Арт

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя. Мова: гісторыя хваробы. Частка 2

1140 Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева

 

“Брыдкі хлопец, але ж наш, беларускамоўны”. Альгерд Бахарэвіч працягвае шчыры расповяд пра Беларусь 1990-х. Папярэднія часткі яго новай кнігі можна пачытаць тут.

НН

Пройдзе некалькі гадоў з таго дня, як я адкрыю для сябе “Тутэйшых” – і ў Менску зьявіцца віленская газэта, на кожны нумар якой я буду паляваць і якая паўплывае на мяне ня менш за “Тутэйшых”. Сяргей Шупа будзе адным зь яе аўтараў, перакладчыкаў і рэдактараў – але я тады ня надта задумваўся, хто хаваецца за псэўданімамамі SS і “Той самы”, а на імёны не зьвяртаў увагі. Я буду проста чытаць – і перачытваць, і ўрэшце зьбяру падшыўку той газэты, бо яна напоўніцу задаволіць маю прагу ў інтэлектуальнай беларушчыне – тая, сапраўдная, адноўленая “Наша Ніва”, НН Дубаўца, Шупы, Харэўскага, легендарная НН пачатку і сярэдзіны 90-х.

Гэта была альтэрнатыва – што б ні сьцьвярджалі сёньня яе стваральнікі.

Альтэрнатыва ўжо сасьпеламу, але яшчэ не надзеленаму ўладай, не гатоваму жэрці ўсё жывое лукашызму.

Альтэрнатыва афіцыёзу, мэйнстрыму, патасу і ўсім саплям і супавым наборам адраджэньня.

А з гледзішча дня сёньняшняга – і альтэрнатыва паўсталай пазьней жоўтай “Іхнай ніве”.

Альтэрнатыва ўсёй сучаснай палітычнай нудоце.

Альтэрнатыва ўсім Робатам Беларушчыны.

Дзьве душы

Стыль. Інтэлектуальнасьць. Дакладнасьць. Рэфлексія. Такой была НН 90-х.

Я купляў яе ў шапіку ТБМ, які стаяў каля Нацыянальнага банку – насупраць ГУМу. Купляў разам з касэтамі беларускіх гуртоў, іншымі газэтамі, кніжкамі і кніжачкамі і, вядома, значкамі (даўно мінуў той час, калі школьнік Алежка мусіў сам майстраваць сабе значкі з кардону і шпілек, цяпер знайсьці іх можна было паўсюль). Купляў, калі ўжо быў студэнтам пэдагагічнага ўнівэрсытэту. І цягаў газэту на заняткі: новы нумар! Магу даць пачытаць! – але ні ў аднакурсьнікаў, ні ў выкладчыкаў яна такога захапленьня не выклікала.

У той час я ўпершыню задумаўся пра тое, што існуюць дзьве плыні беларускасьці. Адна – падобная да рэлігіі, заснаваная на сьляпой веры, са сваім сонмам прарокаў, апосталаў і сьвятых, яе запаветамі былі: быць бліжэй да народу, быць даступнай, быць зразумелай, не сумнявацца і верыць у блізкасьць усеагульнага шчасьця, суцэльную беларусізацыю і перамогу ідэалаў, а ідэалам была патрыярхальная вясковасьць. Такі сабе нацыяналістычна-сялянскі камунізм. Гэтая плынь ставілася да НН і ёй падобных насьцярожана: занадта складана, занадта шмат розуму, рэалізму або наадварот, містыкі, занадта шмат Эўропы, Захаду, мадэрнізму і постмадэрнізму. Занадта шмат выбрыкаў і гульні. Занадта шмат гэтых модных інтэлектуальных штучак – народу такое ня трэба. Народ мудрэйшы за інтэлектуалаў, ён чысты, ахвярны і нявінны, і на яго трэба маліцца.

Маліцца на народ і пакланяцца прарокам і апосталам мне зусім не хацелася. Тая, другая плынь (і яе ўвасаблялі для мяне НН, “Тутэйшыя” і беларускі рок) была мне значна бліжэйшая: тонкасьць і элітарнасьць, інтэлект і сумнеў, крытыка і сучаснае мастацтва (рок, авангард, экспэрымэнт, эсэ як самы творчы і плённы жанр), арыентаванасьць на моладзь, адмова ад вечнай беларускай культурнай герантафіліі. Спроба асэнсаваць новую культурную сытуацыю – і жаданьне стварыць новыя герархіі, з уключэньнем туды забытых, выкрасьленых і зусім новых імёнаў.

