацькоўскай кватэры. І ўсё ж я любіў выбірацца за межы Шабаноў – у вялікі і нязьведаны горад, які я яшчэ не адчуваў як родны і які заўжды абяцаў прыгоды і натхняў на авантуры.  

Усё магло здарыцца інакш. Маё жыцьцё магло б аказацца намертва прывязаным да Заводзкага раёну, як гэта здарылася з большасьцю маіх аднаклясьнікаў. І, відаць, гэта адна з маіх траўмаў: усё жыцьцё я бягу адтуль, імкнуся апынуцца чым далей, мару жыць то на чужыне, то на Асмалоўцы, я хачу заставацца ў цэнтры: гораду, жыцьця, культуры, свабоды, хачу выціснуць зь сябе той страх і тое жаданьне агрызацца, хачу забыць тыя Шабаны, Енісейскія, Ангарскія, Аўтазы, Чыжоўкі… Бягу – і не магу ўцячы.

Талент заіканьня 

Яшчэ ў пачатку 80-х я заўважыў неяк, што блізкія людзі ставяцца да мяне зь дзіўным шкадаваньнем. Я доўга ня мог зразумець, у чым прычына. І толькі ў 1990-м, на ўроку беларускай літаратуры, мяне агаломшыла страшнае адкрыцьцё: я ж заікаюся і кепска вымаўляю гук “р”. Пра гэта са мной размаўлялі так рэдка, што я неяк і не пераймаўся… І часта забываў пра свой дэфэкт маўленьня.

Памятаю той дзень. Мы праходзілі Кузьму Чорнага, мяне выклікалі чытаць уголас (сумнеўнае заданьне – чытаць уголас “Трэцяе пакаленьне”), я добрасумленна пачаў – і раптам за сьпінамі пачуўся зьдзеклівы сьмех. Настаўніца паспрабавала яго абарваць, але марна – хтосьці запярэчыў, што заіка мусіць ведаць, што ён заіка, і наогул я мучу ўсю клясу сваім заіканьнем і лепш бы я заткнуўся.

Цяпер, пішучы ўсё гэта, я горды тым, што перамог асяродзьдзе: звычайна жыцьцё людзей з маімі асаблівасьцямі маўленьня ня надта шчасьлівае, што асабістае, што грамадзкае. Лічыцца, што ім ня варта лезьці ў публічныя сфэры і чакаць ад сябе нейкіх дасягненьняў, зьвязаных з мовай.

Я – жывое абвяржэньне гэтых страхаў. Я быў адвязным і эфэктным вакалістам рок-гурту, я выступаю са сцэны ў розных гарадах і краінах, раздаю інтэрвію, мадэрую сустрэчы, добра чытаю ўголас свае і чужыя тэксты, я навучыўся не заікацца тады, калі гэта трэба, і літаратура і музыка дапамаглі ў гэтым, яны сьцьвердзілі мяне, умацавалі і прагналі страх. Я ўжо даўно пачуваюся пераможцам, упэўненым у сабе чалавекам, я падабаюся жанчынам, у мяне чароўная жонка, разумная і прыгожая дачка, і наогул – у жыцьці мне шмат хто зайздросьціў і зайздросьціць, а значыць, я вырваўся з таго сумнага дня і з таго бясконцага ўроку белліту. Дня, калі хацелася плакаць ад невыноснай крыўды на сьвет, калі будучыня падавалася безнадзейна сапсаванай, калі я адчуваў віну за сваё маўленьне… Уроку, пасьля якога хацелася павесіцца ад ганьбы і роспачы. “Мяне ніхто не палюбіць, ніводная жанчына, у мяне ніколі ня будзе ні флірту, ні сэксу, ні дзяцей, ні славы, ні прызнаньня, я асуджаны да сьмерці хавацца ад людзей і маўчаць, бо так будзе лепш для ўсіх”, – так я тады думаў. Сьмешна, праўда?

