Арт

«Наша песня»: якім мусіць быць гімн Беларусі?

341 Марыя Мартысевіч

Нядаўна абмяркоўвалі з сяброўкамі амерыканскую традыцыю, пра якую ў нас вядома тым, хто часта глядзіць галівудскія фільмы. Там – у іх – жаніх і нявеста перад вяселлем займаюцца кучай рознай лухты. Напрыклад, выбіраюць “сваю песню”. Кампазіцыю, якая выклікае ў іх агульныя ўспаміны, якая ім абодвум падабаецца. Пад гэтую “our song” яны ў выніку танчаць свой першы танец як маладажоны. І вось што цікава наконт беларусаў як народа. У нас няма “сваёй песні”.

У нас ёсць свае Герб і Сцяг. Так павялося, што неяк нават не абмяркоўваецца: гэта бел-чырвона-белае палатно і “Пагоня”. Агульнапрызнаная альтэрнатыва афіцыйным сімвалам сучаснай беларускай дзяржавы – чырвона-зялёнаму сцягу ў стылі “вырві вока” і крыху відазмененаму, як формула спайсу кітайскімі драгдызайнерамі, савецкаму гербу.

Калі б не Герб і Сцяг, я зрабіла б нейкія непрыемныя высновы пра няздольнасць беларускай нацыі аб’яднацца пад агульнымі сімваламі. Але Сцяг і Герб трывала замацаваныя ў масавай свядомасці беларусаў (напрыклад, учора бачыла стыкер з “Пагоняй” на скейтбордзе ў студэнта). Так што пра гімн можна сказаць, што са “сваёй песняй” у беларусаў проста не склалася.

Ці ёсць у беларусаў песня, якая б аб’яднала іх у цяжкую хвіліну так, як на нашых вачах аб’ядноўвае братоў-украінцаў іх нацыянальны гімн “Ще не вмерла Україна”? Гаворка не пра ўдалую мелодыю ці дарэчныя словы, хоць гэта ўсё, безумоўна, важна – а пра той зарад, які дае спяванне хорам песні – “у горы і ў радасці”?

Беларусы не проста не ведаюць афіцыйнага дзяржаўнага гімна Беларусі (музыка Нестара Сакалоўскага, словы Ўладзіміра Карызны) – але і... саромеюцца яго. Калі сітуацыя змушае прысутнічаць пры яго выкананні, людзі найхутчэй у няёмкім маўчанні стаяць пад музыку.

Зраблю дапушчэнне, што справа збольшага ў самой песні. Не ведаю, як вам, мне мелодыя дзяржгімну РБ заўсёды нагадвала кавер на гімн Савецкага Саюзу. Толькі адно гэтае надае слаўнаму твору 1955 году рэзкі пах сэканд-хэнду.

Апроч таго, “сэкандам” аддае і тэкст Уладзіміра Карызны, які атрымаўся больш бляклым за савецкую версію Міхася Клімковіча на тую ж музыку. Надта ж выразна пад словамі “мірныя людзі” праступае аўтэнтычнае “з братняю Руссю”. Ў бітвах за волю, ў бітвах за долю з ёй здабылі мы сцяг перамог!” – спявалася ў савецкім гімне. І неяк адразу адчувалася, што за гэтымі словамі стаіць памяць пра бітвы за волю і долю. Зноў жа, празмернае ўхваленне Леніна і камунізма ў сыходным тэксце ўспрымаецца сёння амаль як вінтаж. Карацей, помнік сваёй эпохі.

За сучасным наборам агульных пафасных словаў не стаіць нічога.

Але калі мы пачынаем азірацца ў пошуках альтэрнатывы, нічога адназначна лепшага не знаходзіцца.

Ніжэй я адкаменчу асноўныя песні, якія вандравалі колісь па нашых плэерах з пазнакай “сапраўдны гімн Беларусі”. Як мне цяпер здаецца, упершыню я пачула іх усе ў адзін дзень, калі мне было недзе 10, годзе так у 1992-м, на канцэрце ў філармоніі, куды мяне ўзяла мама па запрашальніках з Нацыянальнай бібліятэкі. Перад тым, як вядучая абвяшчала чарговы нумар, па залі разносіўся шэпт, і зала няўпэўнена ўздымалася: “Кажуць, гэта будзе новы дзяржаўны гімн”, – праносілася па шэрагах. І так за вечар паўтарылася тройчы...

Асабіста мне заўсёды вельмі падабаўся гімн “Магутны Божа” (словы Наталлі Арсенневай, музыка Міколы Равенскага).

