Жизнь

Н’ю-Васюкі мясцовага турызму

641 Паўлюк Печанько

Капыль і Карэлічы, два беларускія гарадкі-райцэнтры. Калі вам не пашчасціла там нарадзіцца, то вы наўрадці ўзгадаеце нешта, звязанае з гэтымі мясцінамі. Канешне, нехта памятае, што Капыль – радзіма Цішкі Гартнага, а Мірскі замак знаходзіцца ў Карэліцкім раёне. І гэта ў лепшым выпадку. У горшым – Капыль паблытаюць з Копыссю, а Карэлічы з Калінкавічамі…

Не так даўно я пабачыў на сайце “Радыё Свабода” леташнюю апытанку “Што патрэбна беларускай правінцыі, каб прывабіць турыстаў?”. Апытанку гэтую рабілі ў Капылі. Мясцовыя жыхары збольшага сыйшліся на думцы, што ў Капылі і мясцовым няма куды пайсці. А ўжо пра турыстаў і казаць няма чаго: ні кавярняў, ні гатэля нармальнага ў горадзе няма. Засумняваліся капыляне і ў наяўнасці нейкіх турыстчных цікавостак, не прыгадаўшы нічога акрамя мясцовага замчышча. Нехта разам з замкавай гарой візітоўкай горада назваў мясцовыя краявіды – маляўнічыя пагоркі, лесапарк і азёры. Заўважыўшы, што не хапае толькі якой-небудзь турбазы. Акрамя адсутнасці культурнага жыцця, капыляне скардзіліся на нізкія заробкі і адсутнасць нармальнай працы ў горадзе. Які ўжо тут турызм.

Паглядзеў я гэты сюжэт і падумаў: правядзі такую ж апытанку на маёй малой радзіме ў Карэлічах – пачуеш амаль такія ж адказы. Тыя ж праблемы з працай, нізкія заробкі і адсутнасць месцаў для адпачынку. Толькі краявіды тут сціплейшыя, чым у Капылі, і замчышча няма. І хоць ад Карэліч рукой падаць да больш “турыстычных” Наваградка і Міра, такое суседства толькі падкрэслівае статус “беднага сваяка”.

Я збольшага ведаю мясцовыя рэаліі – і капыльскія, і карэліцкія. Але пагадзіцца з удзельнікамі апытанкі ў Капылі магу толькі часткова. На мой погляд, у Капыля, як і ў Карэліч, вельмі неблагі турыстычны патэнцыял.

Гэтыя гарады маюць шмат агульнага. Абодва райцэнтры ўваходзяць у дзясятку бяднейшых рэгіёнаў краіны. Праз адсутнасць тут сур’ёзнай бюджэтаўтваральнай прамысловасці ў гэтых раёнах адзін з ніжэйшых у Беларусі сярэдні памер заробкаў. Ад узроўню даходаў жыхароў рэгіёна залежыць развіццё мясцовай сферы абслугоўвання. І з гандлем тут таксама сумна. Выбар у мясцовых “гумах” заўжды бяднейшы, чым у суседніх гарадах. Вось і кажуць мясцовыя жыхары сталічнаму журналісту, што няма тут чаго рабіць тым турыстам.

Які ж тады турыстычны патэнцыял я меў на ўвазе вышэй? Чым могуць прывабіць турыстаў правінцыйныя гарадкі? Вось тут у сваіх магчымасцях Карэлічы і Капыль істотна адрозніваюцца. Але пра ўсё па парадку.

Карэлічы не маюць нейкіх звышпрывабных турыстычных аб’ектаў. Таму проста так сюды ніхто спецыяльна не паедзе. Але гарадку пашанцавала з геаграфіяй: райцэнтр размясціўся акурат паміж Лідай – Наваградкам з аднаго боку і Мірам – Нясвіжам з другога. З гэтай прычыны турысты ў Карэлічах бываюць даволі часта. Праўда, часьцей за ўсё яны проста праязджаюць праз гэты населены пункт. Нават тыя, што вандруюць самастойна.

Буслы ў Карэлічах. Фота: bymedia.net

 

Зрэдзьчас нехта спыніцца каля прыдарожнай крамы, каб набыць сабе нешта з ежы ці пітва. Чаму не пабудаваць тут спецыяльна для транзітных гасцей вялікую прыдарожную кавярню з аўтобуснай стаянкай побач? Там жа паставіць некалькі кіёскаў з сувенірнай прадукцыяй. Такім чынам можна ўключыць Карэлічы ў папулярны турыстычны маршрут Ліда – Наваградак – Мір – Нясвіж. Гэта значна разгрузіла б кавярні ў гэтых гарадах. Напрыклад, у Нясвіжы у выходныя праблематычна знайсці вольнае месца на некалькі чалавек у мясцовым рэстаране “Ратуша”, вядомым неблагой якасцю страваў і даволі дэмакратычнымі коштамі.

