Арт

Правілы жыцця Івана Мележа. «У нас ёсць не толькі права, але і абавязак вяртацца да нашага мінулага»

407 Журнал

8 лютага спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа. «Журнал» адабраў найбольш яскравыя цытаты народнага пісьменніка Беларусі, аўтара класічнай «Палескай хронікі» з яго інтэрвію, публічных выступаў і дзённікавых запісаў.

***

Сам я з Палесся. Нарадзіўся і да семнаццаці гадоў жыў у вёсцы. Я не збіраў уражанняў. Усё, што я бачыў, магло здацца, сыходзіла без следу. І калі пакідаў вёску, я не здагадваўся, што забіраю з сабой сваё мінулае. Я быў упэўнены, што яно разам з балотам і зараснікамі засталося ззаду.

 

***

Я, помню, доўгі час імкнуўся пісаць стрымана і строга. Можа, калі гаварыць пра раман «Мінскі напрамак», гэтая строгасць пісьма ў цэлым патрэбна была, бо кніга гаварыла пра час суровы, пра нялёгкія падзеі і лёсы. Але вось калі я цяпер перачытваю раманы з «Палескай хронікі» і адчуваю ў іх лірычную цеплыню, я аддаю перавагу гэтым асаблівасцям апошніх кніг.

 

***

Выданне на рускай — гэта вялікія тыражы, заўсёды грашовы прыбытак, на беларускай — тыражы малыя, убытак. За прыбытак — прэмія, вось і выдаюцца ў беларускіх выдавецтвах беларускія аўтары ў перакладзе і чытаюць у перакладах сваіх пісьменнікаў іх чытачы, і што далей, тым — больш.

 

***

Не раз, калі я выступаў перад студэнтамі, мяне папракалі за тое, што я дазволіў Ганне, нягледзячы на яе каханне да Васіля, выйсці замуж за нялюбага сына кулака. Папрокі такія наіўныя. Не трэба падганяць герояў мінулага пад сучасныя меркі. <…> Людзей проста нельга зразумець, калі не ўлічваць духу іх часу. Як правіла, учынкі іх, калі хочаце, суразмерныя іх часу, вызначаны іх часам. Я хацеў паказаць, як старыя законы калечаць сэрцы і душы, раскрыць антыгуманнасць і бесчалавечнасць гэтых законаў. Менавіта ў гэтым сутнасць трагедыі, якую перажываюць у найлепшую пару свайго жыцця Васіль і Ганна.

 

***

У маладых пісьменнікаў прываблівае перш за ўсё хараство маладосці. Вялікае хараство, якое трэба берагчы. Шчырасць. Непрыхільнасць да фальшу. Не бяруся гаварыць, чаго не стае ўсім. Агульных рэцэптаў, прыдатных для ўсіх адразу, няма. Магу толькі сказаць, да чаго трэба імкнуцца. Зычу ім, як і сабе, — бачыць глыбока і шырока, пісаць праўдзіва. I, безумоўна, — сумленна.

 

***

Раўнадушша немагчыма схаваць, яно немінуча акажацца або холадам, або сумам і фальшам. Твор, у якім няма жывога цяпла, мёртвы, як папяровыя кветкі, з якім бы ўмельствам яны ні былі выкраены і распісаны.

 

***

У мяне стварэнне партрэта звычайна патрабуе асаблівых намаганняў. Партрэт галоўнай гераіні ў рамане «Людзі на балоце» Ганны Чарнушкі, пададзены ў самым пачатку кнігі, я змог напісаць здавальняюча толькі тады, калі кніга была ўжо амаль закончана.

 

***

Летам 1942 года мяне раніла. Я трапіў у светлыя, трывожныя пакоі шпіталяў, у добрыя, клапатлівыя рукі ўрачоў і сясцёр. Дзякуй таму растоўскаму хірургу Антонаву, які, паспачуваўшы маладому палітработніку, сам узяўся рабіць аперацыю, выратаваў маю правую руку, ужо асуджаную на смерць другімі ўрачамі. Рука гэта так спатрэбілася потым, так памагла мне ў працы!