Верш пад назвай “Малітва за Беларусь” быў створаны падчас нямецкай акупацыі ў 1942 годзе, у 1947 годзе з’явілася мелодыя. Гэтая песня заўсёды вабіла мяне тым, што па жанры гэта сапраўды гімн – рэлігійны. Напрыклад, з арганам ён гучыць неверагодна велічна.

У той жа час я аддаю сабе справу, што я – скончаная дэкадэнтка, і гэтым можа быць абумоўлены мой густ. Бо “Магутны Божа” вельмі ўзнёсла гучаў у чырвоным Касцёле на пахаванні Рыгора Барадуліна – але колькі галоў заб’юць простыя барысаўскія пацаны з нацыянальнай зборнай па футболе, калі спяюць такое перад матчам?

У краіне “праваслаўных атэістаў” менавіта ў моманты, калі прапануеш людзям праспяваць у галоўнай песні Айчыны пра Бога, вылазіць ісціна пра тое, наколькі шчыра мы, сучасныя беларусы, у Бога верым.

Апроч таго, “Магутны Божа” – выдатны гімн Беларусі пад акупацыяй. Якая, у прынцыпе, так і не скончылася. У сапраўды свабоднай і незалежнай краіне давядзецца мяняць словы “Зрабі свабодным, зрабі шчаслівым”... Мяняць аранжыроўку на мажор. А ў гэтым мінорным маленні – уся соль, дзеля просьбаў пра свабоду і шчасце гімн і ўзносіцца ў неба.

Што далей? Гімн БНР “Ваяцкі марш” (словы Макара Краўцова, музыка Ўладзіміра Тэраўскага).

Гімн ствараўся ў 1919 – 1921 годзе, калі БНР дэ факта не існавала, але былі дзеячы на эміграцыі, быў вызвольны рух, былі натхнёныя студэнты, якія спявалі марш на дэманстрацыях.

У прынцыпе, гімн уваходзіць у адзін пакет з Гербам і Сцягам, якія таксама былі сімваламі БНР. Але ёсць нюансы.

Як ні круці, беларусы – усё-ткі мірныя людзі. А “Ваяцкі марш” заклікае даваць адпор ворагу, ісці на бой і рабіць усе іншыя рэчы, адваротныя самой сутнасці беларускай нацыі, якая стагодззямі лічыла, што інстынкт самазахавання важнейшы за жаданне людзьмі звацца. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” – помнік эпохі экспрэсіянізму, кароткай, але бурлівай, якая здарылася з Еўропай у 1920-я, ускосна прывёўшы ў 1930-я да многіх сумных рэчаў.

Эстэтыка “Ваяцкага маршу” расце з таго ж кораня, што, напрыклад, “Інтэрнацыянал” і... песня Хорста Веселя, напісаная ў 1929 годзе. Вядомая таксама як “Марш штурмавікоў СА”, песня сталася гімнам партыі НДСАП і пасля другой сусветнай ў Нямечыне яе забаранілі. Супадзенне ці не, але першы радок песні Хорста Веселя – “Die Fahne hoch! Die Reihen fest geschlossen!” (“Штандары ўверх, рады шчыльна самкнутыя...”).

Што характэрна, дакладна такі ж вобраз сустрэўся мне ў чэшскай патрыятычнай песні таго ж часу... Мускулістыя рабочыя са скуластымі тварамі, якія плячо да пляча маршыруюць з штандарамі і транспарантамі – ух, як пёрла ад гэткай карціны нашых продкаў!

Карацей, “шчыльныя рады” – гэта перажытак. Прычым, дзякуючы Трэцяму Райху – перажытак з душком. Нельга гэта аспрэчыць.

На гэтым у маім шорт-лісце беларускіх гімнаў застаўся толькі адзін: “Пагоня” на словы Максіма Багдановіча (1916).

Усім добрая гэтая песня, апроч аднаго: Багдановіч стопудова пісаў яе на музыку “Марсэльезы”. І кожная са, здаецца, трох мелодыяў песні “Пагоня”, якія я чула, толькі падкрэсліваюць гэты факт.

А ёсць жа яшчэ лонг ліст... Адзін толькі гурт “NRM” за час свайго існавання наспяваў патэнцыйных дзяржгімнаў на гадзіну чыстага гучання. Ці вось Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў словы да паланэзу Агінскага. “Развітанне з Радзімай”...

Ай, да чаго тут пералікі? У беларусаў пакуль няма “сваёй песні”, а вяселле на носе. Хоць яно, канешне, дзіўна, што такія розныя і я б нават сказала супярэчлівыя групы, якія складаюць сёння беларускую нацыю, увогуле калісьці вырашылі “ажаніцца”…

 

Фота: bymedia.net

Комментировать