Политика

Рацыянальнасць нацыянальнай сімволікі

У дзяржавы няма іншага шляху, як вярнуць нацыянальную сімволіку, бо савецкую спадчыну цалкам манапалізавала Расія, якой канкурэнты непатрэбныя. З усёй сваёй савецкай ментальнасцю і рыторыкай беларускім дзяржаўным элітам не хочацца згубіць уласную незалежнасць, а значыць – незалежнасць краіны. Аніякай патэтыкі, чыстае ratio.

– Не так трымаеш, дай пакажу! – я выхапіў у хлопца сцяг БССР і прыпусціў яго долу. Акурат так, як рабілі на Парадзе Перамогі савецкія жаўнеры ў 1945 годзе са штандарамі зрынутых войскаў нацысцкай кааліцыі.

Я пачаў чаканіць крок як жаўнер. Адзін, два, тры, чатыры, пяць... Я азірнуўся, і нечакана для сябе пабачыў, што за мною выбудаваліся ў ланцужок, і рушаць некалькі дзясяткаў чалавек. Хтосьці трымаў рукі за патыліцай, хтосьці за спінай – як зняволеныя.

Напярэдадні абвесткі пра акцыю пратэсту супарць выніку рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году былі развешаныя па многіх ВНУ Мінска. Ані арганізатары, ані фармат не ўказываліся. Проста было пазначанае месца збору – гістфак БДУ на вуліцы Чырвонаармейскай. Акурат праз дарогу ад рэзідэнцыі прэзідэнта. Сабраліся праз дзесяць дзён пасля рэферэндуму – 24 траўня.

На рэферэндум 1995-га году былі вынесеныя чатыры пытанні:

1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?;

2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?;

3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?;

4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?

Дэ-факта галоўным пытаннем было апошняе – пра наданне прэзідэнту надзвычайных паўнамоцтваў адносна Вярхоўнага Савету. У ВС была сістэмная апазіцыя, але і не ўсе нефракцыйныя дэпутаты падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку. І сапраўды, неўзабаве ВС пачаў працэдуру імпічменту прэзідэнта. А той, у сваю чаргу, на наступным рэферэндуме – у 1996-м – цалкам змяніў прапорцыю дзяржаўнай улады на сваю карысць.

Тым не менш, пытанне сімволікі мела натуральным чынам моцнае сімвалічнае значэнне. Абноўленыя савецкія сцяг і герб вярнуліся пасля кароткага панавання (1991-1995) нацыянальных гістарычных бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня".

Калі бел-чырвона-белы сцяг звязваў сучасную Беларусь з дэкларацыяй пра ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-м, то герб "Пагоня" са сваёй больш як 700-гадовай гісторыяй сімвалізаваў старажытнасць беларускай дзяржаўнасці і пераемнасць ад Вялікага княства Літоўскага.

Але ў перакладзе на рэаліі сярэдзіны 1990-х усё было больш проста. Асноўная маса насельніцтва нічога пра дасавецкую гісторыю Беларусі амаль не ведала.

Падтрымка пытанняў на рэферэндуме значыла падтрымку персанальна Аляксандра Лукашэнкі, якія абяцаў вярнуць "усё як было", то бок БССР. Такія грамадскія адносіны, калі моцнае начальства гарантуе падначаленым стабільны даход, і абарону ад нечаканасцяў.

З іншага боку, людзі, якія галасавалі супраць Лукашэнкі, таксама не надта разбіраліся ў гісторыі, але абіралі шлях зменаў. Яны былі гатовыя да рызыкаў, што неслі змены, у спадзеве на перафарматаванне грамадства.

Паводле афіцыйных вынікаў, за змену сімволікі прагаласавала 75,1 % (3 622 851 чалавек) ад тых, што прыйшлі на ўчасткі. То бок, крыху больш за палову ад дарослага насельніцтва. Не такая вялікая разбежка, каб лічыць перамогу абсалютнай.

У дзень галасавання я дзяжурыў на адным з участкаў у Ленінскім раёне Мінска. Я быў назіральнікам ад Партыі аматараў піва. Да позняй ночы мы сядзелі з дзяжурным міліцыянтам у холе. Натуральна разгаварыліся. "А па мне хоць майткі драныя будуць над Домам Ураду, галоўнае – каб нармальна плацілі", – са спакойным цынізмам патлумачыў сваю пазіцыю лейтэнант.

24 траўня 1995 мне адступаць не было як, і я рушыў далей на чале пратэстнай калоны. Мы абыйшлі рэзідэнцыю тры разы. Насупраць рэзідэнцыі ў скверыку ля тэатра Янкі Купалы стаіць гістарычны будынак – першая ў Мінску грамадская прыбіральня. Сцяг у мяне забралі, прымацавалі да прыбіральні, праспявалі гімн БССР, а пасля падралі на кавалкі, некаторыя з якіх спалілі.