 

***

Героі мае гаварылі спачатку хоць і кожны ў адпаведнасці са сваім характарам, але — агульналітаратурнай мовай. Так, як гаварылі ў іншых кнігах, як лічылася тады нормай. Я, аднак, увесь час адчуваў нейкую дзіўную, непераадольную ненатуральнасць, фальшывінку ў іх мове. І чым далей, тым больш расло гэтае адчуванне. Гэта было падобна на тое, як адчуваеш фальшывы тон у музыцы. Тады ўсё настойлівей пачала браць мяне спакуса: а ці не паспрабаваць дазволіць героям гаварыць так, як яны гавораць у жыцці. Увесці ў раман іх сапраўдную, няхай, можа, і дзіўную для другіх мову.

Не адразу я адважыўся. Тады вельмі строгія былі ў нас ахоўнікі «чысціні» мовы. І ўсё ж адважыўся. І адразу адчуў, як мае героі ажылі, сталі тымі людзьмі Палесся, якіх мне хацелася бачыць і чуць. У перакладах гэта, на жаль, амаль не ўдалося захаваць...

 

***

Цень вайны над мілым маленствам. Мы гулялі, не ведалі нічога, а яна ўжо набліжалася. Многім з нас — мы не ведалі гэтага: заставалася толькі па дзесяць, па дзевяць гадоў. Мы не думалі пра гэта, мы наогул ні пра што не думалі: нам было ўсяго па восем, па дзесяць. Да таго ж, у нас многа было іншых рэчаў, цікавейшых; нам было пра што думаць і без гэтага. Нас вабілі зараснікі, сажалка, закрытая раскаю: што там за ёю; так добра пахла трава каля канавы ў бярэзніку...

Мы гайсалі бесклапотна, а да нас ішла хмара вайны. Ішла, адлічвала нячутна: яшчэ дзевяць гадоў, яшчэ восем, яшчэ сем. Мы не заўважалі яе; і, можа, добра, што не заўважалі: яна хоць не адабрала ў нас дачасна радасці. Мы жылі на ўсю сілу, мы радаваліся на ўсё сэрца. У нас было маленства!

 

***

Гавораць пра лаканізм як самамэту, пра тое, што неабходна ўкладваць вялікі змест у малы аб’ём. Але ж лаканічным можа быць і вялікі раман, і расцягнутым — маленькае апавяданне. Мне здаецца наіўным ставіць у прамую залежнасць імклівасць тэмпаў жыцця і колькасць старонак у кнізе.

 

***

Цяпер сам з гонарам думаеш: колькі папамераў нагамі зямлі, ідучы «ў навуку» — спачатку недалёка, на другі канец Глінішчаў, потым — з пятага класа — на далёкі канец Алексіч, паўз могілкі, цераз грэблю, цераз усё доўгае сяло. Мераў кожны дзень — і ў студзеньскі сівер, і ў красавіцкае разводдзе, калі, дабраўшыся да ганка школы, чуў, як вада хлюпае ў лапцях, абцінае горача анучы.

Цяпер сам здзіўляюся той — ад бацькоў і дзядоў, пэўна,— цярплівасці, з якой тады браў усе нягоды: не толькі не наракаў калі-небудзь, але нібы і не заўважаў іх. Маці потым, помню, дзівілася, са спачуваннем і задавальненнем: кожны дзень, ва ўсякае надвор’е, мокры, скалелы — у школу, са школы!

 

***

Быць розумам і сэрцам сярод людзей, заўсёды адчуваць іх трывогі і клопаты — для пісьменніка не толькі ўмова паўнацэннага жыцця, але і абавязковая ўмова здольнасці да творчасці.

 

***

Мястэчка Хойнікі, у якім я жыў перад вайной, было вельмі стракатае па нацыянальнаму складу. У школах мястэчка вучыліся людзі розных нацыянальнасцей: беларусы, рускія, палякі, яўрэі. У той час у Хойніках было некалькі школ, у якіх навучанне вялося на розных мовах. Пры ўсёй стракатасці нацыянальнай мы не толькі не адчувалі якой-небудзь варожасці, але ў нас наогул не было рознагалоссяў. Для нас не існавала меж, якія б раздзялялі нас. У нас ва ўсіх былі самыя сяброўскія, братнія адносіны. Сярод маіх таварышаў было некалькі палякаў, але я ніколі нават не думаў пра тое, што яны палякі, а я — беларус. І ў галаву не прыходзіла думка аб тым, што мой таварыш, які сядзіць побач за партай або з якім я гуляю ў валейбол, чалавек другой нацыі і нас як быццам гэта павінна раздзяляць. Не было такога.