І гэта не адзіная магчымасць скарыстацца зручным геаграфічным становішчам. Акрамя Наваградка і Міра недалёка ад Карэліч знаходзяцца даўно аблюбаваныя турыстамі Шчорсы, Лаўрышава, Любча і возера Свіцязь. Вось вам і гатовы турыстычны маршрут выхаднога дня: “Па слядах Міцкевіча: Туганавічы – Свіцязь – Наваградак – Шчорсы”. У гэты тэматычны маршрут можна дадаць Лаўрышава і Любчу).

Калі вы прыехалі сюды са сталіцы, то па дарозе дадому вы можаце наведаць Мір і Нясвіж. Гэты варыянт падыйдзе найперш тым, хто мае ўласны аўтамабіль. Наогул, ідэальным варыянтам была б вандроўка па раёне на аўтамабілі гаспадара хостэла ці аграсядзібы (натуральна, гаспадар тут быў бы вадзіцелем-гідам). У такім выпадку турыст-вадзіцель меў бы магчымасць адпачыць разам з усімі.

Падобную паслугу прапануюць некалькі ўладальнікаў аграсядзібаў Карэліччыны. Адным з першых гэта пачаў рабіць гаспадар аграсядзібы ў Міры. У свой час ён зразумеў, што такім чынам ён зможа затрымаць турыстаў у Міры больш, чым на некалькі гадзін. Ён прапануе сваім гасцям экскурсіі па бліжэйшых гістарычных мясцінах на ўласным транспарце. Пакуль жа у Карэлічах няма ні хостэлаў, ні прыстойных кавярняў. Не кажучы ўжо пра магчымасць скарыстацца паслугамі вадзіцеля-гіда. Лепшая сітуацыя з аграсядзібамі – іх у раёне ажно 16. Найбольшая іх канцэнтрацыя назіраецца менавіта ў самых “рыбных” месцах – у Міры і ваколіцах, а таксама паблізу возера Свіцязь.

Вернемся ў Капыль. Гэтаму гораду з геаграфіяй пашанцавала менш. Ён знаходзіцца ў баку ад турыстычных маршрутаў. Але Капыль мае свае перавагі. Тут ёсць некалькі турыстычных цікавостак – старажытнае замчышча проста пасярод горада, рэшкі гарадскіх умацаванняў (валоў), некалькі курганных могільнікаў, часткова захаваная гарадская забудова (канец ХІХ – пачатак ХХст.). І цудоўныя краявіды – крутыя пагоркі, шмат зеляніны і некалькі азёраў.

У Капылі рэгулярна праводзяцца разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, адно з якіх мае статус міжнароднага. І гэта бадай адзін з нямногіх выпадкаў, калі сюды прыязджае дастаткова шмат гасцей, якія затрымліваюцца больш, чым на дзень. А без рэгулярнага прытоку турыстаў няма сэнсу развіваць мясцовую інфраструктуру. Мясцовага гатэльчыка цалкам дастаткова, каб размясціць якіх-небудзь будаўнікоў-шабашнікаў і раз на год пару дзясяткаў спартсменаў. Аднаго саўковага рэстарана цалкам дастаткова, каб людзям было, дзе жаніцца і спраўляць памінкі-юбілеі. Ёсць ячшэ пара кавярняў, але месцамі адпачынку іх назваць праблематычна.

Зразумела, што аднымі краявідамі і замчышчам з курганамі надта турыстаў не завабіш. Як і ў выпадку з Карэлічамі, тут магчымы варыянт “паразітавання” на суседстве з больш раскуручаным турыстычным горадам. У дадзеным выпадку – Нясвіжам, да якога з Капыля ўсяго 20 хвілін дарогі на аўто. Далей можна камбінаваць як заўгодна. Уявім некалькі варыянтаў. Вам прапануецца наступны спосаб арганізацыі адпачынку на выходныя: у суботу вы бавіце час у Капылі – азнаямленчая экскурсія, веласіпедная ці ролерная прагулка па лесапарку (ёсць добрая лыжа-ролерная траса), пікнік там жа, для аматараў магчымая арганізацыя рыбалкі. Зімой можна пакатацца на лыжах ці санках. У тым жа лесапарку ёсць некалькі гатовых спускаў, якія пасля ўпарадкавання будуць нічым не горшыя за штучныя спускі горналыжнага комлекса пры гатэлі “Веста”.