Зрэшты, абедзьве плыні гаварылі, пісалі і сьпявалі па-беларуску. І гэты падзел не выключаў дыфузіі, узаемапранікненьня, уплываў, супольнай працы. Мова тады злучала ўсіх – маленькая беларуская культура была значна больш маналітнай, чым цяпер. Беларускамоўнасьць была галоўным маркерам і паролем: размаўляючы па-беларуску, ты мог быць пэўны, што цябе прымуць паўсюль, дзе ёсьць “нашы”.

Сэкта? Так. Але яна імкліва пашыралася. І вырасла ў нацыю. Сэкта была адкрытай, нацыя пачала шукаць сабе ворагаў. У 2000-я і пазьней падзел ня зьнікне – а наадварот, зробіцца яшчэ больш выразным. Лібэралы супраць кансэрватараў. Два вобразы Беларусі, два праекты адной краіны.

25 гадоў адноўленай «Нашай Ніве». Газета краіны, пастаўленай на паўзу

Але пакуль што я быў “сваім” для ўсіх беларускамоўных: мова яднала зь першага слова. І ня важна, якім тое слова было: “бог”, “Купала” або “правакацыя”. Клясычны прыклад прывяла неяк у адным са сваіх тэкстаў Марыя Мартысевіч, якой пашчасьціла пабываць у 90-х на канцэрце майго гурту ў Доме літаратара. Што б я толькі ні вырабляў на сцэне, што б ні крычаў у мікрафон, як бы ні выкручваўся, каб зрабіць нейкую брыду: бабулькі-нацыяналісткі ў залі ўсё роўна замілавана ўсьміхаліся: “Брыдкі хлопец, але ж наш, беларускамоўны”. Па-сапраўднаму абразіць кагосьці зь іх можна было толькі абразіўшы іхных сьвятых. Што я і зрабіў – але ўжо ў другой палове дзевяностых.

Зрэшты, тая, другая, сымпатычная мне плынь беларускасьці мела свой адметны моўны знак, які я прыняў яшчэ ў школе і які з гонарам нашу дагэтуль.

І імя яму: тарашкевіца.

Тарашкевіца

Я ўжо шмат разоў тлумачыў, чаму некалі абраў яе: раз і назаўсёды. Калі коратка, мае аргумэнты такія.

Тарашкевіца лепш перадае асаблівасьці беларускай мовы. Наркамаўка (не сама па сабе, а як палітычна-гістарычнае наступства імпэрскай экспансіі) нішчыць беларускую фанэтыку, скрыўляе мову.

Тарашкевіца – добрая перашкода русыфікацыі. Проста таму, што аддаляе беларускую мову ад расейскай, якая (зноў жа, не сама па сабе, а як інструмэнт у руках палітыкаў) заўжды будзе небясьпечна блізка.

Браніслаў Тарашкевіч, аўтар «Беларускай граматыкі для школ»

 

Тарашкевіца – правапіс, распрацаваны філёлягам і зь філялягічна-адукацыйнымі, дзяржава- і нацыятворчымі мэтамі. Наркамаўка створаная неабазнанымі ў лінгвістыцы асобамі з мэтай русыфікацыі, яна – інструмэнт рэпрэсій, яна была задуманая як першы этап у зьліцьці моваў. Няўжо пра гэта ніхто ня памятае? Няўжо не ганебна карыстацца правапісам улады, якая расстрэльвала беларускую культуру ў 30-х? Яны пачалі з правапісу – а скончылі людзьмі.

Тарашкевіца – гэта эўрапейскі выбар для беларускай мовы.

Тарашкевіца – гэта выклік саўку.

Тарашкевіца – гэта стылёва і прыгожа.

Тарашкевіца – лягічная. Наркамаўка – абсурдная, поўная дзіўных выключэньняў. Чаму “камусьці” пішацца зь мяккім знакам, а “сьвет” мусіць пісацца без? Людзі, якія сьмяюцца зь “філязофіі” і “клюбу”, проста ўспрымаюць беларускую мову расейскімі вушамі. Калі “плян”, “глёбус” і “клюмба” – гэта сьмешна, тады чаму нясьмешна: “лямпа” і “пляц”? Хтосьці можа гэта патлумачыць?