 

***

Па-мойму, у нас ёсць не толькі права, але і абавязак вяртацца да нашага мінулага — вяртацца не дзеля мінулага, а ў імя будучыні. Таму што зразумець глыбока працэсы, якія адбываюцца ў душах сённяшніх людзей, можна толькі тады, калі стануць зразумелыя вытокі гэтых працэсаў. Вярнуцца неабходна і для таго, каб сказаць усю праўду пра тое, што раней не дагаворвалася або замоўчвалася зусім.

 

***

Помню, я быў у глухой лясной вёсачцы ў гасцях у дзеда і там убачыў кнігу ў яркай вокладцы з загадкавай назвай «У краіне райскай птушкі». Кніга адразу прывабіла, захапіла ўяўленне: яна адкрыла мне свет незвычайны, дзівосны. Я да гэтага часу помню тое незвычайнае ўражанне, якое засталося ад гэтай кнігі, яркае, святочнае адчуванне ў сэрцы. Гэтай аповесці Янкі Маўра я абавязаны тым, што адразу захапіўся кнігамі.

 

***

Я не ведаў больш сучасных твораў у гады мінулай вайны, чым «Вайна і мір» і «Ціхі Дон». Не разумею, ніяк не магу зразумець, як можна лічыць цяперашнія кнігі пра гераізм людзей на вайне гістарычнымі, не сучаснымі — у наш час, калі ў свеце амаль заўсёды пахне ваеннай навальніцай.

 

***

Хацелася пісаць праўдзіва, мужна і чалавечна. Баяўся, што імкненне да мужнасці пяройдзе ў сухасць, а любоў ператворыцца ў сентыментальнасць.

 

***

Для нашага народа не прайшлі бясследна дзесяцігоддзі і стагоддзі ўпартай русіфікацыі і паланізацыі, якую вялі самадзяржаўныя і шляхецкамагнацкія «цівілізатары». Жыве, дзіўна мяшаючыся з сучаснай культурай, у многіх часам адукаваных людзей закарэлая няўпэўнасць, а іншы раз і сорам за сваю «гаворку». Пераконанне, што яна «ніжэйшая», дамашняя, нягожая. Не малую ролю тут адыгрывае, вядома, і мяшчанская мімікрыя, імкненне падладжвацца пад мацнейшага, пад больш прызнаны колер.

 

***

Я гатоў падтрымаць пошукі ў галіне формы, але толькі ў тым выпадку, калі навізна дапамагае чым-небудзь зместу, даходлівасці кнігі. <…> Калі бачыш некаторыя, не выкліканыя неабходнасцю фармальныя вышукі, міжволі ўзнікае думка, што зроблена гэта, каб здзівіць, вырвацца са звычайнасці. Але, думаецца, што здзіўляць трэба не гэтым, а адкрыццямі ў нетрах жыцця, у глыбінях чалавека.

 

***

Ніколі не думаў, не гадаў, што «Людзі» так пойдуць. Пісаў наперакор усім заклікам (да сучаснасці), і от, на табе. Калі друкавалі ў «Полымі» — усе карэктуры расхапалі. Колькі поціскаў рук, віншаванняў; цяпер няма такога пленума ці схода, каб не згадалі добрым словам.

З усяго гэтага я не чую ніякага кружэння ў галаве. Я, аказваецца, вельмі спакойны да славы, да хвалы; мне становіцца нават сумна: і гэта — усё?! З усіх гэтых гаворак для мяне самае галоўнае: я магу! Я зрабіў добрае, вартае; варта гэта рабіць і далей — вось што самае важнае.

 

Падрыхтаваў Павел Абрамовіч

Комментировать