Арт

Не кекам адзіным. Беларускія пісьменнікі ў жыцці і анекдотах

441 Павел Абрамович

Элементы вокладкі кнігі Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот»

 

Янка Купала шукаў «девицу с огнем», Караткевіч прабіў цвіком сцяну ў кватэры Янкі Брыля, а Барадуліну прыйшлося прыкінуцца п'яным, каб не падпісваць ліст супраць Салжаніцына. Павел Абрамовіч прачытаў новую кнігу Сяргея Шапрана, каб пабачыць нашых сапраўдных герояў – у жыцці і анекдотах.

Мы звычайна не бачым у пісьменніку чалавека. Нас так не навучылі. Ну, а калі не бачым, — то і не разумеем, і не паважаем, і не любім.

Вазьміце школьны падручнік па літаратуры. Там пададзены не вехі лёсаў жывых людзей, а проста кінута спехам жменька біяграфічных фактаў у непрыглядныя чорныя грады «нарадзіўся–вучыўся–выдаў–памёр». І потым адразу ідуць густыя і бляклыя, як зарасці трыснёгу, раздзелы накшталт «Багацце духоўнага свету лірычнага героя» і «Мастацкая праўда ў паказе вайны».

Ці трэба пасля гэтага здзіўляцца, што некаторыя беларусы сур’ёзна лічаць, што Янка Купала — жонка Якуба Коласа? Ці што Броўку ад Глебкі многія наўрад ці здолеюць адрозніць — не тое, што па вершах, а нават па фотаздымках? Ці думаюць, што Бандароўна — беларуская пісьменніца, падобна Цётцы?

Магчыма, літаратуразнаўца Сяргей Шапран пасля выдання кнігі, дзе прыведзены байкі, аўтарамі і героямі якіх выступаюць пераважна нашы пісьменнікі, збярэ пад адной вокладкай гэтыя калялітаратурныя перлы невуцтва — мо, людзям пасля прачытання стане сорамна, а не смешна?

Але так было не заўсёды. Было і веданне нацыянальнай літаратуры, і павага да родных мастакоў слова. Аднак тады, у пасляваенныя часы, пакрысе паўставала іншая небяспека: народ пачынаў лічыць пісьменнікаў звышлюдзьмі, а тыя, набліжаныя да ўлады, былі зусім не супраць — і праз гэта ішло адчужэнне.

Нядзіва, што для беларусаў сталася шокам з’яўленне вясной 1971 году ананімнай самвыдавецкай паэмы «Сказ пра Лысую гару». У ёй беларускія пісьменнікі паказаны не як багі Алімпу, а як звычайныя людзі, каторым падфарціла атрымаць ад дзяржавы соткі пад лецішчы. І, Божухна, што тут пачалося ў іх грамадзе! Такога напалу жарсцяў, як у «Сказе...», не знойдзеш нават у «Дэкамероне» Бакачча!

Вокладка кнігі «Сказ пра Лысую гару»

 

Вострасатырычная беларускамоўная паэма, якая рыфма за рыфмай збівала пыху з беларускіх пісьменнікаў і ўадначас ізноў набліжала іх да людзей, разыйшлася імгненна, стаўшыся ў прамым сэнсе «народнай». Яе цытавалі, хапаючыся ад рогату за бакі; яе таропка перапісвалі ад рукі, каб кожны знаёмы і сябра даведаўся, прыкладам, што

«А ўвечар, позна да паўночы,

Навокал Лысае гары

Пісакі, вытрашчыўшы вочы,

Шукалі ўчасткаў нумары».

Напрыканцы 1980-х людзі закідвалі рэдакцыю «Вожыка» — выдаўца паэмы — патрабаваннямі тэрмінова падрыхтаваць да друку новы наклад «Сказу…». І яго выдалі, і яго раскупілі. Бо беларусы, нягледзячы на змрок у вачах, з даўніх часоў любяць усялякія «прадстаўленні»: батлейкі, байкі, показкі, паэмы накшталт «Тараса на Парнасе» ці проста смешныя гісторыйкі аб саміх сабе ці пра суседзяў-аўцюкоў, ці пра пінскую шляхту, ці пра граждана і сабаку. (Жудасна, што цяпер беларусам фактычна забаронена мець сваю гумарыстычную эстраду — стары шут Крыжаноўскі і крыўляка Галыгін не ў лік.)

Асабліва да спадобы беларусам тое, пра што падлеткi сёння кажуць «лол», альбо «кек». Маю на увазе найперш смешныя сітуацыі альбо саміх людзей, якія спрычыніліся да нечага забаўляльнага, а таксама кпіны і сарказм. У «Сказе…» кекаў было багата — ці не ў кожным радку кожнага з васьмі раздзелаў.

Сваю кнігу «Беларускі гістарычны анекдот», якая наследуе традыцыям «Сказу...», Шапран рыхтаваў цягам 15 гадоў, прычым збіраў яе «па драбніцах». Што ж, птушка (прабачце, даследчык) па зернейку клюе, але ж ёсць у нас глыбокія тэкставыя штольні, дзе такіх бліскучых анекдотаў багата — толькі ўзмахні кіркой і пасыпяцца кавалкі з залатой жылы. То тут у нас, то там, то дзесяць гадоў таму, то трыццаць такія гістарычныя анекдоты друкаваліся — чытачу, ахвочаму да кекаў ды лолаў, трэба было проста ведаць, дзе шукаць.