Чаго не хапае? Гасцям трэба недзе жыць. Большасць турыстаў з вялікіх гарадоў шукае для адпачынку спакойныя месцы. Аптымальным варыянтам былі б здымныя кватэры ці дамкі ў прыватным сектары (як варыянт – аграсядзібы ў ваколіцах горада). Дарэчы, у Капылі ёсць як мінімум адзін прыватны міні-гатэль.

Па-другое, добра было б арганізаваць пракат спартыўнага рыштунку – летам веласіпедаў, ролікаў, гумовых лодак і г.д.. Зімой, адпаведна, лыжаў, канькоў, намётаў і да т.п. Натуральна, не зашкодзіла б адчыніць пару новых кавярняў з більярдам (а можа, калі зусім ужо страціць пачуццё рэальнасці, з боўлінгам J). Вечарам вас чакае лазьня і вячэра. А ранкам – у якасці бонуса – вандроўка па маршруце Нясвіж – Мір.

Вядома, можна прыехаць сюды і без прывязкі да абавязковага наведвання “маленькага Парыжу”. Было б куды ехаць! Дастакова давесці да розуму лыжныя спускі (тут не трэба насыпаць горку ў чыстым полі), стварыць мінімальную інфраструктуру і зрабіць дэмакратычныя кошты на паслугі (рэкламны слоган з алюзіямі на цытату з “Інтэрстэлара”: “Сем дзён у нас – як гадзіна ў Сілічах!”).

Можна пабудаваць невялікую турбазу, на якой могуць спыняцца як спартоўцы падчас спаборніцтваў, так і звычайныя турысты. А летам там можна арганізоўваць дзіцячы летнік. Пакуль жа дзеці з усяго раёна летам адпачываюць у класных пакоях адной з мясцовых школ…

Падкрэслю – менавіта дэмакратычныя кошты на ўсе віды паслуг могуць дазволіць раскруціцца новаму турыстычнаму цэнтру. Сілічы і Дзяржынск амаль утрая бліжэй ад сталіцы. Таму за тыя ж грошы ніхто не паедзе невядома куды.

Такі вось турыстычны патэнцыял невялікіх беларускіх гарадоў, абдзеленых увагай “гасцей з іншаземных абласцей”. Можна не звяртаць увагі на песімістычныя адказы капылянаў у апытанцы. У рэшце рэшт, большасць з іх заклапочаныя хутчэй уласным нізкім узроўнем жыцця, чым адсутнасцю ўмоваў для развіцця мясцовага турызму.

Сам турызм разглядаецца як нешта несур’ёзнае. Людзі слаба вераць, што турысты дапамогуць палепшыць фінансавае становішча горада. Зрэшты, журналіст задаваў пытанні звычайным жыхарам гарадка, ад якіх фармальна мала што залежыць. Цікава было б паслухаць адказы на гэтыя ж пытанні мясцовых прадпрымальнікаў і чыноўнікаў – тых, хто паводле роду сваёй дзейнасці можа (і павінен) цікавіцца падобнымі праблемамі. Зазірнём на сайты мясцовых раёнак і паглядзім, што пішуць тут пра рэгіянальны турызм.

На сайце капыльскай раённай газеты “Слава працы” знайшлася цэлая серыя артыкулаў, прысвечаных аграэкатурызму. Серыя пазначаная як “своеасаблівы прэс-семінар пад эгідай мясцовага райвыканкама”. Мэтай яго з’яўляецца павышэнне ўзроўню ведаў і навыкаў вядзення бізнэсу ў сферы аграэкатурызму ўсіх патэнцыйных уладальнікаў аграсядзібаў. Варта заўважыць, што агратурызм – адна з найбольш падтрымліваемых дзяржавай сфераў мясцовага турызму. Напрыклад, “Белаграпрамбанк” выдае адмысловыя крэдыты суб’ектам вясковага турызму. Распрацаваная адпаведная Праграма ўдзелу банка ў развіцці аграэкатурызму ў Беларусі. Не выключана, што частка ўладальнікаў сядзібаў Капыльшчыны і Карэліччыны скарысталіся паслугамі банка.

