Арт

Пераклады да ладу. Вывесці мову на шпацыр у свет

606 Ольга Бубич

Кадр з буктэйлеру да кнігі «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»

 

Наша інтэлектуальнае асяроддзе застаецца прасякнутым футрам ды мёдам. У краіне з дзвюма афіцыйнымі мовамі ўвага да публікацый на беларускай даволі сціплая: выдавецтвы, якія займаюцца выданнем беларускай арыгінальнай і перакладной літаратуры, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Але ж і імдаводзіцца цяжка – прыгадаем хаця б гучную справу «Логвінава». Тым часам на паліцах дзяржаўных кнігарняў нават кнігі нашай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч мы часцей бачым «родам» с расійскіх выдавецтваў.

У краіне няма дзяржаўнай палітыкі падтрымкі і развіцця сучаснай беларускай перакладной літаратуры. Працуе прынцып найменшага супраціву: калі ёсць варыянт кнігі на рускай, хто будзе чытаць на «мове»? Навошта перакладаць?

Напрыканцы лета ў Мінску прэзентавалі зборнік «(З)начныя даследаванні» нямецка-швейцарскай паэткі Норы Гомрынгер. Вершы лаўрэаткі шматлікіх міжнародных літаратурных прэмій можна прачытаць па-беларуску ў перакладзе Вольгі Гапеевай і Ірыны Герасімовіч і з ілюстрацыямі Антаніны Слабодчыкавай.

Паэтка і перакладчыца Вера Бурлак рыхтуе да публікацыі пераклад класічнай казкі Люіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Сродкі на публікацыю кнігі збіраюць праз краўдфандынгавую платформу.

Вера згаджаецца, што большасць беларусаў чытаюць на рускай. Але ёсць і цікаўныя да беларускіх перакладаў, і іх літаратурныя апетыты маюць патрэбу ў задавальненні. Найперш гэта тыя, хто ў сямейным і сяброўскім коле размаўляе па-беларуску. Для іх пераклады не проста патрэбныя, а неабходныя, каб пазнаёміцца з цікавымі творамі без неабходнасці «пераключэння рэгістраў».

«Асобная катэгорыя – дзеці ў беларускамоўных сем’ях. У беларускай дзіцячай літаратуры ёсць выдатныя творы. Але ж хіба можна абмежавацца толькі імі і пазбавіць дзіця скарбаў сусветнай слоўнасці? А даступныя яны збольшага толькі па-руску. І нарэшце, дыялог культур узбагачае і мову, і мысленне. Пераклад – заўсёды дыялог культур. Дзеля ўзбагачэння мовы і мыслення ён неабходны», – адзначае Вера Бурлак.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Але чытанне на беларускай мове звязана не толькі з арганізацыяй літаратурнага вольнага часу асобных беларускамоўных чытачоў. Перакладная сучасная літаратура адлюстроўвае натуральны працэс развіцця мовы, культуры ды самой нацыі. І менавіта наяўнасць корпуса знакавых тэкстаў на мове ёсць паказчыкам і гарантам яе захавання і развіцця.

Паэтка, перакладчыца і лінгвістка Вольга Гапеева прапануе разглядаць любую мову як асобнага чалавека:

«Мова можа сядзець адна дома, нікуды не выходзіць і ні з кім не знаёміцца, як і чалавек. А можа пайсці на спатканне, у кіно, паехаць у іншую краіну, сустрэцца там з іншымі мовамі, даведацца штось новае і потым, вярнуўшыся дадому, радавацца і разумець, што твой унутраны свет стаў больш разнастайным і пярэстым. Пераклад – спосаб камунікацыі для мовы са знешнім светам, з іншымі мовамі. Не варта пазбаўляць сваю мову такога ўнікальнага досведу!»

Вольга Гапеева, Антаніна Слабодчыкава і Ірына Герасімовіч на прэзентацыі зборніка «(З)начныя даследаванні». Фота: Аляксей Братачкін

 

На думку перакладчыцы Ірыны Герасімовіч, беларускаму грамадству сёння не хапае менавіта такога разумення значнасці літаратуры і мовы – як спосабу пашырэння досведу, як паказчыка сур’ёзнасць стаўлення да ўласнага існавання. Беларусам у экзістэнцыйным вымярэнні «не да сябе», лічыць Ірына – большасць занятыя рашэннем надзённых праблем.