У непрыняцьці тарашкевіцы ёсьць нешта ірацыянальнае – і, на жаль, рабскае, паслухмянае, баязьлівае: так прынята, так усе пішуць, усе звыклі, усе так вучыліся… Народ не зразумее… Народ шмат чаго не разумее. Народ галасуе за гітлераў, пуціных, лукашэнак, народ галасуе супраць беларускай мовы, народ заўжды дазваляе маніпуляваць сабой. Калі б не знаходзіліся тыя, хто адкінуў гэты аргумэнт – “народ”, мовы ўжо не існавала б. Бо ў горадзе народ гаварыў і гаворыць па-расейску, а па-беларуску – тыя, хто пайшоў супраць большасьці. Хто не пабаяўся быць незразумелым. Хто думае пра цывілізацыйны выбар, а не пра тое, што галоўнае – жратва і работа, а астатняе: ды гары яно гарам… неяк жа будзе… абы мы жылі…

Я пішу тарашкевіцай з самага пачатку сваёй беларускай біяграфіі і заўважыў: тыя, у каго здараецца гістэрыка пры выглядзе тэкстаў тарашкевіцай – гэта звычайна людзі з кепскім густам і вялікай пыхаю, дагматыкі зь недахопам ведаў, яны дрэнна абазнаныя ў літаратуры, гісторыі, лінгвістыцы, яны ня ведаюць замежных моваў, дый беларускую як сьлед ня ведаюць. Калі я чую, што “чытачы не прымаюць тарашкевіцы”, я думаю пра ўсіх тых, хто пісаў і казаў мне, што менавіта тарашкевіца зацікавіла іх у свой час і прывяла да беларускай мовы і да маіх кніжак. А наркамаўка гадамі адбівала ахвоту чытаць па-беларуску – бо нішто так не адпавядае праславутаму і бязглуздаму вобразу “испорченный русский”.

Тарашкевіца для мяне – выклік мэйнстрыму, саўку, расеі ў галовах, выклік канфармізму, які пануе апошнім часам у культуры. Я буду трымацца за яе, як трымаўся ўсе дзевяностыя – гэта правапіс усіх маіх тэкстаў і кніг. Цяпер я адчуваю сябе, як Гюнтэр Грас – той самы пісьменьнік Грас, што не прызнаў апошнюю рэформу нямецкай мовы і працягваў да сьмерці пісаць так, як лічыў патрэбным і прыгожым. Забаўна ўяўляць сабе Граса, які, пыхкаючы люлькай, спрабуе знайсьці адэкватны адказ на жалезабэтонны аргумэнт: “Так цяпер пішуць усе…”

“Так робяць усе”, “гэта любяць усе”, “гэта чытаюць усе”, “так пішуць усе”, “так усе думаюць” – найлепшы матыў не рабіць, не любіць, не чытаць, не пісаць, думаць інакш. Большасьць заўжды памыляецца.

Няправільны беларус

У пэдагагічным я быў адным зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных студэнтаў. Але мае выкладчыкі былі дастаткова праніклівымі людзьмі – яны адразу разгадалі ўва мне няправільнага беларуса. Тарашкевіца шмат каго зь іх даводзіла да шаленства – калі б на маім месцы быў не такі самаўпэўнены малады чалавек, іхныя прыдзіркі назаўжды адвярнулі б гэтага студэнта або студэнтку ад беларускай мовы, бо, урэшце, мова адна, усяго толькі правапісы розныя.

Выкладчыкі чапляліся да маіх мяккіх знакаў і “клюбаў”, я не здаваўся, даводзячы ім беларускасьць і арганічнасьць тарашкевіцы, гэта злавала іх яшчэ больш. Тое, што я казаў, пісаў, рабіў, было для іх замахам на сьвятасьць мовы і літаратуры – а сьвятасьць тая трымалася на Глебку, Броўку, Шамякіне, Панчанку, Куляшове, трымалася “на рацэ Арэсе” і “маладой калгасьніцы”, што “жыве весела, ані дбае”. Ім было напляваць, што шанаваныя імі Быкаў і Караткевіч не цураліся тарашкевіцы. Яны хацелі, каб я быў тыповым беларускім студэнтам і нёс народу сьвятло адукацыі на роднай мове. А родная мова не цярпіць “філязофіі”, праўда?

Мова як аплявуха

Беларуская мова была для мяне найлепшай формай пратэсту: яна злавала, прыцягвала, раздражняла, узбуджала, яна была як завушніца або доўгія валасы, як іракез, яна была выклікам, яна не пакідала нікога абыякавым, за яе маглі зьбіць, плюнуць пад ногі або ў сьпіну, яна эпатавала і прымушала “іх” – думаць, а мяне – рабіла асаблівым, вылучала з натоўпу. Давала мне тую самую “асалоду супрацьстаяньня”.

