Деньги

Ці можна зарабіць на «вірусе беларуса»?

941 Янина Мельникова

Апошнім часам у Беларусі ў продажы ды ўжыванні паболела рознага кшталту кашуляў, сукенак, саколак і вышымаек з нацыянальнымі матывамі. Прадпрымальнікі не губляюць часу і спрабуюць зарабіць на хвалі патрыятызму, якая накрыла беларусаў розных узростаў. «Журнал» высвятляў, ці можна на ёй насамрэч добра зарабіць, якія тавары з нацыяльным каларытам зараз у цане і з чым звязаны гэты попыт на «сваё».

Нядаўна ў Мінску прайшоў Дзень вышыванкі, які меў без перабольшвання шалёны поспех. Арганізатары фэсту кажуць, што ніяк не чакалі такога інтарэсу да сваёй імпрэзы.

«Колькасць людзей, якія цягам дня завіталі на Дзень вышыванкі дасягнула 1,5 тысяч чалавек, і гэта пры тым, што мы рэкламавалі падзею выключна праз сацыяльныя сеткі, – кажа дырэктар Арт-Сядзібы і адзін з арганізатараў фэсту Павел Белавус. – Людзям за шчасце было атрымаць нават звычайную стужачку з арнаментам, якія і раней прадаваліся ў любой галантэрэі і каштавалі капейкі, ды чамусці ніхто іх не заўважаў, ды і проста пачуць мову ці ўзяць моўную налепку».

Наведвальнікі прыйшлі на падзею не толькі за дармовымі сувенірамі і размовамі на мове. Гледзячы па выніках Дня вышыванкі, шмат хто з іх вярнуўся дадому з сучасным адзеннем з моднымі нацыяльнымі прынтамі.

«Каля кропак symbal.by ды lstr.by увесь Дзень Вышыванкі не знікаў натоўп, у выніку толькі symbal.by прадаў каля 200 адзінак прадукцыі», – кажа Павел Белавус.

Зусім маладыя вытворцы, якія толькі адчулі, што гэта можа быць прыбытковаю справаю, прынеслі на Дзень вышыванкі па некалькі рэчаў сваёй вытворчасці – і ў выніку сыйшлі ўжо праз гадзіну, бо ўсё разабралі. Па словах арганізатара фэста, былі і такія брэнды, якія наогул не прыйшлі на яго. Але не з-за таго, што пагрэбавалі.

«Напрыклад, брэнд Honar не прыйшоў, бо не паспяваюць рабіць тое, што ўжо замовілі», – кажа Белавус. Honar робіць штучны тавар і замоваў у яго – на месяцы наперад. І гэта нягледзячы на немалую цану.

Кошт на адзенне з нацыянальным арнаментам вагаецца ад 200 тысячаў рублёў да некалькіх соцен долараў. Усё залежыць ад матэрыялу тканіны і спосабу нанясення арнаментаў. Калі гаворка ідзе пра звычайны прынт, кошт невысокі, а вось машынная ці ручная вышыўка не кожнаму па кішэні.

Акрамя таго, кошты на кашулі ды сукенкі з нацыяльным арнаментам залежаць і ад масаваці вытворчасці.

«Як ўсё сэрыйнае адрозніваецца коштам ад індывідуальнага. Спадзяюся, усім зразумела, што ні пра якія масавыя партыі гаворка тут не ідзе, а значыць, прадукцыя падпадае пад індывідуальную. Адпаведна, выдаткі высокія, наклады малыя. Чыстая эканоміка», – тлумачыць кошты на свой тавар Вадзім Пракопчык, стваральнік брэнда Sakolka.by.

На думку Пракопчыка, цікаўнасць беларусаў да ўсяго нацыянальнага, у тым ліку да нацыянальных матываў у адзенні – магчымасць для многіх невялікіх кампаній заявіць пра сабе, але не болей.

«Зарабіць “грашышчы” на продажы адзення і іншых рэчаў з арнаментам не атрымаецца – гэта занадта просты шлях. Трэба прапанаваць нешта іншае, больш складанае. І мы паспрабуем гэта прадэманстраваць бліжэйшым часам», – кажа Вадзім Пракопчык.

