Арт

Кен Кізі. «Палёт над гняздом зязюлі»

195 Журнал

Урывак з раману Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі» ў перакладзе Аляксея Знаткевіча. Раман выходзіць па-беларуску ў межах кніжнай серыі «Амерыканка». Падтрымаць серыю можна на платформе Ulej.

Белае месіва дыму і вады шуганула ззаду катэра; дзьверы крамы з трэскам расчыніліся і адтуль вывалілася капітанава галава, долу па прыступках, быццам цягнула за сабой ня толькі ягонае цела, але і целы астатніх васьмі мужыкоў. Яны з ровам беглі па прыстані і спыніліся каля самага кіпню пены, якая вымачыла ім ногі, калі Джордж зрушыў наш вялікі катэр зь месца і скіраваў прэч ад прычалу, і вось мы ўжо ў моры адны.

Ад нечаканага павароту катэра Кэндзі ўпала на калені, а Білі дапамог ёй падняцца і адначасова паспрабаваў перапрасіць за тое, як ён паводзіўся на прыстані. Макмэрфі спусьціўся з капітанскага мосьціка і спытаўся, ці ня хочуць яны пабыць удваіх, каб пагутарыць пра былое. Кэндзі паглядзела на Білі, а той у адказ здолеў толькі патрэсьці галавой і заікнуцца. Макмэрфі сказаў, што ў такім выпадку ён з Кэндзі спусьціцца паглядзець, ці няма дзе працёкаў, а мы тут нейкі час справімся самі. Ён стаў ля дзьвярэй у каюту, адсалютаваў нам, падміргнуў, прызначыў Джорджа капітанам, а Гардынга першым памочнікам, сказаў: «Трымайцеся, байцы», – і зьнік у каюце сьледам за дзяўчынай.

Вецер суцішыўся, і сонца паднялося вышэй, адпаліраваўшы хромавым бляскам усходні край глыбокіх і неспакойных зялёных водаў. Джордж трымаў курс проста ў адкрытае мора, поўным ходам, пакідаючы прычал і рыбацкую краму ўсё далей і далей ззаду. Калі мы мінулі канец прыстані і апошнюю чорную скалу, я адчуў, як мяне ахапіў магутны спакой – спакой, які нарастаў, чым болей мы аддаляліся ад берагу.

Некалькі хвілінаў нашыя ўзбуджана абмяркоўвалі свой пірацкі захоп катэра, але цяпер усе маўчалі. Празь нейкі час дзьверы ў каюту адчыніліся і на імгненьне выпусьцілі руку, якая выштурхнула скрыню піва, і Білі кожнаму адкрыў па бутэльцы адкрывачкай, што знайшоў у скрынцы для рыбацкай снасьці, раздаўшы піва ўсім. Мы пілі і пазіралі, як за намі ўдалечыні тоне зямля.

Прыкладна празь мілю Джордж зьменшыў хуткасьць да, як ён сказаў, «траўлернага дрэйфу”, паставіў чацьвярых нашых на карму з вудамі, а астатнія расьцягнуліся на сонейку на даху каюты ці на носе катэра, зьнялі кашулі і назіралі за тымі, хто спрабаваў наладаваць вуды. Гардынг сказаў, што кожны будзе закідваць, пакуль адна рыбіна ня возьме, а тады будзе мяняцца з тымі, хто яшчэ не вудзіў. Джордж стаяў за стырном, касавурыўся праз засоленую шыбу і выкрыкваў інструкцыі, як прымацаваць шпулі і лёску, як нажывіць селядца і як далёка ды глыбока закідваць.

– І возьмеш тую вуду нумар чатыры, павесіш на яе прычапны павадок з грузілам на дванаццаць унцыяў... я табе зара пакажу як... і во так во мы ўпалюем здаравеннага дзядзьку з глыбіні гэтай во вудай, каб мяне забрала!

Марціні падбег да краю, нахіліўся за борцік і ўперыўся долу ў кірунку сваёй лёскі.

– Ух ты, ух ты, божачкі мае, – выкрыкнуў ён, але для нас астатніх тое, што ён там пабачыў, было занадта глыбока.

Зь іншых катэраў, што хадзілі ўздоўж берагу, людзі таксама лавілі на блясну, але Джордж не спрабаваў да іх далучыцца; ён нязьменна трымаў курс міма іх, у адкрытае мора.

