Арт

Чак Паланюк. «Байцоўскі клуб»

176 Журнал

Урывак з раману Чака Паланюка «Байцоўскі клуб» ў перакладзе Сержа Мядзведзева. Раман выходзіць па-беларуску ў межах кніжнай серыі «Амерыканка». Падтрымаць серыю можна на платформе Ulej.

8 жніўня фільм «Байцоўскі клуб» рэжысёра Дэвіда Фінчэра можна бясплатна паглядзець у Мінску з беларускімі субтытрамі! Падрабязнасці тут.

Хлапец са службы бяспекі ўсё мне растлумачыў.

Калі валізка цікае — у багажным аддзеле ўсім пляваць. Гэты хлапец, ён называў багажны аддзел «кідаламі». Сучасныя бомбы не цікаюць. Але калі валізка вібруе, гэтыя «кідалы» клічуць паліцыю.

Вось так я і стаў жыць у Тайлера — праз чуйнасць авіякампаніяў да вібрацыяў багажу.

Я вяртаўся дадому з Даласа, і ў мяне ўсё было ў адной валізе. Калі шмат лётаеш, бярэш з сабой адное і тое ж. Шэсць белых кашуляў. Дзве пары чорных нагавіцаў. Неабходны для выжывання мінімум.

Дарожны будзільнік.

Электрагаляк на батарэйках.

Зубную шчотку.

Шэсць споднікаў.

Шэсць параў чорных шкарпэтак.

Ад хлапца са службы бяспекі я даведаўся, што ў Вашынгтоне на пагрузцы мая валіза вібравала. Таму паліцыя яе зняла. А ў мяне ўсё было ў гэтай валізе. Кантэйнер пад кантактныя лінзы. Чырвоны гальштук у сінюю палоску. Сіні — у чырвоную палоску. Тое былі не якія там клубныя, а сапраўдныя бізнес-галштукі. І адзін чыста чырвоны.

Гэты спіс вісеў у мяне на дзвярах спальні.

Я жыву ў кватэры на пятнаццатым паверсе кааператыўнага дома. Гэткай сабе шафе з шуфлядамі для ўдоваў і маладых спецыялістаў. У рэкламнай брашурцы абяцалі падлогу, столь і сцены ў фут бетону паміж мною і любым музычным цэнтрам ці тэлевізарам у суседзяў. Фут бетону і кандыцыянер. Адно толькі вокны не адчыняюцца. Таму нават нягледзячы на кляновы паркет і вылючальнікі з рэгуляваннем яркасці, усе тысяча семсот футаў гэтага паветранепранікальнага збана пахнуць тваім нядаўнім абедам або шлакамі, толькі што змытымі ў прыбіральні.

Вось, плюс яшчэ сталешніцы з натуральнага дрэва на кухні і нізкавольтная сістэма асвятлення са зменнымі кірункамі.

Але ўсё ж фут бетону — важкі аргумент, калі ў тваёй суседкі села батарэйка ў слыхавым апараце, і яна глядзіць тэлешоў, урубіўшы гук на ўсю моц. Або калі ад вулканічнага выбуху газу вылятаюць вокны на ўсю сцяну, і ахопленыя полымем рэшткі тваёй мэблі і тваіх рэчаў, так што твая кватэра — толькі яна адна — ператвараецца ў абвугленую бетонную дзірку ў будынку.

Такое здараецца.

Посуд ручное працы з зялёнага шкла, з маленькімі бурбалкамі, шурпатасцямі і пясчынкамі — без сумневу, праца шчырых, простых, працалюбных тубыльцаў — якая розніца, адкуль — ну дык вось, гэты посуд ад выбуху таксама ляціць праз вакно. Зрываюцца і лятуць, дагараючы шматкамі ў паветры, даўжэзныя фіранкі. Усё гэтае спакмяннё ляціць у языках полымя з вышыні пятнаццатага паверха і градам аскепкаў абрынаецца на машыны долу.

А я сплю сабе ў самалёце, што ляціць на захад з хуткасцю 0.83 Маха (або 455 міляў за гадзіну — сапраўдная хуткасць самалёта), — між тым, як ФБР правярае ў аэрапорце Вашынгтона маю валізу — шукае бомбу. У дзевяці з дзесяцёх выпадкаў, кажа хлапец са службы бяспекі, гэта — электрагаляк. І гэта быў мой электрагаляк. У астатніх выпадках — гэта вібратар.

Гэтак казаў хлапец са службы бяспекі. Калі я ўжо прыляцеў — без багажу — і збіраўся ўзяць таксі дадому, дзе мяне чакалі раскіданыя па зямлі ашмёткі паркалёвых прасцінаў.

Уяві, кажа ён, ты паведамляеш пасажырцы, што ейны багаж застаўся на ўсходнім узбярэжжы праз вібратар. А часам такое здараецца і з мужыкамі. Палітыка авіякампаніяў — ані знаку, каму належыць вібратар. Трэба казаць «нечы» вібратар.

