Мнения

Ірына Дубянецкая: «Наша цывілізацыя завяршаецца. Мы ўжо жывем у будычыні, якую не ведаем»

2183 Екатерина Рускевич

«Беларусь: вобраз будучыні» – супольны праект «Журнала» і сайта «ЕўраБеларусь». Гэта серыя інтэрвію з людзьмі, якія ведаюць Беларусь у яе мінулым і сапраўдным, і думаюць Беларусь, уяўляюць яе і маюць вобраз будучыні, да якога можна ісці нам супольна як грамадству.

Філосаф і тэолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюма Ірына Дубянецкая распавядае, чаму важна мець пераклад Бібліі на нацыянальную мову, як будуецца жыццё, калі старая мадэль чалавецтва скончылася, і чаму беларусы ніяк не могуць вызначыць самых сябе.

Ірына, вы часта звяртаецеся да Кнігі з вялікай літары – Бібліі. Чаму?

– Біблія – гэта не проста кніга. Для Заходняй цывілізацыі гэта метатэкст, своеасаблівы пункт зборкі рэлігійных, культурных, інтэлектуальных ды сацыяльных традыцый. Біблія не толькі натхніла тры сусветныя рэлігіі, не толькі сталася крыніцаю звычаёвага права, маральнасці, светапогляду, але й служыла ўніверсальным аўтарытэтам ледзь не ўва ўсіх сферах жыцця. Нават цяпер яна прасякае заходні свет нашмат больш, чым мы сябе ўяўляем.

Чаму гэта так важна для Беларусі менавіта сёння?

– Сем савецкіх дзесяцігоддзяў нашая культура была гвалтоўна адлучаная ад Бібліі. Доступу да Бібліі не было, яна ператварылася ў збеглы сон культуры, які па драбочках, выхапленых то з літаратуры, то з выяўленчага мастацтва, то з філасофскіх заходніх тэкстаў спрабавалі ўзнавіць ды расшыфраваць нашыя мысляры. І што яшчэ горш, гэтыя драбочкі выхопліваліся з іншамоўных перакладаў Бібліі. Уласна беларуская культура не засвоіла на належным узроўні асноўны тэкст свае цывілізацыі, і, адпаведна, не змагла з ёю да канца злучыцца.

Варта памятаць, што Еўропа асэнсоўвала Біблію не на арыгінальных мовах, а ў перакладах. Пераклады Бібліі, апроч іншага, давалі штуршок для развіцця культуры. На ранніх этапах развіцця еўрапейскіх народаў дзеля перакладаў Бібліі часам стваралася нацыянальнае пісьменства. Напрыклад, армяне й грузіны дагэтуль ужываюць шрыфты, распрацаваныя ў IV і V ст. для біблійных перакладаў, дый славянскае пісьменства ўзнікла з той самай мэтаю.

Пазней, пачынаючы ад эпохі Рэфармацыі, пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы (ангельскую, нямецкую, польскую ды інш.) паслужылі каталізатарам для станаўлення прынятых літаратурных моў, а адпаведна, і для фармавання нацыянальных культур. У Беларусі гэтага не адбылося.

Гледзячы на сёняшнюю Беларусь, можна сказаць, што недаперакладзеная Біблія прыводзіць да недасфармаванай нацыянальнай свядомасці. Гэта тычыцца не толькі пытання інтэграванасці Беларусі ў сусветную інтэлектуальную традыцыю, але таксама і моўнай сітуацыі ў самой краіне: адсутнасць адзіных прынятых моўных норм, нізкі сацыяльны статус мовы і г.д.

Я не ведаю, ці зменіцца што-небудзь з новым адэкватным перакладам Бібліі – бо мы відавочна спазніліся ў гэтай справе як мінімум на стагоддзе, а сёння дык і сама інтэлектуальная сітуацыя ў свеце зусім іншая, і вага ў ёй Бібліі зусім не тая. Але калі мы гэтую працу не зробім, то паўнавартаснымі ўдзельнікамі гэтай цывілізацыі мы так і не станем.

Дзе нам шукаць адказы пра тое, хто мы ёсць і якой павінна быць наша будучыня?