– Ясная халера, – казаў ён. – Мы пойдзем з траўлерамі, туды, дзе сапраўдная рыба.

Пракочваліся хвалі, цёмна-смарагдавыя з аднаго боку, хромавыя з другога. Гучала то лапатаньне, то гудзеньне рухавіка, бо вада то закрывала, то агаляла выхлапную адтуліну, а таксама было чуваць сьмешны, разгублены крык падраных чорных птушачак, што ў вадзе пыталіся адна ў адной дарогу. І больш нічога. Некаторыя з нашых спалі, астатнія пазіралі на ваду. Мы лавілі ўжо амаль гадзіну, калі кончык Сэфэлтавай вуды сагнуўся і нырнуў у ваду.

– Джордж! Божачкі, Джордж, дапамажы!

Джордж не зьбіраўся нават дакранацца да вуды; ён пасьміхнуўся і сказаў Сэфэлту ня ставіць на стопэр, трымаць канец угару, угару, і выцягваць гэтага дзядзьку!

– А што, калі пачнецца прыпадак? – заныў Сэфэлт.

– Як што? Будзем лавіць на цябе, як на жыўца, – сказаў Гардынг. – Давай, выцягвай, як капітан загадаў, і хопіць пра прыпадкі турбавацца.

Мэтраў за трыццаць ад катэра рыбіна заблішчэла на сонцы россыпам срэбнай лускі, Сэфэлт ажно вочы вылупіў і так захапіўся ейным выглядам, што апусьціў долу канец вуды, лёска лопнула і адляцела на катэр, як гумка.

Угару я табе казаў! Ты ёй дазволіў ірвануць, бачыш? Трымай канец вуды ўгару... угару! У цябе там здаравенны кіжуч быў, каб цябе забрала!

У Сэфэлта зьбялела і трэслася сківіца, калі ён нарэшце перадаў вуду Фрэдрыксану.

– Добра... але калі зловіш рыбіну з кручком у роце, гэта мая красуня, каб яе!

Я завёўся ня меней за астатніх. Быў не зьбіраўся лавіць, але як пабачыў гэтую сталёвую сілу на напятай лёсцы, дык зьлез з даху каюты, нацягнуў кашулю і стаў чакаць сваёй чаргі. Скэнлан прапанаваў скінуцца па пяцьдзясят цэнтаў, каб палову грошай атрымаў той, хто зловіць найвялікшую рыбіну, а яшчэ палову – хто зловіць першы. Не пасьпеў ён сабраць грошы і пакласьці ў кішэню, як Білі выцягнуў нейкую пачвару, што выглядала, як пяцікіляграмовая рапуха з калючкамі, нібы ў дзікабраза.

– Ня рыба гэта, – сказаў Скэнлан. – За такое грэх плаціць.

– Гэта й ня п-п-птушка.

– Гэтая во штука... зубаты цярпуг, – патлумачыў нам Джордж. – Нармальная ядомая рыба, калі бародаўкі абрэзаць.

– Бачыш. Таксама рыба. П-п-плаці.

Білі аддаў мне вуду, забраў сваю выйгранку і пайшоў прысеў ля каюты, дзе былі Макмэрфі зь дзяўчынай. Ён паглядаў на дзьверы зь няшчасным выглядам.

– Ш-ш-шкада, што ў нас няма вудаў на ўсіх, – сказаў ён, прыхінуўшыся да каюты.

Я сядзеў, трымаў вуду і назіраў, як лёска нацягваецца за кармой. Нюхаў паветра і адчуваў, як тыя чатыры бляшанкі піва, што я выпіў, закарацілі дзясяткі кантрольных правадоў унутры мяне, а навокал хромавыя хвалі мігцелі і зіхацелі на сонцы.

Джордж прапяяў нам глядзець наперад, там рыхтык тое, што мы шукаем. Я нахіліўся паглядзець, але пабачыў толькі вялікае бервяно на вадзе, вакол яго кружлялі і давалі нырца чорныя чайкі, нібы чорная лістота, што трапіла ў віхур. Джордж крыху прысьпешыў катэр якраз туды, дзе кружлялі гэтыя птушкі, і ад такой хуткасьці мая лёска нацягнулася так, што я ўжо ня ведаў, як распазнаць, калі раптам возьме рыбіна.

