Арт

Ніхто не любіць Эму Вудхаўз

206 Марыя Мартысевіч

Гвінет Пэлтроў у ролі Эмы Вудхаўз (1996)

 

Калі мяне пытаюцца пра месца жанчыны ў літаратуры, я адразу думаю пра Джэйн Остэн.

Найперш таму, што гэта адна з маіх самых любімых пісьменніц, і ў гэтым я неарыгінальная: маю любоў падзяляюць мільёны чытачоў ва ўсім свеце. Па-другое, таму, што Джэйн Остэн – прыклад для мяне як для творцы. Бо менавіта яна мадэрнізавала тое, што мы ведаем як еўрапейскі раман ХІХ стагоддзя. І пры гэтым яна ціха сядзела ў сваім Хэмпшыры, пішучы прыгожыя гісторыі пра тое, што ўсе харошыя дзевачкі ўрэшце выходзяць замуж. То бок, фактычна займалася тым, за што сёння снобы ад літаратуры грэбуюць якой-небудзь Барбарай Картлэнд, іншай пісьменніцай-брытанкай. Гэтай супярэчлівасцю мяне і вабіць постаць Джэйн Остэн.

На хвалі сваёй любові да бабулі Джэйн я не толькі гляджу бясконцыя экранізацыі яе шасці раманаў, але і часам чытаю, што пішуць пра яе даследчыкі. І вось назва адной з кніг, пабачаная мной у бібліяграфіі да чарговага артыкула пра пісьменніцу, уразіла мяне да глыбіні душы: “Барацьба за рэалізм у англійскай літаратуры канца XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя”.

Калі вы любіце бабулю Джэйн гэтак жа, як люблю яе я, вы пагодзіцеся, наколькі гэта нечаканы паварот. Бо дзе барацьба, а дзе Джэйн Остэн. Бо гэта вам не Сімона дэ Бавуар. І нават не аўтарка “Франкенштэйну” Мэры Шэлі або стваральніца “Джэн Эйр” Шарлота Бронтэ ці яе сёстры, кожная з якіх сваёй біяграфіяй давяла права жанчыны ХІХ стагоддзя на адукацыю і творчасць нароўні з мужчынамі. Апроч таго, Джэйн Остэн не напісала ніводнага літаратурнага маніфесту. І ўвогуле, вельмі мала разважала пра літаратуру і пра тое, як яе трэба пісаць.

І тым не менш даследчыкі пераканаўча даводзяць, што Джэйн Остэн змагалася за рэалізм. Змагалася самімі сваімі творамі і – як паказаў час – больш, чым паспяхова.

І вось чым часцей я думаю пра барацьбу бабулі Джэйн за рэалізм, тым часцей я вяртаюся да яе раману “Эма” (1816), не ацэненага мной належным чынам у ружовым юнацтве, калі я прачытала яго ўпершыню.

Бо раман “Эма” рве ўсе шаблоны, што да жаночай літаратуры.

Гераіня англійскага раману ў ХІХ стагоддзі мусіла быць беднай сіратой або гувернанткай, якая, дзякуючы розуму і душэўнай прыгажосці знаходзіць сваё шчасце ў выглядзе прыўкраснага прынца. Амаль такія ўсе іншыя гераіні Остэн – і вось раптам пісьменніца стварае парадаксальны, нават у нечым рэвалюцыйны жаночы вобраз...

Эма Вудхаўз – багатая спадчынніца, разумная, таленавітая, прыгожая, здаровая дзяўчына, якую, здаецца, любяць усе яе сябры і родныя. Амаль напачатку твору яна адахвочвае ад чытання дзве траціны аўдыторыі, заяўляючы, што не пойдзе замуж, бо не мае неабходнасці ў мужы: яна і так фінансава незалежная. Такім чынам, яна жыве ў сваю прыемнасць: не пакутуе ад непадзеленай любові, спакойна спіць начамі і ад няма чаго рабіць пляце інтрыгі, робячы няшчаснымі іншых людзей.

Больш за тое: каб як след пазлаваць усіх, схільных атаясамліваць сябе з гаротнымі гувернанткамі і беднымі сіроткамі з бульварных раманаў, бабуля Джэйн уводзіць у “Эму” адразу два такія персанажы. Але гэта падкрэслена другасныя гераіні. Адной з іх – гадаванкай прытулку для пазашлюбных дзяўчатак Гарыет Сміт наша Эма бессаромна маніпулюе, адгаворваючы выходзіць замуж за таго, за каго Гарыет сама жадае. Другая гераіня – высокародная і вытанчаная гувернантка Джэйн Фэйрфакс, якая гасцюе ў бедных сваякоў у суседняй вёсцы, нашу Эму проста на дух не пераносіць. І, у прынцыпе, мы, чытачы, збольшага салідарныя з Джэйн Фэйрфакс. Вельмі няпроста трываць Эму Вудхаўз у якасці галоўнай гераіні твору. Раман “Эма” кепска прынялі шараговыя чытачы ў ХІХ стагоддзі, і нават цяпер, у ХХІ, можна знайсці рэзка адмоўныя водгукі пра напісанае ў 1816 годзе.