Цяпер у Менску беларускай мовай можна зьдзівіць хіба адсталага жыхара ўскраін або расейскага эмігранта, упэўненага, што ён прыехаў з Расеі ў Расею, толькі чыстую і ўпарадкаваную. Ну, або турыста з той самай краіны. Выклікаць беларускай мовай нейкія іншыя эмоцыі – можна, але зьдзівіць, шакаваць: не, наўрад ці.

Санітары лесу

У 90-я ў Сонечным горадзе ўсё выглядала ня так прамяніста. Калі ты быў беларускамоўны – ты быў безабаронны. Ніхто не прыняў бы скаргі на тое, што цябе дыскрымінуюць. Ты пытаўся па-беларуску ў краме – і табе маглі папросту не прадаць тавар. Паслаць на…й, апэлюючы да чаргі, кінуць у твар зьнявагу, напасьці на вуліцы, абмяркоўваць усім аўтобусам. Усё гэта са мной здаралася, і ня раз.

Аднойчы да мяне прычапіліся на вуліцы, пачуўшы, што я гавару зь сябрамі па-беларуску – і вырашылі “выбить из головы всю хуйню”: гэта былі звычайныя, нармальныя хлопцы, “санітары леса”, як яны сябе называлі. Мяне папярэдзілі, што калі я паабяцаю, што ніколі больш ня буду “портить воздух” гэтым сваім “у…бищным языком”, мяне паб’юць не балюча, пакінуць цэлымі зубы (тады ў мяне якраз зьявіўся першы ўстаўны). Мы гаварылі доўга – і хоць я нічога ім так і не паабяцаў, хутчэй наадварот, зубы засталіся цэлыя, а вось твар распух.

Зразумела, што калі ты стаіш у перапоўненым аўтобусе, які абмяркоўвае, што трэба зрабіць з нацыяналістамі, калі яны вось так “наглеют” – гавораць “мовай” у грамадзкім транспарце, а ты зь дзяўчынай стаіш, прыціснуты імі да акна, дык гэта ня надта спрыяе думкам пра яднаньне з народам. У такія моманты я ўсьміхаўся – маўчаў і ўсьміхаўся, і задзіраў падбародзьдзе высока-высока, каб толькі яны не падумалі, што я іх баюся.

Кожны такі выпадак засмучаў і адначасна весяліў, выклікаў дэпрэсію і – найперш загартоўваў. Беларускамоўных, якія прайшлі школу агрэсіўных 90-х, так проста ўжо не праб’еш. У тыя гады я быў прынцыпова, да болю, да самага дна сумленьня беларускамоўны – і атрымліваў ад грамадзтва па поўнай. Гэта адтуль паганая фразачка, якой народ (той самы, які, бач ты, бедненькі, можа не зразумець тарашкевіцы) адказваў на тваю нявінную просьбу наліць табе кавы:

“Говори по-человечески и не выё…вайся!”

І гэта напаўняла цябе дзіўным, пякучым гонарам. Твая мова была нечым нечалавечым, нібы ты быў марсіянін, вымушаны зрабіць на гэтай плянэце аварыйную пасадку.

Відаць, калі б ты адмовіўся ад гэтай сваёй тарашкевіцы, народ наліў бы табе кавы бясплатна і адказаў бы з усьмешкай:

“Калі ласка, шаноўны спадару! На здароўечка! Вам з цукрам? Мо яшчэ і печыва? І сочыва? І малачка? І ключ ад кватэры? І пагаварыць? Пра метафізіку ў паэзіі Разанава?”

Сьвятая мова

Мая моўная стыхія 90-х, якая часта прыводзіла да канфліктаў: гэта беларуская, расейская і мат. Апошні проста немагчыма было ігнараваць – ён быў моваю вуліцы, мовай шчылін, мовай бедных і беспрытульных, ён застаецца ёй і цяпер, і калі мастак хоча быць шчыры, ён рана ці позна знойдзе мату адпаведнае выкарыстаньне.