Насамрэч пытанне нават шырэй, чым недахоп беларускіх перакладаў. Бракуе ўвогуле навыкаў глыбокага ўспрымання літаратуры, які быў бы выпрацаваны ў школе, адзначае Герасімовіч:

«Літаратурныя творы ў школе мала звязваюцца з уласным жыццёвым досведам настаўнікаў і вучняў. Літаратура часта ўспрымаецца як нешта другаснае, патрэбнае толькі для экзаменаў або для самапрэзентацыі: можна пахваліцца “я гэта чытала” ці пафранціць цытатай з класікі. Літаратура не падпускаецца да ўласнай скуры, да сваіх эмоцый».

Перакладчыцы адзначаюць недахопы ў працы камерцыйнага механізму выхаду «ў свет» беларускамоўнай літаратуры: бракуе высакаякаснай літаратурнай крытыкі ды рэцэнзій, якія б сапраўды аналізавалі б месца твора ў культурнай прасторы, а не «чапляліся да асобных словаў». Няшмат актыўнага піяра, цікава арганізаванай рэкламы новых кніг – гэтым часцей за ўсё вымушаны альтруістычна займацца самі перакладчыкі/цы. Пры гэтым падтрымку прасцей знайсці ў Інстытута Гётэ або Польскага інстытута, чым у беларускіх інстытуцыях і асяродках.

«Журнал» таксама рэкамендуе:

  

Больш актыўна шляхі да чытача мусяць будаваць і самі выдавецтвы, якія бяруцца за нялёгкую справу публікацыі перакладной літаратуры.

«Хацелася б бачыць больш адкрытасці і зацікаўленасці сучаснай літаратурай з боку выдавецтваў. Бо важна, каб беларусы чыталі тое ж, што і іншыя еўрапейцы, на сваёй мове і цяпер – а не праз дзесяць або сто гадоў. Але часам, калі прапаноўваеш выдаўцу сучаснага аўтара, даводзіцца чуць: “Ну добра, але чаму б табе не перакласці, напрыклад, Кафку?” Беларуская культурная прастора дагэтуль герметычная, яна не надта імкнецца зазіраць за ўласны плот. Мала шчырай цікавасці: а што там у іншых?» – кажа Ірына Герасімовіч.

Паводле перакладчыцы, гэта паказчык «ляноты з боку выдавецтваў».

«У новага аўтара трэба паглыбляцца, часам выходзіць па-за межы ўласных чытацкіх звычак. А з класікамі ўсё зразумела, бацнуў “Цяпер чытайце па-беларуску!” – і ўсё, стандартная аўдыторыя ахінутая. А новая? Хто пра яе думае? А патрэба ў перакладной сучаснай літаратуры ёсць. Я бачу гэта па прэзентацыях кніг, якія сама перакладала. На іх ходзіць жывая і адкрытая публіка. Як сказаў адзін ў еўрапейскіх аўтараў, наша публіка “нічым не адрозніваецца ад публікі ў Швейцарыі ці ў іншых месцах”», – адзначае Герасімовіч.

Дапамагло б справе выданне перакладнога часопіса, стварэнне моўных і перакладных цэнтраў, курсаў для перакладчыкаў мастацкай літаратуры на беларускую ўва ўніверсітэтах. Для гэтага патрэбна падтрымка з боку дзяржавы, кажа Вольга Гапеева.

А пакуль усяго гэтага няма, беларуская мова, як дзяўчо, якое занадта строга апякуюць грозныя бацькі, можа выходзіць на шпацыр «у вялікі свет» толькі пару разоў на месяц. Таму ў разнастайным і багатым асяроддзі іншых моў і культур яна пакуль што адчувае сябе няёмка.

Для тых, хто зацікавіўся нядаўнімі перакладамі на беларускую мову, прапануем наступныя спасылкі:

Роберт Вальзер. «Шпацыр» (пераклад Вольги Гапеевай)

«Анталогія Латвійскай паэзіі» (пер. В. Гапеевай, А. Кавалеўскага і інш.)

Нора Гомрынгер. «(З)начныя даследаванні»

Лукас Бэрфус. «Каала» (пераклад Ірыны Герасімовіч)

Люшэр Ёнас. «Вясна барбараў» (пераклад Ірыны Герасімовіч)

Комментировать