Арт

Вада пад белымі крыламі. «Каларадская пушча» як інструкцыя да аб'яднання беларусаў

773 Павел Абрамович

Севярын Квяткоўскі. Фота: Наталля Прыгодзіч

 

Журналіст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі рыхтуе да друку раман «Каларадская пушча», у якім шукае і знаходзіць спосаб зліць у адно два розных абліччы Беларусі.

Big Bang Theory

Як і палітык, пісьменнік можа разбурыць свет. Абодва робяць гэта дзеля таго, каб расчысціць сабе пляцоўку — зусім як у вядомай песні: «Весь мир насилья мы разрушим: до основанья, а затем…».

У рамане Севярына Квяткоўскага «Каларадская пушча» нашу планету напаткаў Вялікі Выбух, пасля якога прыйшла Вялікая Вада. Нарэшце сусветныя прыродныя катаклізмы, за якімі мы толькі млява сачылі па тэлевізары, не абмінулі нашу старонку, цяпер у нас усё як у людзей! Беларусь з краіны замкаў ператварылася ў краіну выспаў, а яе сталіцу падзяліла на дзве часткі калючая мяжа: уласна Менск і Горад-Герой. Ацалелыя вучоныя цвердзяць, нібыта вада пакрысе сыдзе — трэба толькі пачакаць. О, дык гэта наш любімы занятак!

Антыўтопія з падліўкай постапакаліптыкі — надзейны жанр-прытулак для тых, хто стаміўся чакаць рэальных зменаў у жыцці. І выдатны эксперыментальны палігон для мройнікаў і летуценнікаў з іх жарсцю разбурэння. У Беларусі гэты жанр робіцца цяпер папулярным. Найперш сярод пісьменнікаў, бо многія нашы чытачы любілі антыўтопіі здавён, але дасюль вымушаны былі «спажываць» замежную «прадукцыю».

Імпартазамяшчэнне сапраўды важная рэч — не толькі для нацыянальнай эканомікі, але і для літаратуры. Магчыма, нашы пісьменнікі інтуітыўна адчуваюць, што попыт на гэткія кнігі-прадвеснікі («Буря! Скоро грянет буря!») з нядаўніх часоў будзе толькі расці. Бо на носе ў нас не свята, не масленіца якая, а пуск самі-ведаеце-чаго, то бок пачатак эпохі стрэсаў, нядобрых прадчуванняў, начных кашмараў з вылазкамі ў аптэкі за ёдам. Эпоха закатак марской капусты замест агуркоў.

Вельмі карціць параўнаць новы раман Квяткоўскага з «Ноччу» Віктара Марціновіча. Але кнігі — не байцовыя пеўні, каб накідвацца адна на адну дзеля чытацкай забавы. Асабіста мне кніга Квяткоўскага крыху нагадала раман «Затанулы свет» Джэймса Баларда і кінастужку «Водны свет» Кевіна Костнэра. З дамешкам раманаў «Метро 2033» Зміцера Глухоўскага і «Пад купалам» Стывена Кінга, а таксама твораў братоў Стругацкіх.

Сам аўтар яўна ведае, з кім яго будуць супастаўляць, таму дзеля постмадэрновай забавы, напрыклад, уводзіць у сваю «Каларадскую пушчу» персанажа па імені Арцём (так звалі галоўнага героя «Метро 2033»).

Да таго ж, калі ўлічваць бестыарый Квяткоўскага, то поруч з ягонай кнігай на паліцы мусяць стаяць «Звяры-суайчыннікі» Сяргея Харэўскага і «Жывёльны свет Беларусі багаты і разнастайны» Лявона Вольскага, а калі прымаць у разлік тэорыю архітэктуры гарадоў будучыні — «Роўна» Аляксандра Ірванца.

100 пытанняў і адказаў па «Каларадскай пушчы»

Тым не менш раман Квяткоўскага — цалкам самастойная рэч. Гэтай кнізе для разгона не трэба, як таму палескаму чаўну-«чайцы», ад літаратурнага берага адштурхнуцца, з кнігай-папярэдніцай дыялог павесці, з калегам-пісьменнікам паспрачацца. Тут, братка, больш чым літаратура — не трэба быць бачуном!