– Будычыня заўсёды хаваецца ў мінулым. Пачатак задае сістэму каардынат усяму развіццю, усёй рэчаіснасці, якая з яго вынікла. Зразумець, што, як і чаму адбывалася, неабходна, каб вызначыць і акрэсліць, што, як і чаму адбываецца, а таксама, што не адбылося і што магло б адбыцца.

Таксама трэба мець на ўвазе, што кожны момант – гэта пачатак таго, што адбудзецца. Бо ў развіцці чалавека, чалавецтва і нацыі ёсць нейкая ўнутраная логіка, пэўная паслядоўнасць, цыклічнасць. І калі мы даследуем, як гэтая логіка разгортавалась цягам стагоддзяў, мы разумеем, чаму мы апынуліся там, дзе апынуліся, чаму мы такія, якія мы ёсць. І тады можна ацаніць свае гістарычныя перспектывы.

А калі яшчэ дадаць да гэтага раўнання свае супольныя мроі пра прыгожую будучыню ды адняць страхі перад будучыняй, то можна ўбачыць, куды і як мы будзем развівацца далей.

Мы ўсё яшчэ знаходзімся на пачатковай стадыі гэтага пошуку. У Беларусі склалася добрая гістарычная школа, але гісторыкі звычайна даследуюць падзеевы прычынна-выніковы ланцуг. А ён абумоўлены нашмат шырэйшым культурным кантэкстам, чым звычайна сягае вока даследчыка. Мы звычайна ўпісваем сябе ў гісторыю еўрапейскай цывілізацыі, але і яна мае свае карані, і яна ёсць часткаю прычынна-выніковага ланцуга.

Чаму я займаюся Бібліяй і Старажытным Блізкім Усходам? Апроч іншага і таму, што там вытокі нашага тыпу мыслення, нашага светабачання. Еўрапейская інтэлектуальная традыцыя, па сутнасці, ўзыходзіць – у вялікай ступені праз пасярэдніцтва грэка-рымскае антычнасці – да прынцыпаў і метадаў засваення свету, якія былі распрацаваныя ў старажытных Месапатаміі, Егіпце, Сіра-Палестыне, у Анатоліі, дзе ў 2-м тысячагоддзі да н.э. узнікла і знікла самая ранняя інда-еўрапейская (хітыцкая) пісьмовая культура. Там карані нашае цывілізацыі, якой 5 тысяч гадоў – і якая цяпер відавочна завяршаецца.

Ці можам мы зараз зрабіць нейкія прагнозы адносна будучыні, у якую мы крочым?

– Насамрэч, мы ўжо цяпер жывем у будычыні, проста мы гэтага яшчэ не зразумелі. Наш цяперашні свет радыкальна адрозніваецца ад тога, у якім мы нарадзіліся і выраслі. Такога цывілізацыйнага зруху, такое змены сацыяльна-культурных парадыгмаў не было ў бачнай гісторыі.

Мы жывем у транзітным часе, калі старая мадэль чалавецтва скончылася, а новая яшчэ не сфармавалася, і таму мы, хаця й адчуваем, што «нешта з нашым светам не так», але не разумеем, наколькі радыкальна «не так».

Мы паламалі сацыяльныя мадэлі ды інтэлектуальныя бар’еры, за якімі адчувалі сябе калі не абавязкова камфортна, дык хаця б упэўнена – і рушылі ў невядомае. Мы не ведаем, што будзе далей: можа будзе лепш, можа будзе горш, а можа паняцці «лепш» ды «горш» проста не падыходзяць да разумення новай сітуацыі.

Якія фундаментальныя змены перажывае зараз чалавецтва?

– Змены ўсеабдымныя, ад кліматычных і дэмаграфічных да якасці і працягласці жыцця (прычым другія спарадзілі першыя). Змяніліся сацыяльныя адносіны: напрыклад, практычна знік безумоўны аўтарытэт інстытуцыяў, які быў надзейным рэгулятыўным інструментам соцыюму. Дзяржава, царква, акадэмія, вучоныя, масс-медыя («у газеце пісалі…») не фармуюць больш абавязковага каштоўнаснага поля. Цалкам змяніліся роля, змест і матывацыі адукацыі. Цяпер школы ды ўніверсітэты напружана шукаюць новыя мадэлі адукацыі, якія маглі б спрацаваць у сучасным градмадстве.

