Жизнь

«Пагоня» разладу

279 Паўлюк Печанько

Народная прыкмета: калі сцішыць дыханне побач з уключаным кампутарам, то можна пачуць, як беларусы дзяруць адзін аднаму чубы ў сацыяльных сетках.

Беларускі інтэрнэт-срач працуе ў рэжыме «два праз два», а часам нават без выходных і перапынку на абед. Нагоды для разборак самыя разнастайныя – для таго, каб трапіць пад раздачу, дастаткова недзе нешта неабачліва сказаць ці напісаць.

Літаратары супраць крытыкаў. Беларускамоўныя літаратары супраць беларускамоўных літаратараў, якія за рускамоўных літаратараў. Кансерватары супраць лібералаў. Народ супраць Чудзянцова. «Змагары» супраць Блішча. Усе супраць усіх.

Карацей, як у тым анекдоце: куды ні ткні зламаным пальцам – усё баліць. Уражваюць нават не нагоды для чарговай перапалкі ў белнэце, а сам градус нянавісці, імгненны пераход на асобы, збіванне ў зграйкі і калектыўнае цкаванне чарговай ахвяры.

Вельмі часта бакі такіх канфліктаў хутка забываюцца пра першапрычыну скандалу і банальна зводзяць рахункі за былыя «грахі». Вядома, у тым, што мы такія злосныя, вінаватыя далёка не супрацоўнікі ПЭН-цэнтру, дэсакралізатары Пагоні і беларускага арнаменту, фанаты Домрачавай ці персанальна Уладзімір Чудзянцоў. Гэта не мы такія – гэта жыццё такое.

Як ні дзіўна, усіх нас, удзельнікаў вентылятарных баталіяў, аб’ядноўваюць прыблізна аднолькавыя каштоўнасці. І прычына для незадаволенасці ў нас таксама агульная. Прычыне гэтай ужо больш за дваццаць гадоў. Не маючы магчымасці вырашыць нашую агульную праблему, мы выпускаем пар, зацята змагаючыся самі з сабой.

Гэтую сітуацыю цудоўна ілюструе анекдот пра беларускі менталітэт. Бацька з сынам-дзецюком спяшаюцца на цягнік, моцна спазняюцца. Прыбягаюць на вакзал, знаходзяць патрэбны перон, з якога два цягнікі пачынаюць раз’язджацца ў розныя бакі. Каторы іхні, канешне, ніхто не ведае. Бягуць за адным, пасля вяртаюцца і спрабуюць дагнаць другі. Марна: цягнікі з’язджаюць. Бацька моўчкі кідае на перон валізы і дае сыну моцнага кухталя, аж у таго шапка ў пыл паляцела. Сын (плачучы): «Бацька, за што?!». Бацька (з адчаем і злосцю): «А што рабіць? Што рабіць?!».

Старонняму назіральніку часам цяжка прыняць чыйсьці бок канфлікту. Не таму, што бакі не маюць рацыі. А менавіта таму, што рацыю звычайна маюць усе, а вось даводзяць яны яе адзін аднаму часта абсалютна нецывілізаванымі метадамі. Адстойваючы абсалютна светлую ідэю, апаненты банальна невелююць яе каштоўнасць, мякакка кажучы, неспартыўнымі паводзінамі.

Яскравы прыклад – канфлікт з нагоды «дэсакралізацыі святыні»: Уладзімір Крукоўскі, адзін з распрацоўшчыкаў эталона дзяржаўнага герба «Пагоня», збіраецца судзіцца з шэрагам актывістаў і журналістаў. Фармальная нагода – плагіят: неаднаразовае выкарыстанне элементаў эталона «Пагоні» без узгаднення з аўтарам. Рэальная ж прычына – абраза нацыянальнага сімвала. Як падкрэсліў сам сп. Крукоўскі, у судзе ён збіраецца «звярнуць увагу на праблему знявагі і дызайнерскіх сцёбаў, якіх нельга рабіць са святыняй».