Таму Квяткоўскі не будзе ладзіць вам шматчасовую экскурсію па сваім Новым Свеце, каб у стылі ўедлівага разумніка Жуля Верна даць вычарпальныя адказы на ўсе вашы мудрагелістыя пытанні. Накшталт: «А як мог еўрапейскі крот, звычайны Talpa europaea, за 30 гадоў муціраваць у трохгаловую пачвару, што дыхае агнём і важыць як вагон?», «Што зрабілася з Брэстам, Пінскам і Гародняй?», «Ці будзе галоўны герой шукаць сваіх бацькоў?», «Колькі разоў жыхары Менска пераабіралі мэра Альжбэту Сандрыгайла?».

У кожнага пісьменніка свае правілы гульні. Квяткоўскі досыць поўна і дакладна іх выкладае, прычым з самага пачатку. І на большасць пытанняў адказы падрабязныя ўсё-ткі дае. Як жывуць беларусы — цяпер не з зямлі, а з вады, як яны ўладкаваліся ў новым свеце, аб чым думаюць, чаго хочуць, хто імі кіруе. Раскрыю вам таямніцу: беларусам тая катастрофа як з гусака вада, хто дбае — той і пасля Выбуха мае.

Прапорцыі рэальнага і ўяўнага ў «Каларадскай пушчы» таксама вытрыманыя — гравітацыя тут дзейнічае, не хвалюйцеся. І калі Квяткоўскі гаворыць, што Чыжоўка стаіць пустая, значыць, так і ёсць, бо там распладзіліся леапарды, якія ўцяклі з заапарку. І калі Квяткоўскі цвердзіць, што адлегласць у тры кіламетры човен можа пераадолець сёння за паўгадзіны, а заўтра можа за тры дні, значыць, так і ёсць, бо цяпер паўсюль катаклізмы.

Урывак з раману «Каларадская пушча» можна прачытаць тут.

Але хопіць зазіраць за дэкарацыі, калупацца ў механізме, прыглядацца, як гэта працуе! Нібыта ўладальнік вялікага атракцыёна на вадзе, Квяткоўскі робіць так, каб наведвальнікаў ягонай кнігі торкнула і павяло літаральна на ўваходзе і яны не сумавалі тут ні хвіліны, каб што ні старонка — усклік «Ух ты, а што далей?!».

Ваш розум і ўяўленне альбо будуць з хуткасцю супермоцнага кампутара апрацоўваць вобразы, сігналы, коды «Каларадскай пушчы», альбо адразу жэстачайшэ перагараць.

Зрэшты, беларуская літаратура, пачынаючы з Яна Баршчэўскага, рыхтавала чытача да падарожжа ў неверагодны свет, паўнюткі рознымі відовішчамі, дзівосамі і глюкамі. Таму, магчыма, да рамана Квяткоўскага і не прыкладаецца геаграфічная мапа ці атлас дарог — хоць гэта і завецца пушчай, але тут пераважна не трывалая глеба пад нагамі, а бягучая вада, і амаль нязменных фарватараў зусім мала. Ну а саму сталіцу вы і без навігатара ў галаве трымаеце, Зыбіцкую з 3-м завулкам Мантажнікаў не пераблытаеце, дый і няма больш яе, Зыбіцкай — вадой заліло, так усім лягчэй.

Як гэта не дзіўна, але фантастычна-забаўляльны элемент — пабочны прадукт жанра антыўтопіі, абранага Квяткоўскім. Ягоны раман канцэнтрыруецца зусім на іншым, і парк атракцыёнаў — толькі прыкрыццё для падполля, дзе аўтар не машыну для папкорна рамантуе ці «каларадку» гоніць, а з партызанскім спрытам вырабляе больш важныя штукі, прычым выбуховыя! Але перад тым, як распавесці аб гэтым падрабязней і без спойлераў, я хачу папярэдзіць вас аб адной рэчы.

Увага, небяспечны смех!