Старыя аўтарытэты і старыя мадэлі адносінаў яшчэ не зразумелі, што яны больш не адпавядаюць жыццёвым токам, не могуць на іх уплываць ці іх кантраляваць, што яны ўжо працуюць на нябыт, – але час іх выйшаў.

Радыкальна, абсалютна памянялася інфармацыйная прастора. Ад пачатку 1990-х гадоў мы гаворым, што свет – гэта «малая вёска». Маўляў, любая падзея робіцца вядомай на ўвесь шырокі свет і прадукуе водгулле па ўсім свеце, бо межы засталіся адно ў галовах, а «лекары без межаў», «рэпарцёры без межаў», «адвакаты без межаў» лучаць раз’яднаны свет у адно цэлае.

Але глянце, як зменшылася гэтая «малая вёска» цяпер, калі ўжо любая, нават зусім дробная, прыватная падзея можа стацца вядомаю на ўвесь шырокі свет, калі вам заманілася зрабіць яе публічнай. Увесь свет вывернуўся навонкі. А віртуальны свет з колішніх фантастычных раманаў настолькі пераплёўся з «рэальным», што змянілася і само бачаньне «рэальнасці». Мы ў віртуале знаёмімся, кантактуем, супрацоўнічаем, адукоўваемся і адукоўваем. Дзеці спасцігаюць свет з яго правіламі гульні таксама ў віртуале. Прапаганда яшчэ працуе, вабіць і хлусіць, спрабуючы рабіць запруды на інфармацыйнай плыні, але не вытрываць і ёй напору.

Памяналіся гендэрныя ролі, як у грамадстве, так і ў інтымных адносінах. Памянялася разуменне сям’і – тое, на чым трымалася нашая цывілізацыя. Вызначыць сям’ю цяпер надта цяжка. Гаворка не толькі пра аднаполыя шлюбы – трансфармацыі больш глабальныя. Класічная сям’я: мама, тата, дзеці, а яшчэ пры гэтым род – дзве бабулі, два дзядулі, цёткі, дзядзькі – сышла з жыцця як важны фактар міжасабовых і сацыяльных адносінаў. Чалавек прымае выклікі жыцця сам-адзін, нават калі жыве разам з тымі, каго любіць.

Змяніліся якасць жыцця, харчаванне, гігіена, медыцына. «Няма невылечных хваробаў!» – чуем мы ўсё часцей. І не толькі таму, што лекавы інструментарый радыкальна палепшаў, але й прыйшло новае разуменне глыбінных прычын захворванняў ды механізмаў ацалення. Прарывы ў медыцыне здараюцца з экспаненцыйным паскарэннем, і ўжо сур’ёзна гавораць пра падаўжэнне чалавечага жыцця да… бясконцасці – ад забавак з крыа-медыцынай да лабараторнага «пераймання досведу» самаабнаўляльнай «несмяротнай» медузы Turritopsis Nutricula: фантазіі пра вечнае жыццё набываюць акадэмічнае гучанне. А куды ж тады дзенуцца наступныя пакаленні, калі жыццёвая прастора не будзе рэгулярна абнаўляцца? – пытаюцца скептыкі. Будуць каланізаваць іншыя планеты, – бесклапотна адказваюць аптымісты.

І тое самае з усёй навукаю. Новыя адкрыцці развалілі нашую карціну свету, а новую мы яшчэ не выбудавалі, заблытаўшыся ў квантавым супе ды суперструнах. Сур’езныя фізікі гавораць, што падарожжа ў часе і існаванне вялікай колькасці паралельных сусветаў будзе нармальнай універсітэцкай фізікай у бліжэйшую дэкаду. Калісці мы цешыліся, што сусвет апынуўся не статычным геацэнтрычным ці нават гелеяцэнтрычным, а бясконцым, захапляльным і вусцішным пашырэннем – ды яшчэ й з павялічэннем хуткасці, ды яшчэ і з кожнага пункту прасторы ва ўсіх кірунках адначасова. А цяпер наш «сусвет» апынуўся адной з бурбалак «шматсвету», які й сам, магчыма, ёсьць чымсці накшталт субатамнай часцінкі нейкага макра-шматсвету.