Дзяржава зацікаўленая ў развіцці менавіта вясковага турызму. Гэта такі сабе дадатак да праграмы адраджэння вёскі. Толькі тут ахвочых папрацаваць на зямлі заахвочваюць не дармовым жыллём у аграгарадку (у абмен на працу ў мясцовым калгасе), а адносна ільготным крэдытам на капітальны рамонт будучай аграсядзібы і магчымасцю пракансультавацца з профільнымі спецыялістамі.

Чытаючы артыкулы на сайтах мясцовых газет, звярнуў увагу на адну дэталь: капыльская “Слава працы” піша пра мясцовы турызм нашмат часцей, чым карэліцкае “Полымя”. Відаць, у Карэліцкім раёне з турызмам трошкі лепш – і аграсядзібаў у чатыры разы болей, і Мірскі замак ёсць. Карацей, можна не турбавацца. Капыльскі раён адстае і ў тэмпах развіцця аграэкатурызму (насельніцтва не спакушаецца нават ільготнымі крэдытамі), і з помнікамі гісторыі тут нібыта горш. Ратуюць сітуацыю хіба толькі адносна нядаўна раскручаныя семежаўскія “Цары”. Нават прагучала прапанова зрабіць менавіта Семежава мясцовым турыстычным цэнтрам: тут вам і “Цары”, і мясцовы цэнтр ткацтва, і рэгіянальная кухня (семежаўскія саладуха, варэнікі з макам і варэнне з буракоў). Праблема толькі ў адсутнасці набіўшай аскоміну інфраструктуры – гасцям раёна банальна няма дзе спыніцца, ды й з аб’ектамі харчавання таксама цяжкавата.

Абрад "Цары", вёска Семежава Капыльскага раёну. Фота: bymedia.net

 

Мясцовае начальства таксама асабліва не спадзяецца на турыстычны патэнцыя менавіта Капыля. Асноўная стаўка робіцца пакуль толькі на развіццё вясковага турызму. А ёсць жа вопыт невялікай Дзісны, мясцовая адміністрацыя якой актыўна супрацоўнічае з еўрапейскімі партнёрамі, развівае мясцовы турызм і мае аб’ём знешняга фінансавання на парадак большы, чым увесь гарадскі бюджэт. Вядома, Дзісна пакуль не вырашыла ўсе свае праблемы толькі за кошт развіцця турызму. Але першы крок зроблены, задачы акрэсленыя. Іншыя могуць пераймаць вопыт і вучыцца на чужых памылках.

А вучыцца можна не толькі на сучасным вопыце. Некалі у беларускіх гарадах і мястэчках больш за палову насельніцтва складалі габрэі – проста ім забаранялася сяліцца ў вёсках і займацца земляробствам. Вось чаму амаль увесь гандаль, сфера абслугоўвання і дробная вытворчасць належалі менавіта габрэям. Іншых варыянтаў зарабіць сабе на хлеб ў іх асабліва не было. Уяўляеце, якая там была канкурэнцыя?

Можа, беларусам час ужо стаць трошкі габрэямі? Не спадзявацца на тое, што дзяржава ўвесь час будзе забяспечваць стабільнай працай, даваць ільготы і г. д. Можна, канешне, згадаць “крывавы рэжым” і адсутнасць рэальнага мясцовага самакіравання, без якога любыя ініцыятывы могуць так і застацца толькі ініцыятывамі. Але пачынаць некалі давядзецца.

Тым больш, што ёсць пэўныя пазітыўныя прыклады. У тым жа Капылі за некалькі гадоў мясцовыя прыватныя перавозчыкі фактычна перацягнулі да сябе большасць пасажыраў па маршруце Капыль-Мінск. Мясцовы аўтапарк нават скараціў большую частку рэйсаў. Прыватныя перавозчыкі будуць толькі радыя прытоку новых пасажыраў-турыстаў.

Адносна нядаўна ў Капылі з’явілася аграсядзіба, якая спалучае ў сабе міні-гатэль, краму і кавярню. Гаспадар сядзібы нават спецыяльна ездзіў набірацца вопыту за мяжу. Кажуць, на адной аграсядзібе ён спыняцца не збіраецца. Можа, з часам яго выпыт падхопіць яшчэ нехта з мясцовых прадпрымальнікаў. А там і пытанне гарадской інфраструктуры пачне супольнымі намаганнямі вырашацца.

Магчыма, стане трошкі лепей з працоўнымі месцамі і сферай абслугоўвання. А мясцовыя жыхары ахвотна будуць падказваць любому госцю горада, куды схадзіць, на што паглядзець і дзе смачна пад’есці.

Пажывем – пабачым.

 

Фота: bymedia.net

Комментировать