Напрыклад, шукаць у дакументальнай спадчыне Міхася Лынькова, дзе прыведзены ў тым ліку ліст пісьменніка да свайго калегі Янкі Брыля, які датаваны летам 1968 году. Ліст гэты стылізаваны пад старадаўні рукапіс і ўтрымлівае некалькі забаўляльных гісторыяў пра іх агульных сяброў:

«Мінулым днём спакусіў я едзіных з малых сіх — Сашку Куляшова і яго супружніцу Святлану (каму ж, як не ім, цягнуці на брэг маторые?) і даша кожнаму па спінінгу, адплыша ў мора. I пачашася веліе смяценіе на водах і на воздусех. Возгрымелі грамы веліі і пякоша маланкі, а хлябі нябесныя разверзліся і амачыху нас, які цюцей. I бысць нам веліе посрамленіе і ўсякае рыбіе насмеяхуся з нас — і шчупацы, і акуніе, і калючыя ершые. На прычале ўзрэў нас Максіме [Танк] і яко схімен, обітаяй у тайных, ізрэк: «Ну што, налавіў?..» На сіе маўчаніем адказаша, ізышэд я пад кроў свой, дабы асушыці адзежды свае і мысліе да парадку прывесці».

Ці шукаць у адным з лістападаўскіх нумароў газеты «Літаратура і мастацтва» за 1985 год, дзе было надрукавана эсэ Янкі Брыля «Наш Караткевіч», паўнюткае вясёлых успамінаў аб аўтары «Каласоў пад сярпом тваім». Прыкладам, як Караткевіч у сваёй хаце прыбіваў малатком старадаўняга драўлянага анёла, якога адшукаў у часе адной са сваіх шматлікіх вандровак па Беларусі, а вялікі цвік прайшоў наскрозь і вылез са сцяны ў кватэры яго суседа — ім быў сам Брыль. І гэта насамрэч толькі пачатак той вясёлай гісторыі, удзельнікам якой стаўся, акром двух пісьменнікаў, вучоны Адам Мальдзіс і якую сёння можна назваць гістарычным анекдотам.

Такіх гісторыяў, дзе ад вялікага (чалавека ці з’явы) да смешнага, і наадварот — адзін крок, дзе кек на кеку едзе і кекам паганяе, у нас было надрукавана нямала. Таму нельга сказаць, што кніга Шапрана — абсалютна ўнікальнае выданне для Беларусі. Аднак менавіта гэты даследчык усвядоміў небяспеку перарывання жывой повязі між літаратурай і грамадствам, якая калісьці існавала, а цяпер на яе месцы ці то пралегла мяжа абыякавасці, ці то паўстала сцяна адчужэння.

Так, сёння мы неяк сталі забываць, што «Пятрусь Броўка піша лоўка» — прыйшоў час нагадаць аб гэтым пры дапамозе зборніка «Беларускі гістарычны анекдот», які не толькі пра Броўку, але і пра нашых сучаснікаў — Някляева з Арловым і Хадановічам.

Нашы пісьменнікі-класікі — не гранітныя ці бронзавыя ідалы, чые пахмурныя статуі і барэльефы моўчкі акаляюць нас. Гэта жывыя людзі са сваім светапоглядам, складам характару, голасам, стылем, са сваёй годнасцю, сваімі жарсцямі, марамі, мроямі, тараканамі ў галаве. І, канешне, з уласным пачуццём гумару, уяўленнем, што ў гэтым свеце смешна, а што — не.

Веды і памяць пра гэта дапамагаюць лепш зразумець саміх літаратараў і іх творы, а таксама час, у якім ім было наканавана жыць. Здаралася, іншым разам толькі дзякуючы кекам тады і выжывалі.

З кнігі «Беларускі гістарычны анекдот» Сяргея Шапрана

«Настаўнік» Купала

Дадому да Якуба Коласа прыйшоў школьны настаўнік яго старэйшага сына Юркі, прыйшоў са скаргай, што вучань спявае ў школе непрыстойныя песні. Пачалі разбірацца, хто навучыў, і высветлілі, што гэта Янка Купала, калі гуляў у гасцях у Коласа ў шахматы, напяваў: «Дайце мне за руб з палцінай дзевіцу з агнём!»

Пад дурня

1973 год. Барадуліну прапанавалі падпісаць калектыўны асуджальны ліст супраць нобелеўскага лаўрэата Аляксандра Салжаніцына і акадэміка, «бацькі» вадароднай бомбы Андрэя Сахарава як «ворагаў савецкага народа». Аднак Барадулін, крыху выпіўшы, сыграў ушчэнт п’янага, які нічога не цяміць, — абы адчапіліся. І сапраўды — яго пакінулі ў спакоі.

Савецкае

Драматург Андрэй Макаёнак вярнуўся з Амерыкі. У кішэні заставалася некалькі долараў. Увечары ён завітаў у бар, што месціўся ў гатэлі «Мінск», і за долар купіў пляшку каньяку. Ужо на наступны дзень яго выклікалі у ЦК і па-бацькоўску дакаралі: савецкі чалавек павінен купляць каньяк не за долары, а за савецкія рублі!

Калі рэкамендацыя не на карысць

Травень 2003 года. Рыгор Барадулін выпраўляе Васіля Быкава да таксоўкі, той просіць сябра:

— Толькі, Рыгор, не прадстаўляй мяне таксісту, бо мінулым разам ты так адрэкамендаваў, што я заплаціў удвая болей. — І цераз паўзу: — Здаецца, Стэйнбек сказаў, што страта невядомасці ўскладняе жыццё.

Чытайце далей:

«А ты не Горват, а я была так рада…». Что не так с премией Гедройца

Правілы жыцця Ўладзіміра Караткевіча. «Нецярпімасць да нецярпімасці — адзінае, што павінна рухаць светам»

Нашы лепшыя 50. Самыя важныя кнігі беларускай літаратуры паводле экспертаў

Комментировать