Але ў чым прарыў Эмы як персанажа і чаму яе постаць была такой важнай для бабулі Джэйн?

Важна тое, як Джэйн Остэн патлумачыла паводзіны Эмы. Вось што бывае з разумным і дзейсным чалавекам, калі замкнуць яго ў чатырох сценах, пазбавіўшы магчымасцяў для самаразвіцця і самарэалізацыі. Напрыклад, забараніць яму падарожнічаць па свеце. Таксама важна тое, што, магчыма, упершыню ў літаратуры Джэйн Остэн зрабіла галоўную гераіню нармальным чалавекам, які мае права на памылкі. Даследчыкі яе творчасці ўсё больш і больш пішуць пра тое, што, пішучы пра “інтэлектуальную самоту” Эмы, Джэйн Остэн мела на ўвазе сябе.

Напісаўшы “Эму”, Джэйн Остэн сказала пра тое, што ёй было сапраўды важна. І тым больш я цаню яе смеласць, чым думаю, напрыклад, пра значна пазнейшы раман “Джэн Эйр”(1847), у які Шарлота Бронтэ ўнесла элементы гатычнай аповесці, бо справядліва баялася, што без такіх папсовых матываў выдавец адмовіцца друкаваць яго.

* * *

Імя Джэйн Остэн было амаль невядомае сучаснікам, бо пры жыцці яна выдавала свае раманы ананімна. І вось калі я думаю пра гэта, я згадваю гісторыю беларускай паэткі Раісы Баравіковай, якую тая расказала аднойчы, выступаючы на філфаку БДУ.

Здарылася тое годзе так у 1975-м, – расказвала Раіса Андрэеўна. Гэта былі часы брэжнеўскага застою, калі савецкая ідэалогія пратачылася ува ўсе сферы жыцця. Баравікова, якая паспела ўжо выдаць кніжачку вершаў, беспаспяхова спрабавала надрукавацца ў часопісе “Маладосць”. А пісала яна (як і цяпер) лірыку пра каханне. І двойчы рэдактар аддзелу вершаў Мікола Аўрамчык адмаўляў маладой паэтцы, бо ў яе нізках не было нічога пра Леніна, партыю і камсамол. А Баравікова не магла пісаць такога, проста таму што не магла.

І вось калі ёй адмовілі ў другі раз, яна раззлавалася і, аддрукаваўшы на машынцы ў рэдакцыі, дзе працавала, новую нізку вершаў, падпісала яе “паэтка-дэбютантка Зося Гоман” і даслала ў “Маладосць”.

Праз колькі дзён у дзверы яе камуналкі каля філармоніі пазванілі. На парозе стаяў рэдактар аддзелу вершаў Мікола Аўрамчык. Ён не паленаваўся прыйсці па пазначаным у лісце праўдзівым адрасе, каб зірнуць на малады талент па імені Зося Гоман, бо ані ён, ані галаўрэд “Маладосці” Генадзь Бураўкін не малі даць веры, што дэбютантка можа мець такі ўзровень.

І калі рэдактары “Маладосці” пабачылі, што гэта Раіса Баравікова ўпарта дасылае ім вершы, яны здаліся. І паэтка атрымала негалоснае права друкаваць творы пра каханне. І ў прынцыпе “тонкая лірыка” займела права быць у тагачаснай беларускай паэзіі.

І вось калі мяне пытаюцца пра месца жанчыны ў беларускай літаратуры, я адразу згадваю, што ў Беларусі і сёння ёсць крытыкі, якія паслядоўна выпальваюць напалмам усё, што пішуць аўтары жаночага полу, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што найлепшы твор жанчыны – гэта яе дзіця. І таксама згадваю пра тое, што абсалютная большасць нашых літаратараў (як жанчыны, так і мужчыны) адкрыта высмейваюць такую крытыку. Бо абсалютнай большасці з нас відавочна, што гэта перажыткі Англіі пачатку ХІХ стагоддзя і БССР часоў застою. Гэта відавочна ў тым ліку выдаўцам і рэдактарам згаданых крытыкаў, таму што нешта апошнім часам такіх артыкулаў няма дзе прачытаць (бо нельга дапусціць, каб гэтыя ўпартыя крытыкі перасталі пісаць іх).

А нават калі б, гэтыя крытыкі змаглі пераканаць кагосьці, што жанчыны як пісьменніцы нічога не вартыя, то кейсы Джэйн Остэн і Зосі Гоман даводзяць: калі таленавітая пісьменніца захоча надрукавацца, ніхто і нішто яе не спыніць.

Комментировать