Мяняецца і сам чалавек. Чалавек мяняе медыцыну, навуку ды адукацыю, а тыя, у сваю чаргу, непазбежна мяняюць яго. З аднаго боку, мы закладнікі свайго тэхнічнага прагрэсу: скажам, адлучыце развітыя краіны ад электрасетак на больш-менш працяглы тэрмін, і будзе поўны калапс. З другога боку, прагрэс мяняе нас на значна больш глыбокім узроўні.

У кожнага чалавека цяпер пры сабе электронная крыніца інфармацыі – яна ж і сродак камунікацыі са светам. Гэта мяняе саму структуру веды. У нас знікла патрэба запамінаць. У дапісьмовай цывілізацыі, 6–7 тысячаў гадоў таму і раней, мы мусілі запамінаць усю інфармацыю пра свет, усе веды, старыя і новыя, мець іх у сваёй свядомасці ў імгненным доступе. Не існавала большай крыніцы інфармацыі, чым я сам.

Пісьмовая цывілізацыя – тая, што пачалася 5 тысячаў гадоў таму і ў якой мы гадаваліся да апошняга часу – спрасціла працэс перадачы і засваення ведаў, стварыўшы «экзасвядомасць» чалавецтва – бібліятэку. Цяпер жа патрэбы запамінаць – нават у кніжным аб’ёме! – у чалавека няма. І сам кніжны аб’ём, па-сутнасці, робіцца нестрававальным: мы хочам ўсё каротка, самую сутнасць, бо наперадзе яшчэ столькі ўсяго!..

Мы фрагментуем веды, фрагментуем свет. Якімі мы станем праз пару пакаленняў? Мы насамрэч апынуліся ў будычыні, якую не чакалі і якую не ведаем.

Атрымліваецца, што разам з іншымі інстытутамі знікае і інстытут рэлігіі?

– Ён не знікае, ён разам з іншымі мяняе свае функцыі ў грамадстве, свае зоны ўплыву. У глабальным свеце непазбежна рэлятывізуюцца абсалютныя праўды, бо калі «абсалютных праўдаў» робіцца многа, ды яшчэ яны могуць уступаць у канфлікт, то колішняе абсалютнае стаецца здабыткам свядомага выбару.

Унутраная, глыбінная еднасць розных рэлігій таксама робіцца відавочнаю і, з аднога боку, узбагачае і ампліфікуе рэлігійны досвед, а з другога, яшчэ далей адводзіць яго ад сферы сацыяльных адносінаў. Еўрапейцы не так даўно горача абмяркоўвалі, ці згадваць хрысціянства ў прэамбуле да канстытуцыі Еўразвязу. Так што і тут мы сягаем на незнаёмую тэрыторыю, бо ў нас няма цывілізацыйнага досведу супольнага жыцця без рэлігіі, пабудовы грамадства без рэлігіі, нормаў маралі без рэлігіі. Як гэта адаб’ецца на нашай будучыні, мы не ведаем. Я не кажу, што гэта добра ці кепска – гэта проста іншая сітуацыя.

Як нам быць далей без аўтарытэтаў і нормаў?

– Калі мы кажам, услед за астрафізікамі, што сусвет пашыраецца з кожнага пункту прасторы ва ўсіх кірунках адначасова, то, фактычна, мы разумеем, што сусвет пашыраецца – з вас. Вы ёсць і цэнтрам пашырэння сусвету, і фронтам пашырэння сусвету, і, такім чынам, уплываеце на тое, якім гэты сусвет будзе.

Ключавымі фактарамі ўдзелу ў сусвеце ёсць адказнасць і усведамленне. Свядомае жыццё – гэта штодзенная і штохвілінная праца, пастаянны высілак, радасць і боль. Боль пераплаўляецца ў радасць, калі вы пачынаеце бачыць большую карціну, разумець сувязі паміж рознымі яе элементамі.

