Жизнь

«Прага мыслення наканаваная нам лёсам. А лёс на кані не аб’едзеш»

376 Журнал

Філосаф Валянцін Акудовіч распавядае, як нашы продкі «пасвілі быццё», у чым беларусы сталі абсалютна першымі і чым унікальны Тыдзень беларускага мыслення, які распачынае сваю асноўную праграму сёння.

Марцін Гайдэгер неяк сказаў: «Чалавек – гэта пастух быцця».

Я часта ўзгадваю гэтыя словы, калі думаю пра нашых далекіх продкаў. Ім было дазволена толькі араць зямлю і пасвіць хатнюю жывелу – і больш нічога. Але насамрэч яны не коней і авечак пасвілі. Насамрэч яны пасвілі быцце.

І менавіта таму, калі напачатку 1990-х беларусы атрымалі свабоду, іх мысленне, якое было рэпрэсаванае цягам цэлых эпохаў, неверагодна выбухнула безліччу самых розных інтэлектуальных праектаў.

Тут было ўсё: і часопісы, і газеты, і энцыклапедыі, і анталогіі, і суполкі. І супольнасці, і нават адукацыйныя праекты. Фантастычны быў час! Я яго неяк следам за нямецкімі рамантыкамі назваў Эпохай буры і націску. Мяркую, я меў рацыю.

Але спакваля гэтая магутная інтэлектуальная напруга пачала змяншацца і нават трошкі ніякавець. І сей-той пачаў думаць, што беларусы як метафізічная нацыя, якой наканавана выявіцца праз мысліўную дзейнасць, – гэта рамантычны і прыгожы міф.

Але потым здарыўся Год беларускага мыслення, які сканчаецца феерычным праектам Тыдзень беларускага мыслення. І з гэтага адразу стала ясна, што тыя перасцярогі, тая няверка адносна нашага інтэлектуальнага патэнцыялу – гэта проста часовая паўза.

Уявіце сабе: на зямной кулі некалькі сотняў краін і нацый. Але нідзе ніхто ніколі не ладзіў свята ўласнага мыслення! Тут мы абсалютна першыя. Першыя!

Што з гэтага вынікае? З гэтага вынікае, што прага нашага мыслення наканаваная нам лёсам. А лёс, як вядома, на кані не аб’едзеш.

Комментировать