У 2001-м я напішу апавяданьне “Талент заіканьня”, якое будзе перакладзенае на розныя мовы, выйдзе ў амэрыканскай анталёгіі “Best European Fiction“ і прынясе мне шмат славы. І ў ім я скажу, горда і з годнасьцю: літары вынайшаў заіка.

“Корабль, летящий вдаль

Мая кляса… Як і ва ўсіх клясах усіх школаў, у ёй вучыліся розныя людзі: свае нармальныя пацаны, шчырыя хлопцы, адмарозкі, пасрэднасьці, кар’ерысты, шэрыя мышкі, рана сасьпелыя прыгажуні, дубаломы, летуценьніцы і летуценьнікі. Дзяўчаты ў аднолькавых карычневых сукенках зь белымі карункамі, банты, касмэтыка – і мы, хлопцы, у сініх касьцюмах і гальштуках-селядцах. Дзіўна, што юначы школьны дрэс-код дазваляў больш за дзявочы: касьцюмы, прынамсі, можна было насіць рознага пакрою, розных фабрык, рознага адценьня сіняга або шэрага, а бедныя дзеўкі мусілі надзяваць аднатыповыя сукні. Больш за ўсё ў сваіх апранахах мы нагадвалі каманду афіцыянтаў, якая абслугоўвала чужое сьвята.

Падручнікі і сшыткі ў той час было прынята насіць у “дыпляматах” з мэталічнымі бліскучымі зашчэпкамі – прэстыжная была рэч, а партфэлі мелі вучні найменш заможных бацькоў. Дзявочы сьвет у старэйшых клясах рашуча перайшоў на сумкі. А потым зьявіліся пакеты – з надпісамі на “інастраннам”, мода на іх была павальнай, пакет з лацінскімі літарамі зрабіўся сьцягам школьніцтва і студэнцтва, сымбалем новага чалавека – Кліента і Спажыўца. 

Жорсткасьць была ў школе законам. Я памятаю ўрокі, на якіх гулялі ў квача кавалкам акрываўленай ваты – выхапленай завадатаркамі клясы ў нейкай слабой ахвяры ў жаночым туалеце і кінутай на пацеху хлопцам, з гучным абвяшчэньнем імя: у яе месячныя, ах…уець!

Памятаю, як моцныя даводзілі слабых, на кожным уроку, кожным перапынку, памятаю калектыўнае зьбіцьцё, байкоты, двубоі да крыві, абыякавасьць, цынізм і поўную адсутнасьць эмпатыі, выбітыя зубы, скрадзеныя рэчы, памятаю гнюснае жаданьне на кожным лапіку калідора і ў кожнай сытуацыі ўсталяваць цьвёрдую герархію, я памятаю пот і страх статку. І на ўсё гэта настаўнікі глядзелі скрозь пальцы, бо ўся сыстэма была пабудаваная на гэтым: страху, сіле, уладзе тупасьці і ўбоства, я памятаю альфа-самцоў і самак, і амэгаў, і калі ўсе на аднаго…

“Школа як школа” – пацісьне плячыма практычна любы дарослы чалавек, які прайшоў празь пекла ўсеагульнай адукацыі. Не. Ніхто не прымусіць мяне лічыць такі расклад прымальным і неабходным (нібыта для загартоўкі характару). Пабудаванае на прыніжэньні і гвалце апрыёры ня можа быць правільным, ня можа мець права на існаваньне. І вось гэта для мяне сапраўды – закон.