Раман Квяткоўскага выклікае смех, а часам і гамерычны рогат. З чаго смяецца аўтар і мы за ім услед? Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: з існай, а не ўяўнай, улады, з тых шматлікіх паўзучых грыбоў-лішаёў лукашызма, якія літаральна пахавалі пад сваёй агромністай карычневай масай слаўны Горад-Герой — і ў рэальным жыцці, і ў гэтай кнізе.

Як чалавек, які ўсё жыццё правёў сярод словаў і сэнсаў, Квяткоўскі палівае кулямётна-гратэскным агнём пародыі найперш афіцыйную мову «сінявокай» — трасянку.

– В плане прадуктаў ён мужык харошы. Всегда прынасіў!

– Ну а к ней ён как атнасіўся?

– Ну к ней не очэнь атнасіўся. Ну дык дзе яно бывае, штоб усё сразу?

Філасофскія дыялогі аб жыцці зроблены Квяткоўскім у стылі калыханкі ад Сашы і Сірожы. Смех выклікаюць тут не толькі словы, але і самі носьбіты трасянкі. Адзін Пятровіч чаго каштуе — чырвонаморды рабацяга з сувора-сціслымі наколкамі «МАЗ» і «30» на руках. Пятровіч страціў вуха ў векапомнай бітве за Велазавод — цяпер гэта свята №1 у Горадзе-Герое, а сам Пятровіч кіруецца ў жыцці максімай «Можам паўтарыць!»:

Без этай пабеды не была б у нас мірнава неба над галавой. Жылі б мы в рабстве. Но у ніх эта не палучылась.

Увесь лад жыцця, усе грамадскія рытуалы і дзяржаўныя святы Горада-Героя выпісаны Квяткоўскім з вялікай увагай да драбніц, неверагоднымі «любоўю» і майстэрствам — само беларускае жыццё натхняла пісьменніка, і нічога прыдумляць асабліва ня спатрэбілася, хіба толькі што крыху завастрыць.

Многія сцэны з «Каларадскай пушчы» так і просяцца ці то на карціну, ці то ў кіно з рэйтынгам 18+. Як, прыкладам, пад’ём маладых на кране да высачэзнай скульптурнай кампазіцыі, якая ўяўляе сабой дзяўчыну вярхом на зубры: нявеста мусіць пацерці геніталіі жывёлы («зубровыя яйцы блішчэлі так, што былі бачныя за кіламетр»), а жаніх — патрымацца за грудзі каменнай дзяўчыны. Рытуал сувора-урачысты, старанна абдуманы і ўсё ж бязладны, дзікі: «Часам бывала, што пад’ёмнік клініла, тады чарга павялічвалася ў разы, у людзей ламаліся графікі ўрачыстасцяў, пачыналіся бойкі за права праскочыць без чаргі».

Зразумела, гэта сатыра, прычым часам вельмі злая. І ізноў не абысціся без сакавіта-гаркавай цытаты:

– Ідуць [на парадзе] найлепшыя работніцы карных органаў апекі. Толькі за мінулы квартал былі аштрафаваныя дваццаць восем бацькоў, а іхныя дзеці прададзеныя на Захад, што дапамагло дзяржаве атрымаць дадатковыя паступленні ў золата-валютны фонд!

– Уууу-ррр-ааа!

Смех лекуе сэрцы і разбурае муры. Памятаеце грамадзянскія акцыі, калі беларусы пляскалі ў далоні на вуліцах? Магчыма, калі тысячы людзей пачалі б уадначас гучна смяяцца на мёртвых плошчах нашых шэрых гарадоў, усё б навокал абвалілася долу, туман развеіўся б і мы ўбачылі чысты гарызонт. Можам паўтарыць!

Прынамсі, нашы пісьменнікі з часоў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Андрэя Мрыя па-ранейшаму вераць у пераможную моц смеха і жыццёвую кволасць, нязграбнасць асобных людзей і рэжымаў, пазбаўленых пачуцця гумару.

Адпрацоўка будучыні

Беларускае жыццё застыла, адкінуўшы велічэзны цень, нібыта сталічны Палац Рэспублікі. У гэты час вельмі важна жвава ўяўляць, голасна прагаворваць, найперш у разлічаных на масавага чытача кнігах, сваю ўласную рэчаіснасць.