Натуральна, як толькі гэтая навіна трапіла ў СМІ, у белнэце адразу ж усчаўся чарговы скандал. Вядома ж, з узаемнымі абвінавачаннямі і абразамі. Умоўны фан-клуб «Вершніцы» абвінаваціў Уладзіміра Крукоўскага ў сэксізме, а таксама у спробе расправы над маладымі творцамі з дапамогай суда – той самай рэпрэсіўнай сістэмы, якая апошнія пару дзесяцігоддзяў судзіла актывістаў за  выкарыстанне «незарэгістраванай сімволікі». Адпаведна, лагер абаронцаў «Пагоні» лічыць, што зварот у суд – гэта цалкам слушны крок, бо за "плагіят" трэба адказваць. А заадно гэта будзе добрым урокам усім гора-інтэпрэтатарам…

Трэці бок, умоўна нейтральны, канстатуе: аўтар сучаснай «Пагоні» адпачатку выказваў прэтэнзіі з нагоды парушэння аўтарскага права. Штуршком да звароту ў суд стаў факт абразы нацыянальнага сімвала (фотаздымак Алеся Плоткі ў падтрымку Насты Шпакоўскай). А заадно пад раздачу трапілі тыя, хто падтрымаў Алеся Плотку (піярыў «Вершніцу»), ці таксама парушыў аўтарскае права.

І вось паспрабуй разбярыся, чыя тут праўда, хто мае рацыю, а хто памыляецца? Уладзімір Крукоўскі адстойвае сваё аўтарскае права на сучасны варыянт «Пагоні». Яго апаненты сцвярджаюць, што «Пагоня» – дзяржаўны сімвал, а таму яна не можа лічыцца інтэлектуальнай уласнасцю яе аўтара. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што не мелі намеру нейкім чынам абразіць нацыянальны сімвал. Усе спробы пераасэнсавання герба «Пагоня» рабіліся выключна з мэтай папулярызацыі гістарычнай сімволікі. Сам мастак даводзіць, што пасьля рэферэндума 1995 г. «Пагоня» афіцыйна больш не з’яўляецца дзяржаўным гербам, а таму суд у справе абароны аўтарскага права хутчэй за ўсё будзе на яго баку. А вырашэнне судовай спрэчкі на яго карысць заадно паставіць на месца «дэсакралізатараў святыняў».

Чым скончыцца той суд (калі ён усё ж адбудзецца), казаць пакуль рана. Але ўжо цяпер выразна бачныя вынікі дасудовых разборак, што дазваляе рабіць пэўныя высновы. Адна з іх – ліміт драбнення беларускай незалежніцкай супольнасці яшчэ не вычарпаны, мы маем у запасе яшчэ не адну лінію разлому. Алесь Плотка падкрэслівае, што дадзены канфлікт – вынік непаразумення паміж пакаленнямі. Гэтую думку развіў Ціхан Чарнякевіч, артыкул якога можна лічыць разгорнутым контраргументам на досыць супярэчлівую тэзу У. Крукоўскага пра «пакаленне дзяцей Лукашэнкі».

Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем Ціхана Чарнякевіча. Але ніколі не трэба забывацца пра тое, што у любой спрэчцы, калі бакі ўжо дайшлі да высвятлення адносінаў, у канфлікце вінаватыя ўсе. Няўменне цывілізавана дамаўляцца паміж сабой робіць «дзецьмі Лукашэнкі» нас усіх, незалежна ад узросту і творчых дасягненняў.

Вяртаючыся да анекдота пра бацьку з сынам. Дваццаць гадоў таму мы ўсе не здолелі сесці ў свой цягнік: мы не спазніліся – нас не пусціў смадур-праваднік. За ўсе гэтыя дваццаць гадоў мы так і не здолелі сесці ў цягнік ізноў. Адзінае нашае дасягненне – умоўны сын налаўчыўся даваць умоўнаму бацьку кухталя ў адказ.

Час ужо нам прыдумаць спосаб, як ускочыць у свой вагон, не чакаючы, пакуль памрэ той лядашчы праваднік. І не забывацца, што без бацькавай «Пагоні» не было б адкуль узяцца сынавай «Вершніцы». Але і «Вершніца» дае «Пагоні» новае жыццё.

Комментировать