У сярэдзіне дзевяностых мае знаёмыя панкі глядзелі на мяне з трапятаньнем і замілаваньнем: мая артадаксальная беларуская з уплеценымі ў яе мацернымі слоўцамі была нечым унікальным на нашых абшарах. Такіх груба-вытанчаных тэкстаў не пісаў ніхто – самое спалучэньне сьвятой беларускай мовы Купалы і Коласа зь нявінна-мацерным “блядзь” дзейнічала на людзей так, быццам іх ударылі каменным чэлесам па галаве. Зрыфмаваць “Нацыянальны сход” зь “я…аць у рот” было няцяжка – але ніхто, апрача “Правакацыі”, да такога не дадумаўся.

Ці лічыў я гэта паэзіяй? Не. Я заўжды падзяляў тэксты песьняў – і літаратуру. Тэксты я пісаў дзеля эпатажу, ня больш. Каб пракрычаць іх са сцэны. А вершы і прозу – бо дыхаў літаратурай і ня мог жыць безь яе магіі.

Я ўжо даўно хацеў зрабіцца пісьменьнікам.

Жыдамасон Гольгерд

Расейскай мовы ў маёй камунікацыі было значна менш, чым цяпер, каліўца нейкае, на скрайні выпадак. Я гаварыў па-беларуску зь сябрамі, дзяўчатамі, бацькамі, сваякамі, выкладчыкамі, вучнямі, калегамі, прадаўцамі, дактарамі, афіцыянтамі – і толькі тыя, хто ўваходзіў у “сэкту”, адказвалі мне па-беларуску. Я ня мог дазволіць сабе дзьвюхмоўе – інакш які быў бы ва ўсім гэтым сэнс?

Маці спачатку была крышку незадаволеная, але хутка звыклася: яна супакойвала сябе тым, што я ўсё ж будучы настаўнік, дый дзяржава на першым часе рабіла выгляд, што за беларускай мовай будучае, яе пачалі вучыць усе чыноўнікі, яна апынулася ў трэндзе. Бацька зьдзівіўся, але паставіўся прыхільна. Бабуля слухала маю літаратурную, гарадзкую беларускую з сумневам – яна ёй нагадвала польскую, а пасьля таго, як я назваўся Альгердам, западозрыла жыдамасонскую змову:

“Як ты цяпер завешся? Гольгерд? Ты што ж, у яўрэі падаўся, унучак?”

Цяпер у мяне беларускамоўная жонка, беларускамоўны брат, дачка – беларуска-нямецка-ангельская трылінгва, бацька, калі ў гуморы, ахвотна падтрымлівае размову па-беларуску. У нас збольшага беларускамоўныя сябры – а насамрэч людзі, для якіх мова не праблема, яны пераключаюцца з адной на адну, ведаюць замежныя мовы, купляюць беларускія кніжкі, гаворачы пра іх па-расейску, пішуць расейскамоўныя кніжкі, гаворачы пра іх па-беларуску, і ўсё гэта мне падабаецца. Падзел у грамадзтве цяпер адбываецца не па моўнай прыкмеце – падзел ідзе па лініі прытомнасьць/непрытомнасьць. Прытомны чалавек ня лічыць мову галоўнай каштоўнасьцю, ён карыстаецца ёй, каб быць вольным, роўным сярод роўных, рэалізоўваць сябе і ствараць прыўкраснае. І выяўляць сваю прытомнасьць і творчае вар’яцтва.

Час зьмяніўся. Беларускамоўныя паліваюць брудам іншых беларускамоўных, маналіту больш няма, а мова жыве – і ў яе застаўся толькі адзін вораг: улада.

Fuck you

Каб зразумець, як мала мой выгляд стасаваўся ў першай палове дзевяностых з вобразам маладога беларускамоўнага патрыёта, трэба на хвілінку ўглядзецца ў таго хлопца Алежку. Алежку, што бадзяецца, п’яны, закаханы і злосны па менскіх вуліцах, высокі: мэтр восемдзесят восем – і запамінальны, нібы зьбеглы ўзімку ад гаспадароў папугай.

Калі было цёпла, я насіў рваныя джынсы, маміну хустку і – падрапаную чырвоную дэрматынавую камізэльку, абвешаную значкамі і шпількамі і сьпярэзаную надпісамі хуліганскага і нацыяналістычнага зьместу. На сьпіне ў мяне было вялікімі літарамі выведзена: “Fuck you!”, на шыі вісеў унітазны ланцуг, а запясьце правай рукі было абкручанае леапардавых колераў фенечкамі. Валасы тырчалі ва ўсе бакі, мне ўсё хацелася адгадаваць іх так, каб яны прыгожа падалі на плечы, але хаер мой тады быў здаровы і густы, густатой валасоў я пайшоў у маму, і шавялюра мая ніяк не хацела прымаць форму. На фота, што ўпрыгожвае маю першую публікацыю (у часопісе “Першацьвет”, 1993), я менавіта такі: зарослы, сьмешны і ў жаночай хустцы, гляджу на сьвет спадылба і, здаецца, зусім ня рады свайму дэбюту.

