Чарлз Букоўскі. «Чытво»

Урывак з раману Чарлза Букоўскі «Чытво» ў перакладзе Ігара Кулікова. Раман выходзіць па-беларуску ў межах кніжнай серыі «Амерыканка». Падтрымаць серыю можна на платформе Ulej.
Пасьля абеду я вырашыў вярнуцца ў офіс. Я адчыніў дзьверы, за маім сталом нехта сядзеў. Не Маккелві. Ня ведаю, хто гэта быў. Людзям падабаецца сядзець за маім сталом. Апроч таго, што сядзеў, быў яшчэ мужык, які стаяў. Выгляд у іх быў нядобры. Спакойны, але нядобры.
– Мяне завуць Дантэ, – сказаў той, што сядзеў за сталом.
– А мяне – Фантэ, – сказаў той, што стаяў.
Я прамаўчаў. У мяне было кепскае прадчуваньне. Угору па сьпіне прабеглі мурашкі й выскачылі праз столь.
– Нас паслаў Тоні, – сказаў той, што сядзеў.
– Ня ведаю ніякага Тоні. Джэнтэльмэны часам не памыліліся адрасам?
– Ага, дзесяць раз, – адказаў той, што стаяў.
Затым загаварыў Дантэ:
– Прагарэлы зьліў.
– Скінуў жакея зразу на старце, – сказаў Фантэ.
– Ты гоніш.
– Ані. Спытайся ў пылу.
– Як гулец ты дагуляўся, – сказаў Дантэ.
– Тоні сказаў, ты вінны нам паўштукі, – сказаў Фантэ.
– А, вы пра гэта, – сказаў я, – яна ў мяне якраз тут.
Я рушыў да стала.
– Нават і ня думай, гніда, – усьміхнуўся Дантэ. – Мы канфіскавалі твой вадзяны пісталецік.
Я адступіў назад.
– Цяпер, – сказаў Фантэ, – ты разумееш, што мы ня можам дазволіць табе шчасьліва разгульваць і псаваць паветра, пакуль ты вінны Тоні паўштукі?
– Дайце мне тры дні…
– Даём тры хвіліны, – сказаў Дантэ.
Чаму вы заўсёды размаўляеце па чарзе? – спытаўся я. – Спачатку Дантэ, потым Фантэ, і гэтак далей, вы ніколі не зьбіваецеся?
– Мы прыйшлі сюды, каб зьбіць штосьці іншае, – сказалі яны разам. – Цябе.
– Няблага, – сказаў я. – У вас выдатны дуэт.
– Заторкніся, – сказаў Дантэ. Ён дастаў цыгарэту і ўтыкнуў у зубы. – Гм, – працягнуў ён, – здэцца, я забыў запальнічку. Підар, ідзі сюды й дай мне прыкурыць.
– Підар? Ты да сябе зьвяртаесься?
– Не, да цябе, підар, ідзі сюды. Запалі мне цыгу! Хутчэй!
Я знайшоў сваю запальнічку, падышоў, спыніўся перад адным з найагіднейшых твараў на сьвеце, пстрыкнуў запальнічкай і даў яму прыкурыць.
– Малайчына, – сказаў Дантэ. – А цяпер вазьмі гэту цыгарэту, гарачым канцом засунь сабе ў рот і трымай там, пакуль я не скажу дастаць.
– Не-а-а, – сказаў я.
– Альбо гэта, – сказаў Фантэ, – альбо мы зробім у табе такую дзірку, што празь яе змогуць скакаць карузьлікі з Дыснэйлэнду.
– Хвілінку…
– У цябе пятнаццаць сэкундаў, – сказаў Дантэ. Ён дастаў сэкундамер і націснуў на гузік. – Час пайшоў. 14, 13, 12, 11…
– Няўжо ты сур’ёзна…
– 10, 9, 8, 7, 6, 5, 4, 3…
Пачулася пстрычка засьцерагальніка.
Я выхапіў у Дантэ цыгарэту і засунуў сабе ў рот, гарачым канцом усярэдзіну. Я паспрабаваў зьберці сьліны й адсунуць язык як мага далей, але марна – яна зачапіла мяне, яна дабрэнна зачапіла мяне, як жа БАЛЮЧА!!! Подла й балюча! Я пачаў задыхацца і сплюнуў.