Нельга — «ваш вібратар».

Ніколі, ні пры якіх абставінах нельга казаць «выпадкова ўключыўся ваш вібратар».

Уключыўся нечы вібратар, узнікла надзвычайная сітуацыя, спатрэбілася эвакуяваць ваш багаж.

Ішоў дождж, калі я прачнуўся, каб зрабіць перасадку ў Дэнверы.

Ішоў дождж, калі я прачнуўся перад самай пасадкай. Вось я і дома.

«Паважаныя пасажыры, калі ласка, не забывайцеся на свае рэчы...». І раптам я чую сваё імя.

Маўляў, падыдзіце, калі ласка, да выхаду, вас чакае прадстаўнік авіякампаніі.

Я пераводжу гадзіннік на тры гадзіны назад. І ўсё адно — ужо за поўнач.

Ля выхаду мяне чакаў прадстаўнік авіякампаніі і той хлапец са службы бяспекі. Ха-ха, электрагаляк затрымаў ваш багаж у Вашынгтоне! Ён назваў багажны аддзел «кідаламі». Потым — «рабаўнікамі». Мне яшчэ пашанцавала, сказаў хлапец, што гэта хоць не вібратар. А потым, мабыць, таму, што я — мужык, і ён — мужык і што часу — першая гадзіна ночы, і мабыць, каб рассмяшыць мяне, ён сказаў, што сцюардэса на прафесійным жаргоне — «паветрахеса». Ён казаў так, нібы на ім была ўніформа пілота, белая кашуля з маленькімі пагонамі ды сіні гальштук. Ён сказаў, што мой багаж праверылі і ён прыбудзе наступнага дня.

Ахоўнік папрасіў мяне назваць сваё імя, адрас і тэлефон. А потым спытаў, якая розніца між прэзерватывам і кабінай экіпажа.

— У прэзерватыў уторкнецца толькі адзін член, — сказаў ён.

Я аддаў таксісту апошнія дзесяць баксаў.

Паліцэйскія з участку таксама ўсё выпытвалі. Мой электрагаляк — праверана: не бомба — па-ранейшаму заставаўся за тры часавыя зоны ад мяне.

А нешта — сапраўдная вялікая бомба — разнесла мае па-майстэрску зробленыя столікі «Njurunda» ў форме зялёна-лімонавага «інь» і аранжавага «ян», злучаных у кола. Цяпер ад іх засталіся толькі трэскі.

Мой камплект мяккай мэблі «Haparanda», абшытай аранжавай тканінай, дызайну Эрыкі Пекары. Цяпер ён — куча друзу.

І я быў не адзіным нявольнікам свайго гнязда. Я ведаю людзей, якія раней гарталі ў прыбіральні «Playboy», а цяпер — мэблевыя каталогі «IKEA».

У нас ва ўсіх — аднолькавыя крэслы «Johanneshov» у зялёную палоску дызайну Стрынэ. Мае, абгарэлыя, ляснуліся з пятнаццатага паверха акурат у фантан.

У нас ва ўсіх — аднолькавыя папяровыя лямпы «Rislampa/Har», зробленыя з дроту і экалагічна чыстай нябеленай паперы. Ад маіх засталіся толькі канфеці.

Усё гэта — дзякуючы чытанню ў прыбіральні.

Сталовыя прыборы «Ale». Няржаўная сталь. Можна мыць у пасудамыйнай машыне.

Насценны гадзіннік «Vild» з ацынкаванай сталі. Як я мог выстаяць?!

Камплект палічак «Klipsk». Не, ну як тут выстаіш!

Скрынкі для капелюшоў «Hemlig». Бяру!

Раскіданыя рэшткі ўсяго гэтага блішчэлі на вуліцы каля майго дому.

Набор падкоўдранікаў «Mommala» дызайну Томаса Хэрыла. Розных колераў у асартыменце:

Архідэя.

Фуксія.

Кобальтавая сінь.

Чорнае дрэва.

Чорны бурштын.

Яечная шкарлупа або верас.

Ды я цэлае жыццё паклаў, каб усё гэта набыць!

Мае журнальныя столікі «Kalix», пакрытыя цёмным лакам.

Мае столікі-матрункі «Steg».

Купляеш мэблю, кажаш сабе: з гэтай канапай мне ўжо да канца жыцця ніякай іншай не трэба. Купляеш, год-другі ты ўпэўнены: што б ні здарылася, прынамсі, з канапай у цябе — поўны ажур.

Затым — ідэальны набор посуду. Ложак, пра які можна толькі марыць. Фіранкі. Дыван.

А затым тваё гняздзечка ператвараецца ў пастку. Раней ты валодаў рэчамі, цяпер — яны табой.

Пакуль не вяртаешся аднойчы дахаты з аэрапорту...

Раптам з ніадкуль паўстае швейцар і паведамляе: у вашай кватэры адбыўся выбух, прыязджалі паліцэйскія, усё выпытвалі.