У халодную пару я насіў даўгое чорнае паліто, таксама са штучнай скуры, і чорныя джынсы, якія мая добрая бабуля завужвала на сваёй швейнай машынцы – так ужо я яе ўпрошваў, так падлізваўся, што яна заплюшчвала вочы на відавочную непрыстойнасьць гэтых штаноў. Джынсы я запраўляў у бацькавы грубыя рабочыя боты з рыфлёнымі падэшвамі – у такіх працуюць электрыкі і токары. Час “Dr. Martens” яшчэ не прыйшоў. Пад паліто я надзяваў шырачэзныя чорныя швэдры з мэталічнымі гузікамі. Вядома, я любіў усё чырвонае і чорнае – гэта былі самыя анархісцкія колеры. І ўлетку, і ўзімку мяне часта спыняла міліцыя, абшуквала, пагражала – але, калі я быў цьвярозы, справа канчалася прафіляктычнай гутаркай.

Дзе я браў такія дзіўныя рэчы – у горадзе, дзе стылёвага адзеньня было не дастаць? А вось дзе: у сэканд-хэндзе. Найлепшы зь іх месьціўся ў Палацы культуры глуханямых, у якім мая мама працавала намесьніцай дырэктара. Там, у кучах замежных шмотак, можна было знайсьці тако-ое… Калі добра пакорпацца, вядома.

Бачачы маю жарсьць да ўсялякіх дзіўных апранахаў, аднойчы мне падаравалі скураныя мужчынскія майткі. Я дагэтуль зьдзіўляюся, як яны трапілі ў тыя горы скарбаў – можна толькі здагадвацца, хто быў іх першым уладальнікам і што ён у іх вырабляў. Магчыма, гэта быў нейкі нямецкі гей. У тыя часы я быў, ясная рэч, гамафобам – але скураныя майткі ўзяў, забаўна было насіць іх у кішэні і працягваць розным знаёмым дзяўчатам: здагадаешся, што гэта і для чаго?

На ростанях

Але вярнуся з гэтага падарожжа па сваіх небясьпечных моўных завулках у 1992 год. У той год я, які яшчэ нядаўна марыў пра ін’яз, бо быў найлепшым у нямецкай мове, канчаткова вырашыў ісьці туды, дзе гучыць Weissruthenisch. Паступаць у пэдагагічны ўнівэрсытэт, што акурат у той год зьмяніў імя свайго нябеснага апекуна – з Горкага на Максіма Танка. Бацькі падумалі і пагадзіліся. Дзяржава трымала асьцярожны курс на беларусізацыю, у ін’яз, паводле чутак, бралі толькі блатных, конкурс там быў высокі, а да хлопцаў у пэдзе заўжды было асаблівае, паблажлівае стаўленьне.

У той год, апошні мой год у школе, бацькі з дапамогай цёткі нанялі мне рэпэтытарку: двойчы на тыдзень я езьдзіў у Дражню і займаўся беларускай мовай. Даведаўшыся, што я цікаўлюся беларускай літаратурай і пішу сам, рэпэтытарка папрасіла паказаць ёй мае “творы”. Пачытаўшы, яна ўздыхнула і сказала:

“Я ведаю, з кім табе па дарозе. З гэтымі, маладымі. Глёбусамі. Чувствую…” – задумаўшыся, яна перайшла на расейскую і потым спахапілася: “Не абмінуць табе іх”.

Яна была добрай жанчынай і знаўцай сваёй справы. У тое лета, здаўшы беларускую літаратуру на пяць, прапусьціўшы адну патрэбную коску ў сачыненьні і наіўна запытаўшыся ў экзамэнатараў, што такое “бяз дай прычыны” на тэарэтычным іспыце, я перамог у сумленнай барацьбе ўсіх іншых прэтэндэнтаў на месца і без усялякага блату паступіў у Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт на толькі што створанае аддзяленьне:

“Беларуская мова, літаратура, сусьветная і айчынная культура”.

Чытайце папярэднія часткі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя»:

Разьдзел першы. 2018

Разьдзел другі. Школа

Разьдзел другі. Школа. Частка 2

Разьдзел трэці. Мова: гісторыя хваробы

Комментировать