Политика

Гудбай, Ленін!

210 Янина Мельникова

Помник Леніну ў Харкаве, жнівень 2014 г. Фота: Андрэй Аляксандраў

 

Кожны паважаючы сябе горад на пастсавецкай прасторы павінен быў мець некалькі вельмі важных атрыбутаў – вуліцу Савецкую і плошчу Леніна з аднайменным дзядзькам на пастаменце. Дзядзька быў ці то ў паліто, ці то ў пінжаку. З кепкаю ў руцэ ці з ёю ж на галаве. Шмат у якіх гарадах дзядзькаў было некалькі. Яны стаялі, сядзелі ці глядзелі на мінакоў здзіўленым позіркам адарванай ад цела галавы.

У Слоніме, да прыкладу, да нядаўняга часу дзядзькаў Леніных было шмат. Потым паціху яны сталі знікаць. Але самы вядомы застаўся: стаіць і накіроўвае мясцовых і гасцей да… праваслаўнага храму. Так і паказвае сваёй рукою, якой “вернай дарогай” павінны ісці таварышы.

Зразумела, гэткі казус не быў задумай савецкіх гарадскіх архітэктараў. Да нядаўняга часу царквы насупраць Леніна не было. Адныя цагляныя падмуркі нагадвалі мінакам пра яе колішняе існаванне. У свой час сабор разбурылі тыя самыя “таварышы”. Сёння здаецца, што падобны лёс раней ці пазней напаткае Ілліча…

Недаўна ва ўкраінскім Харкаве абрынулі з пастамента чарговага “брата” слонімскага дзядзькі. Стаяў сабе гадамі, быў часткаю архітэктурнага ансамблю плошчы – і вось яго няма.

Ці чакае аналагічны лёс беларускіх іллічоў? І ці варта шкадаваць іх, пакідаючы на сваіх месцах?

Кіраўнік адукацыйных праектаў Беларускага камітэта Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ICOMОS) Цімох Акудовіч кажа, што ягоная арганізацыя фармальна займаецца толькі помнікамі, якія ўваходзяць у сусветны спіс ЮНЭСКА. І помнікаў Леніну ў ім няма.

Помнік Леніну ў Харкаве, жнівень 2014 г. Фота: Андрэй Аляксандраў

 

“Але ў той жа час на ўзроўні нацыянальных камітэтаў ICOMОS арыентуецца на нацыянальнае заканадаўства. І, наколькі мне вядома, Ленін у Харкаве быў помнікам мясцовага значэнне. А гэта значыцца помнікам”, – кажа Цімох Акудовіч.

Наконт зносу помнікаў савецкага мінулага, па словах Акудовіча, няма нейкага адзінага рашэння:

“Бо ёсць шмат розных фактараў. Напрыклад, што важней: эстэтычнае значэнне помніка (у нас на Плошчы Незалежнасці Ленін – вельмі важная частка агульнай кампазіцыі Дома Ураду) ці ідэалагічнае (дакладней, адсутнасць гэтага значэння на сёння)? Ці хочуць людзі гэтай канкрэтнай мясцовасці знесці важдзя? І гэтак далей. Калі ўсё складваецца на карысць зносу, то тут, здаецца, нічога складанага. Акуратна прыбралі і паставілі ў музей. Тут галоўнае моцна не палітызаваць гэтыя працэсы”.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа, што будзе толькі “за”, калі помнікі Леніну знікнуць з сучаснай мапы Беларусі, але дэмантаваць іх, на ягоную думку, трэба не публічна, каб працэс не пераўтварыўся ў дэманстратыўны вандалізм.

“У свой час урокам для мяне стала ўрачыстая дэмантацыя помніка Чарняхоўскаму ў Вільні. Спакойна, без шоў, акуратна абгарадзілі тэрыторыю, прыставілі вайсковы караул ды ціха і непрыкметна знялі, – кажа Харэўскі. – Такое ж я хацеў бы бачыць і ў Беларусі. Не расправу над думкамі і пачуццямі, над памяццю пра нейкіх людзей, а рацыянальнае, паслядоўнае ачышчэнне, нібыта гігіенічная працэдура. Хіба мы робім сваю гігіену публічнай?”

Між тым, мастацтвазнаўца падкрэслівае, што такі лёс падыходзіць далёка не для ўсіх помнікаў правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Многія з іх маюць немалую мастацкую вартасць або звязаныя з творчасцю вядомых скульптараў. Напрыклад, аўтарам амаль дзвух дзясяткаў леніных і сталіных быў Заір Азгур. Яны б маглі знайсці сабе адпаведнае месца ў ягоным музеі.

Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што ёсць на Беларусі помнікі Леніну, за якія ён бы сам рынуўся ў бойку.

“Напрыклад, той жа помнік Леніну ў Магілёве ці Горадні мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а гэта азначае, што ён – не проста нейкая фігура на пастаменце”, – кажа Антон Астаповіч.

Каб знесці такога кшталту помнік, трэба прытрымлівацца пэўнай працэдуры. І, па-першае, выкрэсліць яго са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, адзначае Аставіч. Па словах абаронцы помнікаў, сёння ў беларускім спісе такіх Іллічоў – шэсць. І за кажным з іх аўтар і гісторыя, якія нельга ігнараваць.

“Да прыкладу, помнік Леніну ля Дома ўраду ў Мінску – частка ўнікальнага гарадскога ансамбля. Прыбяры яго, і горад страціць вельмі важны свой элемент”, – лічыць Астаповіч.

“Час імпульсіўных, эмацыйных крокаў па дэсаветызацыі, знакавых разбурэнняў ужо мінуў гадоў 20 таму... Сёння ж, пастаўленая на паток, суворае і невясёлае, смурное разбурэнне, не нясе той пазытыўнай энэргіі, што давалі дэмантажы леніных на мяжы 1980-90-ых”, – у сваю чаргу адзначае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Між тым, на думку Харэўскага, беларускае грамадства сёння цалкам гатовае сказаць Леніну “Гуд бай!”:

“Варта апытаць першых пяцьдзесят мінакоў, і пераканемся, што Ленін для іх ужо даўно проста вобраз, а не канкрэтная гістарычная асоба. Гэтыя манументы ў нас даўно не спрацоўваюць на свядомасць. А ўспрымаюцца проста як элемент ладшафту – пагорак, выгба ракі, старое дрэва, Ленін у блакітных елках...”

Чаму ж беларускія ўлады да сёння не вырашылі пытанне са зносам іллічоў? На думку Сяргея Харэўскага, яны проста не маюць на гэты конт аніякае думкі.

“Улады не бачаць у гэтым для сябе патрэбы, а адмыслоўцы, гісторыкі мастацтва, напрыклад, не атрымалі заказу на такі аналіз, класыфікацыю і адбор”, – кажа эксперт.

“Я хацеў бы, каб гэтыя помнікі крышыў не раз'юшаны натоўп, а рабочыя ў спецадзежы, будзённа, па-дзелавому, без шуму, наводзячы проста парадак. На плошчах і ў галовах!” – яшчэ раз падкрэслівае Сяргей Харэўскі.

Комментировать