– Гэтыя дзядзькі, бакланы гэтыя, ідуць за касяком стынкі, – тлумачыў нам Джордж з-за стырна. – Такая маленькая белая рыбка, памерам з палец. Іх яшчэ называюць рыба-сьвечка, бо калі іх высушыць і падпаліць, яны гараць, як сьвечкі. Яны кармавая рыба, прынада. Там, дзе вялікі касяк стынкі, заўсёды будзе карміцца кіжуч.

Ён скіраваў катэр на птушак непадалёк бервяна, і раптам гладкія хромавыя хвалі вакол мяне раздрабіліся – птушкі ныралі, пенілася рыбная драбяза, і ўсё гэта рэзалі гладкія срэбна-блакітныя ласасёвыя сьпіны-тарпэды. Я пабачыў, як адна са сьпінаў зьмяніла напрамак і скіравала туды, дзе мэтраў за трыццаць ад кончыка маёй вуды меўся быць мой селядзец. Я напружыўся, сэрца зазьвінела, і тут я абедзьвюма рукамі адчуў рывок, быццам нехта вытнуў па вудзе бэйсбольнай бітай, а лёска паляцела са шпулі з-пад майго пальца, чырвоная, як кроў.

– Прыцісьні стопэр! – крыкнуў мне Джордж, але я ні чорта ня цяміў у тых стопэрах, таму проста мацней ціснуў вялікім пальцам, пакуль лёска зноў ня стала жоўтай, потым запаволілася і спынілася. Я паглядзеў навокал – усе тры астатнія вуды матляліся, як і мая, а ўсе нашыя ўзбуджана пхаліся долу з даху каюты і з усяе моцы блыталіся пад нагамі.

– Угару! Угару! Трымайце канцы ўгару! – крычаў Джордж.

– Макмэрфі! Вылазь і паглядзі, што тут.

– Каб ты быў здаровы, Фрэд, ты маю красуню злавіў!

– Макмэрфі, нам дапамога трэба!

Я пачуў, што Макмэрфі сьмяецца і пабачыў краёчкам вока, як ён стаіць ля дзьвярэй у каюту і нават не паварушыцца, каб нешта зрабіць, а я быў надта заняты дужаньнем са сваёй рыбінай, каб папрасіць дапамогі. Усе крычалі яму, каб дапамог, але ён не зварухнуўся зь месца. Нават доктар, у якога была донка, прасіў Макмэрфі дапамагчы, але той толькі сьмяяўся. Гардынг нарэшце пабачыў, што ад Макмэрфі нічога не дачакаесься, таму ўзяў бусак і закінуў маю рыбіну на катэр прыгожым зграбным рухам, быццам усё жыцьцё рыбу на борт выцягваў. Гэты ласось памерам з маю нагу, падумаў я, здаравенны, як слуп у плоце! Большы, чым любы з тых, што мы лавілі на вадаспадах. Ён скача па ўсёй палубе, як шалёная вясёлка! Размазвае кроў і раскідвае луску, як срэбныя манэткі, а я баюся, што ён скокне за борт. Макмэрфі нават не паварушыўся, каб дапамагчы; Скэнлан схапіў рыбіну і прыціснуў, каб ня выскачыла з катэра. Зьнізу выбегла дзяўчына, закрычала, што цяпер ейная чарга, чэрці вы, схапіла маю вуду і тройчы засадзіла ў мяне кручок, пакуль я ёй спрабаваў прывязаць селядца.

– Ну ты тормаз, Правадыр, ніколі такога павольнага ня бачыла! Ой, у цябе палец крывавіць. Гэтая пачвара цябе ўкусіла? Нехта перавяжыце яму палец... хутчэй!

– Зноў заходзім на рыбнае месца, – крычыць Джордж, я закідваю лёску за карму і бачу, як бліск селядца зьнікае ў цёмным сіне-шэрым ласасёвым натоўпе, а лёска са сквірчэньнем сыходзіць пад ваду.

Дзяўчына хапае вуду абедзьвюма рукамі і скрыгоча зубамі:

Ой не, чэрці вы! Ой не!..

Яна падскочыла, засунула вуду паміж ног і трымае яе дзьвюма рукамі пад шпуляй, а дзяржак шпулі б'ецца аб яе, пакуль размотваецца лёска. «Ой не!” На ёй па-ранейшаму зялёная куртка Білі, але дзяржак яе расхінуў, і ўсім відаць, што яна ўжо без футболкі – усе вытрэшчваюцца, спрабуюць выцягнуць сваю рыбу і ўнікнуць маёй, якая ляпае па палубе, а дзяржак шпулі так хутка пляскае ёй аб цыцку, што смочка расплылася ў чырвоную кляксу!