Паліцэйскія думаюць, гэта мог быць газ. Мабыць, пагасла кантрольная гарэлка або я не перакрыў канфорку, і газ выходзіў, падымаўся да столі, запаўняў усю кватэру пакой за пакоем. За дзень-другі газ запоўніў усе тысячу семсот квадратных футаў жылой плошчы ад падлогі да самай столі. І тады ў лядоўні ўключыўся кампрэсар.

Дэтанацыя.

Павыляталі вокны з алюміневымі рамамі на ўсю сцяну, канапы, лямпы, посуд, прасціны ў языках полымя, школьныя дзённікі, дыпломы, тэлефон з тэлевізарам. Усё маё майно паляцела каметай з пятнаццатага паверху.

О не, толькі не лядоўня! У мяне там было столькі розных гатункаў гарчыцы ручнога памолу, «ангельскі паб», чатырнаццаць нізкакаларыйных соўсаў да салаты, сем гатункаў каперсу.

Згодны, згодны — поўная хата прыправаў, а сапраўднай ежы — ні грама.

Швейцар смаркануўся, і ў ягоную насоўку нешта шмякнулася, быццам бейсбольны мяч — у пальчатку лаўца.

Ён сказаў, што я магу падняцца на пятнаццаты паверх, але ў кватэру заходзіць нельга — загад паліцыі.

Паліцэйскія пыталіся, ці не вырашыла мне адпомсціць кінутая дзяўчына і ці не нажыў я сабе ворага, які мог дастаць дынаміт.

— Там няма на што больш глядзець, — казаў швейцар. — Акрамя хіба што абгарэлай бетоннай скрынкі.

Паліцыя не выключала падпал, бо не было паху газу. Швейцар уздымае брыво. Гэты дзед ведаў адно — заляцацца да пакаёвак і нянек, якія працавалі ў вялікіх кватэрах на верхнім паверсе і чакалі, седзячы пасля працы ў вестыбюлі, пакуль па іх заедуць. Усе тры гады, што я тут жыў, швейцар штовечар сядзеў і чытаў часопіс «Ellery Queen», пакуль я перакладаў пакункі і торбы ў адну руку, каб самому адчыніць сабе дзверы.

Швейцар уздымае брыво і кажа, маўляў, часам людзі надоўга з’язджаюць і пакідаюць свечку — даўгую-даўгую свечку — у вялікай лужыне бензіну. Калі ў іх праблемы з грашыма. Калі яны хочуць зажыць па-людску.

Я запытаўся, ці можна паталефанаваць з вестыбюля.

— Моладзь хоча, каб усе ад іх ахалі, і накупляе ўсяго і паболей, — казаў швейцар.

Я патэлефанаваў Тайлеру.

У арандаваным доме Тайлера на Пэйпэр-стрыт раздаўся званок.

Тайлер, калі ласка, збаў мяне ад гэтага!

Гудок.

Швейцар зазірае мне праз плячо:

— Моладзь не ведае, чаго хоча.

Тайлер, калі ласка, выбаві мяне ад гэтага!

Гудок.

— От ужо гэтая моладзь, ёй увесь свет падавай!

Пазбаў мяне шведскай мэблі.

Збаў мяне ад гэтых мастацкіх прыбамбасаў.

Гудок — і Тайлер здымае слухаўку.

— Калі не ведаеш, чаго хочаш, — навучаў швейцар, — урэшце застаешся з возам усялякага хлуду.

Каб мне ніколі не дасягнуць усяго!

Каб мне ніколі не быць задаволеным!

Каб мне ніколі не быць дасканалым!

Тайлер, вызвалі мяне ад завершанасці і дасканаласці!

Мы дамовіліся сустрэцца ў бары.

Швейцар запытаўся, па якім нумары мяне шукаць паліцэйскім. Дождж і не думаў спыняцца. Мая «Audi» была як заўжды на стаянцы, хіба што лабавое шкло прабіў таршэр «Dakapo» з галагеннымі лямпачкамі.

Мы сустрэліся з Тайлерам і набраліся піва.

Тайлер сказаў, што, ясная рэч, я магу ў яго пажыць, толькі з мяне — адна паслуга.

Мой багаж з самым неабходным — шэсць кашуляў, шэсць споднікаў і інш. — павінен быў прыбыць наступнага дня.

Мы сядзелі ў бары, ужо добра п’яныя, усім было на нас пляваць, і я спытаў Тайлера, што мне для яго зрабіць.

— Стукні мяне. З усяе моцы, — адказаў Тайлер.

Дачыталі ўрывак да канца? Ура! Падтрымайце выданне гэтай кнігі, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе Ulej!

Чытайце таксама ўрывак з раману Чарлза Букоўскі «Чытво» ў перакладзе Ігара Кулікова.

«Журнал» запрашае сваіх чытачоў выбраць самыя важныя беларускія кнігі за 500 гадоў. Прыміце ўдзел у нашым апытанні!

Комментировать