Так, нават самыя жудасныя падзеі непазбежна прыводзілі да пазітыўных змен. «Чорная смерць» – пандэмія чумы ў сярэдзіне XIV стагоддзя, якая выкасіла, па розных мерках, ад 100 да 200 мільёнаў чалавек, скончыла феадальныя адносіны ў Еўропе і прывяла да Рэнесансу. Другая сусветная вайна паказала нам, куды мы не хочам больш ісці, навучыла міжнароднай салідарнасці, а дзякуючы Нюрнбергскаму працэсу свет адчуў сябе як адзінае цэлае, якое супрацьстаіць злу, і ўзнікла паняцце «злачынства супраць чалавечнасці». І смяротная страта перастала быць нормаю. Цяжка і марудна, але мы рухаемся да большай дабрыні і маральнасці.

Многія навукоўцы мяркуюць, што канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы састарэла, і нацыянальныя каштоўнасці трацяць сваю важкасць у часы глабалізацыі. Можа, нам дастаткова быць проста добрымі грамадзянамі?

– Заходнія дзяржавы перараслі нацыянальныя формы, але толькі як мадэль дзяржавы. Еўрапейцы не перасталі быць немцамі, італьянцамі ці французамі. Нам трэба разумець, што нельга з 3-га класа пайсці ў 7-ы, мы мусім прайсці і завяршыць шлях станаўлення нацыянальнай ідэнтычнасці, перад тым, як стаць часткаю па-над нацыянальнага свету.

«Добрыя грамадзяне» – гэта спажыўцы. Даць нешта сусвету нацыя можа толькі тады, калі яна ўсведамляе, што яна мае. Нам, каб зразумець сваё месца і права ў сучасным свеце, трэба зразумець і прыняць сябе. Трэба даследаваць усю нашую спадчыну, «прыўласніць» яе, асэнсаваць і прыняць адказнасць за ўсё, што з намі адбывалася.

Мы доўга прымярялі на сябе вопратку ахвяры: маўляў, і заходні, і асабліва ўсходні сусед прыцяснялі нас, тармозячы нашае развіццё, імкнуліся перарабіць нас на нешта іншае. Але насамрэч усё, што адбылося, нас не забіла, а зрабіла нас мацнейшымі, і мы такія, якія мы ёсць, дзякуючы кожнаму пункту нашай гісторыі. І мы мусім быць удзячнымі нашым папярэднікам – у тым ліку і тым, хто прымусова гартаваў наш дух. Трагедыя паўстання 1863–1864 гадоў прывяла да пераасэнсавання сябе і ў выніку да нацыянальнага уздыму, да Багушэвіча, «Нашай нівы», абвяшчэння БНР...

Што канкрэтна мы можам прапанаваць чалавецтву?

– Еўропа ў розныя часы шмат брала ад нас. Статут ВКЛ быў першым пісаным зводам законаў у тагачасным свеце і зрабіў уплыў на юрыдычную і дзяржаўную думку свайго часу. Мы раз-пораз былі на самым пярэднім краі навукі, літаратуры, архітэктуры, музыкі. Бо мы былі інтэграванымі ў еўрапейскія працэсы.

У XVI–пачатку XVII ст., калі Еўропа была ахопленая рэлігійнымі войнамі, у Вялікім княстве Літоўскім квітнелі рэлігійныя дыспуты. У нас шматрэлігійнасць мацавалася стагоддзямі і падтрымлівалася заканадаўча. Хрысціяне «закону рымскага» і «закону грэцкага» (паводле Магдэбургскага права нашай рэдакцыі), юдэі і мусульмане, пратэстанты і стараверы пачуваліся тут дома і ва ўзаемадзеянні стваралі ўнікальную сітуацыю рэлігійнай талерантнасці, да якой астатні свет дарос зусім нядаўна.

Проста беларусы ніяк не могуць прыўласніць сваё мінулае, абняць і светлае, і змрочнае, сфармуляваць, вызначыць самых сябе – і для сябе, і для свету.

Але прарыў немінуча здарыцца. Як корак з шампанскага, вылецяць перашкоды, і калі шума схлыне, застанецца чыстае рэчыва. У ім будзе і мова, і асэнсаванне гісторыі, і рэалізацыя інтэлектуальнага патэнцыялу, і вера ў сябе, і пашана да іншых.

Будычыня не прагназуецца, а ствараецца. Мы мроім, якім будзе гэтае чыстае рэчыва нашае краіны, – і мы вольныя рабіць гэтыя мроі яваю. Што з гэтага атрымаецца – пабачым.

Комментировать