Білі падскоквае на дапамогу. Нічога лепшага не прыдумаў, як схапіць яе ззаду і дапамагчы прыціснуць вуду да грудзей так, што шпуля спыняецца ад аднаго толькі ціску яе вабнотаў. Цяпер яна так туга напялася, і грудзі так зацьвярдзелі, што здаецца, калі б яны зь Білі выпусьцілі вуду з рук, яна ўсё роўна засталася б тарчма.

Гэтая тузаніна трывае нейкі час, для мора нейкае імгненьне – нашы лямантуюць, дрыгаюцца, лаюцца і спрабуюць вудзіць ды адначасова глядзець на дзяўчыну; ува ўсіх пад нагамі крывавае жудаснае змаганьне паміж Скэнланам і маёй рыбінай; лёскі заблыталіся і цягаюцца сюды-туды, а доктаравы акуляры на вяровачцы зачапіліся і вісяць на лёсцы за тры мэтры за кармой; рыба скоча на сонечныя зайчыкі ад лінзаў; дзяўчына лаецца напоўніцу і ўжо бачыць свае голыя грудзі – адну белую, а другую пякуча-чырвоную – а Джордж ужо не глядзіць, куды кіруе, таму катэр уразаецца ў тое бервяно, і ён глушыць матор.

А Макмэрфі сьмяецца. Гойдаецца і нахіляцца ўсё далей назад, прыхінаецца да сьценкі каюты, раскідвае сьмех над вадой – сьмяецца зь дзяўчыны, з усіх нашых, з Джорджа, з таго, як я смакчу скрываўлены палец, з капітана, які застаўся на прычале, з раварыста і з тых мужыкоў на запраўцы, зь пяці тысяч дамоў, зь Вялікай Сястры і з усяго гэтага разам. Бо ён ведае, што трэба сьмяяцца з рэчаў, ад якіх табе баліць, проста каб захаваць раўнавагу, проста каб гэты сьвет не зрабіў зь цябе поўнага вар'ята. Ён ведае, што ёсьць боль; ён ведае, што мне пячэ палец, грудзі ягонай дзяўчыны – у сіняках, а доктар губляе акуляры, але ён не дазваляе болю зацьміць весялосьць, гэтак сама як і весялосьці зацьміць боль.

Я бачу, што Гардынг заваліўся ля Макмэрфі і таксама сьмяецца. І Скэнлан сьмяецца на ніжняй палубе. Сьмяюцца зь сябе і з усіх нас. І дзяўчына, у якой яшчэ сьлязяцца вочы, калі яна пераводзіць позірк зь белай цыцкі на чырвоную, таксама засьмяялася. І Сэфэлт, і доктар, і ўсе мы.

Гэта пачалося павольна і разгарнулася напоўніцу, надзімаючы людзей усе больш і больш. Я назіраў, адзін зь іх, сьмяяўся разам зь імі – і ўсё ж ня зь імі. Я быў па-за катэрам, лунаў па-над вадой, коўзаўся на хвалі ветру разам з чорнымі птушкамі, высока над сабой, і я мог паглядзець долу і ўбачыць сябе разам з астатнімі, пабачыць, як катэр калыхаецца пасярод птушак-нырцоў, пабачыць Макмэрфі ў атачэньні яго тузіну людзей, і назіраць як яны, мы, раскручваюць гэты сьмех, як ён разьбягаецца па вадзе ўсё шырэйшымі коламі, усё далей, далей, пакуль не абрынецца на пляжы па ўсім узьбярэжжы, па ўсіх узьбярэжжах сьвету, хваляй за хваляй за хваляй.

Дачыталі ўрывак да канца? Ура! Падтрымайце выданне гэтай кнігі, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе Ulej!

Чытайце таксама ўрывак з раману Чарлза Букоўскі «Чытво» ў перакладзе Ігара Кулікова і з раману Чака Паланюка «Байцоўскі клуб» ў перакладзе Сержа Мядзведзева.

«Журнал» запрашае сваіх чытачоў выбраць самыя важныя беларускія кнігі за 500 гадоў. Прыміце ўдзел у нашым апытанні!

Комментировать