– Дрэнны хлопчык! – сказаў Дантэ. – Я ж гаварыў табе трымаць яе ў роце, пакуль не скажу дастаць! Прыйдзецца пачаць усё спачатку!
– Ідзі нахуй! – сказаў я. – Лепей забі мяне!
– Без праблем, – сказаў Дантэ.
Тут дзьверы адчыніліся і ўвайшла Лэдзі Сьмерць. Але ж і прыкід! Я нават забыўся на свой рот. Амаль.
– Авохці, – сказаў Дантэ, – якая цялушка! Ты яе ведаеш, Білэйн?
– Перасякаліся неяк.
Яна падышла да крэсла, села, закінуўшы нагу на нагу, спадніца задралася. Усе ўтаропіліся на ейныя сьцёгны. Нават я – а я іх ужо бачыў.
– Што яшчэ за клёўны? – спытался яна.
– Агенты аднаго мужыка, Тоні зваць.
– Скажы ім, каб выбіраліся, твой кліент – я.
– Ну ўсё, мужыкі, – сказаў я, – пара йсьці.
– Няўжо? – сказаў Дантэ.
– Няўжо? – сказаў Фантэ.
Яны пачалі рагатаць. Потым раптоўна перасталі.
– Во насьмяшыў, – сказаў Фантэ.
– Ага, – сказаў Дантэ.
– Я разьбяруся, – сказала Лэдзі Сьмерць.
Яна ўтаропілася ў Дантэ. Ён зараз неяк асеў у крэсьле і пабляднеў.
– Халера, – сказаў ён, – штосьці мне нядобра…
Спачатку ён пабялеў, потым стаў жоўтым.
– Мне дрэнна, – сказаў ён, – як жа мне дрэнна…
– Гэта, відаць, усё рыбныя палачкі, – сказаў Фантэ.
– Палачкі-хуялачкі, трэба выбірацца адсюль! Мне патрэбны лекар…
Затым яна ўтаропілася ў Фантэ. Чакаць прыйшлося нядоўга:
– Штосьці галава пачынае кружыцца… Што гэта?... Агні мігцяць… Ракеты шугаюць… Дзе я?
Ён рушыў да выхаду, Дантэ паклыпаў сьледам. Яны адчынілі дзьверы й дапляліся да ліфта. Я выйшаў, каб прасачыць, што яны селі. Я пабачыў іх якраз тады, калі зачыняліся дзьверы. Выгляд у іх быў жахлівы. Жахлівы.
Я вярнуўся ў пакой.
– Дзяк, – сказаў я, – ты ўратавала маю сраку…
Я аглядзеўся. Яна зьнікла. Я зазірнуў пад стол. Нікога. Зайшоў у лазенку. Нікога. Адчыніў акно й паглядзеў на вуліцу. Нікога. То бок, там была процьма народу, але яе не было. Магла б хоць разьвітацца. І ўсё-такі, гэта быў мілы навед.
Я сеў за стол. Зьняў слухаўку і набраў Тоні.
– Алё, – адказаў ён, – гэта…
– Тоні, гэта містэр Агонія.
– Што? Ты яшчэ размаўляеш?
– Атож. Ніколі не пачуваўся лепей.
– Не разумею…
– Тут твае хлопцы заходзілі, Тоні…
– І?
– Абышліся лёгкім спалохам. Прышлеш іх яшчэ раз, і я зраблю зь іх пюрэ.
Тоні задыхаў у тэлефон. Я адчуў у гэтым дыханьні глыбокую азадачанасьць. Потым ён павесіў слухаўку.
Я дастаў зь ніжняй левай шуфлядкі паўлітра скотчу, адкруціў накрыўку й дабрэнна ўмазаў.
Той, хто зьвязваецца з Білэйнам, дрэнна сканчае. Усё проста.
Я закруціў пляшку, паклаў яе назад у шуфлядку, падумаў, што рабіць далей. Добры дэтэктыў заўсёды мае, чым заняцца. Так паказваюць у фільмах.
Дачыталі ўрывак да канца? Ура! Падтрымайце выданне гэтай кнігі, зрабіўшы перадзамову на краўдфандынгавай платформе Ulej!
«Журнал» запрашае сваіх чытачоў выбраць самыя важныя беларускія кнігі за 500 гадоў. Прыміце ўдзел у нашым апытанні!
Комментировать