Вандалізм? Безумоўна. Канцэптуальны перформанс скончыўся дзеяй, якую пазней улады кваліфікавалі як "злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам" – за здзек над нацыянальна-гістарычнымі пачуццямі грамадзянаў. На допыце ў Ленінскім РУУС я запытаўся ў старэйшага следчага па імяні Васіль Іванавіч Копач: "Але ж у дзень рэферэндуму мы ўсе бачылі па ТВ як Іван Ціцянкоў (тагачасны "заўхоз прэзідэнта" – упраўляючы справамі прэзідэнта Беларусі) падраў на шматкі бел-чырвона-белы сцяг, усталяваны над рэзідэнцыяй. Гэта не здзек над пачуццямі грамадзянаў? Вядома, здзек. А ля прыбіральны гэта быў проста сіметрычны адказ". "Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку", – бліснуў эрудыцыяй Васіль Іванавіч.

Фактычна, акцыя 24 траўня 1995 сталася першай публічнай, якую разагналі. Прыехаў АМАП ужо з новымі чырвона-зялёнымі шэўронамі, схапіў пару дзясяткаў удзельнікаў. Патрымалі ў РУУС. Толькі праз месяц з лішкам пачалі абтэлефаноўваць, запрашаць на размовы. Хто прыйшоў – чалавек дзесяць, – атрымалі падпіскі пра нявыезд. Пагражала да трох гадоў зняволення.

Урэшце справу замялі. Час быў адносна лагодны. Рэзананс у СМІ яшчэ мог зрабіць сваю карысную справу для таго, каго пераследвалі. Толькі праз год у СІЗА на Валадарскага трапіў адзін з удзельнікаў – фронт-мэн Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі, якому ўзгадалі удзел у акцыі. Хоць усе разумелі, што справа – ў яго публічнай дзейнасці ў прынцыпе.

Ад 1995 году бел-чырвона-белы сцяг у грамадстве пачаў асацыявацца з "апазіцыйнасцю", а не з гісторыка-нацыянальнай каштоўнасцю.

Сёння прыводзяцца розныя лічбы што да падтрымкі той ці іншай сімволікі. Паводле НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў) за існую афіцыйную сімволіку выступае 52%, за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» – 34%.

Я перакананы, што калі б апошнія 20 гадоў праз СМІ і сістэму адукацыі распавядалі пра бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню" ў гістарычным аспекце, лічбы маглі б быць іншымі.

З уласных размоваў ведаю людзей, якія не падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, але не прымаюць нацыянальную сімволіку, бо ўвязваюць яе выключна з калабарцыянізмам 1941-44 гг. А таму з дзвюх "зол" выбіраюць меншае – савецкі варыянт.

З іншага боку, гістарычная неабазнанасць дае іншую тэму для развагаў. Правядзіце сярод сваіх знаёмых розных сацыяльных групаў і адукацыйнай падрыхтоўкі міні-даследванне. Запытайцеся пра гісторыю паўстання сцяга БССР і адпаведна падноўленай у 1995 годзе версіі: калі ён быў створаны, дзеля чаго, і што сімвалізуе, напрыклад арнамент?

Вы пабачыце, што амаль ніхто нічога ўцямнага не адкажа. Напрыклад, што сцяг быў распрацаваны загадам ад 1951 году. І што падставай стаўся статус БССР як сузаснавальніцы ААН. І адпаведна візуальна мусіў адрознівацца ад чырвонага палатна СССР.

Таксама ёсць версія, што нацыянальны арнамент на сцяг узялі па прынцыпе эстэтыкі, не ўдаючыся ў змест. І што арнамент узяты з пахавальнага абраду продкаў беларусаў.

У той самы час, калі папытацца ў прыхільнікаў нацыянальнай сімволікі, можна ўбачыць значна большую абазнанасць у гісторыі.

Для мяне гэтая дыспрапорцыя тлумачыцца лёгка. Прыхільнікі савецкай сімволікі, чытай – сістэмы адпаведных грамадскіх адносінаў, некрытычна абіраюць звыклае.

У той час, каб стаць прыхільнікам новага (добра забытага старога), трэба зрабіць высілак: пашукаць інфармацыю, спраўдзіць яе, прааналізаваць, і зрабіць уласную выснову.

У дадзеным выпадку мы бачым кафлікт якасцяў – крытычнае/некрытычнае.

Я бачу лёс нацыянальнай сімволікі, яе вяртанне ў паўсядзённае жыццё не як палітычнай атрыбутыкі, а як гісторыка-культурнай каштоўнасці разам з павелічэннем грамадзянаў, якія крытычна мысляць сваё ўласнае жыццё і рэаліі наўкола.

Першыя прыкметы ёсць, прынамсі, "Пагоня" зацверджаная на сцягу Віцебскай вобласці ды не рэпрэсуецца на гістарычных гербах беларускіх гарадоў. Пакуль вельмі асцярожна час ад часу яна з’яўляецца ў пазванальных перадачах дзяржаўнага тэлебачання.

На маё ўласнае меркаванне, у дзяржавы няма іншага шляху, як вярнуць нацыянальную сімволіку, бо савецкую спадчыну цалкам манапалізавала Расія, якой канкурэнты непатрэбныя. З усёй сваёй савецкай ментальнасцю і рыторыкай беларускім дзяржаўным элітам не хочацца згубіць уласную незалежнасць, а значыць – незалежнасць краіны. Аніякай патэтыкі, чыстае ratio.

Пытанне толькі, ці не згублены час? І ці не давядзецца ўсё рабіць ад пачатку?

 

Фота: 90s.by

Комментировать