Між тым, як адзначае дырэктар Арт-Сядзібы Павел Белавус, калі хваля цікаўнасці да беларускіх матываў у адзенні і аксэсуарах не знікне (а падстваў для гэтага пакуль няма), то кампаніям варта рабіць на гэта стаўку, бо ніша амаль пустая.

«У людзях знутры загаварыў беларус, які пачаў вырывацца ў вольную прастору. Прага да мовы і вышыванкі – гэта самы просты спосаб дый найбольш заўважны. Бо мова гучыць, а беларускі арнамент стварае візуальны эффект», – лічыць Белавус. – «З чым звязана? Тут ёсць некалькі фактараў: першы, зразумела, падзеі ва Украіне пасля Майдану. Беларусы, якія маюць некалькі крыніцаў інфармацыі і не задурманеныя расійскімі СМІ, разумеюць уласную небяспеку для сябе і сям'і у хуткім часе апынуцца акупаванымі. І пакуль прымаюць крокі, праўда зусім маленькія, каб неяк абмежаваць сябе ад гэтага ўплыву. І гэтыя маленькія крокі вялікай колькасці людзей у нашым балоце ўспрымаюцца як новыя хвалі, уздым свядомасці».

З Белавусам пагаджаецца і Вадзім Пракопчык:

«Патрыятызм падштурхоўвае моду, мода падштурхоўвае патрыятызм. Калі усім захацелася выказацца на гэтую тэму, значыцца ў гэтым пункце нерв грамадства, нешта балючае і прыхаванае. І як толькі на гэты нерв націснулі, мы пачулі гук. Гэта добра. Першы крок да аздараўлення – выявіць, дзе і што баліць. Грамадству баліць за сваё».

Некаторыя кампаніі ўжо зрабілі стаўку на гэты нерв, кажа адзін з арганізатараў моўных курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка. Курсы, якія ў гэтым годзе працуюць не толькі для дарослых, але і для дзетак, безкаштоўныя. Але гэта не замінае розных вытворцам і бізнэсоўцам зарабляць на іх аўдыторыі.

«Сёлета мы даем сваім слухачам студэнцкія білеты, якія, сярод іншага, абяцаюць ім зніжкі пры пакупках у інтэрнэт-крамах ці паходах на беларускамоўныя канцэрты», – распавядае Глеб Лабадзенка.

Як кажа Лабадзенка, першыя некалькі кампаній прыходзілася ўгаворваць даваць зніжкі слухачам моўных курсаў. Зараз крамы і фірмы самастойна далучаюцца да ініцыятывы. На сённяшні дзень кампаній, якія дабраахвотна супрацоўнічаюць з «Мова Нанова» і зніжаюць кошты на свае тавары і паслугі да 25%, – пяць дзесяткаў. І іх колькасць з кожным днём павялічваецца.

«Кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі бачуць, што нашыя слухачы – гэта іх патэнцыйныя якасныя пакупнікі, якіх варта прывабліваць, у тым ліку і зніжкамі», – кажа Лабадзенка.

Беларускамоўныя і беларускаарыентаваныя грамадзяне розных узростаў і сацыяльнага статусаў з задавальненнем носяць «сваё», купляюць рэчы ў «сваіх» і нават наносяць на скуру «сваe» тату. У інтэрнеце з’явіўся рэсурс з тлумачэннем беларускіх арнаментаў, адмыслоўцы-энтузіасты стварылі беларускі арнамент-алфавіт. Моўныя курсы поўняцца тымі, хто не жадае быць манкуртамі. Спартоўцы праводзяць беларускамоўныя старты. І нават прэзідэнт загаварыў пра тое, што ў школах трэба павялічыць колькасць гадзінаў роднай мовы.

Звязана гэта з падзеямі ва Ўкраіне, ці проста прыйшлоў час на чарговую хвалю патрыяызму і перыяд Адраджэння, не істотна. Галоўнае, сталыя і малыя беларусы атрымліваюць такую моцную прышчэпку самаідэнтыфікацыі і такі важны ўрок любові да сваіх каранёў, якіх, трэба спадзявацца, хопіць на бліжэйшае дзесяцігоддзе. Бо за прылівам, як паказвае гісторыя і прырода, заўсёды ідзе адліў… 

 

Фото: symbal.by

Комментировать