Жизнь

Пошук нацыянальнага сімвала: афрыканская Беларусь

320 Севярын Квяткоўскі

Апошнім часам уважліва гляджу з сынам мультфільмы. Я хачу зразумець, што яму, дзевяцігадоваму, больш за ўсё цікава. Ён з задавальненнем успрымае самыя розныя стылістыкі і канцэпты. Глядзіць рэчы, арыентаваныя на розныя ўзроставыя групы. Са старэйшай бярэ штосьці новае, з малодшай, відаць, замацоўвае вывучаны матэрыял.

А нядаўна я ўбачыў на адным з дзіцячых каналаў анімацыйны фільм, зроблены ў змяшанай тэхніцы: маляванае, фота, і пластэлін. Прыблізна ў гэткім змяшаным варыянце я маляваў у школе новы герб БССР. Я нічога не ведаў тады пра «Пагоню», але разумеў, што савецкі варыянт – пануры адстой. У вянок з сельскагаспадарчай флоры закампанаваў зубра, скапіяванага з пачкі цыгарэт «Гродна».

Паралельна я калекцыянаваў манеты краінаў Афрыкі і вывучаў іхную сімволіку. Самы любімы герб быў мазамбіцкі – перакрыжаваныя матыга і «калаш». Каму што бліжэй. Хто як адлюстроўвае свой нацыянальны код.

Звычайна на афрыканскіх гербах адбітыя рэчы па прынцыпе «што бачу, тое і спяваю». Жывёлы, якія сімвалізуюць тыя ці іншыя якасці: харобрасць, дужасць, мудрасць. Ці жывёлы і расліны, ад якіх залежыць выжыванне людзей. Сельскагаспадарчыя, ваенныя ці паляўнічыя прылады.

Афрыканцаў можна па-свойму зразумець. Панятак геральдыкі прынеслі з сабою еўрапейцы. Ды сучаснае патрабаванне да краіны – мець сцяг і герб – ідзе з еўрапейскай традыцыі. Вось, новаствораныя у 1960-80 гады краіны і спрабавалі хто як мог імітаваць не ўласцівую сваёй традыцыі з'яву.

Да таго ж, афрыканскія краіны ўтвараліся не натуральным шляхам, а ў межах былых калоній, якія паўставалі бессістэмна, як атрымаецца. І пад адной юрысдыкцыяй апыналіся рознамоўныя, рознакультурныя, рознаканфесійныя народы. Якія месцамі не спыняюць вайну міжсобку дагэтуль.

У Беларусі няма, дый не было ніколі буйнамаштабнай грамадзянскай вайны. Зрэшты, як няма і згоды па прынцыповых пытаннях. Напрыклад, у які бок развівацца цывілізацыйна?

Нядаўна паважаны маэстра ад дызайну Уладзімер Цэслер прамовіў фразу, з якой вынікае, што ён гатовы з нуля распрацаваць дзяржаўную сімволіку: «При разработке государственных символов не стоит опираться на флору и фауну, считает художник. Василек, конечно, может стать неофициальной эмблемой страны по примеру ирландского клевера. Но вряд ли изображения растений или животных смогут выразить нашу национальную идею... Не стоит зацикливаться на орнаменте или “Пагоне”. Нам нужно найти что-то свое».

Пад матэрыялам мноства каментаў, я прывяду адзін з самых упадабаных чытачамі: «Зачем искать? Наши предки уже все придумали. Нам нужно только сохранить».

Не зусім зразумела, ці гэта спадар Цэслер агаварыўся па Фрэйду, ці ён сапраўды так мяркуе на канцэптуальным узроўні – што трэба нанова прыдумляць дзяржаўную сімволіку Рэспублкікі Беларусь. Але на самым пачатку 1990-х ужо былі прапановы за дзяржаўны сімвал узяць штосьці асобнае ад «Пагоні» і БССР-аўскага герба, але тым не менш – традыцыйнае. Для мяне было забаўна пачуць у той час пра «майго» зубра.

Майстар тонкай іроніі ў сваіх візуальных работах, Уладзімер Цэслер сам стаўся аб'ектам для жартаў. Фактычна ён заклікае пераплюнуць афрыканскія краіны. Маючы 700-гадовы герб і гісторыю арнаменту ў некалькі тысяч гадоў, ён прапануе адмовіцца ад іх.

У прынцыпе, рэзон можа быць падобны да таго, што гучаў на пачатку 1990-х: «Пагоня» не для ўсіх свая-прымальная, гэтаксама як савецкая сімволіка. То давайце адмовімся і ад аднаго, і ад другога на карысць нейтральнага варыянту дзеля згоды ў грамадстве.

Падобная спроба ўжо была з брэндаваннем Мінску. Тады цалкам адмовіліся ад гісторыі: і ад савецкай, і ад класічнай версіі. Выхаласцілі ідэю да «горада для ІТ-шнікаў ды інжынераў». Новы сімвал Мінску не быў прыняты грамадствам. Усім бракавала ўсяго.

Як па мне, можна было б выкарыстаць вобраз Фенікса. Мінск сапраўды ўнікальны па колькасці знішчэнняў і аднаўленняў. Але тады давялося б распавядаць і пра тое, як яго руйнавалі не толькі захопнікі, але і «свае» – камуністы.

Ды вазьмі любы брэндынг ці рэбрэндынг Мінску, ці ўсёй Беларусі, справа сутыкнецца з супрацьстаяннем нацыянальнае vs. савецкае. Таму не атрымліваецца і з рэбрэндынгам «Белавія» цяпер.

Валошка ці бусел могуць быць выкарыстаныя для прыватнай авіякампаніі. Дзяржаўная сваім рэбрэндынгам мусіць несці ўсяму свету нейкі мэсідж, нейкую думку. Мы – нацыянальная авіякампанія, і мы заяўляем, што... Што?

Што мы вісім між савецкім і новым/старым нацыянальным і не можам набрацца рашучасці абраць штосьці адно.

Дакладней, канкрэтнае адно – нацыянальнае. Бо відавочна, што савецкае, па-першае, не цікавіць новую генерацыю, ды і сталыя людзі далёка не ўсе за савецкае. А па-другое, выкарыстанне савецкага было пэўны час выключна беларускай фішачкай, якую цяпер актыўна выкарыстоўвае ўсходні сусед.

Беларускае грамадства ўключна з чыноўнікамі найвышэйшага рангу вісіць ва ўзросце, калі ўсе мульцікі цікавыя. Яшчэ не хапае ведаў і досведу, каб выпрацаваць канкрэтнае бачанне свету і сябе ў ім. Адным звыклае савецкае, але яны разумеюць, што гэта маральна састарэлая тэма. Іншыя – старыя антысаветчыкі, але іх пужае нацыянальнае – нязвыклае, невядомае.

Далей могуць быць эксперыменты. Як з канструктарам Lego. З БССР-аўскага прыбралі серп і молат, цяпер можна замяніць чырвоную зорку на Дзянніцу. Там, глядзіш, чырвона-зялёная стужка заменіцца арнаментам у бела-чырвоных колерах. Пасля з'явіцца зубр... :)

Нязменнай застанецца толькі ўнутраная работа людзей над выбарам: вы за сваё, ці вы за накінутае звонку?

Вось вынікі гэтай барацьбы вельмі дапамогуць дызайнерам з брэндынгам і рэбрэндынгам краіны цалкам і яе асобных складовых частак.

 

Фота: TUT.by

Комментировать