Школа прывучыла мяне ненавідзець калектывы і бегчы ад іх, а калі трэба – паўставаць супраць, быць аднаму супраць усіх – мой улюбёны стан. І пры гэтым я не магу сказаць, што належаў у клясе да пагарджаных ахвяраў – маё месца ў герархіі было недзе збоку, сярод фрыкаў, да якіх бессэнсоўна прымяняць “пацанскія” законы. Фрык існуе сам па сабе, зь ім можна гуляць у футбол, сьпісваць, абмеркаваць сёе-тое, зь яго можна і трэба ржаць і зьдзекавацца, але лепш за ўсё пакінуць яго ў ягоным уласным сьвеце, бо зачапіць яго па законах гэтага, рэальнага, цяжкавата. Сэнс і асалода тэрору ў рэакцыі на яго ахвяры – і правільнай рэакцыяй мусіць быць плач і просьба пра літасьць. А фрык на тое і фрык: хто яго ведае, што ў яго ў галаве – і дзе межы яго чульлівасьці…

Пасьля заканчэньня школы я ні разу не наведаў славутыя сустрэчы выпускнікоў. З тымі, з кім я сябраваў, сувязі захоўваліся вельмі доўга. А астатнія… Я проста ня ведаю, пра што мне зь імі размаўляць. Што нас яднае – акрамя карычневага будынку-сфінкса, акрамя дзесяці гадоў зьняволеньня ў адным, выпадковым і злучаным падлеткавым гвалтам і дзяржаўнай бюракратыяй труме карабля, “летящего вдаль”. Карабля зь нявольнікамі, якім сказалі, што яны ўсе мусяць ацалець, вырасьці і працаваць на гаспадара, бо ў гэтым і ёсьць сэнс жыцьця, бо так пабудаваны сьвет і так загадаў бог.

Пашпарт

У 1991-м мне споўнілася шаснаццаць і я атрымаў пашпарт грамадзяніна СССР. Усьведамленьне таго, што цяпер я – адзін зь мільёнаў чалавекападобных чарвячкоў, цалкам аддадзеных пад уладу монстра пад назвай “дзяржава”, доўга напаўняла мяне трывогай. Дзяржава, якой бы яна ні была, гэта заўжды жудасьць і зло. “Убей в себе государство!” – як слушна сьпяваў Ягор Летаў. Я думаў пра незалежную Беларусь як пра ўратаваньне ад гэтага савецкага дзяржаўнага усёўладзьдзя, але разумеў: хутка школа скончыцца – і мне трэба будзе рабіцца дарослым. А дзяржава не даруе дарослым таго, што яна даравала мне ўсе гэтыя школьныя гады.

З савецкім пашпартам я пражыў да пачатку новага тысячагодзьдзя. Трохі шкадую, што не атрымаў пашпарт з “Пагоняй” – не хацелася ў той час ісьці да бюракратаў, а неўзабаве стала ўжо позна, прыйшлі цёмныя часы – надоўга. У 2001-м я атрымаў пашпарт грамадзяніна лукашэнкаўскай Беларусі: на даляглядзе зьявіліся замежныя пэрспэктывы, і я здаўся, купіў у дзяржавы яе сінюю графаманскую кніжачку з амаль тым самым, знаёмым зь дзяцінства гербам.

Канец фільму

Улетку 1992-га мы сядзелі на школьным стадыёне і курылі – усёй нашай кумпаніяй. Гэта была першая цыгарэта ў маім жыцьці, і я мужна змагаўся з уласным арганізмам, які ўсяляк супраціўляўся, толькі б не прымаць у сябе атруту. Наперадзе быў выпускны, на якім я выпіў бутэльку віна і нават не захмялеў. Кажуць, так часта бывае першы раз. Макс зьбіраўся паступаць на філязофска-эканамічны факультэт БДУ, Слава – на архітэктуру, Лаўрэнцій – у пэдагагічны на гісторыка, Лёха – у наргас, я – на філфак пэду. Школа скончылася.

Наступны раз я ўвайду ў маю яшчэ не зусім чужую, але ўжо апанаваную зусім іншымі пахамі і гукамі школу ў ліпені 1994-га – каб аддаць свой голас за Пазьняка на першых у незалежнай Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах. І больш ужо ніколі сюды не вярнуся.

Чытайце папярэднія часткі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя»:

Разьдзел першы. 2018

Разьдзел другі. Школа

Комментировать