Напрыклад, замкнуць Караля ў ЦЭЦ-3 і разбурыць дом Чыжа, пагартаць комікс для дарослых «Альгердава дзіда» і наведаць кавярню «Трэці Статут» на скрыжаванні вуліцы Ўсяслава Чарадзея і бульвара Вітаўта Вялікага.

Але самае галоўнае — трэба сканструіраваць новую, кардынальна адрозную ад папярэдніх, мадэль будучыні сваёй краіны і прапанаваць яе людзям для абмеркавання. Мадэль, якая аднойчы абавязкова спатрэбіцца для ўвасаблення ў жыцці, спраўдзіцца на сто адсоткаў.

Квяткоўскі ладзіць Вялікі Выбух не для таго, каб атрымаць уласны водны свет з шматлікімі выспамі, якім можна даць мілагучныя імёны накшталт «Новая Зямля». Каб пасяліць велічэзных склізняў на сталічнай вуліцы Уманскай, намаляваць дакладныя партрэты «сваіх» і «чужых», проста палаяцца альбо зладзіць экшэн у таямнічай лабараторыі пад інстытутам бульбаводства.

«Каларадская пушча» — найперш раман ідэяў. Аўтар спрабуе высветліць, ці магчыма будучыня для беларусаў як для аднаго народа і ці не аддамо мы ізноў усю ўладу ў адны рукі.

Сябры і ворагі Квяткоўскага, безумоўна, «пазнаюць» у гэтым творы свае гарачыя спрэчкі з аўтарам пра палітыку і жыццё. Некаторыя ў прамым сэнсе пазнаюць у рамане і саміх сябе (прарок Z — гэта зразумела, але хто паслужыў правобразам Сусаны Анатольеўны Шубзды?). Да месца тут будзе наступны жарт з кнігі: «З многімі з Супраціву, а пасля з Падполля, я б (…) пад адным пастом лайк не паставіў бы. Тады, калі быў інтэрнэт».

Тое, што заўтра ці паслязаўтра нам, беларусам, давядзецца дамаўляцца, каб наноў будаваць сваю краіну — гэта не з раздзела фантастыкі, а менавіта на гэтым нашым паверсе. Квяткоўскі пераканаўча даводзіць, што сацыяльна-палітычная мадэль Горада-Героя (то бок сучаснай РБ) з ягоным лішаём, свінакомплексам і скупкай-гандлем галасамі выбаршчыкаў — безжыццёвая. Але і канструкцыя Менска (то бок Еўразвяза) не падыходзіць, бо ёй патрэбныя глыбокія рэформы: людзей у Менску гэтак жа дураць, хоць і без наркотыка — бульбы «дружба», мэр хоча сядзець у сваім фатэлі вечна і гэтак жа вечна праводзіць ізаляцыянісцкую палітыку ў дачыненні Горада-Героя, перабежчыкі адкуль ніколі не здолеюць поўнасцю адаптавацца для жыцця ў новай краіне.

Квяткоўскі энергічна змятае ў шуфлік друз старога свету і прапаноўвае свой варыянт пабудовы будучага грамадства. Прычым варыянт грунтоўны, надзейны і арганічны для беларусаў — увасобіць яго цалкам магчыма цягам жыцця аднаго пакалення, тым болей што аўтар «Каларадскай пушчы» дае падрабязныя інструкцыі. І вось дзеля гэтага трэцяга варыянта, які можа паяднаць беларусаў, варта чытаць «Каларадскую пушчу» — неверагодна смешны і ўадначас сур’ёзны раман. Чытаць, каб думаць, думаць і яшчэ раз думаць.

А потым абмяркоўваць з іншымі і разам рыхтавацца да таго адказнага моманту, як пачне спадаць Вялікая Вада.

Чытайце далей:

Восьмой сезон премии Гедройца. От буктрейлов и библиотек до больших денег

«Бедность — не беда». Топ-5 самых денежных литературных премий Беларуси

Топ-7 книжных новинок 2019 года в мировой литературе

Комментировать