Жизнь

І парк, і касцёл! Мы можам дамаўляцца

453 Юлія Галіноўская

Актывісты збіраюць подпісы супраць вырубкі парку Катоўка. Фота: Анна Дапшевичюте, Зялёны партал

 

Будаўніцтва касцёлу ў сталічным парку Катоўка – насамрэч бадай адзіная магчымасць гэты парк захаваць. Сітуацыя, што стала падставай для канфлікту паміж вернікамі і экалагічнымі актывістамі насамрэч можа стаць прыкладам супрацы розных супольнасцяў для дасягнення іх мэтаў. Але дзеля гэтага трэба проста пачуць адзін аднаго – і дамовіцца.

Раніцай 23 траўня група мясцовых жыхароў і экалагічных актывістаў перапыніла пачатак вырубкі дрэваў у парку Катоўка – зялёным скверы ў Мінску паміж вуліцамі Багдановіча і Бяды. На гэтым месцы павінен паўстаць каталіцкі касцёл.

Актывісты-эколагі выступаюць катэгарычна супраць вырубкі дрэваў. Упэўненая, што іх мэты добрыя і светлыя – захаваць жыццё і яго разнастайныя формы.

Але яны не заўважаюць, што сваімі дзеяннямі, па сутнасці, руйнуюць супольнасць вернікаў – якую таксама можна параўнаць з жывым арганізмам. Я добра разумею, пра што кажу, бо сама з'яўляюся вернікам такой «бяздомнай» парафіі. І добра разумею, што для супольнасці св. Пятра і Паўла дазвол на будаўніцтва свайго ўласнага дома выклікаў вялікую радасць.

Супольнасць гэтая не вельмі моцная – менавіта таму ім спатрэбілася цэлых пяць гадоў, каб аформіць усе паперы, сабраць неабходныя сродкі, каб распачаць будоўлю.

Дарэчы, парафія не прэтэндавала на парк як месца будовы святыні. Вернікам патрэбны дом, дзе яны могуць сустракацца, маліцца, вучыць сваіх дзяцей, плакаць ад радасці на іх першым прычасці, шлюбе.  Гэтае месца каталікам прапанавалі ў камітэце архітэктуры як адзінае магчымае на тэрыторыі раёна і парафіі. Экалагічныя актывісты кажуць пра тое, каб пад касцёл абралі іншае месца – але на «вольных» месцах, прыдатных для будаўніцтва касцёла, генпланам зацверджана будаўніцтва іншых аб’ектаў.

Дарэчы, гэтая зона ў генплане Мінска ўвогуле не пазначаная як парк – пра гэта напісаў Антон Астаповіч у сваім фэйсбуку. Да таго ж, там растуць таполі, якія і так прызначаныя для вырубкі (як мне патлумачылі біёлагі, таполі – дрэвы, якія знешне могуць выглядаць жывымі і зялёнымі, а ўнутры ўжо трухлець, што робіць іх небяспечнымі – таму такія дрэвы звычайна вырубаюць на гарадскіх тэрыторыях).

То бок, і без будаўніцтва касцёла «Зеленстрой» павырубаў бы гэтыя дрэвы. Да таго ж, касцёл прафінансуе пасадку іншых дрэваў, у гэтым жа раёне, замест тых, што будуць вырубленыя для яго будаўніцтва.

Касцёл, які збіраюцца будаваць у Катоўцы, разлічаны ўсяго на 300 вернікаў, ён будзе невялікім і зойме ўсяго адну дзясятую частку парку! Не ўвесь парк, як пішуць у прэс-рэлізах эколагі. І вернікі як раз зацікаўленыя ў тым, каб вакол іх касцёла захаваўся парк.

Таму атрымліваецца, што будайніцтва касцёла ў гэтым парку – бадай што адзіная гарантыя яго захавання!

Мясцовыя жыхары самі кажуць, што парк знаходзіцца ў трошкі запушчаным стане, для горада – гэта праблема, а мясцовыя жыхары не ўзялі яго на ўласнае ўтрыманне. Разам з тым, парк застаецца «смачным кавалкам», які будзе стала прыцягваць увагу інвестараў як месца пад будоўлі дамоў ці камерцыйных аб’ектаў. Калі там будзе касцёл, то там не пабудуюць некалькі шматпавярховікаў ці чарговы бізнэс-цэнтр. Калі там будзе касцёл, то гэта будзе прыгожае, дагледжанае месца, даступнае для адпачынку.

Вядома, частку дрэваў падчас будаўніцтва непазбежна прыйдзецца вырубіць. Але можна дамовіцца супольна кантраляваць гэты працэс, каб па заканчэнні будоўлі аднавіць гэтую тэрыторыю. Да таго ж, за кожнае дрэва, ссечанае пры будове, касцёл плаціць дзяржаўным установам даволі вялікія грошы – давайце разам пракантралюем, каб гэтыя грошы пайшлі менавіта на добраўпарадкаванне парку, высадку новых дрэваў.

Зразумела, што эколагі ў гэтай справе адстойваюць свае каштоўнасці і хочуць, каб з гэтымі кашноўнасцямі лічыліся. Але вернікі ў справе захавання парку могуць быць не ворагамі, а памочнікамі – пры ўмове, калі з іх каштоўнасцямі таксама будуць лічыцца.

У выніку замест канфлікта мы можам атрымаць выдатны прыклад супрацоўніцтва розных гарадскіх супольнасцяў на агульную карысць. Дзеля гэтага трэба проста адрынуць залішнія эмоцыі, пачуць адзін аднаго – і дамовіцца.

Комментировать